• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

Дзясятая кніга Алеся Няўвеся

Кожны зборнік Алеся Няўвеся — гэта своеасаблівая творчая справаздача за год. Таму і не дзіўна, што гэтых зборнікаў ужо набралася дзесяць. Апошні з іх, які днямі выйшаў у свет, мае назву «Была б свіння, а лужа будзе». 

Дзесяць год мінула з тае пары, калі Алесь Няўвесь пачаў друкаваць свае вершаваныя фельетоны (прычым менавіта ў нашай газеце). За гэты час ён апублікаваў больш чым паўтары тысячы твораў — зайздросная пладавітасць!

Вось што піша аўтар у сваім «Слове да чытача»:

Ужо мінула дзесяць год,
Як, рознай нечысцю «натхнёны»,
Я ўпершыню «разявіў рот» —
Пачаў «выплёўваць» фельетоны.
Іх «навыплёўваў» вельмі шмат —
Не кожны панясе на спіне.
Пра што пісаў? Пра існы лад,
Пра ўсё, што дзееца ў краіне.
«Чапляў» зламыснікаў-хапуг,
Блудліўцаў, п’яніц, бюракратаў…
Сатырай іх нячысты дух
Хоць трохі ўскалыхнуў-пакратаў.
Ды часам на гулянцы дзесь
Я чую ад сяброў пытанне:
— Пра што пісацьмеш ты, Няўвесь,
Калі зламыснікаў не стане,
Калі не пудрыцьмуць глузды
Чыноўнікі-прытасаванцы,
Заганы знікнуць назаўжды
І ўсё, як кажуць, будзе ў глянцы?
Адказваю, што розны бруд,
На жаль, не знікне назаўсёды
(А знікне — жыцьму без пакут
І з радасцю пісацьму оды.)
Дык прыйдзецца да скону дзён
Мне калупацца ў гэтым брудзе,
Бо, як вядома ўсім здавён,
Была б свіння, а лужа будзе…

Алесю Няўвесю даводзіцца выдаваць кнігі за ўласны кошт. Але бяда не ў гэтым. Горш тое, што дзяржаўныя кнігарні, якіх у нас, лічы, 99 працэнтаў, адмаўляюцца прадаваць кнігі Алеся Няўвеся. Таму яны выдаюцца мізэрнымі тыражамі (скажам, апошнія зборнікі — усяго па 40 экземпляраў, а ў продаж увогуле паступае толькі палова з іх). І той, хто здолее набыць кнігу Алеся Няўвеся, можа лічыць сябе ўладальнікам сапраўднага рарытэта.

Зборнік «Была б свіння, а лужа будзе» можна купіць толькі ў мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).

Зрэшты, ёсць і яшчэ адна магчымасць. Як ужо згадвалася, свой першы фельетон Алесь Няўвесь надрукаваў у «Свободных новостях плюс». А якую назву меў гэты твор? Той з нашых чытачоў, хто па тэлефоне +375 (17) 220 98 48 першым адкажа на гэтае пытанне, атрымае па пошце новую кнігу Алеся Няўвеся з аўтографам аўтара.