TOP

Крах выжывання

Чарговы спектакль з удзелам аднаго акцёра ўразіў мяне, чалавека, які шмат што бачыў у жыцці, сваёй драматычнасцю. Але сутнасць не ў тым, што эра «саўгаснай дыктатуры» падышла да фіналу, што «царь ненастоящий». 

Гэта было бачна адразу пасля яго прыходу да ўлады. У нас наперадзе крах самой «палітыкі выжывання любой цаной».

Паміж паняццямі «выжываць» і «жыць годна» ёсць вялікая адлегласць. На тое, каб яе адолець, у крывавым ХХ стагоддзі пакладзены лёсы некалькіх пакаленняў беларусаў. Зацягнуты марафон да лепшай долі працягваецца, але, на жаль, з прыходам аўтарытарызму рух замарудзіўся. Людзі, прыдушаныя адміністратыўным рэсурсам, сілавымі рэпрэсіямі і матэрыяльнай нястачай, зноў выжываюць з апошніх сіл.

Яшчэ перад першымі прэзідэнцкімі выбарамі я выступаў у друку супраць увядзення ў Беларусі такой пасады і супраць самаўпэўненых прэтэндэнтаў на яе, бо насельніцтва не гатова да сур’ёзнага выбару. А таму ў мяне не было ілюзій наконт добрага жыцця пад кіраўніцтвам папуліста, які замахнуўся на ролю цара.

Канадскі хакеіст Н. Робінсан, які зараз выступае за салігорскі «Шахцёр», паназіраў за мясцовымі рэаліямі і зрабіў выснову: «Мне кажется, что у белорусов маленькие запросы… По моим наблюдениям, белорусы скорее не живут, а выживают». Сапраўды, хранічная закамплексаванасць, аскетычная задаволенасць толькі самым элементарным, нізкі ўзровень зарплат і пенсій не дазваляюць людзям забяспечыць сабе нават мінімальны матэрыяльны і культурны дабрабыт. Асабліва цяжкая сітуацыя ў сем’ях, дзе ёсць хворыя дзеці або дарослыя. Увогуле, казка пра «сацыяльна скіраваную дзяржаву», пра «бясплатную медыцыну і адукацыю» даўно нікога не захапляе і не супакойвае.

Трапную заўвагу наконт сацыяльнай няроўнасці ў Беларусі зрабіў сербскі баскетбаліст з каманды «Цмокі» Д. Гагіч: «А еще заметил, что на улицах Минска машины такие же, как в Монте-Карло. Это забавно, ведь в среднем люди зарабатывают здесь не слишком много. /…/ Сложно ответить, откуда у владельцев деньги на такие покупки. Кто-то еле выживает в тяжелые времена, а кто-то делает на этом деньги». Замежныя спартсмены, даючы інтэрв’ю, стараюцца не закранаць (вядома па якой прычыне!) палітычныя пытанні, але для абмалёўкі тутэйшай рэчаіснасці дастаткова і сацыяльна-бытавых праблем.

Дарэчы, сам А. Лукашэнка і яго памагатыя, нягледзячы на кідкую раскошу — пампезныя безгустоўныя рэзідэнцыі, шыкоўныя катэджы, лімузіны, банкаўскія рахункі, прыбытковыя акцыі, звышмоднае адзенне і абутак, дарагія коштам гадзіннікі, мабільнікі, таксама не жывуць, а выжываюць. Скептычна ўсміхацца не трэба. Вяльможныя дачаснікі разумеюць, што выпадкова займаюць не сваё месца, атрымліваюць тое, што не зарабілі. Увесь час іх глыдае страх, бо ў любы момант могуць вылецець з высокага крэсла, як корак з бутэлькі шампанскага. А тады не выключаны канфіскацыя накрадзенай маёмасці і расплата па іншых рахунках.

Праўда, у сённяшніх карупцыянераў і жулікаў ёсць небеспадстаўная надзея на кароткую памяць і выключную абыякавасць беларусаў. Гляджу на хлусаў, фальсіфікатараў, якія на выбарах пастаянна арганізоўваюць ганебны фарс, а затым бадзёрымі галасамі расказваюць пра панаванне ў Беларусі лепшай дэмакратыі, чым у развітых краінах Еўропы і ў ЗША, і выдатна разумею іхні бравурны аптымізм. Яны нагадваюць мне сталінскіх чыноўнікаў, пракурораў, следчых, суддзяў і выканаўцаў расстрэльных прыгавораў, якія ўтапілі Савецкі Саюз у акіяне крыві бязвінных людзей, а затым спакойна атрымалі высокія пенсіі і хадзілі ў школы да піянераў і камсамольцаў расказваць, якімі героямі былі ў маладосці.

Грамадства глядзела на вычварэнні мастадонтаў скрозь пальцы. Такім яно застаецца і цяпер, бо ў Беларусі не пакараны нават тыя, хто арганізаваў забойствы і знікненні людзей. Згадваць «элітных фінансавых злодзеяў», якім рэгулярна аб’яўляецца амністыя, проста смешна, у параўнанні з душагубамі яны выглядаюць бяскрыўднымі авечкамі.

Расійскі кінарэжысёр В. Манскі, аўтар фільма «В лучах солнца» пра жыццё Паўночнай Карэі, расказвае: «У сопровождающего спрашиваю: «У тебя есть жена, дети? Где ты живешь?» Нет ответа. Через день-два понимаешь: бессмысленно вообще задавать вопросы… Знаешь, я не чувствовал страх у людей. Скорее, отсутствие эмоций… Никогда никто не реагировал на камеру в Северной Корее, включая детей. Будто ее не существует».

Я назіраў падобны стан: доўгі страх перараджаецца ў поўную адсутнасць натуральных чалавечых эмоцый. Мне даводзілася тройчы ўдзельнічаць у літаратурных сустрэчах, наладжаных для зняволеных. Многія насельнікі калоній і турмаў абыякава глядзяць скрозь выступоўца, як быццам цябе няма.

За эпоху страху, якая яшчэ не скончылася, людзі ў нас настолькі аслабелі духам, што бязлітасная праўда, якая раптам адкрываецца, не мабілізуе іх на асуджэнне жудасных злачынстваў або грубых памылак, на актыўную працу па выпраўленні сітуацыі. Яны ўсё непрыемнае прапускаюць міма свядомасці, не задумваючыся і не робячы пэўных высноў.

На павышэнне грамадзянскай актыўнасці нашага люду мала ўплываюць і знешнія фактары. Наадварот, Еўразвяз і ЗША часта дэманструюць палітыку прымірэння з адкрытымі ворагамі дэмакратыі, дэмаралізуючы прыгнечаныя народы, якія ў цяжкіх умовах змагаюцца з узурпатарамі. Узнікла дзіўная сітуацыя. Беларускі кіраўнік сам публічна прызнаўся на ўвесь свет, што ў краіне ўсталяваны аўтарытарны рэжым з усімі негатыўнымі наступствамі, а заходнія палітыкі здымаюць санкцыі, гладзяць яго па галаве і суцяшаюць: «Не перажывай. Не такі ўжо ты страшны монстр. Мы нават зробім цябе міратворцам!». Такія парадоксы нашага амаральнага часу, у якім усталяваўся культ матэрыяльных выгод і грошай!

Тым не менш, прагрэс можна толькі затрымаць, але спыніць — немагчыма. Перамены ў Беларусі абавязкова адбудуцца, іншая справа: ці зменіцца пасля іх людское існаванне ў лепшы бок?

Каб не выжываць, а нармальна жыць, трэба не толькі разумнае кіраўніцтва, новая палітычная і эканамічная сістэма. Самі людзі павінны гэтага захацець, вырвацца з путаў абыякавасці. Сёння мала таго, каб скардзіцца, што законы кепскія або не выконваюцца. А хто здольны прасачыць за іх прывядзеннем у дзеянне, пракантраляваць чыноўнікаў, дэпутатаў, розныя службы? Як гэта заведзена ў дэмакратычным свеце — грамадства, бо лепш за нас ніхто такое не зробіць.

Даўно прыйшла пара агульнымі намаганнямі заняцца ўмацаваннем нацыі. Чыноўнікам трэба скінуць мундзіры русіфікатараў, якія яны носяць ад часоў царызму. А звычайным грамадзянам варта рабіць уласны ўнёсак, адраджаць беларускасць на ўзроўні сям’і. Беларусам ўсё ж давядзецца ўсвядоміць, што нельга абысціся без роднай мовы, бо яна — галоўны падмурак культуры і нацыі.

У нас прывыклі параўноўваць сучаснае жыццё з гадамі войнаў, з самым галодным часам. Старэйшыя, хоць многія з іх вайны не бачылі і не бедавалі, бывае, папракаюць моладзь: «Разбэсціліся! Гора не бачылі!»

А чаму б не арыентавацца на прававую дзяржаву і высокі ўзровень дабрабыту? Чаму б не зрабіць для такой мэты ўсё, што можам? Гэтыя пытанні будуць самымі важнымі, калі настане час перамен. Як бы толькі нам зноў не пакінуць іх па-за ўвагай!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Смех за кадрам

Маральная апазіцыя

Сіла незалежнасці

Шантаж

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.