TOP

Глабалізацыя і «глыбінка»

Працэс глабалізацыі, які няспынна пашыраецца, ацэньваецца неадназначна. Прыхільнікі аддаюць належнае аб’яднанню сіл у рашэнні важных зямных праблем, асваенні новых тэхналогій, а крытыкі лічаць, што ён выліўся ў захоп невялікай групай людзей стратэгічных планетарных рэсурсаў, у звышабагачэнне і разгул амаральнасці. 

Не мая задача рабіць аналіз глабалізацыі, для гэтага маюцца дасведчаныя эксперты. Перадаю ўласныя ўражанні, бо яна закранае кожную краіну і любога чалавека, бо мы — сведкі і ўдзельнікі зараджэння новай планетарнай цывілізацыі. Яе вызначальнымі рысамі сталі інтэграцыя сусветнай эканомікі і нацыянальных культур, інтэнсіўнае развіццё турызму, міжнародныя намаганні па барацьбе з хваробамі і экалагічнымі выклікамі.

Было б выдатна, калі б глабалізацыя аб’яднала народы ў жаданні пабудаваць на Зямлі мірнае, разумнае і камфортнае жыццё, рашыць экалагічныя праблемы, якія паставілі чалавецтва прад пагрозай фізічнага знікнення. Аднак, нягледзячы на рэальную небяспеку, адбываецца прабуксоўка, звязаная з неаднолькавасцю палітычных сістэм, нацыянальнымі разыходжаннямі, рэлігіяй і з прыродай самога чалавека. Хоць ён і прайшоў доўгі эвалюцыйны шлях, ды не пазбавіўся заган. Асабліва замінаюць сквапнасць да багацця і агрэсіўнасць у стаўленні да сабе падобных.

Асабіста для мяне зразумела, што сканцэнтраванасць гіганцкіх матэрыяльных і фінансавых сродкаў у руках мізэрнай часткі насельнікаў планеты (1% валодае паловай усіх багаццяў!) тоіць небяспеку, варыянты якой прадбачыць немагчыма. Назіранне за тым, як паўсюль паглыбляецца прорва паміж багатымі і беднымі людзьмі, прадчуванне новых сацыяльных узрушэнняў нарадзілі верш «Вялікая дзяльба»:

Што нам век дваццаць першы
Прынёс,
Акрамя спёкі, ліўняў, парошы?
Вельмі смачна, амаль узасос
Зноў цалуюцца ўлада і грошы.

Заціскае народы пятлёй
Махляроў кругавая парука.
Тое, што на зямлі,
Пад зямлёй,
Ім забраць,
Падзяліць надта рупіць.

Шал распусты,
Дурной круцізны
Нарастае.
І гэта — не вечар.
Уяўляю, як сквапна яны
Па кішэнях распіхваюць
Вечнасць.

Наплывае хлусні
Едкі дым,
І здаецца ўжо неба з аўчынку…
Назірае сурова за ўсім
Той, хто зверыць
Прамовы і ўчынкі.

У палацах балююць сычы
Ды рагочуць з душою пахілых.…
А над светам праўдзіва гучыць:
«Зямля да зямлі,
Прах да праху,
Пыл да пылу…»

Нягледзячы на тое, што ў людскім асяроддзі бытуюць разумныя выслоўі: «У дамавіны няма кішэняў», «На той свет нічога не забярэш з сабой», — пагоня за вялікім багаццем тых, хто дарваўся да ўлады, да рэсурсаў, да народнай маёмасці, набыла разбуральны характар. Карупцыя раз’ядае як аўтарытарныя, так і дэмакратычныя краіны. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова паслухаць інфармацыйныя навіны.

Але ж застаюцца яшчэ людзі, якія цвёрда ўпэўнены, што светам павінны кіраваць не грошы, а здаровы сэнс! Яны ва ўсіх краінах складаюць тую чалавечую «глыбінку», што не выносіцца на тэлеэкраны, ды спрадвеку забяспечвае ў грамадствах маральную раўнавагу, стрымлівае зло і сцвярджае дабро. На жаль, у Беларусі гэты ратавальны людскі пласт катастрафічна зменшыўся.

У нашых краях ёсць геаграфічная глыбінка, або глухамань, куды раз або два на тыдзень завітвае аўталаўка з мінімальным асартыментам харчу і тавараў. У развітых краінах такое не ўбачыш, там у вёсках поўны набор паслуг для насельніцтва (булачная, крамы, кафэ, цырульня, медпункт), ды і выдатныя шляхі зносін пры патрэбе вывезуць у вялікі горад. Бачыў гэта ў Даніі, дзе, дарэчы, мяне ўразіла, што вясною зямля тут, за выключэннем дарог, перад апрацоўкай шчодра ўсцелена гноем, а паветра ахінае спецыфічным «водарам», затое фермеры кожны год маюць рэкордныя ўраджаі. Не горшым сацыяльным ладам і ўпарадкаванасцю вызначаюцца аддаленыя вёскі Германіі, Францыі, Швейцарыі, у якіх давялося спыняцца.

Сваімі штодзённымі клопатамі заходняя «чалавечая глыбінка» не надта адрозніваецца ад беларускай — некалі ў ваколіцах французскага пасёлка Вілье-Маргон сям’я Жамбон паказвала, як правільна трэба падвязваць вінаградную лазу, у нямецкай вёсцы Бінцэн вінароб Бернгард Фрык дзяліўся прафесійнымі сакрэтамі, паказваючы ўласны невялікі заводзік, швейцарац Юліус Цурбрыгэн з горнай вёскі Зас-Грунд нагадваў майго бацьку, бо з такім жа ўмельствам і стараннасцю габляваў на станку дошкі.

Радыкальная розніца паміж гэтымі «чалавечымі глыбінкамі» палягае ў агульнай, палітычнай і грамадзянскай культуры, у сацыяльнай актыўнасці людзей, што заўважаецца адразу. У нямецкіх, французскіх, швейцарскіх вёсках і гарадах мне давялося бачыць палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі ў дзеянні: як яны праводзяць сходы, мітынгі, фэсты, якую падтрымку маюць. Многія мерапрыемствы спадабаліся нестандартнасцю, змястоўнасцю. Зразумела, што за параўнаўча высокай актыўнасцю, разумным выбарам грамадзян Захаду стаіць вялікі вопыт і даўнія традыцыі, даганяць іх няпроста.

Але ці нацэлена беларуская «глыбінка» на палітычнае і грамадзянскае развіццё? Баюся, што — не. Вёска яшчэ да 60—70-х гадоў ХХ стагоддзя страціла пазітыўныя якасці і неацэннае багацце — мудрыя народныя традыцыі, нескаверканую родную мову. Прытым «вясковы ідыятызм», які ў той ці іншай меры прысутнічае ў любой краіне і які апісаны класікамі сусветнай філасофіі, з прычыны пасляваеннай інтэнсіўнай міграцыі насельніцтва хутка перацёк у беларускія гарады, у тым ліку ў сталіцу. Тут даводзіцца суіснаваць розным ва ўсім людзям, і кожны чалавек сядзіць у сваёй ячэйцы, «варыцца ва ўласным соку», не зважаючы ні на якую глабалізацыю.

Мяркую, што ў Беларусі не знойдзецца чалавека, які б не чуў выраз, прамоўлены з гонарам і выклікам: «Мы — людзі прастыя!» Гэта азначае — што надзвычай кіруемыя, што думаць не хочам, як скажа начальства, так і зробім. У падобным рэжыме існуць нават прадстаўнікі «кампутарнай моладзі», якіх глабалізацыя закранула тэхналагічна найбольш. Але тэхнічны прагрэс, на жаль, не паспрыяў павышэнню свядомасці, палітычнаму развіццю.

Такое ж стаўленне да абсурдных каманд зверху і ў ніжэйшага кіруючага звяна. Чыноўніцкія «жукі і жабы» з дыпломамі ўмеюць толькі шчоўкаць абцасамі, а разважаннямі нагадваюць «прастых» дзядзькоў і цётак, якія «акадэміяў не канчалі»…

Знаёмства з жыццём іншых народаў змусіла мяне з маладых гадоў задумацца: чаму стан нашай агульнай культуры такі прымітыўны? Мы — як быццам бы прыгожыя абліччамі, талерантныя, гасцінныя, шчырыя. Але адкуль у грамадстве столькі дурноты і зла?

У нас ёсць шмат адвакатаў, абаронцаў гэтак званага «простага народа», а я лічу, што дурноту, халуйства, прыстасавальніцтва, рабства трэба з галоў і душаў беларусаў няшчадна выпальваць горкай праўдай, як гарачым жалезам.

Беларусь, дзе ўсталяваўся глухі аўтарытарны лад, дзе ўсё скута адміністратыўным рэсурсам і разбухлым рэпрэсіўным апаратам, дзе няма дзейсных палітычных партый і грамадзянскай супольнасці, дзе ратавальная «чалавечая глыбінка» маральна дэградавала, не ў стане рэфармавацца ў бок дэмакратыі цывілізаванымі спосабамі. «Круглы стол», пра які не раз гаворана-перагаворана, — не ратунак. Перамены адбудуцца спантанна і непрадказальна.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Крах выжывання

Смех за кадрам

Маральная апазіцыя

Сіла незалежнасці

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.