TOP

Ганебная валтузня

Паведамленні пра меркантыльную валтузню цынічных дзялкоў каля трагічнага ўрочышча Курапаты выклікаюць у неабыякавых грамадзян сардэчны боль і вялікае абурэнне. Зноў паўстае пытанне, адрасаванае ўладзе: калі нарэшце спыніцца здзек над народнай памяццю?

Унікальная няздольнасць цяперашніх кіраўнікоў краіны разумець і ўлічваць у сваёй паўсядзённай дзейнасці палітычны, грамадзянскі і сацыяльны настрой людзей проста шакіруе. Аглядаючы апошні прамежак часу, можна прыйсці да высновы, што беларускае жыццё складаецца з суцэльных канфліктаў насельніцтва з уладай. Краіну скаланаюць масавыя маніфестацыі супраць дыскрымінацыйнага, ганебнага дэкрэта № 3, а мінскія чыноўнікі спакойна дазваляюць камерцыйным дзялкам узводзіць бізнес-цэнтр побліз народнага мемарыяла «Курапаты» на ўчастку, атрыманым у выніку сумніўных аперацый. Узнікае меркаванне, што дзяржаўныя службоўцы, якія па прыкладу галоўнага боса даўно ўзялі на ўзбраенне ўсёдазволенасць, тупа правакуюць людзей на пратэстныя акцыі. Што за гэтым стаіць: канкрэтная чыноўніцкая дурнота або агонія аўтарытарнай сістэмы?

Мне здаецца, што зараз спляліся ў адзін клубок многія праблемы. Кругавая злачынная парука выканаўчай, заканадаўчай і судовай улады, сквапнасць і цынізм прыкормленых бізнесоўцаў, жорсткае выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу і рэпрэсіўнага апарату ў дачыненні да звычайных грамадзян прывялі краіну ў тупік. Як на далоні відаць разлад і развал у самых розных сферах дзейнасці, усё тое, да чаго дагаспадарыліся «наменклатурныя пенсіянеры», якія пастаянна тасуюцца ў зашмальцаванай кадравай калодзе. У звязку з такой сітуацыяй расійскі журналіст і пісьменнік А. Кашын слушна заўважыў: «Номенклатурное государство, в котором власть и нация существуют отдельно друг от друга и не имеют общих интересов, обречено на самоуничтожение, и это уже не игра в исторические параллели, это базовый принцип существования такого государства».

Правіцель і ягоныя ліслівыя чыноўнікі прывыклі за доўгія гады аўтарытырызму да таго, што памяркоўныя, рахманыя беларусы паслухмяна «глытаюць» любое глупства, якое для іх прыдумана. Але, як кажуць, да пары жбан ваду носіць.

Людзі ўбачылі, што «правадыр», на якога яны спадзяваліся, увесь цяжар сучаснага складанага жыцця перакладвае на іхнія плечы, а сам фактычна ні за што не адказвае. Прызначаных ім чыноўнікаў сотнямі садзяць у турмы за выкарыстанне службовага становішча, карупцыю і распіл бюджэту, але хутка выпускаюць на волю, каб яны маглі заняць новае «хлебнае» месца. Прыкарытныя бізнесоўцы, якія «зарваліся і не падзяліліся з кім трэба», таксама за кратамі не марынуюцца. Выкладзі грошы на бочку — і гуляй!

За падтрымку хоць нейкай эканамічнай і сацыяльнай раўнавагі ў краіне сёння адказвае толькі гэтак званы просты народ. Ён адказвае сваім мазалём, потам, слязьмі, крывёю, цяжка заробленым рублём, які дашчэнту з’ядаюць кошты, тарыфы і штрафы, прыдуманыя без аніякіх аргументаў у чыноўніцкіх кабінетах.

Народ пачаў гэта разумець. Ён адчуў, што павінен быць галоўнай сілай у краіне не толькі паводле Канстытуцыі, але і ў рэальнасці.

Чаму так доўга ў грамадстве выспяваюць разумныя высновы датычна рашэння надзённых праблем, наконт стаўлення да падзей далёкай і блізкай гісторыі? Ды таму, што аўтарытарная ўлада, прыкрываючыся дэмагогіяй, рэгулярна знішчае праўду і здаровы сэнс жыцця.

Так атрымалася з увекавечваннем і ўшанаваннем памяці ахвяр сталінскага тэрору. Нават у Расіі, дзе крывавы тыран абяляецца самымі рознымі спосабамі, усё ж не будуюць «Линию Сталина» і не цягнуць туды школьнікаў, студэнтаў, турыстаў. Дарэчы, там і міністр унутраных спраў не выходзіць на парады ў злавеснай форме супрацоўніка НКУС, каб дэманстратыўна здзекавацца над дэмакратычна настроенымі грамадзянамі. У Маскве на Лубянскай плошчы ля Салавецкага каменя ў Дзень памяці арганізацыя «Мемориал» штогод праводзіць высакародную акцыю «Возвращение имен». Людзі прыходзяць сюды і стаяць у чарзе, каб прачытаць некалькі імёнаў з доўгага мартыралогу ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

У Беларусі няма афіцыйных датаў і мемарыяльных знакаў, прысвечаных трагічным падзеям. У жалобныя дні грамадзян, якія прыходзяць да памятных месцаў, што аформлены сіламі актывістаў, фатаграфуюць і здымаюць на відэа супрацоўнікі КДБ і міліцыі, невядомыя асобы стараюцца сарваць мерапрыемствы правакацыямі.

Тым не менш новая ганебная будаўнічая валтузня каля Курапат атрымала адлуп. Маладыя абаронцы трагічнай святыні з дапамогай мясцовых жыхароў стрымліваюць вандалізм, хоць на іх нападаюць зашыфраваныя зламыснікі і тыя, што крычаць: «Белая раса!», «Слава России!».

Падзеі на вуліцы Мірашнічэнкі ў Мінску закранулі сэрцы многіх беларусаў. Карыстальнік інтэрнэта піша: «Это же мемориал! В нем память о том, что никогда не должно повториться. Там лежат тысячи лучших граждан Беларуси, расстрелянных злыднями сталинской кровавой эпохи. И новые злыдни, взращенные Лукашенко, пытаются стереть эту память, чтобы все повторилось. Это нельзя допустить!» Яго суразмоўнік адзначае новую якасць і сутнасць пратэстаў: «Народ явно поверил в свои силы. Сегодня вы разгоните 200 человек — завтра их там будет уже тысяча, и с кольями из забора».

Нарэшце больш-менш уцямнымі словамі, але вельмі сціпла выявіў сябе афіцыйны бок. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Л. Гуляка мяркуе: «Это место, которое заслуживает увековечения», а галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня» П. Якубовіч лічыць, што Курапаты павінны стаць «местом народной скорби и благородной памяти».

Пакуль дзяржаўныя дзядзькі з аглядкаю, асцярожна дыскутуюць, «Малады фронт» і яго прыхільнікі трымаюць абарону. Ужо не першы раз. Раней, звяртаючыся да мужных абаронцаў Курапат, народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў сказаў: «Бальшавікі маюць вялізную практыку закочваць пад асфальт ня толькі непажаданых для іх асобаў, але і хаваць у зямлі цэлыя пласты нашай пакутнай гісторыі. Адэкватных сродкаў супрацьстаяньня іхнаму гвалту дэмакратыя, здаецца, ня мае, апроч хіба памяці. Памяць для бальшавікоў — жах, злачынства, крамола, бо гэта заўжды памяць пра іхныя злачынствы ды іхныя ахвяры.

Але ў маладых людзей Беларусі — сьвежы розум і добрая памяць, і яны ім ня здраджваюць. Што ж да Курапатаў, дык вы іх зьбераглі цягам завейных месяцаў, праз сьцюжу і тэрор праваразбуральных ды іншых «органаў». Вы абаранілі, можа, самы жахлівы краёчак нашай гісторыі — памяць пра зло і крывавае злачынства, што чыніліся супраць нацыі.

Натуральна, тое было ня проста, але менавіта ў тае упартай непадлегласьці, апроч іншага — надзея на вольнасьць Беларусі, яе дзяржаўнасьць і духоўнае адраджэньне занядбанай нацыі, лёс якой надышоў да вырашальнай мяжы.

Беларусь будзе ўпэўненая, што яшчэ шмат чаго добрага і гераічнага зьдзейсьніць для яе наша мілая беларуская моладзь!»

Але трэба спадзявацца не толькі на вытрымку і самаадданасць маладых людзей. Народную памяць абавязана ахоўваць дзяржава. Наша грамадства павінна сказаць уладным і камерцыйным манкуртам цвёрда і на ўсе часы: «Рукі прэч ад Курапат і іншых мясцін святой жалобы!»

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Глабалізацыя і «глыбінка»

Крах выжывання

Смех за кадрам

Маральная апазіцыя

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.