TOP

Пазіцыя пісьменніка

Гэты роздум напісаны не таму, што адбыўся ХVІІ справаздачна-выбарчы з’езд Саюза беларускіх пісьменнікаў. Мяне абсалютна не хвалююць арганізацыйныя і выбарчыя інтрыгі. Як бы яны ні кіпелі, а на чале сябрыны паўстае здольны літаратар і арганізатар. Так было, ёсць і будзе надалей.

Мяне клапоцяць непараўнана больш важныя як для пісьменнікаў, так і для народа праблемы, якія гучалі на з’ездзе, але з рознай сілай. Сёння першачарговае — гэта родная мова, незалежнасць краіны, палітычныя і эканамічныя рэформы. Я нездарма паставіў наперадзе мову — галоўны чыннік нацыі, падмурак нашай існасці, асноўны рыштунак літаратара. Яе пакутніцкі лёс зневажае як тых, хто разумее значэнне роднага слова для развіцця нацыі, так і цалкам абыякавых, выстаўляе ўсіх нас дзікунамі прад цэлым светам.

Скарачэнне колькасці дзяцей, якія навучаюцца на роднай мове, проста жахае! Акрамя таго, у многіх людзей няма адчування слова. Пануе глухата да арганізацыі мовы, яе рытмічнасці, музычнай асаблівасці. Нармальна будаваць фразу, прыгожа гаварыць не могуць дыктары тэлебачання і радыё, выкладчыкі, настаўнікі, бібліятэкары. Рэдактары кніг, буклетаў, рэкламы, у якой уладарыць прымітыўнае рыфмаванне, не заглядаюць у слоўнікі, энцыклапедыі, націск у словах ставіцца так, як каму захочацца, нават у тых, хто з роднага слова «корміцца», вымаўленне — русіфікаванае. Мова каверкаецца, гвалціцца і ў знявечаным выглядзе падсоўваецца на слых мільёнам людзей.

Цынічнае выкарыстанне аўтарытарнай уладай адміністратыўнага рэсурсу, фальсіфікацыі на выбарах, жорсткія рэпрэсіі супраць іншадумцаў, мізэрныя зарплаты, пенсіі і стыпендыі, высокія цэны, тарыфы і штрафы пераканаўча паказваюць агіднасць палітычнай і эканамічнай сістэмы, якая пануе ў Беларусі. Усё гэта — навідавоку.

А вось складаная, драматычная сітуацыя ў працэсе ўмацавання нацыі застаецца ў ценю. Насельніцтву не даведзена праўда пра тое, што жыць без роднай мовы нельга, бо на ёй грунтуецца нацыянальная культура, без якой, паводле мудрага расійскага акадэміка Д. Ліхачова, «народа няма». Культура адухаўляе жыццё і рухае грамадства да прагрэсу. Гэтыя важныя ісціны і стараюцца тлумачыць людзям мастацкай творчасцю і публіцыстычным словам пісьменнікі дэмакратычнай скіраванасці.

У культуры любога народа літаратура займае асаблівае месца. Вядомы пісьменнік Б. Акунін кажа: «Политика и литература издавна неравнодушны друг к другу. У первой — сила прямого действия и физическая власть; у второй — сила эмоционального воздействия и власть духовная. Политике нужен инструмент влияния на умы; литература мечтает об инструменте воплощения своих идей и фантазий в жизнь. В истории человечества неоднократно были периоды, когда слово начинало играть гипертрофированную роль, оно становилось, если калькировать удачное английское выражение, больше жизни». Так было ў савецкі таталітарны час, калі людзі знаходзілі глыток свабоды толькі ў праўдзівай літаратуры, чыталі яе падпольна. Нягледзячы на ўціск свабоды, на значны спад цікавасці да мастацкага слова, у аўтарытарнай Беларусі яшчэ захоўваецца імідж пісьменніка.

Жыццё сведчыць, што кожнаму чалавеку хочацца выказацца. Але не ва ўсіх ёсць літаратурныя здольнасці. Чытачы заўсёды ўдзячныя тым літаратарам, якія нібыта падслухоўваюць іхнія думкі. Увогуле, не трэба прыбядняцца, увага і павага да пісьменнікаў не знікла, усё залежыць ад таго, як ён выяўляецца ў творчасці і ў грамадзянскіх паводзінах. Прыстойнага і смелага літаратара людзі пачуюць заўжды.

Часта гучыць пытанне: ці патрэбна пісьменнікам або іншым творцам арганізацыя? Выдатная актрыса Ф. Ранеўская ва ўспамінах расказала пра размову на гэтую тэму з вялікай рускай паэтэсай Ахматавай: «Контролировать — не руководить! Им нужно было другое — поместить каждого под неусыпное око. Вот потому они и загнали писателей в одно стойло, которое назвали «союзом». А потом та же участь постигла и музыкантов, и живописцев, и артистов… «Умница, — сказала мне Анна Андреевна, когда я поделилась с нею своей догадкой. — Только умоляю тебя: никому не сообщай об этом!»

Безумоўна, І. Сталін, які непасрэдна ўдзельнічаў у стварэнні Саюза савецкіх пісьменнікаў (1934 год), быў зацікаўлены, каб «инженеры человеческих душ» (выраз Ю. Алешы) знаходзіліся ў яго пад кантролем і пад рукой. Замежныя літаратары ўбачылі ў такіх захадах пагрозу творчай асобе, «самотнаму генію». Б. Шоу, адказваючы на ліст М. Горкага пра тое, што пісьменнікаў трэба аб’яд­наць, катэгарычна зазначыў: «Іх варта не аб’яд­наць, а раз’яднаць!» Сапраўды, нягледзячы на тое, што гісторыя ведае прыклады выніковай і нават бліскучай калектыўнай літаратурнай працы над адным творам, пісьменнік усё ж — не статкавая істота, ён адзіночка.

Сталінскія творчыя саюзы (пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, тэатральных дзеячаў) былі бюракратычнымі, напладзілі шмат бездарнасцяў. Каля іх часта круціліся людзі, якія ні да чаго не былі здольнымі, але аб’яўлялі сябе геніямі і патрабавалі ўвагі, грашовай дапамогі.

Пасля развалу СССР, з прыходам у Беларусь аўтарытарызму патрэба ў пісьменніцкай арганізацыі, якая абараняе свабоду слова, творчыя, прафесійныя інтарэсы, не адпала. Як засведчыў перыяд незалежнасці, такім чынам пазіцыя прагрэсіўных літаратараў даносіцца да грамадства з большай перакананасцю і сілай.

Рэжым, нягледзячы на дэмагогію пра яднанне нацыі, пастаянна раздзірае яе палітычнымі і сацыяльнымі дурнотамі: усхваленнем сталінскага часу, наданнем асаблівай значнасці рэпрэсіўным органам, паглыбленнем размежаванасці паміж багатымі і беднымі. Сюды можна залічыць і стварэнне ў 2006 годзе праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі. Чыноўнікі не разумеюць, што ў літаратуры ніякі падхалімаж, угодніцтва не праходзяць, тут патрэбны рэальныя здольнасці.

Ёсць меркаванне, што адсутнасць свабоды, рэпрэсіі стымулююць літаратурную творчасць. Нібыта пісьменнік, пераадольваючы цяжкасці, выходзіць на высокія дасягненні. Думаю, гэта не зусім так. У аўтарытарнай краіне свабоднай творчасці перашкаджаюць не толькі знешнія душыцелі, самі ўмовы падбухторваюць дзейнічаць і ўнутранага цэнзара, які сядзіць у кожным чалавеку.

Тым не менш, нягледзячы на рэпрэсіі (адабраную пісьменніцкую маёмасць, суды, занясенне ў «чорныя спісы», вуснае запалохванне і фізічнае збіццё), дэмакратычныя літаратары маральна не падаюць духам.

Сам талент не рашае ўсіх праблем, бо пісьменнік мае дачыненне да вялікай колькасці розных людзей, а таму яму важна мець стойкае сумленне, перакананасць у сваёй праваце. Канешне, больш прыемна пісаць вершы, прозу, чым публіцыстыку, якая вымотвае душу і трушчыць болем сэрца. Але такая наша беларуская доля…

У нас, акрамя ўласнай творчасці, у якой да канца жыцця трэба ўдасканальвацца, ёсць агульная задача — яднаць і ўмацоўваць нацыю, бо ёй нялёгка цяпер, а наперадзе нашчадкаў чакаюць больш складаныя выпрабаванні.

Літаратурная праца не толькі ўдзячная, але і вельмі небяспечная. Нагадваю бязлітасную формулу французскага літаратара П’ера Дрыё ла Рашэля: «Пісьменнік павінен разумець, што адказвае за свае словы жыццём».

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Ганебная валтузня

Глабалізацыя і «глыбінка»

Крах выжывання

Смех за кадрам

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.