Глядзець наперад
На шляху да свабоды і цывілізаванага жыцця многімі народамі былога СССР, у тым ліку і беларусамі, зроблены памылкі, якія спрыялі ўсталяванню ў незалежных краінах новага аўтарытарызму. Пра гэта трэба памятаць цяпер, калі ў грамадстве адбываецца прыкметны сацыяльны і палітычны зрух, запатрабаваны перамены.
Негатыўны постсавецкі вопыт змушае нас глядзець наперад без шапказакідальніцтва, крытычна і дакладна ацэньваючы сітуацыю. Я доўга чакаў народнага абуджэння, таму ганаруся суайчыннікамі, якія не баяцца рэпрэсій і смела пратэстуюць, але не падзяляю пераможнай эйфарыі, што запанавала ў сацыяльных сетках. Такое мы праходзілі. У інтэрнэце адбіваецца не ўсё рэальнае жыццё, а толькі пэўны пласт.
Вялікая частка насельніцтва Беларусі наогул не ведае пра падзеі, якія ў вясновыя дні адбываюцца, бо навіны чэрпае з БТ і АНТ. Яна занята цякучкай выжывання, падрыхтоўкай да сяўбы на агародах.
Яшчэ шмат людзей ставяцца да ўдзелу ў грамадзянскіх акцыях з абыякавасцю і скептыцызмам — колькі ні пратэстуй, нічога не зменіцца, а таму няма чаго падстаўляцца пад дубінкі і кулакі азвярэлых садыстаў, якім з самага верху дадзена каманда: «Фас!».
Але якраз паводзіны «людзей у цывільным» і міліцыі, якія жорстка затрымлівалі ўдзельнікаў пратэстных маршаў у Мінску, Магілёве і іншых гарадах не таму што тыя парушалі грамадскі парадак, а на падставе іх палітычных поглядаў, прыводзяць да думкі пра неабходнасць дэмантажу абрыдлай аўтарытарнай сістэмы.
Сапраўды, калі акцыя дазволена дзяржаўнымі органамі, то чаго вяжацеся да грамадзян пасля яе правядзення, чаму ўрываецеся ў перапоўнены грамадскі транспарт, наладжваеце бойку ў цесным гурце пасажыраў, сярод якіх дзеці і старыя людзі? На адрас адкормленых на народных харчах «ціхушнікаў»-мардаваротаў, якія, не саромячыся, валаклі па асфальце дзяўчат, жанчын, юнакоў, гучаць словы абурэння грамадзян: «Если режим еще побудет у власти, то «шунявок» скоро и в форму НКВДэшников переоденут. По содержанию задержаний и судов — тот же стиль, что и у сталинских бандитов и судебных «троек». По форме пока не догнали. Но штаны спортивные на задницах омоновцев — собственность государства». Асабліва зашкальвалі эмоцыі гараджан, якія бачылі сам хапун: «Скажи, за что бьёшь? За наши налоги?»; «Помирать везут. Сейчас отобьют им все!»; «Отольются тебе эти слёзы!».
Такую ацэнку заслужылі тыя, хто абавязаны падтрымліваць у краіне спакой і парадак. Ці ж гэта не паказвае глыбокую прорву, якая пралегла паміж уладай і народам? Чарговы разлік на тое, што людзі ўсё стрываюць і будуць, як заўжды, маўчаць, праваліўся.
Не ведаю, ці спраўдзяцца словы разгневанай жанчыны наконт слёз у дачыненні да канкрэтнага садыста, але крыўды ў грамадстве назапасілася шмат, і помста выбухне, калі сама ўлада займаецца правакацыямі ў выглядзе неразумных дэкрэтаў, абразлівых хапуноў, здзеклівых судоў, драконаўскіх прысудаў і штрафаў.
Ды ўсё ж абодвум бакам трэба старацца пазбегнуць крывавага канфлікту. Мяняць сістэму лепш мірным шляхам, але не вяла, а радыкальна і хутка. Гэтага патрабуюць здаровы сэнс, інстынкт самазахавання.
Шкада, што ў тутэйшую сітуацыю слаба ўнікаюць еўрапейскія палітыкі, якія тупа працягваюць спадзявацца на «прыручэнне» і «перавыхаванне» ўзурпатара ўлады, на выцягванне яго з-пад апекі Расіі. Няўжо ім не ясная марнасць такіх патугаў, не бачна, хто ў саюзніцкім тандэме ініцыятар «закручвання гаек»? Абураныя беларусы хочуць скінуць аўтарытарызм, а яны павялічваюць колькасць візітаў, праводзяць тут мерапрыемствы, робяць «міратворцам» і легалізуюць адыёзнага кіраўніка, якога нядаўна называлі «апошнім дыктатарам Еўропы». Як гэта выглядае?
А рэаліі ў Беларусі — незайздросныя. Па-першае, ад рэспублікі, як па інерцыі яшчэ велічаюць нашу краіну, на сёння засталіся рожкі ды ножкі. Яе даўно паглынуў аўтарытарны рэжым. А таму нам трэба вяртаць парламенцкую рэспубліку, верхавенства закона, падзел уладаў, незалежныя суды, свабодныя СМІ. Улічваючы беларускі менталітэт, пры якім галоўны начальнік абагаўляецца і выходзіць з-пад кантролю, функцыі прэзідэнта (калі гэтую пасаду ўвогуле не скасоўваць!), павінны быць выключна прадстаўнічымі.
Гледзячы на паводзіны часткі службоўцаў (прыход з Расіі і сыход назад пасля службы, грэблівае стаўленне да нашай гісторыі, мовы, традыцый, схільнасць да крадзяжу народнага багацця, карупцыі), цяжка паверыць у іхнюю вернасць незалежнай Айчыне і народу. Для многіх наш край — транзітны прыпынак. Асаблівую трывогу ў плане абароны незалежнасці выклікаюць касмапалітычныя сілавікі. Прасцей кажучы, у нас няма шчыра адданай Беларусі кіруючай эліты, арміі, міліцыі, спецслужбаў, як і нацыянальнай адукацыі, культуры. Гэтая дзяржаўная слабасць прыкрываецца трыбуннай дэмагогіяй і этнічным падмарафечваннем (лозунгі на шчытах, вышыванкі).
Па-другое, у 90-х гадах ХХ стагоддзя беларусы не былі гатовыя да дэмакратыі, што скончылася аўтарытарным тупіком. Пасля двух дзесяцігоддзяў новай прапагандысцкай апрацоўкі яны знаходзяцца ў не менш заблытаным стане. Таму перад свабоднымі і сумленнымі выбарамі, без якіх рух наперад немагчымы, апазіцыя павінна весці асветніцкую, тлумачальную працу. Для гэтага варта задзейнічаць усе магчымыя і немагчымыя метады, спосабы…
Галоўны віноўнік таго, што людзі пратэстуюць, сам існуючы рэжым. Трэба было «пастарацца», каб давесці да такога стану нават памяркоўных беларусаў. Яны нарэшце прыйшлі да высновы, што аўтарытарызм — гэта пройдзены этап, ад якога трэба пазбаўляцца. У вуснах людзей патрабаванне сыходу тычыцца не толькі прэзідэнта, але і ўрада, парламента, усіх службоўцаў, якія не ў меншай ступені адказваюць за маштабны развал, бо палахліва патуралі валюнтарысцкім, невуцкім дзеянням боса, самі даводзілі «да ручкі» розныя галіны гаспадарання.
Сёння часта гучыць тэма люстрацыі, і гэта правільна. На пасадах павінны застацца толькі тыя, хто не запляміў сябе ніякімі злачынствамі, хто можа будаваць свабодную, прававую Беларусь.
Падзеі ў братняй Украіне паказалі, што адсутнасць кантролю і паблажлівасць у дачыненні да мацёрых, прыцёртых чыноўнікаў, пракурораў, суддзяў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спецслужбаў, афіцэраў арміі, якія здраджваюць дэмакратычным ідэям, займаюцца сабатажам, прадаюць дзеля ўласнага абагачэння дзяржаўныя і нацыянальныя інтарэсы, заканчваюцца страшэннай бядой. Гэтая трагічная памылка будзе выпраўляцца доўга.
Дэмантаж палітычнай сістэмы патрабуе замены кіруючых кадраў. Няўжо ў нас ва ўсіх сферах жыцця няма разумных, падрыхтаваных, свядомых людзей, якія ў адказны момант змогуць папрацаваць на краіну, на нацыю? Безумоўна, ёсць, і яны павінны заняць важныя месцы. Адказнасць за Беларусь, за яе лепшую будучыню абавязаны не на словах, а нутром адчуць усе — ад дарослага да школьніка…
Пасаваць перад складанымі задачамі няварта. Паспяховы вопыт многіх суседзяў паказвае, што яны — вырашальныя. Але, выходзячы ў Дзень Волі на вуліцы і плошчы, нам неабходна асэнсавана, разумна глядзець наперад, настройваючыся на нялёгкую стваральную працу.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: