TOP

Не той народ

Заўважана, што пасля доўгага знаходжання ва ўладзе аўтакраты робяць нечаканае для сябе адкрыццё — народ, якім яны кіруюць, нейкі не той. Здавалася, толькі нядаўна ён аддана глядзеў у рот, лавіў кожнае слова, слухаўся ва ўсім і раптам на табе — гневаецца, пратэстуе, бо, аказваецца, незадаволены сваім жыццём. 

Шлях немінучага прасвятлення, які праходзяць народы, калі трапляюць у пастку аўтарытарызму, бывае розным. Як па цяжары перажытых прыніжэнняў, зняваг і пакут, так і па тэрмінах. Але ёсць характэрная акалічнасць развіцця падзей, якая ўласцівая любому прыгнечанаму грамадству, у тым ліку і беларускаму. Чым больш нахабны аўтакрат грузне ў непамерных амбіцыях, у эйфарыі ад неабмежаванай улады, у абагачэнні і шыкоўным побыце, у халуйстве і незаслужанай увазе да сябе, тым менш яму давярае народ.

Правіцель саманадзейна спадзяваўся, што падманутае ім у час развалу СССР насельніцтва будзе пастаянна жыць у «вясковым і гарадскім ідыятызме», тупа славіць свайго адзінага, незаменнага «ратавальніка». Аўтарытарнаму рэжыму нават удалося настырнай хлуснёй мясцовай прапаганды, подкупам замежных піяршчыкаў на нейкі час стварыць Беларусі імідж «райскай выспы ў акіяне бяды». На лухту клюнулі многія недасведчаныя прадстаўнікі постсавецкіх народаў, якім хочацца бачыць калі не ў сябе, то хоць недзе станоўчыя дасягненні. Сам неаднаразова чуў байкі пра тое «цудоўнае праўленне», якія ўзахлёб расказвалі ў Расіі, Украіне, Літве.

Але час ідзе, і многае мяняецца. Прасвятленне як беларусам, так і суседзям прыносіць рэчаіснасць, бо безграшоўе — найлепшы настаўнік.

Непадрыхтаванае да дэмакратычнага жыцця ў плане палітычнай, грамадзянскай і прававой культуры, разагнанае па закутках, затурзанае выжываннем насельніцтва Беларусі пачало прачынацца і яднацца. Яно нарэшце ўбачыла, што ў дзеяннях челавека, які засядзеўся на троне, абсалютна няма стратэгічнай скіраванасці ў будучыню. Ён заняты толькі дэмагагічнай балбатнёй і бясконцай мітуснёй па ўтрыманні ўлады. Прытым дзейнасць рэжыму ахутана звышсакрэтнасцю.

Сутнасць аўтарытарызму якраз і заключаецца ў тым, што важныя пытанні жыцця краіны вырашаюцца без удзелу народа. Правіцель пацвярджае гэта, бо час ад часу выдае сакрэты: «Мы эту проблему решили в узком кругу ограниченных людей».

Адкінем двухсэнсоўнасць выказвання, таму што за «перламі» тутэйшага «цыцэрона» паспець проста немагчыма. Удумаемся толькі ў выраз — «узкий круг». Рашае некалькі чалавек, а негатыўныя наступствы расхлёбвае ўвесь народ. Раней, яшчэ не вылечыўшыся ад савецкага страху і постсавецкай дэпрэсіі, беларусы казалі: «Мы — людзі маленькія, хай думае начальства». Цяпер, нагледзеўшыся на адміністратыўныя вычварэнні вярхушкі, на татальную карупцыю, бясконцы чыноўніцкі крадзеж, яны катэгарычна не згаджаюцца з такім станам: «Народ в нищету завели, а сами жируют. Быстрей бы уже эта их «малина» закончилась. Чтобы и они почувствовали, как это в нищете жить».

Сапраўды, большасць людзей жыве бедна, але ўлада не рашаецца на кардынальныя перамены. Без рэфармавання эканомікі яе планы па павышэнні народнага дабрабыту кожны раз правальваюцца, наадварот — адбываецца адкат. А чыноўнікі, дэпутаты, алігархі, кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў, сілавы генералітэт і афіцэрства надзвычай задаволены аўтарытарызмам, бо па вышэйшай мерцы забяспечылі не толькі сябе, але і дзяцей, унукаў. Прыўладныя «вампіры», якія прагна смокчуць кроў з аслабленага народнага арганізма, распладзіліся, нібы вошы.

Уражвае агрэсіўны цынізм, з якім аўтарытарны рэжым ставіцца да звычайных працаўнікоў, хоць тыя сёння не могуць забяспечыць свае элементарныя патрэбы. Такога адкрытага здзеку над здаровым сэнсам жыцця і бессаромнай, нахабнай несправядлівасці ў Беларусі яшчэ не было ніколі.

Ніхто не супраць, калі заробак у сумленных прадпрымальнікаў (пра прыўладных бізнесоўцаў і іхняе махлярства гаворка асобная!) значна вышэй, чым у іншых грамадзян краіны. Яны дасягаюць прыстойнага дабрабыту нялёгкай працай уласнага розуму і рук. Хай на здароўе і спажываюць!

А вось здзеклівы астранамічны разрыў у зарплатах бюджэтнікаў творыць улада. Яна шчодра аплачвае лаяльнасць да рэжыму і халуйскае прыслужніцтва, крыўдзячы ў той жа час таленавітых, старанных працаўнікоў, сапраўдных прафесіяналаў. Мяркую, што некалькім сотням тысяч прывілеяваных бюджэтнікаў давядзецца ў бліжэйшы час зменшыць свой апетыт і падзяліцца з мільёнамі бедных калегаў. Гэта тычыцца і пенсійнага забеспячэння. Пакуль справядлівасць у аплаце працы людзей не ўсталюецца, грандыёзны сацыяльны выбух у краіне — непазбежны!

Марныя патугі спісаць цяперашні пратэстны рух на «дармаедаў», якія «пойдут опять по улицам, дорогам и так далее». Супраць паўстаюць прадстаўнікі ўсіх бяднейшых пластоў грамадства. Як людзям не пратэставаць, калі ў многіх месячнай зарплаты або пенсіі хапае толькі на два тыдні?

Свой погляд мае просты народ і на дзеянні заходніх палітыкаў, фінансістаў, чые грошы дапамагаюць душыць свабоду ў Беларусі. Людзі ў сацыяльных сетках, на мітынгах называюць міжнародных крэдытораў аўтарытарнага рэжыму злачынцамі.

Публічна абуранасць мірнымі маніфестацыямі выказалі прэзідэнт, генеральны пракурор, уся «вертыкаль». Незадаволеныя народам і яго «слугі» — дэпутаты. Яны, як шахцёры ў забоях, шчыруюць да поту на спіне, ціскаюць кнопкі, паслухмяна ўхваляюць праекты законаў, падрыхтаваныя ў адміністрацыі прэзідэнта і ва ўрадзе, а выбаршчыкам гэтага мала. Яны лезуць з прэтэнзіямі, закідваюць штыкавымі пытаннямі. Напрыклад, у сенатара І. Марзалюка, які надта стараецца ўславіць і абараніць свайго куміра, пры сустрэчы з народам нервы не вытрымалі. Ён то пагрозліва крычаў: «Заткнісь!», то падліваў бензіну ў полымя: «У мяне вялікая зарплата!»

Чаму аўтарытарны рэжым, яго верныя служкі ў пагонах і без іх так баяцца пратэстных акцый, масавых маніфестацый? Таму што тут адбываецца яднанне людзей, прыходзіць разуменне, што яны разам — неадольная сіла. Акрамя таго, удзельнікі акцый звяраюць уласныя думкі, меркаванні з іншымі, пераймаюць палітычны і прававы вопыт.

Народ — гаспадар краіны. Не яму нехта павінен ультыматыўна дыктаваць правілы гульні, адводзіць «место для выражения мнений», а ён мае поўнае права паставіць на месца сваіх «слуг», якія «зарваліся і зажраліся», выйшлі з-пад усялякага кантролю. Але не ўсё так проста. У нас наперадзе неспакойныя, крутыя дні, бо зло ніколі лёгка не здаецца.

Мне б хацелася, каб беларусы смела і мужна ішлі да лепшай долі не толькі з-за кавалка хлеба. Але веру, што сёння народ пракладае патрэбны мост ад сацыяльнай незадаволенасці да разумення важнасці свабоднага, дэмакратычнага жыцця, да разумнага, асэнсаванага выбару шляхам галасавання. Такі настрой дыктуе аптымістычныя радкі:

Роднасць — як долі знак,
Праўдай моцныя людзі…
Хай не пры мне, а так
Абавязкова будзе!

Хлуслівы, саманадзейны правіцель нарэшце ўбачыў і зразумеў — не той народ трапіў яму ў падначаленне. Не той!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Сцяг жыцця

Вайна супраць народа

Глядзець наперад

Засілле прафанацыі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.