• Погода
  • +11
  • EUR3,1436
  • USD2,6411
  • RUB (100)3,4298
TOP

Трымацца памяці

Такіх слоў, прасякнутых злавесным цынізмам, я не чуў даўно. Стваральнік мясцовага аўтарытарызму, згадваючы трагічныя Курапаты, заявіў: «Какая разница, кто там кого расстреливал?» З вуснаў дыпламаванага гісторыка абыякавая, манкурцкая фраза гучыць бяспрыкладна абразліва і варожа ў дачыненні да народнай памяці.

З юнацкіх гадоў, рана далучаны да тэмы сталінскіх рэпрэсій праз пакутлівую долю дзядзькі, паэта Сяргея Ракіты (1909 — 1942 /?/) , я зразумеў, што паміж паняццямі «краіна» і «дзяржава» ёсць вялікае адрозненне. Краіна, або айчына — гэта любімая зямля, родныя людзі, усё, што ахінае цябе ласкаю і мілосцю, саграе душу і сэрца. А дзяржава заўсёды асацыіруецца з бюракратычным апаратам, з камандамі і прымусам. У пошуках хоць нейкіх звестак пра беспадстаўна рэпрэсаванага, знішчанага і затым рэабілітаванага дзядзьку мне давялося ўбачыць шмат чыноўніцкай абыякавасці і варожасці да «ворагаў народа».

Былі тады 60-ыя гады ХХ стагоддзя. Але, калі правіцелю Беларусі і цяпер напляваць на праўду гісторыі, калі яму няважна «хто і каго» расстрэльваў у СССР, то можна сказаць, што ў начальніцкім мысленні са сталінскага часу нічога не змянілася. Зрэшты, гэта пацвярджае практыка, бо пошук унутраных і знешніх «ворагаў» стаў для тутэйшага рэжыму галоўным заняткам.

Назіранні за існаваннем беларусаў у аўтарытарнай дзяржаве прывялі мяне да высновы, што ўлада паставіла і настойліва ажыццяўляе маштабную антынацыянальную задачу — стварыць бяспамятнае, паслухмянае грамадства, якое будзе кіравацца толькі камандамі зверху і не мець ніякай самастойнасці. З гэтай прычыны аўтакрат стараецца не выпускаць народ з ціскоў страху ні на хвіліну.

Як можна запалохаць усе пласты грамадства пры аўтарытарызме? Проста! Бясследна зніклі палітыкі, забіты журналіст, кінуты за краты яшчэ тры, СМІ паабяцана, што за вострыя публікацыі іх закрыюць, і адразу ў пішучага чалавека або ў рэдактара ў душы нараджаецца ўнутраная цэнзура, яны пачынаюць дзейнічаць больш асцярожна, каб не трапіць пад пераслед. Так узнікае доўгі спіс забароненых тэм і праблем. Варта пасадзіць у турму аднаго-двух алігархаў, і астатнія бізнесоўцы будуць хадзіць як па струнцы, згодна загадаў стануць шчодра дзяліцца прыбыткамі. Мірная пратэстная маніфестацыя разганяецца так жорстка і крывава, хапун праводзіцца настолькі нахабна і шматліка, што сэрцы апускаюцца ў пяты не толькі ў палахлівых абываталяў, але і ў параўнаўча смелых людзей. Усё гэта — не нагнятанне жахаў, а мясцовая рэчаіснасць!

Аўтарытарны рэжым у практычнай дзейнасці якраз і разлічвае на татальную запалоханасць і хранічнае бяспамяцтва насельніцтва. Ён спрабуе выбудаваць казённую «памяць». Напрыклад, робячы націск на Вялікую Айчынную вайну, прытым толькі на яе гераічны аспект, пакідаючы па-за ўвагай тое, якой крывавай цаной здабыта Перамога, правіцель і яго прапагандысты свядома падсоўваюць аднабокую і куртатую гісторыю ХХ стагоддзя.

У Беларусі замоўчваюцца сталінскія рэпрэсіі, знішчаюцца сляды былых злачынстваў і адначасова адбываецца ўслаўленне крывавага тырана, што выявілася ў адкрыцці «Линии Сталина», бюстаў «вождю всех народов». А народны мемарыял Курапаты, дзе адбыліся расстрэлы невінаватых людзей, улада абыходзіць увагай, за 23 гады правіцель так і не наведаў вядомае на ўвесь свет месца нацыянальнай жалобы.

Затое ён «кіруе» працэсам здалёку: «Я поручил создать аккуратно не гигантский (не Брестская крепость) мемориал. Сейчас идет конкурс. Мы сделаем этот мемориал, может, что-то вроде небольшой часовни». Пасля такіх дылетанцкіх выказванняў «галоўнага спецыяліста-ўніверсала» і засакрэчвання конкурсу, ініцыяванага ім, становіцца зразумела, што ўладу нельга падпускаць да Курапат нават на гарматны стрэл. Іначай усё скончыцца тым, што там будуць стаяць рэстараны або казіно.

Выступаючы на пасяджэнні грамадскага журы незалежнага конкурсу «Курапаты — народны мемарыял», сябрам якога з’яўляюся, я падкрэсліў важныя аспекты вырашэння лёсу трагічнага ўрочышча. Па-першае, ахоўная зона Курапат павінна поўнасцю захавацца, акрамя таго, у яе неабходна ўключыць кавалак поля і «Дарогу смерці». Па-другое, агульны выгляд мемарыялу на грунце лепшых праектаў павінны калектыўна фарміраваць ландшафтныя спецыялісты, архітэктары, скульптары, мастакі, будаўнікі, працаўнікі лясной гаспадаркі, каб максімальна, да драбніцы захаваць усё, што маецца, каб новыя скульптурныя, дэкаратыўныя і іншыя элементы ўводзіліся надзвычай асцярожна, былі апраўданымі. Па-трэцяе, ні ў якім разе нельга дапускаць аўралу ў рэалізацыі ўхваленага грамадскасцю праекта, але адначасова трэба пастаянна і пільна сачыць, каб у Курапаты не ўварваліся бульдозеры, накіраваныя чыноўнікамі.

27 красавіка 2017 года ў мінскім Палацы мастацтваў падведзены вынікі першага этапа конкурсу, на які было прадстаўлена каля 50 твораў у розных жанрах. Журы адзначыла лепшых удзельнікаў, аб’явіла пра тое, што творцы могуць уключыцца ў другі этап конкурсу.

Зробленае архітэктарамі, скульптарамі, мастакамі, паэтамі настройвае на аптымістычны лад. Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі грамадства здольнае годна ўшанаваць памяць пра ахвяраў палітычных рэпрэсій. Абарона Курапатаў ад вандалаў і чыноўных манкуртаў моладдзю, дарослым людам, філасофскае, мастацкае асэнсаванне трагедыі творцамі, клопаты валанцёраў па добраўпарадкаванні месца жалобы — усё гэта яднае нацыю, дапамагае ёй больш смела ісці да свабоды.

Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў у прадмове «Народ на Галгофе» да маёй кнігі паэм «Гэта мы» напісаў: «Створаны паэтам вобраз сапраўды набывае сэнс касьмічнай жуды, калі «паўсюль даўкі пах палыну, і ў небе — расьпятая зорка» (паэма «Чорная быль»).

Пад гэтаю «расьпятай зоркай» нацыя змушана існаваць, мабыць, ад часоў пралетарскай рэвалюцыі ў Расеі. Менавіта тады Беларусь узышла на Галгофу з дзесяткамі і сотнямі «Курапатаў» на ёй. Сярод іх, безумоўна, — і нядаўна моўчкі адкрытыя «Цівалі» — жахлівае месца зьнішчэньня людзей разам з жывёлай. І нават іх пасьмяротнае вынішчэньне з дапамогай зусім сучаснага сродку тэхналагічнай эпохі — напалму. Каб не засталося ні сьледу, ні крыжа, ні памяці.

Так, сьледу на спаленай зямлі можа і не застацца, можа нічога не захавацца ў дбайна падчышчаных архівах, але нішто не зьнікае з душаў людзей. Людзкія пакуты і людзкая кроў бяз сьледу не мінаюцца нават на Беларусі, якая ня першае стагодзьдзе ідзе «дарогай у нікуды», дзе воля «толькі сьніцца», а «слава разьлятаецца, як дым».

Памяць — гэта галоўнае, што ёсць у чалавека. Яна патрабуе ад нас прынцыповасці, смеласці, мужнасці. Пра гэта думалася, калі пісаў радкі «Беларускай песні» з паэмы «Зязюля» (1996), прысвечанай В. Быкаву:

Зноў над доляю і над воляю
Кружаць хцівыя крумкачы…
Ды няўжо бяду не адолеем,
Крывічы мае,
Крывічы?

Выконваючы запаветы Васіля Быкава, беларусы павінны выявіць адказнасць за духоўныя і матэрыяльныя скарбы продкаў і за сваю будучыню. Калі мы будзем трымацца памяці і праўды, то ніколі не дапусцім, каб паўтарыліся сталінскія рэпрэсіі, каб ваенны хаўрус з Расіяй звёў на нішто нашу незалежнасць, каб новы атамны монстр канчаткова знішчыў здароўе нацыі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Бясконцы парад

Пабіты корпус

Адкуль такая «любоў»?

Не той народ