TOP

Круцялі

Каларытнае слова «круцялі» запомнілася мне з маленства. Яно выразна перадае сутнасць паводзін людзей, якія не проста хлусяць, а нахабна выкарыстоўваюць падман для таго, каб пажывіцца за кошт іншых, задаволіць уласныя амбіцыі або сквапнасць. 

У сучасным жыцці рамантызм, якім спавівалі паняцце «чалавек», раптам знік. На змену яму прыйшлі меркантылізм, культ грошай і раскошы, махлярства, падман. Многія людзі адсоўваюць сумленне ў глухі куток душы і кідаюцца ў зманлівы вір усёдазволенасці.

Але круцельства ў побытавых варунках не прыносіць значнай шкоды, не выклікае рэзанансу, бо яно дробнае. Прытым такіх парушальнікаў звычайна даганяе спагнанне. Што тычыцца вярхоў, «эліты», то тут сітуацыя складаней. У Беларусі самыя абуральныя прыклады ў парушэнні канстытуцыі, законаў і нормаў чалавечых паводзін паказваюць прадстаўнікі выканаўчай улады, дэпутаты, сілавікі, прыкормленыя бізнесоўцы. Да таго ж пры аўтарытарызме той, хто публічна выказвае адданасць і пастаянна дагаджае асабіста правіцелю, як правіла, пазбягае суровага пакарання, а таму карупцыя, крадзяжы і хабарніцтва застаюцца невыводнымі.

Круцялёў хапае ўсюды — ці гэта Усход, ці Захад. Розніца толькі ў тым, што ў дэмакратычных краінах ім не даюць захапіць манаполію і разгуляцца. Непрыстойныя паводзіны, хлусня, шантаж, махінацыі, крадзяжы з боку афіцыйных асобаў там не праходзяць незаўважана, атрымліваюць ацэнку ў СМІ, у судах, за іх наступае пакаранне: на эканамічных, фінансавых, гандлёвых жулікаў накладаюцца вялікія штрафы, з пасадаў вызваляюцца любыя чыноўнікі, у тым ліку імпічменту падлягаюць і прэм’ер-міністры, і прэзідэнты.

Зусім іншая сітуацыя складваецца пры аўтарытарызме. Рэжым, які амаль 23 гады існуе ў Беларусі, прыдушыў насельніцтва адміністратыўным рэсурсам, застрашыў рэпрэсіямі, негатыўна паўплываў на характар, псіхіку, паводзіны людзей, у першую чаргу дзяржаўных службоўцаў. Можна канстатаваць, што выведзена новая, асаблівая парода чыноўнікаў, дэпутатаў, міліцыянераў, прадстаўнікоў спецслужбаў, пракурораў, суддзяў, вайскоўцаў, журналістаў, настаўнікаў, выкладчыкаў ВНУ. Гэта круцялі, якія апраўдваюць і абараняюць уладны гвалт. Яны ведаюць, што, выконваючы неправавыя загады начальнікаў, пераступаюць закон, але свядома ідуць на парушэнні, бо зверху ім гарантавана беспакаранасць.

Гэтая беспакаранасць часовая і не ўратуе ад немінучай адказнасці, але людзям-робатам пра будучыню не думаецца. Яны ўспрымаюць аўтарытарную сістэму як нешта непарушнае, жывуць адным днём, працуюць толькі паводле каманд.

У меншай ступені ідэалагічная прамыўка і ўдзел у махінацыях улады закранулі ўрачоў, тэхнічную інтэлігенцыю. Іх абараняе ад мярзоты, якая навязваецца зверху, пэўная прафесійная аўтаномія, разуменне рэальнай сітуацыі ў краіне і ў свеце.

Увогуле, з радасцю заўважаю, што дасведчаная, выхаваная, культурная частка грамадства не здаецца, супраціўляецца разгулу цемрашальства і дэградацыі маралі.

А якімі дасягненнямі можа пахваліцца рэжым? Яго галоўны «твор» — знішчальная для разумнага жыцця беларусаў сістэма фальсіфікацыі вынікаў галасавання, пры якой змяніць дзеючую ўладу шляхам выбараў немагчыма. Насельніцтву не застаецца нічога іншага, як пратэставаць, трываць жорсткія разгоны, пакуль не адбудзецца назапашванне свядомай народнай сілы і пералом сітуацыі.

Тым часам улада разгортвае вакол мірных акцый пратэсту экстрэмісцкае круцельства. Напярэдадні выкрадаюцца і кідаюцца за краты апазіцыйныя палітычныя лідары, актывісты, СМІ хлусяць, што маніфестанты адазвалі заяўкі, па тэлебачанні транслююцца фальшывыя, паклёпніцкія фільмы і перадачы. А далей у ход ідуць дубінкі, кулакі, аўтазакі, турмы.

Улада не вызначае шляхі плённага развіцця краіны. Яна мабілізуе службовы люд на прыдумванне любых захадаў, каб падавіць сацыяльны і палітычны пратэст грамадзян, высмактаць з іх сродкі для далейшага ўтрымання рэжыму.

Асабліва нахабным круцельствам, якое навідавоку, вызначаюцца жыллёва-камунальная гаспадарка і гандаль. Адны прыдумваюць для ўладальнікаў жылля аплату будучага капітальнага рамонту, а калі такое «шчасце» нарэшце прыходзіць, то грошы зноў выдаткуе сам гаспадар, другія ўскручваюць да касмічных вышыняў кошты, што паказальна на прыкладзе замежных лекаў.

«Сацыяльна арыентаваная дзяржава» страціла прыгожы статус. Узровень жыцця катастрафічна коціцца ўніз. Ці могуць паверыць людзі, якія «павышаюць дабрабыт» каля смеццевых кантэйнераў, у тое, што ім жывецца гэтак жа, як і ўладальнікам катэджаў за мільёны долараў?

Тутэйшая прапаганда часта папракае ЗША індзейцамі, нібыта загнанымі ў гета. Але яна не заўважае, што ў Беларусі ў Драздах узнікла сваё «гета», толькі тут рэзервацыя наадварот — для прыкормленых. Пазычыўшы ў ваўка вочы, мацёрыя круцялі прымаюць з рук правіцеля прэстыжныя зямельныя ўчасткі і хаваюцца ад народа ў харомах за высокімі агароджамі. Цынічны, здзеклівы выклік, кінуты ўсяму грамадству!

Нядаўна А. Лукашэнка з папулісцкімі мэтамі звярнуўся да сваіх добра забяспечаных служак: «Мы должны аккуратно повышать себе зарплату». Маўляў, не жарыце ў тры горлы, начальнічкі! На нас жа народ глядзіць!

А для мільёнаў людзей, у якіх грошай не хапае нават на самыя элементарныя патрэбы, чамусьці ніякай парады ў яго не знайшлося.

Круцялі стварылі сабе «камунізм» за кошт жабрацтва народа, а цяпер іх правадыр, які распачаў вайну з «дармаедамі», кажа: «Надо привыкать к тому, что люди должны идти за работой. Не работа к людям, а так, как принято во всем мире». А народ адказаў яму, што без эканамічных рэформаў нічога не будзе: «Человек хочет не работать, а зарабатывать достойно! Ну не может работяга работать, платить налоги и получать меньше мента, которого содержит и который его же за его деньги и гнобит».

За межамі краіны таксама ёсць людзі, якія кажуць праўду. Пра гэта сведчыць «Открытое письмо граждан Арцаха Лукашенко»: «Если бы Карабах имел хотя бы 20% тех возможностей, что имеет Беларусь, он бы сам давал кредиты другим государствам, а не ходил бы, подобно Беларуси, с протянутой рукой и прося деньги. Но если сравнивать с другими странами, например, с Беларусью, то мы намного свободнее».

Мне агідна штодзённа чуць пра злачынствы вертыкальшчыкаў, бачыць прапагандысцкае, эканамічнае і сацыяльнае круцельства, наладжанае рэжымам. Ратуе душу ад адчаю толькі ўсведамленне таго, што далёка не ўсе беларусы сталі круцялямі. Гэта сапраўды шчасце, якое не выказаць словамі!

Сумленныя людзі, у якіх ёсць самастойнасць, годнасць і няма ўнутранага дысбалансу, да канца жыцця застаюцца прыгожымі, выклікаюць давер і павагу. Іх высакародныя душы перацякаюць нават у абліччы, якія выпраменьваюць ціхае, амаль непрыкметнае, але нязгаснае святло. Такімі былі мае старэйшыя сябры Пімен Панчанка, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Генадзь Бураўкін.

Я схіляю галаву прад няскоранымі беларусамі, жадаю здароўя, удачы кожнаму чалавеку, для каго надзвычай важна гаварыць праўду, прытрымлівацца яе, не дазваляць жыццю скаціцца ў прорву татальнай прадажнасці і круцельства.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Трымацца памяці

Бясконцы парад

Пабіты корпус

Адкуль такая «любоў»?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.