• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

Жалеза саржавела

Кожны раз, калі чую грозныя ўказілаўкі зверху пра навядзенне «жалезнага парадку», прад вачыма паўстае зарослая травой, нікому не патрэбная чыгунка, саржавелыя рэйкі якой вядуць у нікуды. Такі бясслаўны лёс напаткаў шмат будоўляў на абсягах былога СССР.

Гігантаманія, пражэкцёрства і пастаяннае «закручванне гаек», якімі захапляліся кіраўнікі вялікай імперыі, яшчэ сёння, паводле народнага выразу, «вылазяць бокам» практычна ўсім незалежным постсавецкім краінам. Толькі тыя, дзе пасля набыцця суверэнітэту ўлада занялася дэмакратызацыяй палітычнага жыцця, эканамічнымі рэформамі, структурызацыяй і мадэрнізацыяй вытворчасці, дала свабоду самастойнасці і ініцыятыўнасці грамадзян (Эстонія, Латвія, Літва), змаглі зрабіць рывок наперад, нарошчваюць патэнцыял, павышаюць народны дабрабыт.

Беларусь у лік такіх краін не ўваходзіць. Яе правіцель некалі на ўвесь свет заявіў, што «не пойдзе ўслед за цывілізаваным светам». А. Лукашэнка навязаў беларусам «асаблівы шлях». Тутэйшы рэжым трымаецца амаль 23 гады. За кошт чаго?

Каб паказаць пераклічку сітуацыі ў Беларусі з той, якая была ў гітлераўскай Германіі, пакарыстаюся апублікаванымі дзённікамі (1939 — 1945 гг.) нямецкага чыноўніка Ф. Кельнера.

Службовец піша: «Немецкий народ действительно позволяет вести и подгонять себя, как стадо овец. Но как можно делать из этого вывод, что стадо довольно пастухом и сторожевыми собаками? /…/

Нацисты хорошо изучили характер своих соотечественников. Они знали: самое лучшее оружие — это страх! Этим объясняется их успех. Террор во всех его формах и жестокое подавление инакомыслия».

А цяпер згадаем, як выкарыстоўваюцца адміністратыўны рэсурс, кантрактная сістэма, пракуратура і суды, сілавыя структуры ў нас. Любога чалавека, які мае ўласную думку, залічваюць у «ворагі народа», прымяняюць супраць яго рэпрэсіі. Прытым дзяржаўныя службоўцы, якія павінны стаяць на варце закона, хранічна яго парушаюць. Для кожнага неправавога дзеяння ў іх знаходзіцца апраўданне, адгаворка. адпіска без аніякага абгрунтавання. Гэта стала паўсядзённасцю. Нават мая пошта публіцыста перапоўнена скаргамі чытачоў на чыноўнікаў.

Нездарма цяпер тысячы людзей пачалі выходзіць на пратэстныя маніфестацыі. Прыпякло так, што ўжо нельга далей трываць!

У дзённіках Кельнер шмат увагі аддае дзейнасці гебельсаўскай прапаганды: «Если после окончания войны немецкий народ соберется с духом и постарается определить самые мрачные стороны гитлеровской тирании, то пресса и ее сотрудники окажутся первыми в списке… Запрет свободы слова — это, по-моему, одно из величайших преступлений по отношению к Германии и немецкому народу. Этих пособников диктатуры надо безжалостно заклеймить и привлечь к ответственности. Надо не дать этим мерзавцам моментально, подобно хамелеону, изменить свои взгляды».

Гэта важная выснова. Пры аўтарытарызме ад беспакаранасці за хлусню афіцыйныя СМІ ахамелі. Скажам, кіраўнік дзяржаўнай газеты можа беспардонна сцвярджаць: «Никто и никогда в нашей стране не ограничивал свободу слова и не запрещал участия в митингах». Гэта ў той час, калі ў Беларусі зачынены дзясяткі газет, спынена праца незалежных радыёстанцый, калі перад любой пратэстнай акцыяй, у час яе і пасля пастаянна адбываюцца арышты ўдзельнікаў і іх жорсткае пакаранне.

Увогуле, хачу сказаць, што заангажаваныя СМІ не даюць людзям інтэлектуальнай і маральнай падпіткі, не выхоўваюць глыбокай ўнутранай прыстойнасці. Халуйскае ўсхва­ленне аўтарытарызму, прымітыў і павярхоўнасць у падачы інфармацыі, пусты гламур, дэфармацыя маралі — вось іх рысы. А таму люстрацыя, якой нашаму грамадству не абмінуць, павінна тычыцца не толькі чыноўнікаў-злачынцаў, але і прапагандыстаў-хамелеонаў.

Кельнер бачыў, як мяняліся немцы пад уздзеяннем ідэалагічнай апрацоўкі. Ён, гаворачы пра нацыянал-сацыялістычны дух, заўважае: «Он будет еще долго давать о себе знать. Лечить таких людей будет крайне трудным делом. Ведь налицо психическое заболевание. А заболевания психики поддаются лечению с трудом, оставаясь нередко неизлечимыми».

Абалваньванне, якое пануе ў нас, не менш небяспечнае. З прыкрасцю чую, як людзі пераказваюць выдумкі правіцеляў Беларусі і Расіі, хлусню мясцовых і расійскіх тэлеканалаў, не ўнікаючы розумам у сутнасць сказанага, не заўважаючы яго абсурду і цемрашальства.

Канчаткова дабіў мяне сюжэт з «Линии Сталина», дзе коснаязыкія рускамоўныя цёткі-настаўніцы праводзілі для дзяцей «урок патрыятызму». Па версіі апранутага ў ваенную форму хлапчука, які, відаць, акрамя наведвання ўрокаў, глядзіць тэлевізар і слухае прыдумкі абываталяў, — на нас будуць нападаць «плохие люди: поляки, немцы и внутренние враги».

Бязглуздзіца пануе не толькі ў галовах дзяцей. Бразганне зброяй, пошук «ворагаў» збіваюць спанталыку дарослы люд. Сітуацыя нагадвае перадваенную 1941 года. Кіраўніцтва і прапаганда тады ўшчэнт заблыталі савецкіх грамадзян, бо яны то хацелі граміць ворагаў на іхняй тэрыторыі «малой кровью, могучим ударом», то Гітлер раптам стаў сябрам і ў Германію ішлі з СССР эшалоны з вугалем, рудой, металам, збожжам. Як ні круці, а ў Беларусі і Расіі цяпер «патрыятычнае выхаванне» надта заблытанае, абсурднае, калі не сказаць — злачыннае.

Не абмінуў Кельнер і навучання спецыялістаў: «… Молодые кадры подготовлены плохо. Никакого сравнения с тем, что было раньше. Особенно хромает общая эрудиция — времени для учебы ни у кого нет. Служить! Служить! И еще раз — служить! Это девиз всех последних лет».

У Беларусі сістэма адукацыі бясконца рэфармуецца, мяняюцца праграмы, перапісваюцца падручнікі, але ніякага толку няма. Выкладчыкі ВНУ бядуюць, што выпускнікі школ прыходзяць слаба падрыхтаванымі, а пасля аналагічную характарыстыку на вытворчасці, у сферы медыцыны або абслугоўвання атрымліваюць многія маладыя спецыялісты.

Цяпер галоўнае — не выдатнае авалоданне прафесіяй, а толькі сам дыплом і шанц уладкавацца на прыбытковую пасаду, стаць хоць дробным, але начальнікам. Зноў на першы план выйшаў дзеяслоў «служыць!», што ў аўтарытарных умовах азначае — прыслужваць. Відавочна таму ніводная галіна, куды ўбуханы велізарныя сродкі, не стала прыбытковай.

Правіцель, мабыць, у тысячны раз заявіў: «Нужен железный порядок. Разговоры закончены. Ссылок на то, что чего-то там не хватило, быть не должно». Пасля такіх слоў ясней бачыцца, што стабільны парадак існуе толькі ў сістэме карупцыі і крадзяжоў. Чыноўнікі, сілавікі бесперабойна дояць бюджэт, смокчуць адкаты і хабар, пра што сведчаць бясконцыя крымінальныя справы.

Зацятая ўпартасць нахабнага аўтакрата, які зубамі ўчапіўся за ўладу і ўтрымлівае яе з дапамогай міліцэйскіх дубінак, загнала грамадства ў тупік. Але парадак, названы «жалезным», ржавее значна хутчэй, чым метал.

Аўтарытарная сістэма канчаткова саржавела. Калі яе не замяніць дэмакратычным ладам, то ўсе мы рызыкуем трапіць у глабальную катастрофу і доўга гібець пад абломкамі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Круцялі

Трымацца памяці

Бясконцы парад

Пабіты корпус