• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

Быль пра трусы

Большасці жыхароў Беларусі размяркоўваць сямейны бюджэт на жыццёвыя патрэбы вельмі проста. Сярэдняя сума грошай, якую звычайныя працаўнікі зарабляюць за месяц, не перавышае 600, а пенсіянеры маюць недзе каля 300 рублёў. Ясна і тое, куды пойдуць сродкі — харчаванне, лекі, камунальныя плацяжы, адзенне, абутак. 

Пералік сямейных выдаткаў зроблены мною паводле велічыні затрат і іхняй надзённасці. Харчаванне, лекі і камунальныя плацяжы не могуць чакаць, як, скажам, адзенне або абутак, пакуль назбіраецца сэканомленая сума. Але ж босым або голым у людзі таксама не пойдзеш. Хоць зрэдку, ды такі тавар даводзіцца купляць. А таму выходзіць, што самымі пакрыўджанымі ў нас сталі культурныя патрэбы. Ва ўмовах выжывання многія беларусы, якія раней набывалі мастацкую літаратуру, хадзілі ў тэатр, кіно, музеі, на канцэрты, павінны на гэтым эканоміць.

Прыхільнікам аўтарытарнай улады, запісным «аптымістам», якія могуць са мною не пагадзіцца, раю паслухаць жыхарку Зельвенскага раёна: «Мне скоро исполнится 70 лет, а я работаю, за всё надо платить, а на жизнь мало остается. Разве на 200 рублей можно прожить при нынешних ценах?» Яе суседка дадае: «Моя пенсия — 230 рублей, как видите, наш «батька» нам «хорошо» платит: заплатишь за коммунальные услуги, за все, и остается только на хлеб и на воду».

Яшчэ раз задумацца над тым, як мы жывем, прымусіла камічная сцэнка ў сталичным магазіне адзення. Жанчына прыдзірліва разглядае бялізну і па ходу дакарае мужа, што ён хутка зношвае трусы: «Бачыш, якія цэны? А табе хоць жалезныя купі, усё роўна пратрэш. Горачка мне з табою і з тваімі трусамі!» А муж на яе крытыку спакойна ўсміхаецца і рэзонна адказвае: «Дарагая мая, вінаваты не я, а такі лад, пры якім для рабочага чалавека становіцца праблемай купіць новыя трусы».

Усё больш людзей пачынаюць разумець, што татальная беднасць асноўнай масы насельніцтва ў Беларусі — гэта вынік неэфектыўнай эканамічнай палітыкі аўтарытарнага рэжыму, які баіцца даваць свабоду, заахвочваць самастойнасць і ініцыятыўнасць.

Адзін чалавек, які на хвалі папулізму дарваўся да кіравання краінай, лічыць «вечнае» захаванне сваёй улады, стварэнне сабе і хэўры халуёў раскошнага жыцця намнога больш важным, чым павышэнне дабрабыту народа. Сілы грамадства ідуць на забеспячэнне «вертыкалі» і прыўладных нахлебнікаў, а астатняму насельніцтву кідаюцца голыя косткі з панскага стала.

Дарэчы, сутнасць канфрантацыі ў грамадстве паміж беднымі і багатымі палягае не проста ў тым, што адзін чалавек мае больш, а другі — менш. Перыяд класічнай класавай нянавісці пройдзены. Да тых, хто, займаючыся любым прадпрымальніцтвам, памнажае ўласнае багацце розумам або «залатымі рукамі», прэтэнзіі не выстаўляюцца. Змог чалавек дамагчыся заможнага жыцця — і на здароўе!

Пад крытычным абстрэлам застаюцца толькі махляры, якія ў 90-х гадах ХХ стагоддзя выкарысталі сумбурную пераходную сітуацыю, прысабечылі прыбытковыя кавалкі народнай маёмасці, забяспечылі «хлебнымі» пасадамі і надзейна прыладкавалі да «кармушкі» ўсю радню, а таксама цяперашнія карупцыянеры, хабарнікі і жулікі.

Акрамя таго, грамадзян абурае бяспрыкладны валюнтарызм у бюджэтнай сферы. Ні ў адной краіне свету няма практыкі, каб кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў або ўстаноў атрымлівалі зарплату ў шмат разоў большую, чым звычайны працаўнік, каб велізарны разрыў быў у памерах пенсій бюджэтнікаў! У такой унікальнай «дзялёжцы» не ўдзельнічаюць нейкія незямныя сілы. Адказваць за здзеклівую сацыяльную несправядлівасць павінны канкрэтныя чыноўнікі, якія бяруць «са столі» штатныя расклады, тарыфныя сеткі і нарматывы.

Апошнім часам чыноўнікі дробнага рангу, якія бачаць, што правадыр не вылазіць з тэлеэкрана, таксама захацелі публічнасці. Пахваліцца рэальнымі поспехамі яны не могуць, а таму расказваюць, якія гарнітуры і гадзіннікі носяць, на якіх аўтамабілях ездзяць, пра што мараць. Кіраўнік адной з раённых адміністрацый г. Мінска, калі закарцела прапіярыцца ў інтэрнэце, так закруціў гаворку пра зарплату, што з яе стала ясна: яму «хотелось бы больше», а ўсім астатнім — хай будзе «кусочек хлеба в радость».

Чыноўнікі лічаць, што заслугоўваюць жыць значна лепш, чым народ, што грамадзяне паводзяць сябе неэтычна, калі папракаюць іх невядома як прыдбаным багаццем. У той жа час дэкларыраванне службоўцамі як прыбыткаў, так і выдаткаў застаецца ў Беларусі нявырашанай праблемай…

Расійскі эканаміст А. Моўчан параўнаў фарміраванне капіталістычных стасункаў у заходніх краінах і ў постсавецкай Расіі: «Из полубандитского капитализма создавалась структурированная институциональная экономика, потому что ее участники садились за стол переговоров и говорили «мы больше так не можем».

У нас же сформировалась система, которая монополизировала страну. Появилась вертикаль, которая ее контролирует. И члену вертикали уже все равно, воруют или нет вокруг, потому что внутри вертикали роли расписаны и права определены. Представителям «вертикали» даже выгодно, что вокруг воруют и законов нет, потому что так ее действия выглядят более законными на общем фоне, она даже претендует на борьбу за законность.

Поэтому никакого движения вперед у нас не получилось. Наша первоначальная капиталистическая раздробленность привела не к созданию соглашения, а к появлению монополиста. Сейчас страна идет в тупик, и общество быстро адаптируется к этому тупику».

Гэтая негатыўная ацэнка агульнай сітуацыі тычыцца і Беларусі. Безумоўна, у нас ёсць мясцовыя адрозненні, але ў цэлым усё падобнае.

Узурпатар улады пастаянна расказваў пра беларускі «рай», а тут раптам прызнаўся: «У нас миллионы людей денег не имеют». Так нарэшце з-пад глухога дзірвану хлусні вылезла праўда. Хоць і гэта ні пра што не гаворыць. У яго, як кажуць у народзе, «сем пятніц на тыдні».

Тыя людзі, якія пры аўтарытарызме жывуць выдатна, складаюць не надта вялікі працэнт ад усяго грамадства. Адны з іх схаваліся ў катэджах за высокімі агароджамі, другія — за спінамі ахоўнікаў, трэцім мець аўтаномнасць дапамагае набіты грашыма кашалёк. Але нічога нязменнага няма. Народ прачынаецца. Хоць не хочацца аўтакрату і «эліце», якую ён за паслугі апякае, спускацца са сваіх «вяршынь», ды ўсім ім давядзецца ўнікаць у нялёгкія праблемы большасці, якая таксама жадае жыць па-чалавечы. Той, хто не ўмее эфектыўна кіраваць краінай, павінен сысці.

Як бы апалагеты аўтарытарызму ні вышуквалі нейкія заганы ў заходніх грамадствах і ні раздзімалі іх, а праўду фактаў аспрэчыць немагчыма. Узровень жыцця ў дэмакратычных краінах намнога вышэйшы, чым у аўтарытарных. Так было, ёсць і будзе заўсёды. Напрыклад, эканамічныя эксперты сцвярджаюць, што Беларусі патрэбен 121 (!) год, каб дагнаць ЗША па ўзроўню дабрабыту грамадзян. Гэта толькі тады, калі амерыканцы будуць таптацца на месцы…

А што ж цяпер адбываецца з героем гэтай актуальнай былі — трусамі? Патрэбны элемент ніжняй бялізны зноў нагадаў пра сябе. Прадавец на мінскім рынку «Экспобел» кажа: «Вот привезли новый красивый товар на лето. А толку что? Люди вообще ничего не покупают. За эту неделю я продала одни трусы».

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Жалеза саржавела

Круцялі

Трымацца памяці

Бясконцы парад