TOP

У модзе — камуфляж

Даўно заўважана, што беларуская моладзь, у тым ліку і дзяўчаты, актыўна ідзе ў міліцыю, спецслужбы, армію. Аднак мода на хакі і камуфляж грунтуецца не столькі на патрыятызме, як на тым, што яны забяспечваюць лепшы дабрабыт, чым у іншых грамадзян. 

Павелічэнне колькасці асабовага складу і шчодрае фінансаванне сілавых структур, наданне ім важнейшых пазіцый у грамадстве — гэта паказальная рыса кожнай аўтарытарнай дзяржавы. Узурпатару немагчыма ўтрымаць у руках уладу без службаў, якія падаўляюць любое іншадумства.

Дарэчы, што тычыцца іншых грамадзян, то яны таксама маюць пэўны інтэрас да абмундзіравання. У савецкі час многія пажылыя людзі, асабліва ў вёсцы, з задавальненнем даношвалі вайсковыя і міліцэйскія галіфэ або мундзіры сыноў і ўнукаў.

Сёння не толькі сілавікі перадаюць родзічам камуфляж, яго можна купіць у магазіне. Пашытыя з тканіны накшталт «чортавай скуры», гімнасцёркі і штаны падабаюцца за тое, што яны не маркія, носкія, рвуцца толькі ў крайнім выпадку. Часта іх набываюць дзецям. Пацешна глядзіцца камуфляж на міні-рынках, бо чамусьці яго ўпадабалі асобныя карпулентныя цёткі-гандляркі. Словам, Беларусь стала пярэстай, падтрымала моду.

Я часта задумваюся: чаму беларусы такія парадаксальныя ў паводзінах? Расказваюць, колькі бяды прынесла на нашую зямлю апошняя вайна, моляць усявышняга, каб яе болей ніколі не было, а самі захапляюцца ваеннымі парадамі і салютамі. Як гэта ўжываецца ў адным чалавеку?

Мне здаецца, што гераічная перамога і памяць пра тых, хто здабыў яе ў крывавых баях, павінны жыць у сэрцы кожнага грамадзяніна Беларусі без напамінаў. Што тычыцца святочных мерапрыемстваў, то яны павінны быць не нашпігаванымі паказам знішчальнай зброі, не пампезнымі і грукатлівымі, а чалавечнымі.

Можна зразумець клопаты правіцеля, якому трэба выгульваць, абтрасаць ад нафталіну экзатычны мундзір, красавацца на фоне перамог продкаў. Але чаму нават не парады, а толькі іх затратныя, бясконцыя рэпетыцыі збіраюць у Мінску натоўпы зявак? Тое ж адбываецца і вакол манеўраў, вучэнняў — «гульняў у вайнушку», якія праводзяцца ў розных рэгіёнах. Як гэта спалучаецца з тым, што «мы — мірныя людзі»? Кожны трэці жыхар Беларусі, які загінуў у апошняй вайне, відаць, не ўхваліў бы бяздумныя паводзіны ўлады і абываталяў!

Што такое вайна і якой цаной была здабыта перамога савецкімі людзьмі, сведчыць толькі адзін эпізод. У снежні 1941 года з Комі АССР пад Ржэў прыбыў 83-ці Асобны лыжны батальён. Яму была пастаўлена задача — адбіць у фашыстаў станцыю Асуга. Першы рывок падраздзялення прывёў да страты 120 салдат і афіцэраў. 100 забітых на адзін кіламетр — так рухаўся наперад батальён, але станцыю не вызваліў. Пры абароне Масквы ў гэтым месцы тады загінула больш чым 3 тысячы салдат. А ўсяго ў бітвах, у назвах якіх прысутнічае горад Ржэў, палегла больш мільёна чалавек.

Такія велізарныя страты ў першыя гады вайны тлумачацца тым, што ні камандаванне Чырвонай Арміі, ні самі афіцэры і салдаты не ўмелі ваяваць у новых умовах. Стаяць насмерць, мужна класціся на варожыя амбразуры — гэта не ўсё, што трэба для перамогі. Яшчэ неабходны ваенныя веды, стратэгічнае прадбачанне і дакладны тактычны разлік. Толькі з 1943 года палкаводцы і простыя салдаты сталі ваяваць умела і паспяхова.

Калі суаднесці гэты факт з сучаснай сітуацыяй, то бачна, што ні ў суверэннай Беларусі, ні ў Расіі не навучыліся будаваць прыстойнае жыццё. У вайну на навучанне баявому майстэрству спатрэбілася два гады, а ў мірны час — мала і чвэрці стагоддзя. Чаму?

У змагароў з гітлераўскай Германіяй быў стымул — вызваліць родную зямлю, закончыць вайну, вярнуцца жывымі дахаты. А сучасных «палкаводцаў і камандзіраў» Беларусі і Расіі цікавіць не пабудова нармальнага жыцця, а сам працэс кіравання, у ходзе якога можна беспакарана прысабечваць, красці маёмасць і сродкі. Колькі іх за час, які прайшоў пасля краху СССР, «атаварылася» за кошт народа і «зліняла» за мяжу або на «заслужаны адпачынак»?!

Самым драматычным мне здаецца тое, што навучыцца страляць і забіваць сабе падобных — надзвычай лёгка (маецца на ўвазе тэхнічны, не маральна-псіхалагічны аспект!), а вось наладзіць заможнае і культурнае жыццё многім народам не хапае ні розуму, ні стараннасці. А найбольш — смеласці, каб перамагчы страх і рабства, якія перадаліся з генамі.

Афіцыйныя Масква і Мінск, нягледзячы на заклікі з трыбун да міру і антываенную рыторыку, узялі курс на ўмацаванне ўзброеных сіл. Цеснае ваеннае партнёрства з Расіяй падштурхоўвае да мілітарызацыі і Беларусь. А. Лукашэнку не хочацца адставаць ад «старэйшага брата». Рэжым актыўна займаецца і гандлем зброяй.

Пад уплывам тэлебачання, якое выхоўвае агрэсіўнасць і нянавісць да «ворагаў», заклікае быць рашучымі, не палохацца нават «вялікай вайны», бясконца захапляецца манеўрамі і вучэннямі, мяняецца псіхіка людзей. Ідзе прывыканне да манатонных ваенных дзеянняў на ўсходзе Украіны, да гібелі вайскоўцаў і мірных людзей.

Прапаганда Крамля паўтарае: «Грамотное имперство — средство выживания России. У нас есть только два союзника — армия и флот». Расійскі аглядальнік А. Гольц робіць песімістычную выснову: «Военная сила сегодня является главным, если не единственным, инструментом России в области внешней политики».

Цяпер у СМІ разгарэлася дыскусія: выведуць ці не выведуць з Беларусі расійскіх салдат пасля вучэнняў у верасні гэтага года? Спрэчкі — абсалютна пустыя. Пакідаць тут войскі няма патрэбы. Калі глядзець аб’ёмна і глыбока, то ўся Беларусь ўяўляе сабою палігон і базу, якія У. Пуцін даўно выкарыстоўвае ў палітычных і ваенных мэтах.

З гэтай прычыны беларусам трэба рашуча выступаць з пратэстамі супраць мілітарызацыі краіны, уцягвання яе ў расійскія ваенныя гульні, марнавання народных грошай. Даўно пара прыгледзецца і Захаду: куды ідуць яго пазыкі?

На словах як быццам ніхто сусветнай вайны не хоча, але многія правіцелі, асабліва аўтарытарныя, яе непрыкметна набліжаюць. Вялікая частка расіян, паводле апытанняў, нават разумеючы вынікі ядзернай бойні, гатова распачаць такую авантуру: «Мы америкосам накостыляем!» Але перамогі не будзе, проста знішчыцца жыццё на планеце.

Венгерскі пісьменнік Л. Краснахаркаі ў кнізе «Мир идет» піша пра няўлоўнасць пераходу ад міру да вайны: «Все случилось, будто едешь на поезде, и мы вдруг выезжаем из леса или с гористо-холмистой местности на неприветливую равнину, — так и тут, вкатились из мира в войну, с тем отличием, что тут, разумеется, гораздо труднее, а то и совсем невозможно провести границу, где заканчивается одно и где начинается другое, потому что границы меж ними нет, одно растет из другого, одно в другое каким-то образом вклинивается, и от этого в делах мира и войны, в отличие от реальной поездки на поезде, все совершается неожиданно: посмотришь в окно — за ним еще лес или горы-пригорки, потом глянь, а там уже голая степь».

Вялікая вайна дыхае нам у патыліцу. Зноў на планеце ў модзе — камуфляж. У ім вельмі зручна рабіцца хамелеонамі і страусамі, мімікрыраваць, хавацца ад цяжкіх праблем або вырашаць іх з дапамогай зброі. Але сёння людскому жыццю патрабуецца іншае — гранічная праўдзівасць, шчырасць, узаемаразуменне і стваральныя мірныя намаганні.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Крах «візажыстаў»

Загуляліся

Быль пра трусы

Жалеза саржавела

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.