TOP

Амаль амнезія

Падзеі, якія адбываюцца ў свеце, часта нараджаюць здзіўленне і нават жах: наколькі кароткай стала памяць у многіх кіраўнікоў краін, вядомых палітыкаў і звычайных людзей! А без яе чалавецтву немагчыма ладзіць нармальнае жыццё і планаваць будучыню.

Працэс страчвання людзьмі памяці і правалу ў амаль амнезію можна наглядна прасачыць на мясцовых прыкладах. Гаворка не ідзе пра веданне гісторыі свайго народа, без чаго нельга лічыцца сапраўдным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Гэтая задача, як высветлілася, для многіх суайчыннікаў нецікавая і, можа быць, нават не па сілах, улічваючы душэўную і культурную ляноту.

Маю на ўвазе цяпер толькі простае запамінанне і кантраляванне важных заяў улады апошняга часу, якія ўплывалі на палітычнае, эканамічнае і сацыяльнае жыццё грамадства і могуць мець пэўныя наступствы ў перспектыве. Нават тут нас упэўнена даганяе амнезія.

Практыка паказвае, што большасць насельніцтва існуе ў рэжыме, які выглядае так: абяцанкі-цацанкі, а дурню — радасць! Час праходзіць, абяцанкі не спраўджваюцца, старэюць і, як гэта ні дзіўна, цалкам забываюцца. Але нараджаюцца новыя, людзі зноў «чакаюць з мора пагоды». 23 гады доўжыцца такі жыццёвы «марафон». Гэта тычыцца і павелічэння сярэдняй зарплаты да 500, 700 або нават 1000 долараў, і павышэння пенсій, і ўсталявання аптымальных коштаў на харч, тавары, лекі, і празрыстасці ў аплаце паслуг ЖКГ, і многага іншага.

Калі ўлада не дае магчымасці людзям выяўляць свае здольнасці, умацоўваць дабрабыт і падманвае безліч разоў, то трэба было б нарэшце сказаць ёй рашучае: «Хопіць!» Але беларусы са сваім унікальным менталітэтам на такое не здольныя, яны гатовы маліцца на састарэлага ў хлусні куміра і падманвацца бясконца. З аднаго боку, людзі хочуць, каб з імі гаварылі адкрыта, сумленна і шчыра, жадаюць жыць заможна і годна ў прававой краіне, а з другога — не спрабуюць паварушыць пальцам, каб стварыць для гэтага ўмовы. Запавет народнага змагара супраць уладнага прыгнёту Кастуся Каліноўскага — «За праўду станавіся смела!» — натхняе зусім невялікі працэнт насельніцтва.

А тым часам рэжым гне сваю таталітарную лінію. Вытворчасць краіны працуе на аснове даручэнняў. Кіраўнік любога рангу, хоць першым тут выступае сам прэзідэнт, дае выканаўцам заданне, якое не мае дакладных разлікаў і забеспячэння. Вакол запланаванай працы ўсчынаецца прапагандысцкая мітусня, пахвальба, ды ўрэшце нічога не выконваецца. Але высновы з няўдач не робяцца. Проста даецца новае заданне, якое з такім жа поспехам правальваецца. Каб пераканацца, варта згадаць, як выконваліся даручэнні А. Лукашэнкі за апошнія 10 гадоў. Але амаль амнезія не дазваляе гэта памятаць. Абяцанкі і памылкі, якія былі зроблены кіраўніцтвам, выпадаюць з галоў, звальваюцца ў забыццё! Для большасці насельніцтва кожны новы дзень пачынаецца нібыта з чыстага ліста.

Прыступы забыцця атакуюць і «пожизненного президента». Калі яму задаюць вострыя пытанні, то ён кажа, што «не припоминает, о чём идет разговор». Правіцель не можа згадаць факты парушэнняў выбарчага заканадаўства, рэпрэсій супраць палітычных апанентаў або прозвішчы апазіцыянераў, якія на слыху. У гэтыя моманты яго бярэ ў палон амаль амнезія. Затое з вялікай ахвотай ён расказвае пра такую дасканалую дэмакратыю ў нашай краіне, «якой могуць павучыцца Заходняя Еўропа і ЗША».

Ідэолагі аўтарытарнага рэжыму, якія баяцца народнай рэвалюцыі, пастаянна, нібы папугаі, далдоняць, што ўсё павінна развівацца эвалюцыйна, па спіралі. Наконт гэтага дасціпнікі пусцілі гуляць вясёлую фразу: «Што ў мінулым годзе не спёрлі, тое сёлета паспіралі!»

Абвінавачванні ў тым, што народны пратэст у Беларусі мае яўную сістэмнасць і арганізуецца вераломным Захадам па такім жа сцэнары, як «каляровыя рэвалюцыі» ў іншых краінах, абсурдныя. Неабыякавых грамадзян на вуліцы і плошчы выводзяць нахабныя паводзіны ўлады, нечуваны валюнтарызм, цынічнае парушэнне законаў, дэманстратыўнае абагачэнне служак правіцеля, няспыннае пагаршэнне народнага дабрабыту. Гэта — вулканічная, імпульсіўная рэакцыя на змены да горшага. Не людскія пратэсты, а карупцыя стала ў Беларусі сістэмнай. Яна выдатна ўпісалася ў аўтарытарную канструкцыю і эфектыўна служыць яе захаванню.

Якраз з гэтай прычыны «модная» барацьба з карупцыяй мае дзіўны характар і безвыніковая. Людзі бачаць, што злодзеяў, пачынаючы з тых, што сядзяць у верхнім эшалоне ўлады, распладзілася процьма. Частка з іх трапляе за краты. Але праз нядоўгі час яны шчасліва вызваляюцца з турмаў, зноў займаюць «хлебныя» пасады, каб злоўжываць службовым становішчам, хабарнічаць і красці. Як бачым, тут ужо спрацоўвае не амаль, а поўная амнезія, якая адолела кіраўніцтва краіны.

Сёлета, калі спаўняецца 80 гадоў з пачатку «вялікага тэрору» ў СССР, асаблівую цікавасць выклікаюць цяперашні стан палітычнай культуры грамадзян постсавецкіх краін, іх стаўленне да падзей мінулага. У рэйтынгу вялікіх людзей Расіі Сталін набраў 38% сярод апытаных і апярэджвае Пушкіна (34%), а Пуцін ідзе з геніяльным паэтам «ноздря в ноздрю». Сітуацыя ў Беларусі крыху іншая, але і ў нас рэстаўрацыя сталінізму адбываецца актыўна, пра што сведчаць скандальныя падзеі ў сталіцы і рэгіёнах, звязаныя з імем крывавага тырана. Небяспечна, што ва ўсхваленне дыктатара-параноіка і апраўданне жудасных рэпрэсій уцягваюцца маладыя людзі, якія мала што ведаюць пра той час або не хочуць ведаць, абыякава спажываючы хлуслівыя стравы прапаганды. Павазе да Сталіна і таталітарызму іх вучаць дарослыя дзядзькі і цёткі накшталт тутэйшага міністра ўнутраных спраў, які так палюбіў форму супрацоўніка НКУС, што дазваляе сабе стаяць у ёй на трыбуне. Тое, што злавеснае абмундзіраванне — гэта напамін пра страшны час, пра велізарную колькасць бязвінных ахвяраў, што яно выклікае грэблівасць і нянавісць не толькі да сталінскіх катаў, але і да сучасных «апрычнікаў», яго абсалютна не хвалюе. Дэвіз сённяшніх самаўладцаў-чыноўнікаў: «Нам все позволено!»

У стане амаль амнезіі знаходзяцца і многія заходнія палітыкі. Яны забываюцца, што ў Беларусі рэпрэсіі супраць іншадумцаў ніколі не спыняюцца, што паталагічная нянавісць да дэмакратыі, правоў і свабод чалавека не вылечваецца, што з падачы ўзурпатара ўлады самі даўно ходзяць у рангу «казлоў» і «імпатэнтаў». Новыя пасадкі і затым частковы выпуск з турмаў палітвязняў далі ім падставу для чарговай валтузні па перавыхаванні «апошняга дыктатара», які толькі пасміхаецца з еўрапейскай або амерыканскай даверлівасці і бяззубасці.

Знешнія акалічнасці беларускага правіцеля не надта клапоцяць, бо цяпер агульную мову на грунце выгадных гешэфтаў, прыбытку можна знайсці вельмі хутка любым кіраўнікам краін: сапраўдным дэмакратам, умераным лібералам, аўтакратам і нават крывавым дыктатарам. Грошы не пахнуць! Яго больш непакоіць «унутраны фронт». А таму ён удзячны тутэйшай хранічнай хваробе, якая глушыць людскую незадаволенасць: «С течением времени эти претензии уйдут, забудутся или народ, как всегда бывает, власть простит». Цынічны дыягназ пастаўлены!

Сапраўды, пакуль большасць насельніцтва Беларусі знаходзіцца ў стане амаль амнезіі, змен да лепшага не будзе.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Фраў А., а-у-у!

Уцёкі ад сябе

Ці патрэбна праўда?

Вяртанне дабраты

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.