TOP

«Элітнае» хамства

Нават беглы аналіз стасункаў Беларусі і Расіі з астатнім светам і працэсаў, якія адбываюцца ў глыбіні абедзвюх постсавецкіх краін, дазваляе заўважыць значны рост хамства і агрэсіўнасці як у асяроддзі кіруючай «эліты», так і ў народных «нізах».

Замест таго каб эфектыўна развіваць нацыянальную эканоміку, павышаць матэрыяльны дабрабыт, адукацыю і культуру людзей, наладжваць добрыя ўзаемаадносіны з суседзямі і далёкім замежжам, аўтарытарныя рэжымы, дапамагаючы адзін другому, скіроўваюць сілы на бясконцае ўтрыманне ўлады, на мілітарызацыю, займаюцца шантажом, паводзяць сябе нахабна і настройваюць насельніцтва на такое ж ваяўнічае стаўленне да прыхільнікаў дэмакратыі.

Хамства здаўна прапісалася ў нашых краях, якія доўга былі ў складзе Расійскай імперыі пад двайным прыгнётам. Я назіраю за яго праявамі яшчэ з маленства, бо рос у глыбінцы, дзе людскія норавы навідавоку і раскрываюцца, асабліва ў стасунках начальнікаў і звычайных людзей, эмацыйна і выразна. Расійскі кінарэжысёр У. Бартко заўважыў: «Увы, хамство, похоже, — наша национальная черта, уж извините. От этого враз никуда не деться. Когда у нас крепостное право отменили? Не так давно, по сути. Кстати, советская власть с хамством боролась, а сейчас наплевали на это, и никто не борется».

Праўда ў самакрытычных словах, безумоўна, ёсць. Хоць будзе справядлівым яшчэ дадаць, што нашы дзяды і бацькі, якія на пачатку савецкай улады з узнёслым настроем пісалі: «Мы — не рабы!», з рабства на свабоду так і не выйшлі, аб чым сведчыла жыццё ў сталінскіх калгасах. А цяпер прыгоннае права заменена адміністратыўным рэсурсам, кабальнымі працоўнымі кантрактамі.

Можна прывесці сотні прыкладаў хамства, якое выяўляецца на працы і ў час адпачынку, у транспарце, у чэргах магазінаў, рынкаў, аптэк. Але з бытавой грубасцю змагацца можна. Хамаў трэба выхоўваць, іншага спосабу змяніць сітуацыю да лепшага няма. Звычайна яны баяцца мацнейшых або калектыўнага асуджэння. Як толькі хамло, якое крыўдзіць, абражае слабейшых, бачыць перад носам увесісты кулак, чуе дружны адлуп прысутных, яно рэціруецца. Эфектыўнасць змагання з бытавым хамствам несумненна залежыць ад павышэння ўзроўню агульнай культуры і росту грамадзянскай неабыякавасці людзей.

Тупіковая сітуацыя склалася з хамствам гэтак званай «эліты». На яе пры цяперашняй уладзе ніякай управы няма. Калі назіраеш за нахабнымі паводзінамі многіх чыноўнікаў, дэпутатаў, прыўладных бізнесоўцаў, сілавікоў, што заканчваюцца крымінальнымі справамі, то міжволі згадваецца выслоўе: «Не дай Бог свінні рог, а мужыку панства».

«Эліта» разглядае статус і ўладу, да якой дарвалася, толькі ў ролі плацдарма для наступнага кар’ернага росту і абагачэння, часта за кошт злачынстваў, прыніжэння падначаленых. Магчымасць пры ўладзе зрабіць шмат карыснага для народа і краіны яе не цікавіць.

Калі акідваеш позіркам жыццядзейнасць аўтарытарных Беларусі і Расіі, то бачыш, што яны дакладна капіруюць парадкі турэмнай зоны. Зняволеныя заўжды назіраюць за паводзінамі «смотрящего», а ў нашым выпадку — гэта вышэйшы кіраўнік. Ад яго слоў і дзеянняў залежыць многае.

Практыка сведчыць, што грамадзяне часта бываюць не задаволены і нават абураны ўказамі і дэкрэтамі. Годнасць людзей зневажае тое, што дакументы прымаюцца без належнага вывучэння і папярэдняга абмеркавання. З маёмаснай і фінансавай адасобленасці ад народа, з абыякавага стаўлення да думкі грамадзян і пачынаецца «элітнае» хамства. Далей яно выяўляецца ў розных сферах.

Усім зразумела, што кожная краіна праводзіць нацыянальную палітыку, мае свае інтарэсы, але рабіць гэта можна не па-хамску, а разумна і культурна. Трэба рэальна ацэньваць уласныя магчымасці ва ўсім: у эканоміцы, навуцы, культуры, не завышаць патэнцыял свайго ўплыву на міжнароднай арэне. Якраз гэтага не хапае абодвум аўтакратам. Завышаная самаацэнка, манія велічы часта штурхаюць іх на неабдуманыя ўчынкі.

Пасля захопу Крыма і распальвання вайны ў Данбасе, што стала ўнікальным прыкладам злачыннага нахабства, У. Пуцін у сувязі з амерыканскімі санкцыямі заявіў: «Невозможно бесконечно терпеть какое-то хамство в отношении нашей страны». Ён сцвярджае, што антырасійскія абмежаванні незаконныя з боку міжнароднага права і парушаюць нормы Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Але ў расіян ёсць ёмкая прымаўка: «Чья бы корова мычала, а твоя бы молчала!» Згадваецца яшчэ і рэпліка: «А ты не воруй!» з кінафільма «Берегись автомобиля!». Што тычыцца правіцеля Беларусі, то ў яго наогул няма рэсурсаў уплыву на іншыя краіны, але ён таксама раздзімае шчокі і невядома каму пагражае.

Якраз нежаданне расійскага і беларускага ўзурпатараў улады прыстойна сябе паводзіць, выконваць нормы міжнароднага жыцця, гарантаваць грамадзянам правы і свабоды, праводзіць адкрытыя, сумленныя выбары, кантраляваць выкарыстанне кадрамі службовага становішча, ставіць хамаў на месца прыводзяць да знешняга ўмяшальніцтва.

У свеце ўсё ўзаемазвязана, таму дзеянні ЗША б’юць рыкашэтам і па эканоміцы Беларусі. Але ж кожны атрымлівае па заслугах! Калі вы ператвараеце краіны ў кармушкі для сябе і сваіх служак, не змагаецеся з карупцыяй, не наводзіце элементарны парадак самі, то за вас гэта зробяць амерыканцы. Ім надакучыла глядзець на хамскую ўсёдазволенасць.

Прыкладам хамства несумненна з’яўляецца скасаванне без абмеркавання з грамадскасцю ахоўнай зоны вакол Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, будаўніцтва АЭС у Беларусі, народ якой найбольш пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы. Дарэчы, ЧАЭС будзе знята з эксплуатацыі толькі ў 2065 годзе. Нябяспека для здароўя беларусаў нікуды не дзелася, з атамнай болькай нашчадкам давядзецца жыць яшчэ сотні, а можа, і тысячы гадоў, але яе чамусьці стараюцца прыменшыць.

Улада па-хамску перахоплівае каштоўныя народныя ініцыятывы, прапановы апазіцыі, каб потым ціхай сапай іх пахаваць назаўсёды. Правіцель, які дэманстратыўна не наведвае трагічныя Курапаты, для якога «какая разница, кто там кого расстреливал», стаў раптам галоўным «архітэктарам» і «скульптарам» у справе ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Ён падкінуў дылетанцкую, нівеліруючую прыдумку з каплічкай, і чыноўніцкая валтузня закіпела. Рэжым не хоча лічыцца з думкай захавальнікаў жалобнага месца і незалежных спецыялістаў. Тым не менш, хоць канчаткова праект мемарыяла яшчэ не зацверджаны, а грошы з народа ўжо збіраюць. Тое, што адбываецца ў Расіі вакол Салаўкоў, а ў Беларусі вакол Курапат, сведчыць пра імкненне аўтарытарных рэжымаў сцерці памяць пра страшны сталінскі час, каб ажыццяўляць новыя рэпрэсіі.

«Элітнае» хамства ў стаўленні да ўласнага народа — гэта вялікае, недаравальнае злачынства. Яно не дазваляе нарадзіцца свабодным людзям. Вядомы расійскі дзеяч культуры М. Дасталь кажа: «А что молодое поколение? Оно становится рабом денег, карьеры. А чтобы сделать карьеру, ты должен всячески угождать начальству — и опять мы приходим к рабству. Это замкнутый круг какой-то».

Пастку, у якую мы трапілі, трэба агульнымі сіламі разрываць. З якога боку ні падыходзь да аўтарытарызму, а выснова адна — яго месца на сметніку гісторыі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Амаль амнезія

Фраў А., а-у-у!

Уцёкі ад сябе

Ці патрэбна праўда?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.