TOP

На Піменавай лавачцы

Сёлетні жнівень прынёс беларусам значныя літаратурныя падзеі — 100 гадоў назад нарадзіліся два рыцары-волаты айчыннага прыгожага пісьменства Янка Брыль (1917 — 2006) і Пімен Панчанка (1917 — 1995). Жыццё і творчасць Івана Антонавіча і Пімена Емяльянавіча апісаны ў манаграфіях, кнігах, шмат цікавага змяшчае інтэрнэт. А я згадаю свае стасункі з пісьменнікамі.

Убачыць, пачуць яшчэ параўнаўча маладых класікаў роднай літаратуры, пагаварыць з імі пашчасціла ў студэнцкія гады. Але гэта былі кароткія сустрэчы, якія запомніліся не іхнімі мудрымі думкамі, а проста тым, што меў у душы радасць. Значна пазней лёс звёў з імі так блізка, што яны давяралі падзеі з асабістага жыцця, свой трывожны роздум над доляй народа.

Маё быццё ў нібыта простым і адначасова загадкавым белым свеце пераканала — узаемаадносіны чытача з пісьменнікам могуць складвацца па-рознаму, бывае, што лепш не бачыць куміра, а мець стасункі толькі праз кнігі, каб не сапсаваць уражанне ад напісанага. У выпадку Брыля і Панчанкі, людзей прыгожых, светлых абліччамі, шчодрых на душэўнае цяпло, гуманістычная сутнасць іх творчасці і рэальныя вобразы літаратараў шчасліва супалі, зліліся ў адно.

У плыні еўрапейскай і сусветнай культуры беларускае літаратурнае слова яшчэ з часу асветніка і друкара Ф. Скарыны замацоўваецца паступова, толькі сваімі важнымі мастацкімі прарывамі, але затое надзейна, без перагляду і ўцэнкі. Творчасць Я. Брыля і П. Панчанкі якраз належыць да такіх скарбаў. У маім уяўленні — гэта літаратары, якія напоўніцу выявілі магчымасці і хараство роднай мовы — «найбагацейшай і найчысцейшай з усходнеславянскіх моў, адзначанай узнёслай прастатою» (паводле А. Міцкевіча). Галоўныя якасці напісанага імі — заглыбленасць у пласты чалавечага жыцця, выключная шчырасць, давер да чытача, а ўсё занатаванае яшчэ сагрэта ўсмешкаю, гумарам, дасціпнасцю, але ёсць месца і сарказму, з’едлівасці, гневу да адмоўных з’яў. З такіх складнікаў і нараджаюцца чалавечнасць, народнасць літаратуры.

Раман «Птушкі і гнёзды», аповесці, апавяданні Я. Брыля сталі новым словам у айчыннай прозе, але на ўсю моц яго талент раскрыўся ў «малых жанрах». Цытую майго ўніверсітэцкага выкладчыка, крытыка Дзмітрыя Бугаёва: «У канчатковым выніку брылёўскія запісы і лірычныя мініяцюры набываюць важкасць па-пісьменніцку яркага, незаменнага і неацэннага сваёй сумленнасцю сведчання пра духоўнае жыццё мастака і грамадскую атмасферу часу, асэнсаваную чалавекам дапытлівым і мудра-дасціпным».

Янка Брыль найперш згадваецца на семінары творчай моладзі на возеры Свіцязь (1968), дзе былі яшчэ Уладзімір Караткевіч, які зрабіў тады знакаміты заплыў «ад берага да берага», Міхась Стральцоў, Барыс Сачанка. Старэйшыя пісьменнікі і пачаткоўцы абмяркоўвалі ў тыя дні кнігі празаікаў Анатоля Кудраўца і Віктара Карамазава, паэтаў Міколы Купрэева і Міколы Федзюковіча. Іван Антонавіч, як «абарыген» і знаўца гэтага маляўнічага кутка Беларусі, вадзіў нас па ваколіцах, расказваў пра прыгоды землякоў, жартаваў. Запомнілася ягоная вясёлая, лагодная, але шчодра прыпраўленая перцам слоўная пікіроўка з вялікім аматарам розыгрышаў і хохмаў У. Караткевічам. Было бачна, што гульня падабаецца ім самім…

Брыль не згубіў радасці зямнога існавання і захаплення жыццём да канца сваіх дзён. Бачу дужага, прыгожага мужчыну, чыя постаць (нездарма служыў кулямётчыкам у марской пяхоце!) займала дзвярны праём амаль да самага верху, на парозе кабінета ў часопісе «Полымя». «Зазірнуў на пару хвілін. Нічога не прынёс. Надакучаць не буду, сам працаваў у часопісах, ведаю», — з шырокай усмешкаю прамаўляў ён. Але пара хвілін расцягвалася надоўга. Гаварылі мы пра ўсё, што хвалявала і трывожыла.

Неяк я сказаў, што віна за нягеглае жыццё беларусаў ляжыць на ўсіх нас. Іван Антонавіч — чалавек далікатны, высокай культуры і інтэлігентнасці, які гаварыў мне «Сярожа», але заўжды на «вы», на гэты раз рашуча запярэчыў: «Не згодзен, віны не прызнаю. Адказваю за сябе асабіста. Я за жыццё не зрабіў нічога кепскага свайму народу». У тыя хвіліны Брыль вывеў важную для беларусаў формулу — адказнасць павінна быць персанальнай, хопіць згодна завядзёнкі прыкрывацца «калгасам», адкажы грамадству: як ты сам набліжаеш лепшае жыццё?

Больш прадметна размова вялася тады, калі я разварушваў Івана Антонавіча на згадкі, звязаныя з тэмай новага рукапісу, які клаўся на стол. Жаданы аўтар дарыў многа каштоўнага звыш таго, што знаходзілася ў шэрых папках з белымі завязкамі. Так сталася з аповесцю «Муштук і папка», якая выкрывае забойствы, здзекі над невінаватымі людзьмі ў час сталінскіх рэпрэсій. Ён расказваў пра братоў Валодзю і Ігната, а я прыгадваў дзядзьку — паэта Сяргея Ракіту.

Брыль першым адгукнуўся на невялічкую паэму «Ён», дзе я асэнсоўваў лёс бацькі, які лёг на вечны спачын у родную зямлю. Гэта было важна для маёй душы — пачуць знаёмы, мудры і гаючы голас.

Ёсць меркаванне, што апошнія фразы або жыццёвыя сцэнкі запамінаюцца найбольш ярка і трывала. Так сталася з размовай двух вялікіх літаратараў на знакамітай «Піменавай лавачцы», сведкам якой давялося быць.

Мне пашанцавала дзесяць гадоў жыць у адным пад’ездзе з паэтам магутнага таленту, сапраўды ўнікальным творцам у славянскім коле. Я часта наведваў гасцінных Пімена Емяльянавіча і Зою Кірылаўну, стаў удзячным слухачом непаўторных аповедаў, адным з першых чытачоў і выдаўцом яго новых вершаў, дапамагаў лекамі, здабыў у Германіі, бо гэта спатрэбілася, каляску.

Калі гаспадар яшчэ мог хадзіць, ён любіў пасядзець у сонечныя дзянькі ў двары на лавачцы пад таполяю. Месца ля Панчанкі ніколі не пуставала, яго паважалі жыхары вакольных дамоў — ад малога да старога. Я таксама не абмінаў тую лавачку, калі бачыў на ёй паэта, які навечна напісаў найлепшае беларускае чатырохрадкоўе:

Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю —
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.

Пімена Панчанку хочацца цытаваць бясконца. Вось вайна, асэнсаваная глыбока і ўсеабдымна ў вершы «Герой»:

Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!
Мы не на пляжы, а на вайне».
І лёг на змяіныя скруткі дроту.
І дзвесце салдацкіх
Запыленых ботаў
Прайшлі па яго спіне.

Яны хораша сябравалі, было што разам працавалі, вандравалі. А таму шмат маглі згадаць. Тым адвячоркам на лавачцы, слухаючы цудоўных расказчыкаў, я радаваўся за нашу літаратуру, ганарыўся, што нарадзіўся беларусам. А пасля Брыль напіша: «Ён званіў мне за пяць дзён да свайго адыходу, цяжка дыхаючы, абураўся на нашу галечу…»

Мне шкада, што выдатныя творцы на схіле жыцця, калі чалавек мае патрэбу ў пашане, спачуванні і падтрымцы, былі пакрыўджаны чыноўніцтвам. Але нявыхаванасць і хамства ўлады (на дзяржаўным узроўні не адзначаны 80- і 85-годдзе народнага пісьменніка Я. Брыля, затое расійская папса заўсёды аблашчана?!) у дачыненні да сябе яны перажывалі з годнасцю, бо за свой век бывалі і не ў такіх, а ў сапраўды трагічных абставінах.

…Кожны чытач таксама можа пасядзець на Піменавай лавачцы. Праўда, яна будзе віртуальнай. Што зробіш: іншая эпоха — іншыя лавачкі.

Проста можна ўзяць у рукі томік Брыля, Панчанкі або зазірнуць на літаратурныя старонкі ў інтэрнэце і прычасціцца да глыбінна беларускага слова. Не пашкадуеце!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Сінхронны здзек

«Элітнае» хамства

Амаль амнезія

Фраў А., а-у-у!

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.