TOP

Унук вярнуўся з Кітая

Той, хто думае, што стасункі беларусаў з кітайцамі пачаліся ў канцы ХХ стагоддзя, з усталяваннем у нашай незалежнай краіне аўтарытарнага рэжыму, памыляецца. Кантакты СССР і КНР, іх грамадзян, якія то сагравалі цёплыя хвалі дружбы, то пранізвала палітычнае пахаладанне, існавалі нямала гадоў. 

У маленстве мне запомнілася перапіска брата Міхася з кітайскімі аднагодкамі, якая завязалася праз газету «Пионерская правда». У вясковай хаце знайшлі месца не толькі прысланыя паштоўкі, лісты, фотаздымкі, рэпрадукцыі, ліхтарыкі, але і брашуры, кнігі пра Кітай. Пазней у маёй бібліятэцы прыжыліся томікі перакладаў вершаў слынных паэтаў вялікага народа.

Упэўнены, што сапраўднаму ўзаемаразуменню паміж сучаснай Беларуссю і Кітаем можа добра паспрыяць народная дыпламатыя. Яна — з’ява пастаянная, устойлівая, менш рэагуе на палітычныя выверты і катаклізмы. На жаль, сённяшняя афіцыйная дыпламатыя ў свеце спаўзае да таго, каб глядзець адзін на другога праз проразі прыцэлаў. А звычайныя людзі ваяваць не жадаюць.

Менавіта такія думкі прыйшлі ў галаву пасля размовы з унукам Францішкам, які вучыць кітайскую мову, скончыў дзевяць класаў і разам з групай гімназістаў у ліпені–жніўні меў магчымасць пабыць у Шанхайскай інтэрнацыянальнай школе ў КНР. Разам з кітайцамі, японцамі, паўднёвакарэйцамі, французамі, іспанцамі, швейцарцамі ён не толькі знаходзіўся ў вялізным мегаполісе, дзе ў межах вучэбнай праграмы слухаў лекцыі, наведаў сям’ю дзяўчынкі-кітаянкі, бацька якой працуе вадзіцелем, а маці — інжынерам, але і праехаў затым шэсць тысяч кіламетраў, пабыў у многіх гарадах, трапіў у Дуньхуан (правінцыя Ганьсу), размешчаны ў аазісе паміж пустынямі Такла-Макан і Гобі. Да гэтага з бацькамі Францішак паспеў пабачыць Польшчу, Чэхію, Венгрыю, Харватыю, Сербію, Чарнагорыю, Славенію, Італію, Аўстрыю, яму было што параўноўваць і асэнсоўваць. Словам, унук з Кітая прывёз безліч назіранняў і ўражанняў. Я слухаў яго і думаў, як пасля падзення савецкай «жалезнай завесы» кардынальна змянілася жыццё. Цяпер вырастаюць новыя людзі, адкрытыя ўсяму свету, і ў іх ліку мой унук…

Звечарэла, у акне пакоя на дзявятым паверсе плылі падсвечаныя стомленым сонцам, фантастычна прыгожыя аблокі, а мая рука міжволі пацягнулася да кніжнай паліцы:

На мокрой ветке
Иволга щебечет,
И чайки плавают
У островка.
Цветы совсем поникли
В этот вечер,
И стала неспокойною река.
Седой старик –
Варю вино из проса.
Стучится дождь
У моего окна.
Я на судьбу
Не взглядываю косо:
В уединенье
Слава не нужна.

Гэта радкі вялікага паэта Кітая Ду Фу (712–770 гг.) у перакладзе А. Гітовіча. На першы погляд, усё проста. Але кітайская паэзія глыбока сімвалічная. Акрамя традыцыйных вобразаў, намёкаў, напамінаў пра пэўныя падзеі, кожны верш мае падтэкст, які не так лёгка выявіць, што надае радкам таямнічасць, загадкавасць. Яны змушаюць чытача да роздуму, утрымліваюць яго ў эмацыйным і разумовым напружанні.

Бывае, што паэзія нечакана спрыяе справам, далёкім ад яе. На досвітку беларускай незалежнасці маё сціплае веданне творчасці кітайскіх паэтаў дапамагло ў продажы партыі «БелАЗаў». Па просьбе тагачаснага ўрада я ўдзельнічаў у сустрэчы з прадстаўнікамі шасці кітайскіх правінцый, якія прыехалі ў Мінск. Гучанне святых для кожнага кітайца імёнаў, роднай паэзіі расчуліла іхнія сэрцы, надало рашучасці рэалізаваць здзелку. Гэта была народная дыпламатыя ў дзеянні…

Нягледзячы на дыктат камуністычнай партыі, на пяцігадовыя планы, рэпрэсіі супраць апазіцыі і кантроль за інтэрнэтам, жыццё ў КНР адрозніваецца ад беларускага. Самае важнае, што ёсць там і чаго няма ў нас, — гэта шырокія магчымасці для кожнага чалавека выяўляць і рэалізоўваць свае здольнасці, быць самастойным.

У 1980–1990-х гадах у Кітаі актыўна праводзіліся эканамічныя рэформы, якія суправаджаліся нарастаннем адкрытасці для міжнароднага супрацоўніцтва, забеспячэннем замежнаму капіталу юрыдычных гарантый і значных ільгот. Было створана шмат свабодных эканамічных зон (СЭЗ). Малы і сярэдні бізнес, на якія рабілася стаўка, хутка вывелі адсталы, аграрны Кітай на перадавыя пазіцыі ў прамысловай вытворчасці. Палітыка значнай падтрымкі ініцыятыўных людзей, якую ажыццяўляюць Дзяржаўны фонд развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, Крэдытны гарантыйны фонд, Кітайскі цэнтр каардынацыі і кааперацыі бізнесу і іншыя арганізацыі, дазволіла пазбавіцца дысбалансу паміж аб’ёмамі вытворчасці ў цяжкай і лёгкай прамысловасці. Цяпер 80% новай прадукцыі належыць малому і сярэдняму бізнесу.

Перавод эканомікі краіны з рэсурсаёмістых вытворчасцяў і прадпрыемстваў на малы і сярэдні бізнес будзе працягвацца. Сёння ў кітайскіх універсітэтах любы студэнт можа бясплатна праслухаць практычны курс пра тое, як пачаць сваю справу. Прадпрымальнікі, калі зарабляюць у месяц не болей 20 000 юаняў, вызваляюцца на 100% ад падаткаў як на дабаўленую вартасць, так і на прыбытак.

Кітай вырабляе практычна ўсе віды тавараў, выйшаў на другое месца пасля ЗША па намінальным унутраным валавым прадукце, на першае — па вытворчасці аўтамабіляў. Каля 80% бюджэтных грошай прыходзяць звонку. Рост эканомікі дазваляе ўкладваць усё болей і болей грошай у адукацыю і сацыяльную сферу. Ну і яшчэ, як кажуць, на закуску: кітайцы старанна вучацца і выйшлі па чытанні кніг у сусветныя лідэры.

У Беларусі сітуацыя не такая. Стратэгічны курс развіцця краіны падтрымліваецца толькі на словах, у рэальнасці пануе тактыка боўтання з боку ў бок, непрадуманыя новаўвядзенні. Сапраўдных эфектыўных рэформ у эканоміцы, адукацыі, навуцы і медыцыне няма, ёсць толькі асобныя парасткі мадэрнізацыі і ўкаранення новых тэхналогій.

Лозунг «За свабоду прадпрымальніцтва!» застаецца актуальным. Толькі з пачатку 2015 года (пасля ўказа № 222) з бізнесу сышло 30 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, больш дзесяці працэнтаў ад агульнай колькасці.

Замест таго каб падтрымаць затурканае прадпрымальніцтва, правіцель нядаўна заявіў: «Бизнес — это тяжелейшая ноша. Там надо шевелиться и знать многое. Нужно обладать не просто соответствующими, а целым комплексом навыков. Особенно в нашем обществе, которое только-только начинает заниматься этим видом деятельности». Цікава, а куды ім выкінута чвэрць стагоддзя цяжкай працы смелых грамадзян?

Такімі абсурднымі заявамі ён не толькі дэмаралізуе ініцыятыўных людзей, але і прызнае, што па-за бізнесам можна не мець ведаў, умельства і самастойнасці. Задача перад беларусамі ставіцца адна — глядзець у вочы начальнікаў і шчоўкаць абцасамі.

Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» А. Венядзіктаў, які пагутарыў з А. Лукашэнкам, канстатаваў: «Людзі, якія цяпер пры ўладзе — гэта людзі з ХХ стагоддзя, яны вырашаюць праблемы ХХІ стагоддзя метадамі ХІХ стагодддзя. Гэта ж добра відаць на Беларусі, дзе я нядаўна быў».

Сумна глядзець на чарговы застой, але надзея мяне не пакідае. Як не можа састарэць сапраўдная паэзія, як не падлягае ўцэнцы шэпт дажджу або спеў салаўя, так і свабода, уменне чалавека самастойна думаць і дзейнічаць застаюцца найвялікшай каштоўнасцю. Гэта галоўнае, што засвоіў мой унук Францішак у час вандроўкі па Кітаі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Міязмы хлусні

На Піменавай лавачцы

Сінхронны здзек

«Элітнае» хамства