TOP

Нерон рагоча

Усім вядомы выраз «Хлеба і відовішчаў!», які нарадзіўся ў старажытным Рыме. Каб адцягнуць народ ад змагання за вольнае, годнае жыццё, правіцелі практыкавалі бясплатную раздачу для плебеяў хлеба, віна, алею і іншага харчу. Адначасова яны арганізоўвалі святы, цыркавыя прадстаўленні, баі гладыятараў і звяроў.

Народ Рыма доўгі час быў смелым, самадастатковым, адзіным у няскораным духу, вольным у меркаваннях і рашэннях. Але ў гады праўлення імператара Аўгуста ўмацавалася практыка купляць за хлеб і відовішчы людзей, іх выбарчыя галасы. На мараль рымскага грамадства ўплывалі пастаянны прыток рабоў, якіх можна было падвергнуць жорсткай эксплуатацыі, выключная разбэшчанасць вышэйшых пластоў і нежаданне плебса старанна працаваць.

Асабліва значная дэфармацыя маральных нормаў у Рыме адбылася пры імператары Нероне. На пачатку праўлення ён павёў сябе нармальна: зніжаў падаткі прадпрымальнікам, змагаўся з карупцыяй, але затым перадаў руль памочнікам, а сам паверыў у свой талент паэта і музыкі, пачаў удзельнічаць ва ўсіх фестывалях, конкурсах, дзе нязменна «быў пераможцам». Паралельна Нерон выяўляў незвычайную жорсткасць, наладзіў бяспрыкладныя рэпрэсіі і канфіскацыі, якімі настроіў грамадства супраць сябе. Сенат аб’явіў яго «ворагам народа». Фінал такі: загнаны ў кут імператар з дапамогай служкі перарэзаў сабе горла. Гісторыкі лічаць, што Нерона загубілі вар’яцтва ад бязмежнай улады, разбэшчанасць, дзікунскія сексуальныя ўцехі.

Вопыт кіравання масамі з дапамогай абяцання прыгожага жыцця, кідання людзям «костак», наладжвання масавых гулянняў быў пераняты і існуе стагоддзямі. Нават палітыкі, якія не могуць пахваліцца розумам, адукацыяй і культурай, выдатна разумеюць эфектыўнасць такіх метадаў.

Мы цяпер жывем, як у антычныя часы пры крыважэрным Нероне. Тое, што адбывалася на святкаванні 950-годдзя Мінска, наводзіць на песімістычныя думкі. Пратэставаць супраць ваенных вучэнняў выйшла 300 чалавек, а за бясплатным кавалкам торта давіліся тысячы. Падзеі прынеслі цікавае назіранне: АМАП, які палюе за апазіцыянерамі і жорстка разганяе пікеты, мітынгі і дэманстрацыі, цяпер уціхамірваў плебс.

Сярод людзей гучалі словы: «Настолько обнищали, что тортик попробовать — это событие». Разумеючы цяжар выжывання, у якое загнана большасць беларусаў, я ўсё ж не веру, што гэтая скарга — праўдзівая. У нашай гісторыі былі часы намнога больш галодныя, але людзі паводзілі сябе годна, з самапавагай. Не буду згадваць самы трагічны прыклад — блакадны Ленінград. Абмяжуюся сваім вопытам пасляваеннага маленства: часта ў хаце не было хлеба, але ніхто з дзяцей не плакаў, не надакучаў бацькам, трываў.

Я згодны з тым, што плебс усюды аднолькавы і часта выяўляе пячорныя інстынкты. Гэта бачна на Захадзе ў час «чорных пятніц» — тыя ж чэргі і даўка. Але што тычыцца правядзення масавых свят, то тут ёсць розніца. Мне даводзілася быць на фестывалях, фэстах, кірмашах у Германіі, Францыі, Швейцарыі, Італіі, Даніі, Польшчы, Літве, Латвіі, а таму магу засведчыць, што яны вызначаюцца высокай культурай паводзін удзельнікаў. Людзі выходзяць на плошчы сем’ямі, пад адкрытым небам за сталамі сядзяць кампаніі сяброў, суседзяў і знаёмых, гучаць песні, жарты. Усё адбываецца прыстойна і годна. Дарэчы, 900-годдзе Мінска, якое святкавалася ў час майго студэнцтва, было не менш маляўнічым, шматлюдным, але намнога больш культурным…

Паэт-сатырык Ювенал, які пры апісанні памкненняў рымскага народа ўжыў у творах лозунг «Хлеба і відовішчаў!», не мог сабе ўявіць яго жывучасці. У Беларусі на папулярызацыю гэтых слоў працуюць цяпер усе: чыноўнікі на трыбунах, штатныя «палітрукі» на дзяржаўных прадпрыемствах і ў арганізацыях, тэлебачанне, перыядычны друк, кіно, кампутар. Такі значны арсенал дапамагае стрымліваць абуранасць народа сваім бяспраўным, жабрачым існаваннем. Чалавек спажывае лусту хлеба і ўключае тэлевізар або кампутар, а там відовішчаў — хоць адбаўляй, на кожны густ.

Замест таго каб ствараць магчымасці для самарэалізацыі, развіцця ініцыятыўнасці, веры ў сябе, нашых грамадзян закармліваюць тэлеперадачамі з агрэсіўнымі нападкамі на дэмакратыю (асаблівая атака ідзе на ЗША, Еўразвяз, Украіну), маляўнічай відовішчнай лухтой, бандыцка-міліцэйскімі баевікамі, сцэнамі з быту і забаў сучасных жулікаў-багацеяў, «свецкіх ільвіц», пошлым гламурам. Плебсу здаецца, што варта пачакаць, прыйдзе час, і некалі яны таксама апынуцца ў раскошным жыцці.

Але спадзяванні электарату марныя. Я ўвогуле часта здзіўляюся, як гэта пры гіганцкіх маштабах карупцыі і крадзяжоў чыноўнікі-жулікі яшчэ не раздзярбанілі Беларусь і Расію да нуля? На чым толькі трымаюцца штаны ў загнанага пралетарыяту і інтэлігенцыі?

Разам з падзеннем узроўню матэрыяльнага дабрабыту зніжаецца і агульная культура насельніцтва. Замежныя госці адзначаюць, што ў нас людзі даволі прыстойна апранаюцца, абуваюцца. Але можна насіць італьянскі гарнітур, швейцарскі гадзіннік, карыстацца французскай парфумай і быць маральным дзікуном. Паводзіны не самай беднай часткі насельніцтва ў святочныя і буднія дні вызначаюцца хамствам, выклікам грамадству. Напрыклад, вечарамі разбэшчаныя дэбілы, якім не хочацца займацца нечым карысным, пастаянна наладжваюць у скверыках на вуліцах горада запуск петардаў. Нядаўна яны апоўначы ў маім мікрараёне зварганілі такія вогненныя грымоты, што давялі да шаленства хатніх сабак, катоў і папугаяў. Квартал не мог заснуць да ранку. Так асобныя чалавечыя індывіды разумеюць стварэнне сабе нейкага свята, радасці. На жаль, яшчэ шмат людзей паказваюць, што яны не адышлі далёка ад абарыгенаў Амазоніі і не прэтэндуюць ні на што большае, як на кавалак хлеба, «вогненную ваду» і шкляныя каралі.

Лозунг «Хлеба і відовішчаў!» выклікаў у народных масах розныя дапаўненні і жарты. Рымляне, якія сытна наеліся і нагледзеліся на гладыятараў, запатрабавалі: «Блудніц і куртызанак!». А папулярны анекдот расказваў пра тое, як згаладалыя прусакі выйшлі з публічнага дома на мітынг з лозунгам «Хопіць відовішчаў! Дайце хлеба!».

Нерон правіў у Рыме чатырнаццаць гадоў, але змог нарабіць столькі зла, што ў гісторыі чалавецтва застаўся яго сімвалам. Сёння ён перадае «вітанне» нам. Імператар рагоча над народам, які за дваццаць тры (!) гады так і не зразумеў згубнасць жыцця пад страхам і гвалтам, разлічваючы на абразлівую мізэрную апеку аўтарытарнай улады, на халяву і падачкі ўсходняй суседкі. Паводзіны людзей паказваюць, што яны баяцца жыць свабодна, карыстаючыся ўласным розумам і здольнасцямі.

У кожнага жыхара Беларусі, які скончыў сярэднюю школу, была магчымасць прачытаць падручнікі гісторыі, у якіх даўно развенчаны дыктатары і аўтакраты, пачынаючы ад Нерона і да Сталіна, Гітлера, негатыўны стыль жорсткага кіравання. Але нават тое, што ляжыць пад носам, ніяк не даходзіць да свядомасці людзей, якія лічаць сябе еўрапейцамі, жывуць у адукаваным, культурным і высокатэхналагічным ХХІ стагоддзі.

Нерон задаволена рагоча над натоўпам, які халяўную колу залівае ў пляшкі і каністры, давячыся, хапае кавалкі бясплатнага торта, печыва, бліны, цукеркі. Яму па душы ганебны стан беларусаў, загнаных у аўтарытарны тупік.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Унук вярнуўся з Кітая

Міязмы хлусні

На Піменавай лавачцы

Сінхронны здзек

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.