Пакалечаная любоў
У беларускай мове ёсць два словы, якімі называюць плыні нібыта аднаго пачуцця: каханне і любоў. Падзел зроблены нездарма. Каханне чалавек не кантралюе, яно прыходзіць нечакана, гэта з’ява загадкавая, ірацыянальная і алагічная. Любоў жа выхоўваецца, пра яе і пойдзе гаворка.
Жыццё чалавецтва ўладкавана так, што ў цэнтры яго знаходзяцца дзеці. Клопат пра іх, усё, што звязана з імі, уяўляюць асноўны пласт сямейнага быцця, агульных абавязкаў грамадства, народа. У артыкуле «Дети как смысл жизни» расійскі пісьменнік Б. Мінаеў піша: «Человечество освободилось практически от всех моральных ограничений, кроме одного. /…/ Само существование детей находится абсолютно вне морали.
Бандиты очень любят своих детей. /…/ Диктаторы очень любят своих детей. Подонки всех мастей очень любят своих детей. Бросают своих детей и заставляют их страдать, как правило, люди вполне моральные, умные и понимающие. Семья, таким образом, лишь один из способов поглощения жизненного пространства.
И тем не менее дети остаются единственной скрепой, единственным гвоздиком, на котором цивилизация пока еще держится в своем прежнем виде. /…/ Как какое-то клейкое вещество, они склеивают наш мир и не дают ему распасться».
Маленства і юнацтва — гэта важнейшы этап у развіцці чалавека. Якраз у сям’і выхоўваецца любоў да блізкіх людзей, да родных мясцін, да народа, у якім нарадзіўся. Дзіця прыходзіць у свет без разумення дабра і зла, таму ў першую чаргу бацькі, а затым школа дапамагаюць яму засвойваць агульначалавечыя каштоўнасці, маральныя правілы і нормы.
Мушу канстатаваць, што сямейнае выхаванне перажывае сёння заняпад. Раней бацькам таксама жылося няпроста, але дзецьмі яны займаліся болей часу і з лепшым вынікам. Значна менш было праблемных сем’яў, дзе бацькі п’юць, адзінокіх маці. Асаблівую трывогу выклікае тое, што пачасціліся выпадкі садысцкага здзеку бацькоў над маленькімі дзецьмі, крывавыя разборкі, калі з-за грошай або маёмасці родзічы забіваюць адзін аднаго.
Цяпер ёсць сем’і, дзе няма каму падаць дзецям станоўчы прыклад, навучыць прыстойным паводзінам. Рэдкімі сталі паходы бацькоў са сваімі гадаванцамі ў тэатр, музеі, галерэі, выезды на прыроду. У школах з-за бюракратычных бар’ераў таксама слаба практыкуюцца выяздныя ўрокі і экскурсіі. З гэтай прычыны дзеці не знаёмяцца з родным краем, яго гісторыяй і культурай. Адкуль тады з’явіцца патрыятызм, як народзіцца любоў да таго, што табе невядома?
Думаю, што нам варта пераняць вопыт патрыятычнага выхавання ў суседняй Польшчы або Даніі. Менавіта там мне пашчасціла ўбачыць выдатны плён такой неабходнай, высакароднай працы, сапраўдную любоў людзей да Айчыны і яе шчыры клопат пра сваіх грамадзян…
Хібы сямейнага выхавання выяўляюцца па-рознаму. У адных дзяцей няма любові да саміх сябе, упэўненасці ў сваіх здольнасцях, сфарміраваны комплекс непаўнавартасці. А другім прышчэплены завышаная самаацэнка, фанабэрыстасць, перавага над іншымі. У свядомасць юных грамадзян рана ўрываюцца меркантыльнасць і прагматычнасць. Настаўнікі сцвярджаюць, што прыкметным паказчыкам стану выхавання стала тое, што сярод школьнікаў намнога зменшылася колькасць цікаўных «чамучак», тых, хто задае пытанні. Замест гэтага гучаць фразы: «А навошта?», «Што яно мне дасць?»
Дэфармацыя любові да жыцця пачынаецца з простага, калі забываецца лепшы лозунг чалавечага быцця: «Я — сам!» Не сакрэт, што многія школьнікі і студэнты вучацца пад прымусам, не чытаюць кніг, абмяжоўваюцца пераказам з падручнікаў, спісваюць тэксты з інтэрнэта (кампутарная залежнасць — яшчэ адна хвароба новага веку!), карыстаюцца шпаргалкамі.
Такой ганебнай практыкі няма ў ЗША, дзе маладыя людзі прыходзяць у ВНУ па веды. Там пануе культ сумленнасці, студэнты не займаюцца плагіятам і не выцягваюць на экзаменах з кішэні «дапаможнікі». З маленства чалавек засвойвае, што ўсё ў жыцці ён павінен рабіць сам.
У нас жа наладжана гонка за дыпломам, які трэба атрымаць любым, нават злачынным спосабам. У ёй лідзіруюць вясковыя бацькі, для каго стала звышзадачай вывесці любімае дзіця «ў людзі». Яны вылузваюцца са скуры, каб забяспечыць платнае навучанне, абсалютна не думаючы пра якасць, пра тое, як праходзіць вучоба ў рэальнасці. Адсюль такая перавытворчасць у краіне выпускнікоў ВНУ, а глыбокіх ведаў і прафесіяналізму ў іх не стае. Гэта заўважаецца ва ўсім, пачынаючы з сельскай гаспадаркі і да праваахоўнай практыкі. Прарыў зроблены толькі ў падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій, але і ім няма дзе прыкласці ўменне, таму яны масава выязджаюць за мяжу.
Заўважаю, што ў многіх людзей, якія глядзелі на родную зямлю, на народ з любоўю, яна змянілася на смутак і адчай. У аўтарытарнай краіне народ не вылазіць з рэпрэсій. Школьная камандная, казарменная педагогіка ў дарослым жыцці перарастае ў адміністратыўны ўціск усюды і ва ўсім. Чалавека змушаюць хлусіць, хаваць думкі, быць замкнутым, ён баіцца, што за праўду, за выказванні яго пакараюць або выганяць з працы. Таталітарная сістэма разбурае чалавечнасць, шчырасць, любоў, нагнятае варожасць, агрэсіўнасць, нянавісць, злосць. Мы жывем з пакалечанымі, фальшывымі пачуццямі да саміх сябе, да дзяцей, да Айчыны. Пахваляцца паходжаннем, крычаць: «Мы — беларусы!» — могуць толькі дзікуны, асабліва ў нашым становішчы, калі амаль нічога з нацыянальных каштоўнасцей не захавана і не прымножана, хоць пасля набыцця незалежнасці прайшло шмат часу.
У студзені 1992 года, калі ўсё пачыналася, у эсэ «Без любові ствараць немагчыма», якое ўвайшло ў кнігу «Беларускае сэрца», я пісаў: «А дапаможа нам, як было заўсёды ва ўсіх людзей, толькі яна — любоў. Бо любоў — гэта катэгорыя не толькі маральная, але і матэрыяльная. Без яе няма працягу жыцця, без яе не робіцца ніводная добрая справа, без яе ствараць немагчыма». На жаль, лёс Беларусі склаўся інакш, а вінаваты — людзі з рабскай свядомасцю.
З унутраных праблем нараджаюцца і знешнія, у тым ліку частыя супярэчнасці паміж Беларуссю і Расіяй. Любоў, якая грунтуецца на халяве, на падачках, хутка размываецца. Адным здаецца, што яны закармліваюць суседзяў за кошт свайго народа, адрываючы ад сябе апошняе, а другія лічаць, што ім мала даюць, крыўдзяць. Ва ўсякім разе сацыялагічнае апытанне паказала, што дружалюбнасць расіян да Беларусі яшчэ застаецца параўнаўча моцнай, але пасля 2015 года знізілася на 9% і складае 46%. Для параўнання: Кітай у апытанні атрымаў высокія 39%, хоць і не ўваходзіць, як наша краіна, у саюзную дзяржаву…
Мой слаўны сябра, выдатны педагог, вучоны, вынаходнік Б. У. Кіт, якому ў наступным годзе споўніцца 108 (!) гадоў, успамінаў: «Усе 10 год, як я настаўнічаў, я праводзіў беларускасьць. Нават у клясе па матэматыцы чытаў беларускія вершы, каб захапіць вучняў».
Яму прысвечана мая паэма «Per aspera ad astra» (2005):
Любові радком пачынаецца ўрок,
А сонца ў ваконца
Загадкава свеціць.
Радок — быццам боскай мілосці
Глыток,
П’юць слова сваё
Беларускія дзеці.
Прыклад Барыса Уладзіміравіча паказвае, як можна вылечыць наша духоўнае калецтва. Вось у каго трэба павучыцца любові да роднай Беларусі і да людзей увогуле!
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: