TOP

Жыццё і смерць

Смяротнае пакаранне — у розных людзей гэтыя словы выклікаюць розныя пачуцці ды ўявы. 

Гэта і справядлівая адплата, бязлітаснасць і бяздушнасць дзяржавы, халодная сталь сякеры ката, цывілізаванае варварства, пісталетны стрэл, жах і адчай, рэвалюцыйная мэтазгоднасць, гільяціна з кашом, куды скочваюцца адсечаныя галовы, ды багата чаго яшчэ іншага. Чалавек вынайшаў тысячы спосабаў забіваць сабе падобных. Вычварная фантазія ў прывядзенні прысудаў не мае межаў. Здаецца, больш гуманнасці і рацыянальнасці чалавек праяўляе ў забойстве жывёлаў. Урэшце, жывёлы таксама часта забіваюць адзін аднаго.

…Славуты беларускі мастак Лёнік Тарасевіч гадуе на сваёй сядзібе ў вёсцы Валілы на Беласточчыне сотні завадовых курэй і пеўняў. Сярод іх багата байцовых гатункаў. «Як толькі пачуюць у каго кроў, — распавёў ён мне, — задзяўбуць і раздзяруць. Куры бязлітаснейшыя за чалавека». Дык што ж, смяротнае пакаранне — гэта рудымент жывёльнасці чалавека? Яшчэ таго, які жыў у пячоры, хадзіў у скурах і бязлітасна забіваў-задзёўбваў слабейшага за сябе? Згадваючы крывавае ХХ стагоддзе, у якім нарадзіліся мы, задумваешся, наколькі ўсё ж чалавек цывілізаваны адышоў ад свайго пячорнага продка?

Смяротнае пакаранне — маркер эпохі! Смяротнае пакаранне, як іржа, што ўелася ў жалеза, так што яе не вытравіць ніякай кіслатой і не замазаць ніякай элітнай фарбай. У ліпені 2011 г. у Нарвегіі Андэрс Брэйвік забіў 77 чалавек. Ён кінуў выклік свайму народу, які адмяніў смяротнае пакаранне ў 1902 г. Ён, жахлівы правакатар, імкнуўся разбудзіць у нарвежцаў дрымучую прагу помсты. Праз свой учынак ён крычаў: я забіваю вас і вашых дзяцей, дык і вы забіце мяне па суду! Паглядзім, чаго вартыя вашыя гуманныя прынцыпы! Але дзеля аднаго Брэйвіка нарвежцы не сталі мяняць свае законы. У выніку яго асудзілі на 21 год зняволення. Ён адбывае пакаранне ў трохпакаёвай камеры, мае штотыднёвыя гадзінныя спатканні, камп’ютар. «Вось, с-с-сука, — абураўся адзін з сядзельцаў, у якога за забойства «сроку» было 16 гадоў, — я яго сам бы расстраляў». «А ты не думаеш, што і цябе маглі б шлёпнуць за тваю дзялюгу?» — не вытрымаў я. «Ну і хрэн з ім», — адказаў ён. «Паглядзеў бы я на цябе, што б ты сказаў, калі б апынуўся ў камеры смяротнікаў», — падумаў я.

Большасць беларусаў лічаць, што смяротнае пакаранне мусіць быць. Меншасць, якая не набагата меншая за бальшыню, — супраць. Беларусы зазвычай не любяць ясна адказваць на няпростыя пытанні. Выбар паміж «так» і «не» — гэта цяжкі для нас выбар. І там, дзе ёсць магчымасць ухіліцца, схавацца за «можа, і так», «хутчэй не, чым так», «не вызначыўся», мы з радасцю гэта робім. Але бывае так, што жыццё не дае такога выбару і патрабуе выразнага адказу. Жыццё і смерць не маюць паміж сабой шэрай зоны і плаўных пераходаў. Кожны сам вырашае, якога колеру жыццё і смерць. Але заўсёды паміж імі вялікі кантраст.

Смяротнае пакаранне падзяліла нашае грамадства. Урэшце, не толькі яно. Але беларусы — не выключэнне. Узгадайма запаведзь Майсея з Старога Запавету: «вока за вока, зуб за зуб». А затым Новы Запавет з зусім іншым настаўленнем Ісуса: «Калі хто ударыць цябе ў правую шчаку, падстаў яму і левую». Можа быць, гэтыя несумяшчальныя біблейскія запаведзі і ляжаць у аснове рэакцыі чалавека на смяротнае пакаранне? Смяротнае пакаранне — як помста. Ці ўсё ж любоў і лагода могуць дазволіць чалавеку абысціся без яго?

На «Валадарцы», у следчым ізалятары, дзе мне давялося правесці чатыры месяцы ў 2011 г., стары турэмны корпус, гэтак званы Пішчалаўскі замак, развальваецца. Шчыліны пабеглі па сценах, адна з вежаў абвалілася. Каб яго неяк утрымаць, будынак сцягнулі жалезнымі палосамі. Зэкаў адтуль высялілі за некалькі гадоў перад тым, як там з’явіўся я. Нас трымалі ўжо ў будынку, пабудаваным, мабыць, у 1970-я гг. Але на штодзённыя праходкі выводзілі яшчэ старымі сцежкамі.

«На прагулку!» — гучыць голас дзяжурнага кантралёра. Мы выходзім гуськом, для прыліку ўзяўшы рукі за спіну, і спускаемся з другога паверха ў лёхі. На лесвічнай клетцы стаіць іншы кантралёр. Ён бразгае вялікім ключом па жалезных рэбрах парэнчаў. Гэта знак для першага паверха, каб там пачакалі і не пачалі вывад, а таксама для наступнага кантралёра, які прымае нас у доле. Гэты падвал — сапраўдныя лёхі старога турэмнага корпусу, з паўкруглай столлю, з «хатамі» па абодва бакі, змрачнаваты і вільгатнаваты.

«Хаты» ў лёхах ужо нежылыя. Там ляжыць рознае турэмнае майно. Але налева, за звычайнымі дзвярыма, ківае галавой Валодзя, які кантуецца на «Валадарцы» ўжо чацвёрты год, — усё суды ды перасуды, — спецкалідор. Там трымаюць смертнікаў. Мы праходзім па лёхах у канец, зварочваем управа і праз ацалелую вежу з вінтавой лесвіцай над галавой трапляем у цесныя прагулкавыя дворыкі. Гэтым жа шляхам вяртаемся назад. Смертнікі застаюцца ззаду, замураваныя ў зямлі.

30 лістапада 2011 г., калі я яшчэ быў на «Валадарцы», Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву, сядзельцам спецкалідора, вынеслі смяротны прысуд. Праз тры дні мяне павезлі ў жодзінскае СІЗА. Нас вывелі на этап праз турэмную браму, на якой сто гадоў таму павесілі тэрарыста Івана Пуліхава, а яны засталіся чакаць расстрэлу.

У сакавіку 2012 г. Кавалёва і Канавалава расстралялі. Я тады ўжо быў у бабруйскай калоніі. Мяне здзівіла аднадушша зэкаў, якія, калі размова заходзіла пра гэты прысуд, у адзін голас казалі: «Не, гэта не яны». Усе былі перакананыя, што іх расстралялі так хутка, каб замесці сляды і не было магчымасці даведацца праўды. Ніхто не верыў тым звесткам, якія давалі следчы камітэт ды пракуратура. «А хто арганізаваў выбух у метро?» — пытаўся я. «Ды гэтыя,» — зэкі паказвалі пальцам угору.

А ў 2013 г. на атрадаўскім стэндзе побач з газетаю «Швейнік» з’явіўся аркушык з паведамленнем, што за забойства сукамерніка ў крытай турме ў Магілёве адзін з «крытчыкаў» асуджаны да смяротнага пакарання. У газетах надрукавалі, што гэта быў Рыгор Язэпчук. Абвестка з’явілася, мабыць, «у выхаваўчых мэтах». Але што тая абвестка. Са ста чалавек у атрадзе амаль палова сядзела за забойства, і ніхто з іх не мог ужо, калі б і захацеў, перайначыць, перапісаць сваё жыццё. Калі пра гэтую абвестку я напісаў у лісце сваім калегам, яе хуценька знялі, а аператыўнік папярэдзіў, што болей лістоў, у якіх я пішу хоць слова пра зону, яны выпускаць не будуць.

Ніколі чалавеку, які не быў у турме, не зразумець, што такое няволя. І тым больш нам не зразумець і не адчуць, што такое — быць асуджаным на смерць і чакаць гэтае смерці. Дзяржава абгароджана межамі, зона — плотам, штрафны ізалятар і крытая турма — чатырма сценамі, а камера cмяротнікаў — самы цэнтр безнадзеі, самая сутнасць жыцця і смерці, як тая голка, у якой — душа Кашчэя Несмяротнага. Калі зламаць гэтую голку — Кашчэй памрэ?

З дакументальнай кнігі «Смяротнае пакаранне ў Беларусі».

Алесь Бяляцкі

Фота Сяргея Грыца

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.