TOP

Зайграная кружэлка

Няма нічога больш нуднага, як слухаць зайграныя кружэлкі, што сіпяць, шаргацяць, патрэскваюць, заглушаючы чароўную мелодыю або голас. У маленстве даводзілася слухаць такое, пасляваенны быт быў аскетычным, карысталіся тым нямногім, што захавалася ці пашчасціла набыць. 

У сціплым сямейным прытулку пры школе, бо бацькі-настаўнікі ўласнага жылля не мелі, былі тры рэчы, якія надта падабаліся: кнігі, глобус і старэнькі патэфон з абмежаваным наборам зайграных «да дзірак» кружэлак. Чытаць я навучыўся рана, і гэта стала любімым заняткам праз усё жыццё. Шмат часу бавіў каля глобуса, які даваў штуршок смелым, фантастычным марам, дазваляў вандраваць па свеце, не сыходзячы з табурэціка, змайстраванага рукамі бацькі. А патэфон знімалі з паліцы і заводзілі зрэдку, па святах. Хоць сёння з вышыні пражытых гадоў я добра разумею, што мае бацькі былі тады зусім маладымі, ім, мабыць, хацелася часцей наладжваць з сябрамі застоллі, танцы, весяліцца.

Старэйшым у сям’і дзецям падабаліся настаўніцкія вечарынкі, бо мы па чарзе дзяжурылі ля патэфона, мянялі кружэлкі і ганарыліся адказным заданнем.

Мне помняцца шчаслівыя абліччы тых, хто жывым вярнуўся з бязлітаснага крывавага фронту, з партызанскіх лясных зямлянак і смяротных ціскоў фашысцкіх блакад, з небяспечнага падполля. Яны тады не гналіся за матэрыяльным багаццем, былі задаволены тым, што ёсць. У перыяд пасляваеннага татальнага дэфіцыту вялікай падзеяй было справіць цывільны ўбор. Божа мой, слёзы набягаюць на вочы, калі згадваю, з якой шчырай радасцю, разняволена кружылася пад гукі патэфона мая маладая мама ў новай крэпдэшынавай сукенцы…

Слаўнае, рамантычнае, блізкае майму сэрцу пакаленне, якое агорала такую жудасную, знясільваючую вайну! З цягам часу пад дыктоўку міфалагічнай савецкай прапаганды некаторыя з яго шэрагаў пачалі перабольшваць уласныя рэальныя заслугі, нешта падмалёўваць, але ўсё роўна яны былі і застануцца для мяне героямі…

Новы час дыктуе не толькі новыя песні, але і іншыя спосабы іх данясення да слухачоў. Следам за грамафонамі, патэфонамі, радыёламі сышлі ў гісторыю магнітафоны. Іх замянілі музычныя цэнтры, кампутары і кампактдыскі. А тыя кружэлкі, якія я клаў на дыск патэфона, выпускаліся тады падмаскоўным Апрэлеўскім заводам, заснаваным яшчэ ў 1910 годзе. У архіве сям’і ляжыць набор яго вытворчасці з рознымі запісамі, у асноўным класічнай музыкі. Гэта быў буйнейшы савецкі манапаліст па вытворчасці кружэлак. У 1991 годзе ён адштампаваў іх ажно 33 мільёны штук. Апошняя партыя была датавана 1997 годам. Цяпер тут вырабляюць шкарпэткі, пластмасу, бланкі для здачы адзінага дзяржаўнага экзамена.

Я нездарма доўга расказваю пра мінулае, бо яно дапамагае больш выразна і метафарычна высвеціць малюнкі сённяшняга дня. Ніколі не думаў, што і ў старасці давядзецца слухаць ушчэнт зайграную, дэфектыўную кружэлку. Прытым успаміны пра даўні патэфон агортваюць душу святлом і цяплом, шчымлівай настальгіяй, а тэлевізійны, сотні разоў чуты «хіт» аднаго і таго ж выканаўцы выклікае вострую аскоміну і непрыняцце.

У 2016 годзе, разглядаючы заблытаную сітуацыю ў сферы жыллёва-камунальных паслуг, А. Лукашэнка заявіў: «Значит, наденьте наручники тем, кто не выполнил доведенные по моему распоряжению тарифы. Наденьте и публично посадите десяток-другой человек. Все станет на свои места». Падобныя пагрозы рэгулярна гучалі і раней.

Але ці стала ўсё «на свае месцы» або хоць бы зрушылася? Ні ў якім разе! Тыя, каму было абяцана, што яны «понесут за это ответственность», зноў падлічваюць памеры аплаты за розныя паслугі і ніяк не могуць дамагчыся толку. Гэта ўжо трэці заход! А задача пастаўлена такая: «Посчитаем тарифы», «чтобы не жировали».

Кіраўнік краіны наладзіў нядаўна два эмацыйных «тэатральных прадстаўленні» па тарыфах ЖКГ — для дыпламатаў і для народа, дэманструючы нібыта вялікую ўвагу да жыцця грамадзян. Але за гэтым бачыцца элементарнае — няхватка ў бюджэце грошай. А калі закрануць тэму ўвагі ўлады да народа, то шакіруе павучанне кіраўніка, што павышаць тарыфы трэба тады, калі людзі меней плацяць — летам. Які «вытанчаны і далікатны» цынізм пад выглядам клопату!

Слабая, нерэфармаваная эканоміка прымушае Беларусь стаяць з працягнутай рукой перад усім светам, у тым ліку і МВФ, і прасіць пазыкі. Але міжнародны фонд не прымушае аўтарытарны рэжым абдзіраць насельніцтва да апошняй ніткі праз аплату жыллёва-камунальных паслуг, як гэта рэгулярна робіцца метадам розных пабораў і штрафаў. Доктар эканамічных навук, былы кіраўнік Нацбанка С. Багданкевіч прааналізаваў рэальныя патрабаванні: «Прежде всего МВФ рекомендует официальному Минску реформировать сектор госпредприятий, чтобы наши заводы не выпускали продукцию на склад, а стали конкурентоспособными. Предлагается отключить их от госпрограмм, и предприятия, которые не смогут существовать самостоятельно, должны быть либо ликвидированы, либо реструктуризированы. Также речь идет и о приватизации госпредприятий и поддержке безработных. Главным показателем выполненной работы станет рост добавочной стоимости, рост рентабельности предприятий. Это все надо закладывать в программу и под это получать кредит МВФ. А получать деньги для поддержки статус-кво, проедать их — такой кредит нам не нужен. Но МВФ и не собирается давать Беларуси кредит под статус-кво».

Улады ўсіх краін у перыяд няўстойлівага развіцця стараюцца захоўваць патрэбныя «нажніцы» ў суадносінах зарплат і пенсій з аднаго боку і тарыфаў, коштаў на харч, тавары і лекі — з другога, каб насельніцтва не ператварылася ў жабракоў. Мне давялося назіраць гэта ў свой час у былой Югаславіі, у Польшчы. У нас жа «дояць» кішэні працаўнікоў і пенсіянераў бязлітасна!

Які пласт насельніцтва можа адужаць жыллёва-камунальныя тарыфы, што забяспечаць самаакупнасць галіны, з яе сённяшнім драпежным апетытам? Думаю, толькі кіраўнічы клан, сілавікі, прыўладныя бізнесоўцы і частка звычайных прадпрымальнікаў. А што рабіць астатнім 70% людзей? У выпадку аплаты паслуг ЖКГ па поўнай праграме яны непазбежна сядуць на галодны паёк, застануцца без вопраткі і абутку, без лекаў.

Насельніцтва не патрабуе ад улады і ад камунальнікаў нечага незвычайнага. Яно даўно хоча мець празрысты адбітак сітуацыі, праўдзівыя лічбы па тарыфах. Для гэтага вышэйшай матэматыкі не трэба, дастаткова арыфметыкі за чацвёрты клас! Гледзячы на зацягнутую бюракратычную жыллёва-камунальную мітусню пад кіраўніцтвам прэзідэнта, само сабой нараджаецца пытанне: ці вучыліся наогул гэтыя спецыялісты ў школе?

Людзі не такія дурныя, як некаму здаецца, ва ўсім разбяруцца самі, у тым ліку з інфляцыяй і індэксацыяй. Але тады для ЖКГ скончыцца даўняя лафа, нельга будзе займацца прыпіскамі, абдзіралаўкай. Чакае высвятлення і яшчэ многае: патрачаныя калорыі на цяпло, на падагрэў вады, якія пастаянна выстаўляюцца «ад балды»…

Даўно пара мяняць зайграную, сіпатую кружэлку, з якой гучыць пастаянны матыў: «Именем революции!» Трэба жыць і працаваць, ведаючы праўду. Але беларусы пад уплывам страху аформіліся ў племя закончаных мазахістаў. Яны бурчаць, абураюцца, плююцца ды падстаўляюць вушы і слухаюць, слухаюць…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Чаму змоўклі саветы?

Маштабны землятрус

Дым без агню

Безвыніковы канвеер

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.