TOP

Нiна Багiнская: нават адзін можа змяніць сітуацыю

Нядаўна 70-гадовай легендарнай актывістцы Ніне Багінскай прысудзілі штраф у 50 базавых велічыняў (1150 рублёў) за ўдзел у «Маршы абураных беларусаў» . Цяпер усяго ў яе штрафаў недзе на 30 тысяч рублёў, але кінула ўжо лічыць.

На суды яна не ходзіць, бо «поўна сваіх спраў». Не ходзіць Багінская ўжо і на пошту — міліцыя ўкідае позвы ў паштовую скрыню.

«Штрафы пачаліся, я лічу, калі казна стала пустая: Лукашэнка пагразіў міліцыянтам пальчыкам, што калі так будзе працягвацца, звольніць. Забяспечвайце сябе самі, — кажа Багінская. — Па ўсіх пратаколах напісана, што я парушаю закон аб акцыях 1997 году. Я апратэстоўвала штрафы, пісала заявы пракурорам, а потым і пракуратура пачала зарабляць на нас грошы: пішуць — аплаціце дзяржаўную пошліну (46 рублёў за разгляд штрафу ў 10—100 базавых велічыняў), і тады будзем разглядаць.

Ну і сэнсу? Я прасілася на прыём да генеральнага пракурора, але прыняў ягоны намеснік. Адказ, канечне, адпіска. На суды спачатку хадзіла, а потым думаю: чаго хадзіць?».

На акцыі супраць вучэнняў «Захад-2017», што прайшла ў Мінску 8 верасня, «людзі ў цывільным» адабралі ў яе 9-метровы бел-чырвона-белы сцяг і пры гэтым траўмавалі руку. Яна падала скаргу. Але, кажа Багінская, справа «ідзе не на маю карысць» — хто забраў сцяг, не ведаюць, хоць кідалі яе ў міліцэйскую машыну, а не ў «сіні бусік», у які часта закідваюць затрыманых «людзьмі ў цывільным».

Таксама Багінская чакае, што яе могуць аштрафаваць за тое, што трымала знічку на прыступках КДБ у гадавіну «чорнай ночы» 1937 года — пратакол за тое ёй ужо прыслалі. Яна цікавіцца, ці праваслаўных будуць цяпер штрафаваць за свечкі.

Цяпер Багінская атрымлівае 130 рублёў пенсіі, а каля 120 рублёў здымаюць у кампенсацыю нясплачаных штрафаў. Спачатку здымалі 20% пенсіі, цяпер палову. У выніку застаецца менш за пражытковы мінімум.

«Канечне, грошай нестае на добрую ежу, — наракае Багінская. — Або я павінна сядаць на карак сваім дзецям, а гэтага я рабіць не хачу, або… Я выкручваюся, жыву сціпла.

Ем тое, што вырасціла на сваім лецішчы, на сваёй зямлі: тапінамбур, пятрушку, сельдэрэй, ягады. Так і жыву. Лекаў не п’ю, лічу, што гэта атрута. Гарбату кітайскую таксама не купляю — сама збіраю ў лесе, вырошчваю мяту. Можна і без грошай пражыць, можна наладзіць абмен: у мяне на лецішчы шмат сяброў, я ім даю, напрыклад, ягады і садавіну, яны мне бульбу, моркаўку, што ў сябе на гародзе не вырошчваю.

Так што пакуль не паміраю з голаду. Канечне, хацелася б купіць мо і плітку шакаладу. Але абыходжуся без яго — набываю какаву і з яйкам раблю сабе той самы шакалад — старадаўні прыём, бабуля навучыла. І бацькі, і бабулі таксама выжывалі — і ў 30-х гадах, калі былі рэпрэсіі, і ў акупацыю нямецкую, і пасля вайны таксама выжывалі людзі».

Раней судовыя выканаўцы ў залік невыплачаных штрафаў апісвалі ў Багінскай хатнюю маёмасць, за якую пенсіянерцы даводзілася судзіцца («сын адсудзіў», сплаціўшы дзяржпошліну, кажа яна). Таксама ў яе арыштавалі два лецішчы. Адно, у Смалявіцкім раёне, ацанілі ў 5 тысяч долараў і выставілі на аўкцыён, але так і не прадалі — не знайшлося пакупніка. Цяпер, паводле звестак Багінскай, на аўкцыён маюць выставіць лецішча ў Блужы Пухавіцкага раёну, ацэненае ў 1700 долараў. У таварыстве ў Блужы раней яе абазвалі «бандэраўкай» і настойвалі, каб яна сама прадала лецішча.

«Вось чакаюць, што на старасці год памру ў роспачы… Але большай роспачы, чым калі я іду па вуліцы Калініна і ўтыкаюся ў помнік «усесаюзнаму старасце», у мяне няма. Я ўжо звыкла да гэтага, але хачу, каб знеслі помнікі кіраўнікам Савецкага Саюзу, якія здзекаваліся з нацыянальных дзяржаў. Каб знеслі і зрабілі музей таталітарызму — вунь там на «лініі Сталіна» вымасцілі іхнымі пастаментамі дарогу».

Багінская кажа, што цвёрда верыць: і адзін чалавек можа змяніць сітуацыю. Яна не параўноўвае сябе з вялікімі людзьмі, але адзінкі маюць уплыў, калі час іх ставіць на такое месца. Урэшце, яна згадвае, што адзінка можа ўчыніць і шмат зла. Ёй жа самой, кажа Багінская, кіруе не столькі жаданне самастойна змяніць нешта, колькі пачуццё справядлівасці:

«Я звычайны чалавек. Людзі памыляюцца, калі думаюць, што я гераіня. Раблю тое, што мне наканавана як чалавечай істоце. Не хачу быць злом! Мяне так бабуля выхавала: казала, не рабі зла — і табе зла ня будзе. Я нармальны чалавек — выходжу са свечкай, са сцягам, а не з сякерай, не хаджу з віламі-косамі камусьці біць галаву каменем. Выходжу — і прашу дабра».

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.