TOP

Песні фарысеяў

Аўтакраты-фарысеі, якія існуюць ва ўсе часы, лічаць, што ёсць толькі адзін правільны шлях, той, які выбралі яны, а прапановы іншых — гэта спробы ворагаў павярнуць з азімуту і звесці за сабою народ. Такія кіраўнікі мяркуюць, што іхняга розуму, сілы і ўлады дастаткова, каб судзіць, што правільна, а што — няправільна.

Слова «фарысей», перанятае сучаснай лексікай у старажытнай Іудзеі, дзе яно першапачаткова тычылася рэлігійнай плыні, цяпер часта вымаўляецца з адценнем пагарды, прыраўніваецца да азначэнняў — «крывадушнік» і «ханжа».

Сучасныя фарысеі, якія займаюць кіруючыя крэслы, хочуць, каб усё было так, як ім жадаецца. У тым ліку і айчынная гісторыя. Ім не хочацца бачыць яе праўдзівай, ачышчанай ад хлуслівых міфаў і фальсіфі­кацый, выдумак пра няспынныя гераізм і перамогі. Яны перахопліваюць дасягнутае папярэднімі мужнымі, працавітымі пакаленнямі (а поспехі несумненна былі!) і выкарыстоў­ваюць для ўласнага піяру.

Сарамліва забываецца імі галоўнае: бальшавікі, каб дасягнуць сваіх мэт, ужывалі адзіны палітычны сродак — тэрор. Ні царская ўлада, ні затым Часовы ўрад не дадумаліся да таго, што можна расстрэльваць закладнікаў і сілай рабаваць збожжавыя засекі сялян. Трэба памятаць, што пасля кастрыч­ніцкага перавароту супраць рэпрэсіўнай савецкай улады ўзнялася ўся расійская вёска, толькі ў шасці цэнтральных губернях было падаўлена больш чым 400 узброеных сялянскіх паўстанняў. Такіх драматычных старонак у лёсе СССР, якія адкрыты нядаўна, было шмат. Напрыклад, я давяраю толькі прафесійным, сумленным гісторыкам, у якіх праца ніколі не заканчваецца, бо заўсёды знаходзяцца новыя факты, дакументы, сведчанні, і рэчаіснасць высвечваецца з іншага боку.

Бальшавіцкія рэпрэсіўныя метады стасункаў з насельніцтвам у «мяккім варыянце» дайшлі да нашых дзён. Чытачы газеты пастаянна паведамляюць пра праявы адміністратыўнага рэсурсу, пра начальніцкі здзек.

У аўтарытарнай краіне, дзе эканоміка кульгае на дзве нагі, дзе вечна не хапае грошай, галоўнай з’яўляецца сістэма кармлення, якая падпарадкавана фарысеям. Уладны клан з чэляддзю сілкуецца напоўніцу, пакуль з горла назад не палезе, а астатняму насельніцтву прапануецца сціплы ўраўніцельны паёк. Уведзена такое смешнае паняцце як сярэдняя зар­плата па краіне. Непараўнана высокія зарплаты 20% дарослага насельніцтва складваюцца з нізкімі 80%, усё разам дзеліцца і атрымліваецца неблагая фарысейская лічба для прапаганды. СМІ рэгулярна вяшчаюць пра росквіт і дына­мічнае развіццё краіны, пра высокі дабрабыт народа. Калі ж знаходзяцца грамадзяне, якія да гэтых слоў ставяцца скептычна, то слугі народа супакойваюць: «Не ўсё адразу. На ўсіх не хапае. Нам — сёння, а вам — заўтра. Пачакайце, чакалі ж савецкія людзі столькі гадоў камунізм, вось і цяпер пацярпіце, хутка і вам будзе шчасце». Пасля такіх тырадаў яны хаваюцца за высокія платы ў шыкоўныя мільённадоларавыя катэджы, залазяць пад коўдры і жуюць. Набіраюцца сілы для новых фарысейскіх песень.

У нашай краіне вырас велізарны пласт людзей, якія хочуць толькі кантраляваць, ні за што не адказваючы. Каб апраўдаць сваё існаванне, яны прымушаюць падначаленых пісаць справаздачы, даведкі, дакладныя запіскі, таму з кабі­нета ў кабінет коціцца агромністы папяровы вал, у якім шмат выдуманага, высмактанага з пальца. 90% паперак — гэта нікому не патрэбнае смецце, прыгоднае толькі для макулатуры.

Кожны раз бюракратам неабходна падганяць ліч­бы, не забывацца пра розныя акалічнасці. Таму мясцовая статыстыка некалі можа заблытацца так, што хлуслівая канструкцыя абрынецца. Гэта ўжо было неаднойчы ў многіх краінах, падобных на сучасную Беларусь.

Калі прыслухацца да гаворкі фарысеяў, то чуем наступнае. Міліцыянер: «Я не видел никаких документов, мне никто ничего не говорил. Мало ли что в городе происходит»; чыноўнік: «У меня только мое паршивое жалование, а у вас денег куры не клюют. Поделитесь, не обеднеете!»; дэпутат: «Правительство проявляет заботу о благополучии граждан страны, а вы…» А на закуску памочнікі прэзідэнта рэгулярна падкрэсліваюць: «Глава государства, как всегда, наметил нам путь выхода из ситуации». Ні больш, ні менш — «как всегда». Але выйсця нешта не відаць!

Чытачы інтэрнэта выказваюцца пра мясцовых фарысеяў адназначна: «Чем лицемернее — тем выше должность и тем надежнее связь с госбюджетом. Главное правило — больше громких заявлений о вредоносности всего, что дают страны со свободной экономикой. Свободная экономика есть или смерть, или большой риск для административного ресурса, царящего у нас». Хачу дадаць, што, публічна паліваючы брудам дэмакратычныя краіны, многія дзеячы тутэйшай бюракратычнай сістэмы па вушы сядзяць у камерцыйных гешэфтах з замежнымі кампаніямі, пілуюць інвестыцыйныя грошы, вучаць і ўладкоўваюць на Захадзе дзяцей і ўнукаў. Вось яно — чыстай вады фарысейства!

Калі я слухаю балбатню мясцовых кіраўнікоў пра выдатнае жыццё народа, то згадваецца вяршынны прыклад фарысейства з гісторыі СССР. 2 ліпеня 1937 года І. Сталін пасылае тэлеграму з прапановай тэрміновых расстрэлаў найбольш варожых антысавецкіх элементаў і высылкі менш актыўных. Паводле намечанага плана вызначаліся катэгорыі кандыдатур для рэпрэсій, выводзіўся ліміт на кожную катэгорыю, зацвярджаўся склад «троек», распрацоў­валіся канкрэтныя працэдуры, інструктажы, рыхтаваліся палігоны для расстрэлаў і знішчэння слядоў. За чатыры тыдні такая праца была праведзена. З0 ліпеня Палітбюро ЦК ВКП(б) зацвердзіла аператыўны загад НКУС пра рэпрэсіраванне антысавецкіх элементаў. А нямецкі пісьменнік Л. Фейхт­вангер, які наведаў СССР і быў прыняты ў Крамлі Сталіным, у кнізе «Москва 1937» напісаў: «Вся Москва дышала удовлетворением и согласием и более того — счастьем»…

Фарысеі спяваюць хлуслівыя песні і хітранька назіраюць, як на іх рэагуе насельніцтва. Калі ніякіх пярэчанняў няма, можна працягваць дурыць галовы, убіваць у свядомасць людзей заведама нежыццёвыя, антыдэмакратычныя пражэкты, якія скіраваны толькі на ўтрыманне ўлады і ўласнае абагачэнне.

У адказ на зацяганыя песні кіраўнікоў-фарысеяў вядомы нямецкі паэт і выканаўца Вольф Бірман напісаў «Песеньку пра вартасці, якія застаюцца» (пераклад мой):

1.

Вялікія хлусы, дык што — ну, што
Застанецца ад іх?
Ад іх застанецца
тое, што мы верылі ім.
Вялікія фарысеі, дык што — ну, што
Застанецца ад іх?
Ад іх застанецца
тое, што ўрэшце іх раскусілі.
2.
Вялікія фюрэры, дык што — ну, што
Застанецца ад іх?
Ад іх застанецца
тое, што іх проста зверглі.
А іхны Вечны вялікі час — ну, што
Застанецца ад яго?
Ад яго застанецца
тое, што яго скарацілі.
3.
Яны хочуць хлебам заткнуць глотку праўдзе
Дык што застанецца ад хлеба?
Ад яго застанецца — ну, што? —
тое, што яго з`елі
А гэта абрыдлая песьня — ну, што
Застанецца ад песьні?
Ад яе застанецца навечна
тое, што яе забылі.

Гэты тэкст мае вялікае значэнне для жыхароў Беларусі. Тут выкладзена наша будучыня. Хлусня будзе абвергнута, а хлеб бясконцых пазык і абяцанак з’едзены. Насельніцтву давядзецца закасваць рукавы і пачынаць будаваць сапраўднае жыццё.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Да першага стрэлу

«Новая беднасць»

Шэрая зона

Надуманае змаганне

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.