Цяжкае пахмелле
На навагодняе свята, як было неаднойчы, Беларусь засталася без снегу і лёгкага марозіку. Гэта крыху сапсавала настрой, бо мы да іх прызвычаены, яны бадзёраць і радуюць. У астатнім усё прайшло традыцыйна, у кватэрах і дамах родныя, блізкія людзі абмяняліся сардэчнымі віншаваннямі і пажаданнямі.
Свята са шчодрымі застоллямі адгуло, але праблемы, якія нас клапоцяць, засталіся. Нікуды не сышлі абставіны, у якіх мы жывем. Чалавек, апраўдваючы ўласныя паводзіны, часта кажа: «Такі быў час! Я нічога не мог зрабіць…» Тады атрымліваецца, што толькі пад прымусам абставін нехта няшчадна эксплуатуе, паклёпнічае, піша даносы, шукае ворагаў, катуе і расстрэльвае. Але гэта няпраўда, бо той ці іншы час ствараюць людзі.
Час, у якім цяпер жывем мы, насельнікі Беларусі, выявіўся для звычайнага чалавека не толькі матэрыяльна, але і маральна цяжкім, татальна несвабодным, здзекліва несправядлівым. Адкрытым тэкстам пра гэта пачалі гаварыць тысячы абураных грамадзян. Але большасць яшчэ да канца не ўсвядоміла сутнасць сваёй жыццёвай драмы.
Сучасныя людзі лічацца прагматычнымі, ды гэтае сцвярджэнне не распаўсюджваецца на беларусаў. Мы навучыліся лічыць уласныя грошы, бо з-за невыводнай беднасці трасемся над кожнай капейкай, але не ўмеем берагчы і разумна выдаткоўваць агульныя сродкі. Народ ніяк не можа ўцяміць, што аўтарытарны рэжым абыходзіцца яму намнога даражэй, чым дэмакратычнае кіраўніцтва, што бюджэт выкарыстоўваецца нерацыянальна.
Дваццаць тры гады існавання пры аўтарытарызме паказалі, што, нягледзячы на змены да лепшага ў побыце і ў атрыманні паслуг, развіццё пэўных кірункаў у навуцы і медыцыне, рост камфортнасці жылля і дарог (пры дапамозе пераважна замежных тэхналогій), мы так і не маем эфектыўнай, стабільнай эканомікі, не прасунуліся наперад ва ўмацаванні самой нацыі, застаемся ў крыху падмарафечаным, але савецкім мінулым.
Сусветны прагрэс у эканоміцы дазваляе сёння кожнаму народу дамагацца выдатных вынікаў, ды наша краіна, маючы надзвычай спецыфічнае, рэтраграднае кіраўніцтва, якое баіцца палітычных дэмакратычных змен, выкарыстоўвае яго выбарачна, з аглядкай.
Яднання грамадства, пра якое трубіць прапаганда, у нас няма. Наадварот, адбываецца яго радыкальны раскол. Аўтарытарнай уладай задаволены толькі каля трыццаці працэнтаў насельніцтва. У першую чаргу гэта правіцель, які кайфуе на троне і не жадае яго пакідаць, затым ідуць чыноўнікі, дэпутаты, сілавікі, прадстаўнікі розных засакрэчаных службаў, банкіры, прыўладныя бізнесоўцы, спецыялісты, што ўладкаваліся ў замежныя фірмы. Але ж ёсць яшчэ 70% звычайных грамадзян, якія кінуты ў прорву нялёгкага выжывання.
Курс на бясконцае ўтрыманне ўлады вымушае правіцеля мець агромністую колькасць супрацоўнікаў міліцыі і спецслужбаў для падаўлення народных пратэстаў. Паводле звестак ААН у 2013 годзе ў Беларусі было 1442 супрацоўнікі МУС на 100 тысяч насельніцтва, што ў 6 разоў перавышае паказчык былога СССР. Праўда, кіраўнік МУС абвяргае гэтыя дадзеныя і заяўляе пра 405 міліцыянераў (без унутраных войскаў і спецыяльных падраздзяленняў) на 100 тысяч грамадзян, але праверыць названую лічбу немагчыма. У нас ёсць шмат сфер, на якіх стаіць пячатка строгай сакрэтнасці, хоць у дэмакратычным свеце такая інфармацыя даступная грамадзянам. Увогуле, для разумення сітуацыі трэба ведаць, што ў 2017 годзе ў Кітаі было — 120, у ЗША — 256, у Польшчы —264, у Літве — 349 паліцэйскіх на 100 тысяч насельніцтва.
Ваенны саюз Беларусі з Расіяй, яўны ўхіл на мілітарызацыю, пераўзбраенне арміі таксама вымагаюць значных бюджэтных сродкаў.
Шмат грошай выдаткуецца на ўтрыманне чыноўнікаў, якія забяспечылі сабе лепшы камфорт, чым на Захадзе.
А хто падлічыў, у якую суму выліваюцца гонка кіраўніка невялікай, эканамічна неразвітай краіны за прэзідэнтамі звышдзяржаў у абслугоўванні самалётамі, верталётамі і аўтамашынамі, у асабістай ахове, «царскія забавы» (накшталт хакейных) пад лозунгам «Играем для вас!», шыкоўны адпачынак? Дарэчы, пра патрэбу правядзення ў краіне маштабных затратных спартыўных гульняў ніхто з грамадзянамі не раіцца. Мэта толькі адна — стварыць адыёзнаму правіцелю, хоць такім прымітыўным чынам, станоўчы імідж.
Вось і ўзнікаюць пытанні: ці магчыма беларусам наладзіць сабе нармальны дабрабыт, не маючы ўмоў для свабоднага жыцця і прадпрымальніцтва, трымаючы на гарбе пачварна разбухлы чыноўніцкі і рэпрэсіўны апарат? Зразумела, не! Ці можна дасягнуць станоўчых вынікаў ва ўмацаванні краіны, калі народ не давярае ўладзе, а тая яго баіцца? Ні ў якім разе! Па галоўных паказчыках развіцця Беларусь прайграе ўсім заходнім суседзям. Напрыклад, у Польшчы ў мінулым годзе сярэдняя зарплата склала 4354 злотых у месяц, што эквівалентна 1035 еўра.
Аўтакраты спрабуюць апраўдацца, пра што сведчыць нядаўняя заява прэзідэнта Расіі У. Пуціна: «Кризисные явления в экономике последних лет, снижение цен на нефть, некоторые другие причины, в том числе внешние ограничения, сделали свое черное дело, и количество людей, живущих за этой чертой (рысай беднасці — С.З.), к сожалению, увеличилось».
Але не час, не абставіны, а самі аўтарытарныя правіцелі ўласнай неэфектыўнай палітыкай у эканоміцы, адміністратыўным уціскам пазбаўляюць грамадзян сродкаў для лепшага жыцця. Усё, што ў неспрыяльных умовах удаецца зарабіць народу, нахабна дзеліць паміж сабою ўладны клан, а звычайным людзям зноў даводзіцца існаваць на ўраўніцельны грашовы мізэр.
Дакладна сфармуляваў дзеянні беларускага і расійскага рэжымаў вядомы палітолаг Д. Арэшкін: «Нас держат за дураков, такова сейчас политика».
Цень аўтарытарызму падае на будучыню. Мы бачым, як цяжка выціскаюцца з душаў старэйшых, ды і многіх прадстаўнікоў маладзейшых пакаленняў негатыўныя савецкія завядзёнкі: прыняцце ўладнай хлусні за праўду, праца толькі па камандзе, абыякавасць да ўласнага лёсу, да долі дзяцей і ўнукаў.
А цяпер прыкінем: што пасля сябе пакіне аўтарытарны рэжым, сутнасць якога палягае ў тым, што ён баіцца праўды, даводзіць свае дзеянні да глупства, да абсурду?
Чыноўнікі-хлусы, як мухі ў павуціне, заблыталіся ў падтасоўках, а таму рэальную сітуацыю ў эканоміцы і сацыяльнай сферы патрэбна будзе яшчэ высвятляць, каб рухацца ў правільным кірунку.
Наплыў ва ўладу малаадукаваных, некультурных, але жорсткіх, сквапных і помслівых людзей кардынальна змяніў маральную атмасферу жыцця. Грубае адміністраванне, нахабная карупцыя, крадзеж бюджэтных грошай набылі маштаб эпідэміі. На тое, каб адвучыць чыноўнікаў ад злачыннай дзейнасці, а насельніцтва ад рабства, спатрэбіцца шмат часу.
Калі нармальна запрацуюць малы і сярэдні бізнес, адукацыя, медыцына, то адпадзе плойма непатрэбных чыноўніцкіх структур. Працаўладкаванне начальнікаў-дармаедаў таксама ўяўляецца няпростым, бо прафесійныя навыкі яны страцілі…
Галаўны боль ад празмернага алкагольнага кайфу ў час сустрэчы Новага года — з’ява непрыемная, але нядоўгая. А вось гіпатэтычнае пахмелле беларусаў і расіян, якія, нягледзячы на трагічны вопыт сталіншчыны, зноў прынялі дыктат аўтакратаў і змірыліся з ім, будзе іншым. Яно можа зацягнуцца і прынесці пакуты наступным пакаленням.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: