TOP

Заштампаванае жыццё

У аўтарытарнай краіне, якой з’яўляецца Беларусь, не вітаюцца пошук, ініцыятыўнасць, самабытнасць, арыгінальная творчасць. Усё робіцца згодна каманды зверху, а таму, нягледзячы на спробы адстаяць свабоду, немінуча настае застой, панылы час штампаў.

Мы ведаем, што паняцце «штамп» (ад італ. stampa — пячатка) наўпрост звязана з адбіткамі на афіцыйных, службовых паперах. Так пазначаюць назвы ўстаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, засведчваюць дакументы. Слова «штамп» неад’емнае і ад прамысловай вытворчасці, яму даецца тлумачэнне: «Прылада, форма для серыйнага вырабу ціскам або чаканкай розных прадметаў».

Штамп мае дачыненне да літаратуры і мастацтва. Прытым у вышэй згаданых выпадках гэтае паняцце нейтральнае, а ў творчасці атрымлівае негатыўную ацэнку, бо многія кнігі запоўнены моўнымі клішэ, пішуцца паводле схем, якія даўно вядомыя чытачам. Самыя паказальныя прыклады — каханне галоўных дзейных асобаў з першага позірку, станоўчы герой заўсёды перамагае ў смяротнай бойцы, аповесць з драматычнымі калізіямі абавязкова мае шчаслівы канец. Асабліва грашаць зацяганымі да дзірак сюжэтамі і хадамі міліцэйскія і жаночыя раманы.

Нашэсце штампаў заўважаецца ў кіно, асабліва ў эстрадзе. Ніхто не супраць таленавітых выканаўцаў з якасным рэпертуарам, але дзеля праўды варта ўспомніць «заек» і «кісак», нешчаслівае каханне яе да яго або яго да яе, якія качуюць з адной пошлай песенькі ў іншую. Прыкметная схільнасць сучаснага грамадства да масавай культуры — з’ява небяскрыўдная. Карысць ад яе маюць толькі самі спевакі і хахмачы, якія канцэртнымі «чосамі» па гарадах і пасёлках, выступленнямі на карпаратывах забяспечваюць сабе фантастычныя ганарары, шыкоўную ўладкаванасць, раскошнае жыццё дома і за мяжой. А гледачы і слухачы паступова прывыкаюць да штампаў і падробак, зусім страчваюць эстэтычны густ.

Тым не менш, звязваць заганныя штампы толькі з літаратурай і мастацтвам — няправільна. Прымітыўныя паўторы раз’ядаюць не толькі тканіну мастацкіх твораў, але і рэальнае жыццё. Яно выяўляе намнога больш разнастайны набор штампаў, чым любая мастацкая творчасць.

Самы распаўсюджаны штамп у аўтарытарнай Беларусі гучыць так: «Исполняя поручения президента». Яго агучваюць чыноўнікі розных рангаў, пачынаючы ад сельсавета і да сталіцы. Яны нават не думаюць пра тое, у якім зневажальным святле выстаўляюць такім чынам саміх сябе на публіку. Ім даверана кіраваць пэўнай сферай гаспадарчай ці іншай дзейнасці, а таму трэба варушыць мазгамі, шукаць лепшыя варыянты выканання задач, выяўляць уласныя здольнасці і магчымасці падначаленых. Але ж пры аўтарытарнай уладзе самастойнасць тоіць у сабе небяспечныя вынікі. А што будзе, калі яна не спадабаецца правіцелю? Суд, які вершыць у аўтарытарнай дзяржаве адзін чалавек, — заўсёды кан’юнктурны і эмацыйны, хуткі і часта несправядлівы, можна трапіць, як кажуць, «пад гарачую руку». Таму лепей дачакацца даручэнняў і тупа іх выконваць, тады пазбегнеш небяспекі.

Сітуацыя, у якой прамаўляецца галоўны штамп, шакіруе сваім абсурдам. Сядзяць у рэзідэнцыі за сталом правіцель і міністр, які робіць справаздачу. Падначалены лісліва глядзіць у вочы босу і дакладвае: «Исполняя поручения президента…» Гаворыць так, нібыта яго тут няма. А дзе ж прэзідэнт? А ён там — сядзіць ужо на аблачыне высока ў нябёсах. Такі малюнак нараджаецца, калі бачыш, як рэлігійныя іерархі згінаюцца прад свецкімі бонзамі, як служаць ім старанней, чым Усявышняму.

Але яшчэ больш смешна назіраць і слухаць, калі чыноўнік, які часова займае вышэйшую пасаду ў краіне, публічна гаворыць пра сябе ў трэцяй асобе і з вялікім піетэтам. Пасля вядомага вусатага дыктатара, які, пыхкаючы люлькай з духмяным тытунём, любіў услых паразважаць «о товарище Сталине и его деятельности», практыкі адкрытага самаўсхвалення і самалюбавання даўнавата не было.

Прапагандысцкія штампы верна служаць аўтакратам у апрацоўцы насельніцтва. Чым часцей яны паўтараюцца з трыбун і ў сродках масавай інфармацыі, тым лепш для захавання ўлады. Настырна прамаўляючы адно і тое ж, чалавеку можна ўбіць у галаву ўсё што заўгодна. Вядомы пісьменнік В. Аксёнаў у рамане «Остров Крым», які напісаны амаль сорак гадоў назад і стаў прадбачаннем развіцця падзей у Расіі, паказаў абсурднасць дзеянняў аўтарытарных бонзаў. Яны даходзяць да глупства «в непринятии любого инакомыслия и в навязывании всему народу идеологических штампов преустрашающего характера». Мы назіраем экспансію агрэсіўнай хлусні з афіцыйных мясцовых і расійскіх СМІ, якія абралі ў якасці мішэні дэмакратыю і свабоду, але асабліва ім ненавісныя Украіна і ЗША. А ўнутры Беларусі па ідэалагічных матывах грамадзяне кляймяцца двума штампамі, на адным з якіх пазначана «наш», на іншым — «не наш».

Штампам у дзеяннях рэжыму стала абсалютная абыякавасць да крытычных заўваг, меркаванняў і прапаноў грамадзян, да расследаванняў незалежных журналістаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Думкі людзей не толькі не ўлічваюцца, але і насуперак ім прымаюцца адваротныя рашэнні.

Што тычыцца матэрыяльных умоў, то і тут спрацоўвае завядзёнка аўтарытарнай сістэмы. Дабрабыт самых высокіх чыноўнікаў праштампаваны катэджамі ў Драздах — «рэзервацыі» для абраных, у плане нерухомасці і «рухомасці» драбнейшыя начальнікі таксама не пакрыўджаны. «Уся прэзідэнцкая раць» мае выдатныя зарплаты і пенсіі. Дарэчы, калі рашаюцца пытанні сацыяльнага забеспячэння «эліты», то ўраўнілаўкі няма, улічана кожная драбніца «заслуг перад Радзімай».

А мільённыя народныя масы абслугоўвае іншы казённы штамп, ён вельмі бляклы, невагомы і ўсіх стрыжэ пад адзін грабень. Яму напляваць на выслугу, працоўныя паказчыкі таго ці іншага грамадзяніна, які нарэшце дайшоў да важнай мяжы. Атрымлівай звычайны пенсіянер ураўніцельную пайку і моўчкі яе спажывай, не выступай. Словам, штамп ужываецца абсалютна не той.

Значныя заганы мае будзённасць. Мы спаўзлі да прымітыўных штампаў у гутарковай мове, у вопратцы, укленчылі прад пошлым гламурам, які навязваецца нахабнай рэкламай.

Аналізуючы стан грамадства, да якога мы дакаціліся, разважаю, ці змогуць беларусы, як марыў пра свой народ вышэй згаданы пісьменнік В. Аксёнаў, «превратиться в великое творческое содружество людей, ведущих разговор с Богом, не забывающих ни своих, ни чужих страданий и навсегда сохранивших память о власти ничтожеств, о крови и лжи, о сталинщине», стаць свабоднымі і самадастатковымі? Мяркую, гэта нам па плячы, трэба толькі паверыць у свае сілы…

Чытачы, якія хварэюць на згодніцтва з любой уладай, часам папракаюць мяне за «залішнюю крытычнасць» роздумаў. Але ж, прабачце, з першых дзён незалежнасці я гаварыў у публікацыях пра магчымасць прыходу новага аўтарытарызму на грунце грамадзянскай абыякавасці, што, на жаль, і здарылася. А таму маю права гаварыць і сабе, і ўсім непрыемную праўду.

Калі на некалькі рублёў павысілася наша зарплата або пенсія, не спяшайцеся радавацца, гэта не азначае, што беларуская эканоміка стала працаваць лепш. Проста зверху ўніз спушчана чарговая паперка са штампам.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Перамагчы «азіёпу»

Цяжкае пахмелле

Уратаванае сэрца

Пстрычкі і выспяткі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.