TOP

«Давай, сынок…»

Сучасныя дзеці і моладзь непараўнана аб’ёмней нагружаны інфармацыяй, ведамі, чым мы ў такім узросце. Гэта прыкметная адзнака новых пакаленняў. Для іх стала звычайным абмяркоўваць складаныя праблемы міжнароднай і ўнутранай палітыкі, думаць пра сэнс чалавечага жыцця, яго хуткаплыннасць.

Успамінаю сваё маленства ў вёсцы і канстатую, што ўмовамі прымітыўнага існавання мы былі наглуха адгароджаны ад цывілізацыі, ад інфармацыйнай прасторы. Сталінскае радыё з прафільтраванымі паведамленнямі, жалезнымі прапагандысцкімі блокамі і канцэртамі па заяўках пад увагу браць няварта.

Глыбінка з аскетычным бытам, дзе людзі «ўкалвалі» ў калгасах, саўгасах за «палачку» і існавалі за кошт прысядзібных участкаў, змушала дзяцей дапамагаць бацькам. У гэтым плане сем’і вясковай інтэлігенцыі (настаўнікаў, урачоў, іншых спецыялістаў) не адрозніваліся ад сялянства. Нялёгкае быццё, як думаецца цяпер, мела станоўчы бок — загартоўвала, падштурхоўвала засвойваць працоўныя навыкі. Сёння моладзь, асабліва гарадская, пры ўсёй яе нашпігаванасці інфармацыяй, часта не ведае элементарных побытавых рэчаў.

Маё навучанне і спасціжэнне свету адбывалася праз крыніцы, якія ўплывалі на свядомасць і душу паралельна. Гэта бацькі, кнігі, прырода і вясковая грамада. Асобна дзякую за жыццёвую навуку мудрай, строга-ласкавай бабулі Вользе. Што тычыцца школы, то яна тады не была забяспечана кадрамі педагогаў, нармальнай матэрыяльнай базай. Скажам, урокі нямецкай мовы вялі фізкультурнікі або настаўнікі працы. Амаль нічога не рабілася для агульнага развіцця вучняў. Універсітэт, хоць і ён меў выкладчыкаў рознай падрыхтаванасці, асновы прафесійных і агульных ведаў усё ж даў. Але па вялікім рахунку заўжды дапамагала самаадукацыя.

Пакаленні, якія ішлі следам, вучыліся ў іншых умовах, бо вырас дабрабыт, рухаўся навукова-тэхнічны прагрэс, удасканальваліся адукацыйныя і інфармацыйныя тэхналогіі. Тым не менш, якасць навучання і выхавання залежыць і цяпер ад тых, хто складае вучэбныя праграмы, хто выкладае, развівае кругагляд, а найперш — ад стараннасці школьніка і студэнта. Чалавечы фактар лідзіруе ўсюды і заўсёды!

Штуршок для роздуму над тым, як штурмуе веды і выхоўваецца новае пакаленне, дала нетыповая з’ява. У кардыялагічным цэнтры рэабілітацыі стаў сведкам тэлефоннай размовы медсястры з сынам: «Тебе надо прочитать четыре книги. Знаешь, какие? Не знаешь. Очень плохо. Смотри список, который дали в школе, и вперед. Запомни, если я приду и телевизор будет теплым, то разберусь. Не нервничай. Вперед! Давай, сынок…»

За будзённымі словамі маці мне ўбачыліся схаваныя праблемы дзяржаўнага маштабу, важныя акалічнасці нашага жыцця. Пра іх публічна стараюцца не гаварыць, але ж замоўчванне — не паратунак ад бяды. Заўсёды ратуе толькі праўда.

Пачнем з галоўнага. Улада валюнтарысцкімі дзеяннямі дзеля ўласнай захаванасці радыкальна падзяліла грамадства, у якое мы знітаваны, — такія розныя сваімі якасцямі і схільнасцямі — на заможных і бедных. Наш сярэдні пласт — мізэрны і не расце, хоць звычайна на ім трымаецца развітая краіна. Гэта прывяло да таго, што сем’і маюць розныя магчымасці ва ўсім: у харчаванні, лекаванні, навучанні дзяцей. Хлопчык, які ў наш час сядзіць каля тэлевізара, гэта — нонсэнс, паказчык беднасці, бо яго аднагодкі маюць у руках прасунутыя інфармацыйныя прылады.

Індыкатарам драматычнай сацыяльнай няроўнасці стала масавая пагоня за вышэйшай адукацыяй і платнае навучанне ў ВНУ. Адны сем’і спакойна могуць заплаціць значную суму, а другія выпруджваюцца з апошніх сіл. Я сустракаюся з выкладчыкамі ўніверсітэтаў і чую ад іх наступнае: якасць падрыхтоўкі шко льнікаў, якія паступаюць на платнае навучанне, вельмі нізкая, яны кепска рыхтуюцца да залікаў, экзаменаў і ў час вучобы. Затое пасля заканчэння платнікі ўладкоўваюцца лепш, чым бюджэтнікі, бо ў багатых бацькоў ёсць сувязі.

Вынікам непрадуманай палітыкі ў адукацыі сталі слабыя спецыялісты, іх перавытворчасць па прэстыжных, грашовых прафесіях. Вялікая частка выпускнікоў наогул працуе не па профілі, такім чынам агаляючы цэлыя галіны гаспадарання.

Нельга абмінуць і такую праблему — маладое пакаленне падпільноўваюць розныя небяспекі. Гэта не толькі наркотыкі, алкагалізм. Інтэрнэт і ўсё, што звязана з ім, — велічнае дасягненне цывілізацыі, геніяльны прарыў чалавечай думкі ў будучыню. Але, як зброя ў руках злачынцаў, так і ён можа стаць інструментам гвалту, грабежніцтва, шантажу або шкодна ўплываць на псіхіку карыстальнікаў. У бацькоў цяпер з’явіўся новы клопат — не дапускаць кампутарнай залежнасці, бо яна вырывае дзяцей з рэальнага жыцця ў віртуальны свет, перашкаджае працэсу школьнага, студэнцкага і іншага навучання.

А галоўная небяспека палягае ў тым, што адыёзная ўлада хоча прыручыць моладзь да аўтарытарызму, цягне яе ў злавеснае мінулае. В. Аксёнаў, таленавіты прадстаўнік «новай хвалі» у расійскай літаратуры, успамінаючы 50-я гады ХХ стагоддзя, напісаў: «В принципе, Сталин сразу же стал вчерашним днем, о нем даже не так уж много и спорили в среде молодежи. Мы были озабочены и увлечены столь внезапно наставшим сегодняшним днем или — сейчас уже это очевидно — новым веком».

Я з грэблівасцю назіраю сёння за тым, як у Беларусі і Расіі кіраўнікі і прапагандысты выцягваюць з нафталіну на свет божы тырана, што меў у народзе мянушкі «Гуталін», «Чугун», «Прусак», як з яго робяць героя ХХ стагоддзя. Замест таго каб нацэльваць моладзь на пабудову незалежнай, дэмакратычнай краіны, яе кормяць савецкай хлуснёй, якая гатавалася пры крывавым дыктатары на крамлёўскай кухні. Чым гэта заканчваецца, паказала нахабная выхадка расійскіх фанатаў на Алімпійскіх гульнях у Паўднёвай Карэі, якія вывесілі сцяг з выявай Сталіна. Трапна апісаў яе аглядальнік А. Троіцкі: «Сидят такие три жирных тролля в тельняшках почему-то… И за ними там это усатое чмо болтается». А ў канцы слушна дадаў: «У нас поклонение этой твари носит гораздо более опасный характер».

Нягледзячы на хлуслівую прапаганду, моладзі давядзецца засвоіць нашу праўдзівую гісторыю, якой бы яна ні была часам непрывабнай і нават жахлівай. Без гэтага будаваць лепшае жыццё немагчыма.

У адрозненне ад іншых народаў свету ў беларусаў і расіян няма трывалай традыцыі адчуваць сябе стваральнікамі гісторыі, мець непарыўную сувязь з продкамі. Нарадзіўся, паіснаваў з горам напалам, а там і трава не расці. Што было да мяне, што будзе пасля — нас не калыша. Так жыве вялікая частка грамадства.

Гісторыю, змену пакаленняў лягчэй за ўсё прасачыць на прыкладзе сваёй сям’і. Але што ведаюць дзеці і ўнукі пра продкаў, калі мы самі не можам успомніць іх далей за трэцяе, чацвёртае калена? Хто з нас вызнаў выдатныя чалавечыя якасці старэйшых, каб перадаць іх наступнікам? Вінаваты ў гэтым не толькі рэвалюцыі, войны, але і беспамяцтва, душэўнае лайдацтва…

Думаю, што ўсе жадаюць дабра і шчасця нашчадкам. Наш абавязак — дапамагчы ім стаць лепшымі, чым мы. Для гэтага ў маці і бацькі, у бабулі і дзядулі ёсць магчымасці. Дзяліцеся залацінкамі дабрыні і мудрасці, якія назапасіла вашая душа, не стамляйцеся з любоўю і надзеяй прамаўляць: «Давай, мой сынок!», «Удачы табе, мілая ўнучачка!»

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

«Генералы» ідэалагічнага фронту

Адыходзячая натура

Боўтанне ў балоце

Заштампаванае жыццё

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.