TOP

Гонка за чэмпіёнствам

Цяпер, калі аціхлі эмацыйныя ўсплескі радасці або засмучэння ад яркіх, дынамічных падзеяў на ХХІІІ Алімпійскіх зімовых гульнях, можна спакойна паразважаць пра спорт і яго ролю ў жыцці асобных людзей, краін і ўсяго чалавецтва.

Мой роздум не прэтэндуе на грунтоўны разгляд, а толькі перадае назіранні і пачуцці шараговага гледача вялікіх спартыўных спаборніцтваў, звычайнага грамадзяніна Беларусі. Радуюся тым, што на Алімпіядзе ў нашай краіны добрыя вынікі — два залатыя медалі і адзін сярэбраны. Тыя спартсмены, хто па паказчыках апынуўся ніжэй, таксама выступілі няблага. Пра гэта сведчыць пятнаццатае месца ў камандным заліку з 92 краін, якія ўдзельнічалі ў свяце спорту. Няма сумніву — камусьці з суайчыннікаў хацелася большага, але і таго, што дасягнута, дастаткова.

Даўно казаў і застаюся пры сваёй думцы, што ніколі не трэба рабіць са спартсменаў адзіных ратавальнікаў іміджу Беларусі. Акрамя іх у нас ёсць яшчэ шмат выдатных людзей у іншых сферах жыцця, якімі можна ганарыцца. Перабор карысці не прыносіць. Але тым больш недапушчальна, калі на тых, хто няўдала выступіў на чэмпіянаце або алімпіядзе, начальства абрынае усе перуны і маланкі, робіць нейкімі зламыснікамі. Што ж, такое бывае, гэтым разам удача адвярнулася. Нічога страшнага, праз пэўны час атрымаецца лепей.

Мяне больш хвалюе не колькасць заваяваных медалёў, а іншае. Напрыклад, тое, што дух дружбы, пра які пастаянна талдычаць спартыўныя чыноўнікі, імкліва знікае з алімпійскага руху.

Да нядаўняга часу палітыкі разводзілі дэмагогію: то не трэба змешваць спорт з палітыкай, то спорт — гэта палітыка. Трэнеры і спартсмены таксама адхрышчваліся: «Гэта проста хакей!», «Мы толькі футбалісты. Мы не хочам узнімаць рэйтынг дыктатараў». Але жыццё паказала, што спорт несумненна паглыбляе палітычныя страсці і супрацьстаянне ў свеце.

Зразумела, што ў спорце сяброўства можа быць толькі паміж асобнымі спартсменамі. Між краінамі яно выключана, бо ідзе жорсткая канкурэнцыя. Але падаецца, што атмасфера таварыскасці, якая заўсёды была на алімпіядах прыкметнай, страчвае пазіцыі. Разлад у звыклы святочны настрой уносяць аўтарытарныя краіны, некаторыя кіраўнікі якіх лічаць сябе прафесійнымі спартсменамі і бачаць спаборніцтвы ваеннымі баталіямі. Яны могуць спакойна глядзець, як топчацца на месцы або адкатваецца назад айчынная эканоміка, як бяднее і скарачаецца насельніцтва, як спаўзаюць у дэградацыю адукацыя і культура, але няўдачы ў спорце даводзяць іх да шаленства.

Аўтакраты, калі не хапае прафесіяналізму і майстэрства, настроены на «гульню без правілаў». Такімі паводзінамі вызначаецца Расія, дзе спорт — «наше всё». Ранейшыя скандалы з ужываннем допінгу прывялі да таго, што краіна не выступала на Алімпіядзе пад сваім сцягам. Інцыдэнты здарыліся і ў Пхёнчхане. Паталагічных хлусаў, якія ўліплі з Крымам і Данбасам, ніхто і нішто не можа перавыхаваць. А калі няма чым апраўдацца, то ўсё спісваецца на ворагаў, на спецслужбы ЗША. Амерыканскі біятланіст Л. Бэйлі пасля чарговага выкрыцця сказаў: «З імі ўсё ясна — рускія заўжды будуць прымаць допінг». Блогер В. Зайдман, які жыве ў Германіі, піша: «Вроде как на выборах — те же махинации и подтасовки. Только там подменяют бюллетени, а здесь — баночки с мочой. Понятно поэтому, что для Путина отстранение России от участия в Олимпиаде — даже большее унижение, чем исключение страны из G8, клуба развитых стран». Але, як спяваюць замбіраваныя расіяне ў самадзейным творы, «Путин никогда не сдается, и я тоже не сдамся, все равно мы прорвёмся». У адказ на перажыты сорам расійскае кіраўніцтва арганізоўвае ў Сочы «альтэрнатыўную алімпіяду», дзе за перамогу спартсменам будзе выплачвацца па 4 мільёны рублёў.

У Беларусі спорт таксама ў пашане і нават стаў для аўтарытарнага рэжыму нечым накшталт рэлігіі. Калі бачыш, як правіцель «дае накачку» трэнерам, абмяркоўвае пытанні хакея або футбола, разбірае па костачках спартсменаў, чым ніколі не займаюцца іншыя прэзідэнты, то ствараецца ўражанне, што галоўныя праблемы ў краіне вырашаны, засталося толькі наладзіць для народа відовішчы. Але ж гэта не так. Ці можа краіна з нізкім дабрабытам у 70-ці працэнтаў насельніцтва кідаць велізарныя бюджэтныя грошы на правядзенне розных чэмпіянатаў, утрыманне безлічы стратных пампезных спартыўных збудаванняў? Здаецца, чым болей сродкаў убухваецца ў спорт, тым вынікі павінны быць лепшымі. Але так якраз і не выходзіць! Пытанне «Ці туды ідуць грошы?» застаецца актуальным. Несумненна тое, што спартыўныя збудаванні павінны быць дэмакратычнымі, даступнымі кожнаму школьніку і студэнту, а прасцейшыя пляцоўкі можа мець любы двор, як гэта робіцца ў іншых краінах. У нас жа элітнымі аб’ектамі карыстаецца толькі вузкае кола людзей.

Я выдатна разумею спартсменаў, якім хочацца, каб у краіне праводзілася шмат спаборніцтваў, дзе можна вызначыцца, атрымаць узнагароды. Але ў астатніх грамадзян ёсць таксама свае патрэбы і праблемы. Пра іх неабходна не забываць.

Правіцель выкарыстоўвае спорт для піяру і ўзняцця ўласнага прэстыжу на міжнароднай арэне. Каб была масавасць, чыноўнікі пастаянна зганяюць на спаборніцтвы студэнтаў і школьнікаў, нават працаўнікоў фірмаў, устаноў. Дарэчы, гэта тычыцца не толькі міжнародных, але і мясцовых спартыўных баталій, асабліва з асабістым удзелам кіраўніка. Раней такія захады па забеспячэнні масавасці практыкаваліся тады, калі ў Беларусь прыязджалі самыя высокія замежныя госці.

Кожнаму аўтакрату хочацца быць заўсёды першым, паказваць сілу, насіць майку чэмпіёна. Але спорт, хоць і ўзвышае правіцеля ў вачах жыхароў планеты, ды часам прыносіць дыскамфорт. Ён нагадвае, што галоўны змест у ім — канкурэнцыя. Грамадзяне Беларусі пытаюцца, чаму яна ёсць у спорце, які так любіць кіраўнік, але няма ў палітыцы, эканоміцы, сродках масавай інфармацыі?

Увогуле, нельга ператвараць спорт у камерцыю, у гандаль таленавітымі людзьмі, у нешта падобнае на баі гладыятараў або вайсковыя аперацыі. Яшчэ варта заўважыць, што яму служыць малы пласт грамадства. Большасць людзей ставяцца да спорту нейтральна, бо для здароўя намнога важней элементарныя фізкультурныя практыкаванні.

Спорт — гэта ўсё ж асабістая справа канкрэтнага чалавека. Сёння фраза «Отстояла честь страны!» выклікае зразумелую ўсмешку. Дзе лепшыя ўмовы для трэніровак і больш плацяць, туды спартсмены і ідуць!

Калі Нарвегія (5, 233 млн чалавек) атрымала больш за ўсіх медалёў, то гэта не азначае, што тым самым пасля алімпіяды стала супердзяржавай, прэтэндуе на веліч. Але яна была і застанецца прыстойнай, самадастатковай краінай.

Пра нарвежцаў, якія занялі на алімпіядзе першае месца, магу сказаць толькі адно — якраз не мы, а яны жывуць спакойна, стабільна і заможна, не тузаюцца ў пошуках унутраных і знешніх ворагаў, не шукаюць тых, на каго можна спісаць уласныя памылкі і няўдачы. У іх хапае мудрасці і творчага патэнцыялу, каб мець выніковую эканоміку, выдатны дабрабыт для ўсіх грамадзян і моцных, падрыхтаваных спартсменаў.

Дэмакратыя, якую афіцыйныя асобы ў Беларусі і Расіі зрабілі пудзілам для запалоханых людзей і на ўсе лады яе праклінаюць, ніяк не перашкаджае, а толькі дапамагае бліскучаму поспеху нарвежцаў.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Мёртвая фаза

«Давай, сынок…»

«Генералы» ідэалагічнага фронту

Адыходзячая натура

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.