TOP

Наперадзе паравоза

Маральнае разбэшчванне грамадства пры аўтарытарызме вядзе да таго, што меркантыльныя кан’юнктуршчыкі і паталагічныя падхалімы заўжды «бягуць наперадзе паравоза». Шакіруе нават не выпендрыванне тых, хто дарваўся да высокай улады, бо з імі ўсё зразумела, а імгненная гатоўнасць нізоў аблізваць чарговага «цара».

Маючы за плячыма жыццё пры розных кіраўніках, я часта задумваўся: калі ж у Беларусі і Расіі знікне халопская завядзёнка? Прыйшоў да высновы — ніколі. Новым сведчаннем стаў ліслівы выраз «наш президент», які гуляе ў інтэрв’ю чыноўнікаў, у афіцыйных сродках масавай інфармацыі, асабліва на мясцовым тэлебачанні.

Па-першае, упэўнены, што грозны цыркуляр з адміністрацыі кіраўніка, у якім бы патрабавалася называць яго «наш», не быў спушчаны. Ініцыятыва належыць падначаленым, заклапочаным тым, як бы лепш выслужыцца. Здольнасцяў на дасягненне вынікаў у рэальных сферах гаспадарання ў іх не хапае, а таму пішчом лезуць у згубнае балота халуйскага словаблуддзя. Па-другое, няўжо адміністратыўныя і ідэалагічныя службоўцы лічаць, што ў нас жывуць адны зомбі і дэбілы, што нармальныя людзі не бачаць лізаблюдскіх вывертаў? Па-трэцяе, ні ў якой краіне прэзідэнт не можа быць «нашым», бо пэўная частка грамадства хоча бачыць на гэтым важным месцы чалавека з іншым інтэлектам, культурай і маральнымі якасцямі. Па-чацвёртае, гісторыя сведчыць, што гульні ў раздзіманне культу асобы дабром не заканчваюцца, яны набліжаюць палітычнае фіяска як правіцеля, так і грамадства. Сёння, як толькі чуеш «наш президент», дык адразу згадваеш іншы выраз, што гучаў у нацысцкай Германіі, а прад вачыма плывуць кадры старой кінахронікі, якія перадаюць татальнае ачмурэнне людзей.

Сталінскі тэрор не быў бы такім пачварна маштабным і крывавым, калі б «наперадзе паравоза» не беглі сотні тысяч даносчыкаў і стукачоў, многія з якіх мелі меркантыльныя мэты (засяліцца на вызваленую жылплошчу, прысабечыць маёмасць, атрымаць грашовыя ўзнагароды і г. д.), калі б тысячы следчых карных органаў дзеля прасоўвання па службе не прыдумвалі міфічныя контррэвалюцыйныя, антысавецкія арганізацыі, не перавыконвалі даведзеныя зверху планы па арышту «нямецкіх, японскіх, англійскіх, польскіх, фінскіх, румынскіх і іншых шпіёнаў», выбіваючы самаагаворы садысцкімі метадамі. Амаральную атмасферу таго часу дакладна перадае выраз «Лучше стучать, чем перестукиваться», які нарадзіўся ў СССР у перыяд прымусовай калектывізацыі і знясільваючай індустрыялізацыі.

Чалавечы свет, якому безліч стагоддзяў, застаецца недасканалым, маральна няўстойлівым. Нават адукаваным, культурным людзям, узброеным высокімі тэхналогіямі, уласцівы вар’яцкія прыступы пакланення палітычным ідалам. Хранічная хвароба паўтараецца.

Наогул, цяпер надышоў перыяд глабальнай дэфармацыі маралі, што бачна на прыкладзе аўтакратаў. Нявыхаваныя, малаадукаваныя, несумленныя і нахрапістыя людзі, якія захопліваюць уладу шляхам папулісцкіх абяцанак, адразу выкарыстоўваюць магчымасці, што перад імі адкрыліся, не на карысць развіцця грамадства, а для падаўлення канкурэнтаў і ўласнага абагачэння, рэалізуюць любыя жаданні, схаваныя ў цёмных кутках іхніх душаў. Не сустракаючы народнага супраціву свайму вычварэнству, яны становяцца на шлях татальнай усёдазволенасці.

Пакуль простыя людзі прыстасоўваліся да аўтарытарызму, думалі, што ён пасля распаду СССР дапаможа лягчэй прайсці пераходны перыяд, у Беларусі ціхай сапай адбылася дзялёжка агульнанароднай маёмасці, кансервацыя заканадаўчых, адміністратыўных і іншых умоў для камфортнага існавання наменклатуры, сілавікоў і прыўладных бізнесоўцаў. Цяпер гэтак званая «эліта», якая грузне ў карупцыі і крадзяжах, услаўляе свайго забранзавелага дабрадзея, а бедны люд вышуквае спосабы, як дагадзіць драбнейшым начальнікам, каб выжыць. За доўгі час існавання сістэма, якая вырасла на хлусні і рэпрэсіях, апрабавана да апошняй гайкі, і разбурыць яе можна толькі зменай палітычнага ладу.

Бегучы наперадзе паравоза ў патуранні прыхамацяў правіцеля, чыноўнікі і само насельніцтва «дасягнулі» таго, што ні палітыкі, ні выбараў у нас няма, а ёсць паліттэхналогіі і прапаганда, якія забяспечваюць нязменнасць улады.

Пастаянна забягаюць наперад прадстаўнікі сілавога апарату, якія на рэпрэсіўным «перабдзенні» зарабляюць прэміі, «зорачкі» і новыя пасады. Прыклады непатрэбнага, абсурднага перавыканання начальніцкіх камандаў часта дэманструюць кіраўнікі прадпрыемстваў, фірмаў, ВНУ, гімназій, школ. Вялікае жаданне быць «свяцей папы рымскага» так і тузае «няўрымслівыя душы».

Мяне асабліва абурае ідэалагічны дыктат і адміністратыўны прымус у стаўленні ўлады да моладзі. Паводле многіх цыркуляраў юнакі і дзяўчаты пазбаўляюцца свабоды выбару. Іх заганяюць у пракрустава ложа «адзіна правільнай сістэмы», якая працуе ў рыўковым рытме выканання бясконцых даручэнняў прэзідэнта.

Заходнія палітыкі, прадпрымальнікі, журналісты таксама «бягуць наперадзе паравоза», бо, разглядаючы палітычнае, эканамічнае і сацыяльнае жыццё ў Беларусі, часта выдаюць жадаемае за сапраўднае. Нядаўна сваё захапленне выказалі прадстаўнікі бізнес-выдання Forbes Т. Пост і А. Штэйманс: «Мы поражены калибром реформ, которые затеял президент Лукашенко… Увидев своими глазами ПВТ, центр разработки глобального игрока Juno, окунувшись в будущее с основателями Synesis, через пургу и снегопад посетив мега-проект «Великий камень» — мы с уверенностью можем сделать вывод: Беларусь стоит в преддверии экономического рывка, как «азиатские тигры» в 90-е».

Ну, што ж, як кажуць: «Каб жа чутае, ды Богу ў вушы!» Ніхто не супраць развіцця роднай краіны. Але ўсё ж у беларусаў закрадаецца ў душу сумненне, бо гэта мы ўжо чулі, і не раз. Бяда ў тым, што «беларускаму эканамічнаму тыгру» надта цяжка прабівацца праз «пургу и снегопад» бюракратызму, праз жалезабетон указаў, дэкрэтаў і інструкцый. Жорсткая камандная сістэма — не лепшы грунт для свабоды думкі і самастойнага прадпрымальніцтва.

Я заўважыў, што думка прадстаўнікоў Forbes і нядаўняе пасланне У. Пуціна Федэральнаму сходу падобныя. У абодвух выпадках фігуруюць амбіцыі двух аўтакратаў. Толькі, што тычыцца беларускага, то яго грандыёзныя пражэкты, як было не раз, могуць скончыцца проста мірным пшыкам, а вось паводзіны расійскага галоўнакамандуючага выклікаюць вялікую трывогу ва ўсім свеце, бо, нягледзячы на ягоную мульцяшную фанабэрыю, ракеты з ядзернымі боегалоўкамі, якімі б недасканалымі ні былі, маюць здольнасць выбухаць і валодаюць гіганцкай разбуральнай сілай. Тут іранізаваць ніяк не выпадае…

Напрыканцы роздуму будзе дарэчы мой верш «Палітыка»:

Залы, святлом залітыя,
Слоў трыбунных цвікі…
Гэта не ўся палітыка,
Гэта толькі вяршкі.

Праўда не мае літасці,
Кажа ўсім: «Не грашы!»
Смела вершыць палітыку
Сорам збалелай душы.

Трэба не бегчы наперадзе паравоза ў патуранні злу, а кожнаму чалавеку набываць унутраную свабоду, смеласць, мужнасць і няспынна ўздзейнічаць на ўладу — толькі так грамадзянская супольнасць можа забяспечыць пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Гонка за чэмпіёнствам

Мёртвая фаза

«Давай, сынок…»

«Генералы» ідэалагічнага фронту

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.