• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

Беларуская рулетка

Складана дасягнуць перспектыўнай мэты, калі душа чалавека стала нібыта клубок, у якім хаатычна спляліся ніці разгубленасці, адчаю і кволай надзеі. Для таго каб разблытаць яго, у большасці насельнікаў Беларусі дагэтуль не хапае нацыянальнай свядомасці, палітычнай культуры, грамадзянскай смеласці і нават элементарнага жадання.

Здавалася б, народ, які мае высокі ўзровень адукаванасці і часта выяўляе здольнасці ў важных галінах развіцця навукі, у распрацоўцы новых тэхналогій, павінен быў бы пасля развалу таталітарнага СССР імкнуцца будаваць дэмакратычнае, прававое грамадства. Замест гэтага беларусы, валодаючы значным эканамічным і інтэлектуальным стартавым капіталам для прарыву ў лепшае жыццё, бяздарна скаціліся ў аўтарытарызм. А ён не заахвочвае людзей думаць пра ўласны лёс і будучыню незалежнай Айчыны, прымаць разумныя рашэнні, бо грунтуецца на камандах.

Кепская падрыхтаванасць беларусаў да самастойнага жыцця не дазваляе з годнасцю адказваць на выклікі дынамічнага, складанага ХХІ стагоддзя. Яны, напалоханыя палітычнымі і сацыяльнымі ўзрушэннямі ў свеце, ухапіліся, як за ратавальную саломінку, за начальніка-папуліста і выдуманую ім «стабільнасць».

У рэальнасці стан краіны хісткі, бо трымаецца не на развітай эканоміцы, а на замежных пазыках і самаўсхваляльнай прапагандзе. Мільёны людзей вызначаюць цану яму мізэрную, такую, як іхнія зарплаты і пенсіі, але мірацца. Яны гуляюць у «беларускую рулетку».

Гэта не азначае, што суайчыннікі адмовіліся ад «рускай рулеткі», дзе на кон ставіцца жыццё канкрэтнага чалавека. СМІ час ад часу даносяць звесткі пра чарговыя трагічныя выпадкі. Напрыклад, у студзені мінулага года ў вёсцы Цімоніна Валакаламскага раёна Маскоўскай вобласці ў час распіцця з сабутыльнікам спіртных напояў пакруціў барабан рэвальвера і стрэліў сабе ў скронь 36-гадовы беларус.

Але «беларуская рулетка» — гэта гульня абсалютна іншая, незвычайная сваім размахам. У адрозненне ад «рускай рулеткі», дзе задзейнічаны адзін чалавек або невялікая група людзей, тут удзельнічае цэлы народ. Для гульні ў «беларускую рулетку» не патрэбна ніякай рызыкі, рашучасці і смеласці. Самі «дзеючыя асобы» нічога не робяць, за іх круцяць «барабан» і націскаюць на «курок» іншыя, а яны толькі тупа глядзяць на працэс і чакаюць шчаслівага выніку.

У час гульні ў «рускую рулетку» ў барабане шасцізараднага рэвальвера звычайна можа быць адзін, два, тры патроны, астатнія ячэйкі — пустыя. Шанц злавіць кулю нават з адным патронам вялікі — роўны 70%. Але тут усё ж ёсць выбар: смерць або жыццё. У выпадку «беларускай рулеткі» пустых ячэек няма.

Пра фатальную сітуацыю для беларусаў нагадала валтузня з чарговым рэферэндумам. Ніхто яшчэ не ведае, што за пытанні будуць на яго вынесены, але абмеркаванне ў СМІ ідзе поўным ходам. Прытым правіцель, які, відаць, толькі адзін ведае сапраўдную мэту мерапрыемства, і яго вымуштраваная абслуга загадзя ўпэўнены ў выдатных для сябе выніках.

А чаго хвалявацца? Рашае не народ, а яны. Любая галіна жыцця паказвае, што ўсюды працэсы адбываюцца не на карысць простага чалавека, а для камфортнага дабрабыту прадстаўнікоў улады.

Амаль 24 гады краінай кіруе адзін чалавек. Спачатку мы чулі: «Я пришел всерьёз и надолго», але амбіцыйная фраза ў паўсядзённасці перарабілася на іншую: «Я пришел навсегда». Такім чынам «замарынаваліся» ўсе: правіцель ва ўладзе, а беларусы — у абыякавых адносінах да свайго лёсу, да сям’і, да Айчыны. Паўтараецца адно і тое ж: пазалочаная хлусня, фантастычныя абяцанкі — і хранічнае невыкананне сказанага. Тое, што новыя планы — гэта пустая балбатня, добра ведаюць і правіцель, і насельніцтва, але робяць прыгожую міну пры кепскай гульні, вяла дэманструюць нейкае падабенства з нармальным жыццём.

У той жа час мы дажыліся да таго, што не маем умоў для цывілізаванай, спакойнай і бяскроўнай змены ўлады. Нам прапануецца «беларуская рулетка», у якой «барабан» запоўнены цалкам негатывам: гэта і далейшае кіраванне нязменнага «правадыра», і перадача ўлады ў спадчыну, і захоп трона прадстаўніком чыноўніцкіх або сілавых кланаў, і завуаляваная «прысылка» вышэйшага начальніка з Усходу, і паглынанне Расіяй незалежнай краіны цалкам або з захаваннем шасці абласцей. Няма толькі ячэйкі з сапраўднымі прэзідэнцкімі выбарамі, у якіх удзельнічаюць некалькі прыстойных кандыдатаў, а паміж імі адбываюцца змястоўныя дэбаты, цікавае палітычнае спаборніцтва.

Цень «беларускай рулеткі» знішчальна ляжыць на эканоміцы. У нас цяжка знайсці прадпрымальніцкую нішу і замацавацца ў ёй. У любую хвіліну ўлада можа памяняць або парушыць закон і адабраць нажытае, прытым не выключана, што абярэ да ніткі. Чалавек, які апёкся, сто разоў падумае, перш чым асмеліцца распачаць новы праект. Пры такім парадку нармальнага эканамічнага развіцця дасягнуць немагчыма.

«Беларуская рулетка» прывяла да таго, што насельніцтва абыякава ставіцца да роднай мовы, да нацыянальнай адукацыі і культуры, да свабоды думкі і слова, не абараняе іх ад цемрашалаў. А мне часта згадваюцца словы вядомага расійскага пісьменніка А. Бітава: «Только на родном языке можно петь, писать стихи, признаваться в любви… На чужом языке, даже при отличном его знании, можно лишь преподавать язык, разговаривать о политике и заказывать котлету. Один язык у человека — два языка не покажешь».

Слушнае меркаванне падводзіць да думкі, што сёння многія беларусы страцілі здольнасць быць самімі сабой, адкрыта выказваць шчырыя пачуцці, паважаць сябе і іншых. А тут яшчэ падпірае сумная дэмаграфія. У 1996 годзе ў Беларусі было 10 мільёнаў 117 тысяч чалавек, а на 1 ліпеня 2017 года мелася толькі 9 мільёнаў 495 тысяч 500 жыхароў.

Я ведаю шмат песімістаў, якія так і кажуць: «Хопіць займацца пахвальбой. Давайце прызнаемся, што мы — няжыццездольны народ, слабакі, якія не хочуць і не могуць існаваць свабодна і разумна. А таму пойдзем пад крыло мацнейшых, ужо няважна куды — на ўсход або на захад. Проста далей ад тутэйшага абсурду і няпэўнасці».

Пра аўтарытарны гвалт і «беларускую рулетку» ведаюць заходнія палітыкі. Але многія пагаджаюцца з тым, што ў іхнім доме — дэмакратыя, а ў нашым — аўтарытарызм. На дадзеным этапе так выгадна. Прагматычны цынізм Захаду ў стаўленні да Беларусі — яшчэ адна прычына для нашага хутчэйшага грамадзянскага сталення.

Тым, хто падсеў на «беларускую рулетку», сапраўды не верыцца ў нашую вялікую жыццёвую сілу. Але яна ёсць, пра што сведчаць айчынная гісторыя і сучасныя прыклады розуму, таленту, смеласці і мужнасці жыхароў краіны.

Хопіць гуляць у «беларускую рулетку»! Не трэба палохацца перамен, бо на гэта нам паказвае сама прырода. Без зруху, хай маленькага або нават з мінусам, нічога ў жыцці не вершыцца. Мінус не можа панаваць вечна, ён абавязкова мяняецца на плюс.

Мы неўміручыя, як родная зямля. А яна святкуе вясну:

Зямля спорна вершыць
Спрадвечны свой круг

І з выраю птушак гукае.

Насенне паклікаў
Прытомлены плуг.
Ралля не чакае…

Гадоў, што мінулі,
Не скінуць з плячэй,
За імі і сум прыблукае,
Ды просіцца песня
На волю хутчэй.
Душа не чакае…

Хоць раптам адчай
Запануе ў крыві,
Што зробіш тут —
Доля такая.
А ты не здавайся,
Любі і жыві.
Жыццё не чакае…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Зачыненыя дзверы

Айчына і начальнікі

Грошы на смерць

Наперадзе паравоза