TOP

Знявечаная спадчына

На схіле веку чалавек усёй істотаю адчувае, што час наступае яму на пяты. Дзень, які ў маленстве ўяўляўся бясконцым, пралятае імгненна. Асабіста мне пра хуткаплыннасць лёсу, пра ўнікальнасць і безабароннасць зямнога жыцця нагадвае Чарнобыльская катастрофа, хоць для некага яна — гістарычная падзея.

На Сусветным форуме паэтаў, філосафаў і гісторыкаў, які адбыўся ў 1997 годзе, мне пашанцавала рабіць прагулкі па скверах і парках Вашынгтона, гутарыць з выдатным расійскім акцёрам, рэжысёрам кіно Раланам Быкавым. Адной з тэмаў была роля культуры ў беражлівым стаўленні чалавека да прыроды. А пасля прачытаў у дзённіку майстра: «Он всегда относился к ней как непутевый сын к матери: она и любила, и кормила, и радовала, и красоту дала… А он… ничего; мать любит — поймет да простит… Умирать стала природа — что делать будем? Загадили, запаршивели, извели…

Мы с умилением сегодня смотрим на природу с чувством ностальгии, как на свое безвозвратно потерянное прошлое…

Спасение — в сохранении гармонии, сбережении синкретического сознания в разумном отношении к природе и к себе как к ее части…»

Ралан Антонавіч праводзіў думку, якая застаецца непачутай чалавецтвам: лепш паводзіць сябе такім чынам, каб захаваць здароўе планеты і яе насельнікаў, а не зводзіць усё да татальнага лекавання хваробаў. Культура — як паняцце шырокае — тычыцца ўсяго, і найперш — стасункаў чалавека з акаляючым асяроддзем, з іншымі людзьмі і з самім сабой.

Нехта скажа: чаго хвалявацца, наша Зямля — вечная, ды і што можа зрабіць голас і клопат аднаго чалавека ў вырашэнні такой глабальнай праблемы, як захаванне планетарнай экалогіі? У гэтым меркаванні, нібы ў адным флаконе, прадстаўлены абыватальскі аптымізм і песімізм, ды рэаліі жыцця абвяргаюць іх.

Працэсы, якія адбываюцца ў прыродзе, устрывожылі жыхароў розных краін свету. Бачна, што клімат мяняецца, прыносячы негатыўныя вынікі. Нават на прыкладзе Еўропы, на якую абрынуліся раней не бачаныя паводкі, спёка, лясныя пажары, можна пераканацца ў гэтым. Такія ж катаклізмы прыйшлі ў Азію, Афрыку, Паўночную і Паўднёвую Амерыку. Тэлегледачоў шакіруюць дакументальныя кадры, якія паказваюць маштаб і шалёныя тэмпы таяння горных снегавых шапак і ледавікоў, вечных ільдоў у Арктыцы і Антарктыцы. Кожнаму ёсць над чым падумаць і выявіць сваё жаданне паўдзельнічаць у захаванні экалагічнай стабільнасці.

Ад людзей залежыць, як пойдуць далей разбуральныя працэсы — збаўляць хуткасць або нарастаць? Найперш паляпшэнню сітуацыі спрыяе сумленнае экалагічнае рэгуляванне ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, строгі кантроль за выкідамі і скідамі, устаноўка новага абсталявання. Дарэчы, на 90% мы карыстаемся тэхнічным патэнцыялам, які застаўся ад часоў СССР.

Прадстаўнікі прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці апраўдваюцца тым, што ім трэба зрабіць камфортным жыццё мільёнаў людзей, апрануць, абуць і накарміць, а для гэтага неабходна выкарыстоўваць рэсурсы, нечым ахвяраваць. Вопыт разумнага экалагічнага гаспадарання, які ёсць у свеце, імі пераймаецца марудна. Але ў тым, што нявечыцца прыродная спадчына і пакутуюць людзі, вінаватыя не толькі яны.

Менавіта пры аўтарытарызме, калі адзін чалавек або апякаемыя ім кланы бескантрольна распараджаюцца ўсёй зямлёй і нерухомасцю, узніклі многія праблемы. Адной рукою на суботніках, якія сталі чыноўніцкім цыркам, садзяцца лясы, а другою высякаюцца скверы, паркі ў гарадах, каб узвесці офісы, казіно, гандлёвыя і забаўляльныя цэнтры. А тут жа жыве большасць насельніцтва краіны!

Сквапныя забудоўшчыкі ўціскваюцца нават у двары спальных раёнаў, бо пад рукой — камунікацыі, таму будаваць танней, а прадаць можна па самых высокіх коштах. З такіх звыклых, сістэматычных парушэнняў законаў вырастаюць маштабныя злачынствы.

Каб захавацца як мага даўжэй, аўтарытарны рэжым раздае абяцанкі лібералізацыі, займаецца махінацыямі і шантажом, свядома ідзе на сумніўныя эканамічныя гешэфты, выкарыстоўвае любыя магчымасці для атрымання дапамогі або пазык ад Расіі, Усходу і Захаду. Яго меркантылізм скіраваны не на павышэнне народнага дабрабыту, а на ўласныя мэты. У палітыку «жыцця адным днём», якую ўзяў на ўзбраенне не толькі правіцель, але і сотні тысяч яго памагатых (чыноўнікі, дэпутаты, сілавікі, бізнесоўцы), упісалася і будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Родная зямля на многія стагоддзі займела больку ад чарнобыльскага «мірнага атама». Пра тое, якімі радыенуклідамі яна засыпана, сказана і напісана шмат. Часта публікуюцца змрочныя прароцтвы, правяраць якія ўласным лёсам будуць нашчадкі. Я памятаю вочы хворых дзяцей, якім дзясяткі разоў перадаваў патрэбныя лекі, прывезеныя з-за мяжы.

Дакладна высветліць шкоду, якая нанесена нацыі і яе генетычнаму коду, не ўдасца. Можна толькі канстатаваць яўнае пагаршэнне здароўя (анкалагічныя захворванні, удар па касцях, ад якога асабліва пакутуюць жанчыны, абвастрэнне хранічных хваробаў). Медыкі, запалоханыя ўладамі (савецкай і цяперашняй), крыху разняволіліся і пачалі гаварыць пра наступствы жахлівай аварыі больш адкрыта і праўдзіва.

Цяпер у знясіленай Чарнобылем краіне без згоды людзей узводзіцца новы «монстр». Ён небяспечны сам і падкідае складаную праблему ўтылізацыі адыходаў. Нягледзячы на супакойваючыя абяцанкі зацікаўленых асобаў (палітыкаў, вытворцаў і вучоных) Астравецкая АЭС застаецца «катом у мяху». Калі ў выразе перанесці націск у першым слове на першы склад, то атрымаецца «катам». Паэту, які працуе са словам, добра вядома, што часта дзіўныя моўныя метамарфозы станавіліся явай. Бачачы разгул абыякавасці, разгільдзяйства і амаральнасці, які пануе ў Беларусі і Расіі, асабіста ў мяне даверу да будаўнікоў і будучых эксплуатацыйнікаў АЭС з дзвюх краін няма. Дай Божа, каб я памыліўся!

У паэмах «Чорная быль», «Зязюля» і іншых творах я асэнсоўваў вострыя праблемы: ратаваць трэба не толькі фізічнае здароўе нацыі, але і нашую грамадзянскую годнасць, родную мову, культуру, мараль. Словам, спадчыну «ад прадзедаў», якую ўславіў неўміручы Я. Купала. Адчуванне складанай сітуацыі перададзена ў вершы «Я ўрастаю ў зямлю…»:

Я стаю на зямлі,
што ў чарнобыльскім прыску,
І нікуды адсюль не сысці,
не ўцячы…
Беларускага лёсу
святую калыску
Накрываюць,
як крэпам,
крылом крумкачы.

Я стаю там,
дзе некалі юна сваволіў,
Дзе па шчасце ляцеў са сваёй чарадой.
Што адкрыла за век нехлямяжая доля?
Толькі тое,
што роўныя мы прад бядой.

Узнімаецца вецер…
Падхоплены попел
Асыпаецца зноў на маю сівіну.
Я ўрастаю ў зямлю,
дзе жыцця мне не хопіць
Замаліць і сваю,
і чужую віну.

Можа, і не паспею,
але маю права
Той малітвы прамовіць хоць першы радок,
Бо не ўся
і не ў гэтым сярмяжная праўда,
Што дасць вечную волю
магільны грудок.

Я хацеў волю мець,
прагнуў быць чалавекам
Тут,
дзе сонца,
дзе спеляць надзею палі.
Дамавіны маёй зарыпіць хутка века,
Нібы радасны крык крумкачоў:
«Не далі!»

Я памру не ад хлеба з мякінай атруты,
Не ад горкай вады,
не ад хіжых грыбоў.
Быў любоўю да крэўнага краю прыкуты,
І мяне даканае таксама любоў.

Нават смерцю
айчыннае поле люблю…
Я ўрастаю ў балесную нашу зямлю.

Думаецца, што верш, народжаны два дзесяцігоддзі назад, застаецца актуальным…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Міласэрнасць за чужы кошт

Беларуская рулетка

Зачыненыя дзверы

Айчына і начальнікі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.