TOP

Хмары над незалежнасцю

Даўно пішу і кажу ў публічных выступленнях пра тое, што ў большасці сучасных насельнікаў Беларусі кароткая памяць. Падставу для такой радыкальнай высновы даюць многія падзеі, якія адбыліся ў краіне пасля набыцця ёю незалежнасці, і ўласная жыццёвая практыка.

Крытыка патрабуе ад аўтара не быць галаслоўным, таму раблю гістарычны экскурс. У пачатку 90-х гадоў я, як і многія грамадзяне, выступаў супраць увядзення інстытута прэзідэнцтва, бо лічыў, што пасля сталінскай дыктатуры і «мяккага» таталітарызму, маючы нізкую палітычную культуру, для нас лепшая форма праўлення — парламенцкая рэспубліка. Беларусам трэба было прывыкнуць жыць пры дэмакратыі, якая толькі нараджалася.

Засяроджанне ўлады ў руках аднаго чалавека, як правіла, прыводзіць да аўтарытарызму або дыктатуры. Гэты пастулат пацвярджала маё вывучэнне палітычнага вопыту СССР, а таксама Германіі. Зразумела, што пры «жалезнай заслоне», якая аддзяляла Усход ад Захаду, спачатку была ГДР (1974 год) з на той час нават больш жорсткім, чым у Савецкім Саюзе, ідэалагічным наглядам, адладжаным да дасканаласці вышукам штазі (органы дзяржаўнай бяспекі). У ФРГ, дзе існавала дэмакратычная сістэма, я трапіў у 1988 годзе. Але і тут, хоць рэдка, ды выяўляліся сляды былой гітлераўскай дыктатуры, нацызму. Самому давялося не раз бачыць і чуць неафашыстаў. Вось адкуль нарадзілася мая засцярога, катэгарычнае непрыняцце інстытута прэзідэнцтва.

Пасля публікацый у газеце «Народная воля», у якіх выступіў супраць заканадаўчага новаўвядзення і канкрэтных кандыдатаў на вышэйшую пасаду, на мяне пасыпаліся ананімныя тэлефонныя і пісьмовыя пагрозы. Двойчы рэдакцыю часопіса «Полымя», дзе працаваў галоўным рэдактарам, уначы грамілі невядомыя асобы (пазней незалежнае расследаванне іх выявіла). Гэта сведчыла, што за ўладу ідзе сур’ёзная вайна.

Прэзідэнцтва ўводзілася няпроста. Вярхоўны Савет, на пасяджэнні якога я меў пропуск, працівіўся. Але старшыня Савета міністраў, маючы рэальную ўладу і падтрымку наменклатуры, палічыў, што пасада прэзідэнта ўжо ў кішэні, і паскорыў працэс. Ускочыць на трон хацелі многія: загартаваныя жыццём партыйныя бюракраты і «маладыя ліберальныя ваўкі». А перахітрыў іх непрэзентабельны, непадрыхтаваны, але прагматычна чэпкі, балбатлівы, шчодры на абяцанкі прэтэндэнт. Ён плакаў над доляй простых людзей, якія душацца ў грамадскім транспарце, і гнеўна праклінаў камуністычных бонзаў, што носяцца ў шыкоўных «волгах», карыстаюцца «лечкамісіяй» і «сталамі заказаў». У што вылілася вырванае ім у задуранага народа прэзідэнцтва, цяпер вядома ўсім.

У газеце «Грамада» (№ 2 за 1993 год) я пісаў: «Таго, хто верыць казкам пра тое, што разбураная і прапітая Расія, як буксір, выцягне Беларусь у заможнае жыццё, чакае вялікае расчараванне. /…/ Расія сама знаходзіцца ў стане зацяжнога палітычнага і эканамічнага крызісу…

Калі ж гаварыць пра эканамічныя зносіны, супрацоўніцтва, то яны могуць паспяхова развівацца і без нейкіх саюзаў ці блокаў, што засведчана сусветным вопытам. Гэты вопыт паказвае, што дзясяткі дзяржаў, бяднейшых на рабочую сілу і прыродныя рэсурсы, чым Беларусь, знайшлі сваё месца, забяспечылі цывілізаванае, заможнае жыццё сваім народам».

Аўтарытарны рэжым зрабіў наадварот — стаў нахлебнікам у Расіі, расплачваючыся за гэта ваенна-палітычнай залежнасцю, роляю «шасцёркі».

Прыводжу цытаты не для таго, каб выставіць сябе прарокам, хоць увесь негатыў, прадбачаны ў публікацыях, спраўдзіўся, а нагадаць, што трэба ўлічваць трагічныя ўрокі мінулага. Нічога новага як у чалавечай прыродзе, так і ў палітыцы няма. Дабро і зло пастаянна вядуць паміж сабой бязлітасную вайну. Калі быць бяспамятным, то ахвярныя памылкі немінуча паўторацца.

Расійскі і беларускі правіцелі хочуць заставацца ва ўладзе бясконца. Якраз тут схаваны супярэчнасці іхняй сувязі. Без дапамогі Расіі, якую забяспечвае цяпер «збіральнік рускіх зямель» У. Пуцін, утрымацца 24 гады на «царскім троне» А.Лукашэнку ніколі б не ўдалося. Але сітуацыя мяняецца, крамлёўскаму ўладалюбцу патрэбна анексія Беларусі для таго, каб пасля яе на працягу двух прэзідэнцкіх тэрмінаў можна было кіраваць «новым Савецкім Саюзам».

Дырэктар Цэнтра даследаванняў постіндустрыяльнага грамадства У. Іназемцаў піша пра магчымы крок Масквы: «Мне кажется, что он, чтобы и дальше подогревать патриотический угар внутри России, мог бы состоять в оккупации теперь уже целой страны — предположительной части «Русского мира», но также пока не входящей в западные альянсы. И кандидат на это только один — Белоруссия».

Эксперт называе падставы — «не очень действенное, но формально существующее Союзное государство, которое можно сделать «еще более союзным», «Россия десятилетиями содержит белорусскую экономику, тратя на это до 7—8 млрд долларов в год», «деньги «батька» регулярно берет, но никакие пожелания Москвы (от признания тех же Абхазии и Южной Осетии до размещения на своей территории российских баз) не находят отклика».

У. Іназемцаў упэўнены, што «никакие НАТО не вступятся за «последнего диктатора Европы», если Москва рискнет положить конец его затянувшемуся правлению», «Запад, похоже, клинически неспособен просчитывать возможные шаги Москвы и умеет только удивляться уже случившемуся».

Такіх публікацый у расійскім друку і ў інтэрнэце маецца безліч.

А нядаўна атака на незалежнасць пайшла з… Беларусі. Ды ад каго! А. Лукашэнка на сустрэчы з У. Пуціным у Магілёве раптам пачаў услаўляць русіфікацыю нашай зямлі і заявіў пра месца, дзе знаходзіўся: «Я не зря сказал — русский город». Фактычна ён сам падштурхоўвае Расію да анексіі. Канешне, ратуючы сваю ўладу, можна сагнуць спіну і быць ліслівым прад «гаспадаром», але ж не да такой ступені!

Хмары над незалежнасцю чарнеюць, можа грымнуць і пярун. А мы так і не ведаем, які рэальны настрой у грамадстве, у арміі, міліцыі, КДБ. Можа, як пішуць палітолагі, і сапраўды большасць афіцэраў хоча «не формального, а практического объединения России и Беларуси»?

Драматычны вопыт Украіны павінен насцярожыць беларусаў. У 90-х гадах ХХ стагоддзя ўкраінцы часта запрашалі на сустрэчы, давялося выступаць і ў вайсковых навучальных установах, у лінейных падраздзяленнях арміі. У Кіеве ў 1992 годзе генералы і адміралы цішком расказалі пра падрыхтаваны генштабам план адбіцця магчымай агрэсіі Расіі. А затым усе расслабіліся, заняліся змаганнем за ўладу, за «бабло», нават здрадніцтвам. Менавіта таму быў захоплены Крым, пачалася гібрыдная вайна на ўсходзе Украіны.

На стыку стагоддзяў, калі на незалежнасць быў чарговы наскок, я напісаў, звяртаючыся да суайчыннікаў: «Хай кожны вораг Беларусі, дзе б ён ні знаходзіўся, ведае: мы ўсё бачым і ўсё чуем. Не бойцеся нікога. Мы жывем на сваёй зямлі, пад сваім небам, дадзенымі нам Богам. Другой Беларусі не будзе. Яна ў свеце і ў нас — адна!»

Зноў заклікаю выступіць на абарону Айчыны! Хопіць маўкліва глытаць абразы і пагрозы, спаць у шапку, бо пасля давядзецца разгублена чухаць патыліцу і пытацца невядома ў каго: «Як жа так атрымалася?».

Буду шчаслівы, калі змрочны прагноз наконт анексіі Беларусі не спраўдзіцца, але… Раз’ятраны звер, які загнаны ў пастку, нават адгрызае лапу, каб толькі ўратавацца.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

У нішы ізгояў

Нарэшце ачомаліся

Наш ратунак — мова

«Хавас»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.