TOP

Колькі ні кажы

Колькі ні кажы — халва, а ў роце саладзей не стане. Даўняе выслоўе ўспамінаецца, калі ўключаеш тэлевізар, з экрана якога няспынна гучаць інтэрв’ю чыноўнікаў аўтарытарнага рэжыму.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Н. Качанава нядаўна заявіла, што Беларусь «великолепная страна». З вялікай начальніцай можна было б пагадзіцца, калі б гаворка ішла пра краявіды, прыроду і рэсурсы роднай зямлі. Нягледзячы на безгаспадарчае, спажывецкае стаўленне многіх насельнікаў да нашага агульнага багацця, на жахлівую Чарнобыльскую трагедыю, яна сапраўды прыгожая і па-свойму ўнікальная. Пераканаўся ў гэтым у час камандзіровак-вандровак па свеце, калі можна было параўноўваць.

Але чыноўніца з’явілася на тэлеэкране не для таго, каб захапляцца радзімай, а дзеля ўслаўлення аўтарытарнага рэжыму, архаічнай сістэмы, у якой займае высокую пасаду. Яна настойліва ўгаворвала нас, што мы жывем выдатна і шчасліва, ды проста не помнім пра такую радасць. Клапатлівае начальства стараецца, а падзякі няма. У няўдзячных беларусаў выявілася агульная амнезія: «Мы забыли, как мы жили».

Адразу хачу не пагадзіцца з такой безапеляцыйнай заявай. Я, напрыклад, маю неблагую памяць. Мне, чалавеку саліднага ўзросту, добра помніцца, як жылося беларусам з пасляваенных гадоў і да цяперашняга часу. Было ўсё: цяжка працавалі, часам мерзлі, недаядалі, пакуль не выбіліся на ўстойлівы, хоць і сціплы дабрабыт. Разумею, што кіраўнік адміністрацыі не сягае ў далёкую мінуўшчыну, а мае на ўвазе распад СССР і цяжкасці пераходнага перыяду. Сапраўды жылося нялёгка. Але не трэба перабольшваць заслугі аўтарытарнага рэжыму ў станаўленні незалежнай Беларусі. Яна паўстала на грунце змагання гераічных продкаў за волю і назапашвання матэрыяльных даброт многімі пакаленнямі беларусаў. У няпростых умовах краіна выжыла не дзякуючы мудраму кіраўніцтву, разумнаму выкарыстанню мясцовых рэсурсаў, а пераважна за кошт замежных пазык і цярплівасці народа.

Атрымліваць і дзяліць — не складана. Але ж і аддаваць давядзецца! Пра «падарункі» і пазыкі беларусам напамінаюць расійскія апекуны і розныя замежныя крэдыторы. Публіцыст Л. Радзіхоўскі піша без дыпламатычных рэверансаў: «Россия вбухивает немалые деньги в Беларусь, просто дает огромные деньги каждый год ничего за это не требуя, кроме очень символической вассальной принадлежности. Понты дороже денег».

Маючы гіганцкую знешнюю падтрымку, уладзе, нязменнай на працягу 24 гадоў (!) , даўно можна было б разумна рэфармаваць і зрабіць эфектыўнымі эканоміку, навуку, медыцыну, адукацыю, наладзіць справядлівую пенсійную сістэму, адрадзіць родную мову, падняць прэстыж нацыянальнай культуры і такім чынам згуртаваць насельніцтва, даць яму ўспомніць і зразумець, што мы — народ з вялікай гісторыяй і слаўнымі традыцыямі. Замест гэтага намаганні скіраваны на тое, каб адзін індывід меў «царскі трон» і шыкоўнае жыццё, каб унізе, капіруючы яго, сквапныя «народныя слугі» расцягвалі па «катэджах-норах» сродкі, якія ім не належаць.

Кіраўнік адміністрацыі глыбакадумна заўважае: «Может быть, людям кажется, что так много коррупционных преступлений. На самом деле это потому, что они все на виду у нас». Маўляў, карупцыя існавала, але мы пра яе не ведалі. Тут таксама можна запярэчыць. У савецкі час у нас не было масавага злоўжывання службовым становішчам. Грошы тады не лічыліся фетышам, іх не кралі, а стараліся зарабіць. Людзі жылі сціпла, таму махінацыі начальнікаў выклікалі ў масах вялікую абуранасць. Чыноўнікі, дэпутаты і сілавікі баяліся залазіць у дзяржаўную кішэню, абмяжоўваліся зарплатай і прэміямі, бо кожнае злачынства атрымлівала строгае пакаранне.

Чалавечы фактар быў і будзе, але не толькі ён штурхае на злачынствы. Маштабнай карупцыі сёння спрыяе сам аўтарытарны рэжым, пры якім няма падзелу розных галінаў улады, адсутнічаюць незалежныя суды, СМІ, не выконваюцца прынятыя законы.

А цяпер пра тое, як «нас любят, нас уважают». Пэўная павага да Беларусі трымаецца на славе савецкага часу, а яшчэ на прапагандысцкім міфе, што «А. Лукашэнка пабудаваў рай». Але гэта тычыцца толькі часткі недасведчанага насельніцтва Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Сярэдняй Азіі, якая апрацавана друкам і тэлебачаннем, хлуслівымі прыдумкамі, чуткамі. Калі ад’ехаць далей у свет, то там над намі смяюцца і кпяць, лічаць «апошняй дыктатурай Еўропы».

Чаму заварушыліся і пачалі даваць інтэрв’ю наменклатуршчыкі, якія з прычыны павальнай каснаязыкасці не любяць публічнасці? Прычыны ёсць, і ўсе — важныя.

Па-першае, адбываецца зніжэнне народнага дабрабыту. Кіраўнік місіі МВФ Ж. Міньян ацаніў эканоміку Беларусі так: «Сістэма становіцца ўсё больш неэфектыўнай… Галоўная задача дзяржаўнай палітыкі — павышэнне ўзроўню жыцця. Па сярэдніх прыбытках Беларусь не адпавядае нават тэмпам росту прыбыткаў у Расіі (якія істотна знізіліся), а пра Еўразвяз няма чаго і гаварыць».

Па-другое, чыноўнікі ўпэўнены, калі па тэлевізары бадзёра растлумачыць рост коштаў і тарыфаў, абвергнуць павелічэнне беспрацоўя, то адкрытых пратэстаў не будзе, людзі пабурчаць і супакояцца. Але гэта не так, вулкан народнага гневу назапашвае вогненную лаву. Нягледзячы на страх прад дубінкамі і штрафамі, незадаволенасць беларусаў расце.

Каманда правіцеля разумее, што над банкаўскімі рахункамі, шыкоўнымі катэджамі, дамамі, замежнай нерухомасцю, нават той, якая запісана на родзічаў і сяброў, вісіць небяспека, бо прыдбаны яны неправедным шляхам. З гэтай прычыны невядома ў каго сёння страху больш.

Акрамя таго, улада не ўмее гаварыць з народам. Правіцель і чыноўнікі прывыклі да маналогу, яны толькі расказваюць, як нам добра жывецца. Любое пытанне выклікае шалёную злосць. Паміж сабой у іх таксама няма дыскусій, абмеркаванняў, асабліва засакрэчаны ўласны дабрабыт.

Па-трэцяе, дэградуе распіяраная правіцелем «сацыяльная дзяржава». Несправядлівая пенсійная сістэма размежавала старэйшае пакаленне, сівыя людзі, выплаты якім адрозніваюцца ў 3—4 (!) разы, спрачаюцца паміж сабой, даходзіць да боек. Адводзяць позірк убок і цяжка ўздыхаюць бясплатныя медыцына і адукацыя, выграбаючы ў людзей немалыя грошы.

Па-чацвёртае, у беларусаў выспявае разуменне, што аўтарытарызм — гэта няўстойлівая сістэма, якая трымаецца толькі на хлусні і дубінках. Яна ў любы момант абрынецца, бо працуе не на грамадства, а толькі на сябе, на самазахаванасць. Крах рэжыму прывядзе да таго, што людзям будзе неабходна зноў мяняць лад жыцця. А гэта не толькі матэрыяльныя, але і маральныя страты, якія найбольш цяжкія. Чаму тады трэба падтрымліваць дачаснікаў, у якіх няма ні стратэгіі развіцця незалежнай Беларусі, ні будучыні?

Па-пятае, змянілася міжнародная сітуацыя. Мілітарызацыя і агрэсіўнасць Расіі змусілі дэмакратычны Захад ставіць яе на месца адчувальнымі санкцыямі. Гэтыя карныя дзеянні закранаюць і Беларусь — галоўную палітычную і ваенную саюзніцу. А далей будзе яшчэ больш няўтульна…

Пад прэсам няпростых абставінаў у чыноўнікаў і «развязаліся языкі». Але як бы яны ні расхвальвалі аўтарытарную дзяржаву, а яе сутнасць застаецца нязменнай — гэта «кармушка» для наменклатуры і механізм запалохвання, прыгнёту і рабавання астатніх людзей.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Канец прафесіяналізму?

Для ўнутранага спажывання

Хмары над незалежнасцю

У нішы ізгояў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.