«Адвакаты» справядлівасці
Радуе, што ў публічнай прасторы часцей гучыць паняцце «справядлівасць», бо сам я ў роздумах не забываюся пра яго ніколі. У славянскіх краях яно існуе спакон веку, рэгулюе і падтрымлівае здаровы сэнс жыцця.
Для таго, каб весці прадметную гаворку пра важную катэгорыю сацыяльна-філасофскай думкі, маральнай, прававой і палітычнай свядомасці людзей, успомнім яе азначэнне. Справядлівасць — гэта «паняцце аб належным, якое ўтрымлівае ў сабе патрабаванне адпаведнасці дзеяння і аддзякі: у прыватнасці, адпаведнасці правоў і абавязкаў, працы і яе аплаты, заслуг і іх прызнання, злачынства і пакарання, адпаведнасці ролі розных сацыяльных пластоў, груп і індывідаў у жыцці грамадства і іх сацыяльнага становішча ў ім».
У маёй душы да радасці за тое, што ў грамадстве завіравалі развагі людзей пра справядлівасць, прымешваецца пагарда да яе заўзятых «адвакатаў», якія займаюць высокія пасады. З катэджаў у Драздах несправядлівасці не відно, жыццё выглядае шчаслівым ад пят да макушкі.
На сустрэчы з актывам БРСМ правіцель Беларусі, які азнаёміўся з расійскімі сацыялагічнымі апытаннямі, зрабіў «вялікае адкрыццё»: «Люди, что бы вы думали, на первое место поставили? Не благополучие свое. В России, да и у нас, где люди не совсем богато живут, они не поставили на первое место какой-то рынок или плановую экономику, они поставили на первое место то, чему мы были всегда привержены, к чему я всегда вас призывал, — справедливость. Люди требуют справедливости».
У дэмагагічнай тырадзе, разлічанай на недасведчаную моладзь, якая слаба асэнсоўвае рэчаіснасць, праўдзівай і важнай бачыцца толькі апошняя фраза: «Люди требуют справедливости». Гэта сапраўды так, але чаму дазнавацца пра напружанасць у сваім грамадстве трэба праз Расію?
Мясцовыя і замежныя незалежныя эксперты кажуць, што ў Беларусі «сацыяльнай справядлівасцю нават і не пахне». Скаргамі тысяч людзей завалены чыноўніцкія кабінеты, імі перапоўнены інтэрнэт і незалежны друк. Мая пошта і тэлефанаванні чытачоў таксама расказваюць пра парушэнні законаў, правоў і свабод, пра моцны адміністратыўны ўціск. А прадстаўнікі ўлады працягваюць усхваляць сябе, сваю сацыяльную палітыку.
Цытую тое, што сярэднестатыстычны слухач прапускае міма вушэй, што разлічана, відаць, на замежжа, бо гучыць надта непраўдападобна. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Н. Качанава патэтычна заяўляе: «Беларусь — одна из немногих стран, где все усилия власти сосредоточены на достижении главных целей: социальной справедливости, качества жизни людей, благосостояния, где самой высокой ценностью является человек». Заўважу, што яна, як дзеючы чыноўнік-папуліст, наперадзе ставіць сацыяльную справядлівасць. А экс-тэлепрапагандыст Г. Давыдзька, якога выправілі ў «Белую Русь», клянецца ў вернасці правіцелю і падкрэслівае: «Важно, чтобы наши товарищи по объединению четко уяснили для себя и разделяли цель организации по консолидации белорусского общества, объединении граждан вокруг идей государственности, независимости и торжества социальной справедливости». Ён аддае прыярытэт дзяржаўнасці, прытым аўтарытарнай, пры якой «работает один президент, которому мешают внешние и внутренние враги». Але ці згодныя з пахвальбой наменклатуршчыкаў мільёны беларусаў?
Вопыт чалавецтва даказаў, што пры аўтарытарным рэжыме доступ да нацыянальнага багацця мае толькі бюракратычная вярхушка. У такой дзяржаве існуе дзве маралі: знешняя, паказушная прызначана для трыбунных прамоў і парадаў, а ўнутраная — на ўзроўні свядомасці кожнай асобы. Людзям навязваюцца заганныя якасці — крывадушнасць, ліслівасць, культ начальніка, карыслівасць і ўладалюбства. Не кожны чалавек у задушлівых умовах здольны заставацца сумленным, адданым праўдзе і справядлівасці. Асоба зводзіцца да стану маўклівай біямасы. Наменклатурны пласт набывае неабмежаваную ўладу над насельніцтвам, ён падаўляе дэмакратычныя погляды і каштоўнасці. У выніку ў грамадстве пануе страх, у людзей знікае пачуццё ўласнай годнасці, развіваецца жаданне выслужыцца, каб не быць раздушаным вышэйшым начальствам і займець даброты. Менавіта так выглядае партрэт сучаснай Беларусі.
Справядлівасць — гэта не ўраўнілаўка. Кожнаму чалавеку, каб жыць заможна і камфортна, трэба старанна і якасна працаваць. Умовы для такой дзейнасці якраз і павінна забяспечыць улада. Палітычная і эканамічная свабода — найлепшы рухавік прагрэсіўнага развіцця грамадства.
Знішчэнне справядлівасці, якая ў недасканалым выглядзе, але існавала ў савецкім грамадстве, пачалося з усталяваннем аўтарытарызму. Правіцель, звыклы дзейнічаць «саўгаснымі» метадамі, зрабіў людзей «дзяржаўнымі» і «недзяржаўнымі». У пэўнай ступені паўтарылася сітуацыя, калі пасля бальшавіцкага кастрычніцкага перавароту Расія, у якой знаходзіліся і беларусы, радыкальна падзялілася на «чырвоных» і «белых». Да адкрытай грамадзянскай вайны ў канцы ХХ стагоддзя ўсё ж не дайшло, бо ўмовы былі іншымі, але канфрантацыя паміж сацыяльнымі пластамі насельніцтва на глебе несправядлівасці не спыняецца.
Наменклатура пастаянна абмяжоўвае палітычныя і грамадзянскія правы, свабоды людзей. Яна вызначыла сабе высокія зарплаты і пенсіі, дадала яшчэ розныя льготы, а звычайных бюджэтнікаў загнала на мізэрнае, астаткавае забеспячэнне. Раней такога гіганцкага разрыву паміж прыбыткам начальнікаў і простых грамадзян не было.
Правіцель, вальяжна рассякаючы прасторы краіны на шыкоўным лімузіне ў суправаджэнні эскорта, цяпер ужо не праклінае камуністычных бонзаў з іх «лечкамісіямі», «чайкамі», «волгамі» і не плача над горкай доляй працоўнага чалавека, які душыцца ў чэргах паліклінік, у грамадскім транспарце, што мела месца перад выбарамі ў 1994 годзе. Ён адносна раскошы пераплюнуў савецкіх начальнікаў нашмат, ім такое і не снілася. А чэргі і цесната засталіся.
Грамадзяне бачаць, што несправядлівасць расце імкліва, катастрафічна. Бюджэтнікаў абурае падзел па прыналежнасці, бо ўсе служачыя — людзі дзяржаўныя. Чаму ўрач, настаўнік, выкладчык ВНУ атрымліваюць зарплату меншую ў тры разы, чым пенсія чыноўніка? Чаму прыбіральшчыца ў Доме ўраду або адміністрацыі мае перавагі не толькі перад такой жа працаўніцай у іншай установе, але і кваліфікаваным спецыялістам?
Людзі пішуць: «Мы честно отработали тридцать лет и больше, а сейчас нас приравняли к тем, кто получает так называемую социальную пенсию». Аўтарытарны рэжым растаптаў годнасць мільёнаў людзей. Яны выбіваліся з сіл, каб зарабіць лепшую пенсію, пажыць нармальна хоць на старасці гадоў, а нехта не працаваў, жлукціў «чарніла» і валяўся пад плотам, не вылазіў з турмаў, тым не менш — вынік аднолькавы…
Трэба памятаць выказванне знаўцы чалавечай душы, геніяльнага рускага пісьменніка Ф. Дастаеўскага, карані якога ў Беларусі: «Высшая и самая характерная черта нашего народа — это чувство справедливости и жажда её». Цытуючы яго, мала хто звяртае ўвагу на словы «жажда её», а яны — важныя.
Справядлівасць была, ёсць і будзе галоўным маральным законам. Людзі заўсёды гатовыя змагацца за яе да перамогі.
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: