TOP

Пагоня за піярам

Прапагандысцкая балбатня наконт таго, што спорт не мае дачынення да палітыкі, даўно выявіла сваю хлуслівасць. Вушы вытыркнуліся да канца. Дзеля ўласнага іміджу і піяру аўтакраты, «аки львы», б’юцца за правядзенне ў падначаленых краінах міжнародных спартыўных спаборніцтваў.

У сучасным свеце прагматычная хлусня мае адзін сцэнар. Спачатку дзея або з’ява катэгарычна адмаўляюцца, і гэта працягваецца доўга, а затым прызнаюцца. Так было з нахабным захопам паўвострава Крым расійскімі вайскоўцамі, з хітра прыхаваным уваходжаннем чужой арміі у Данецкую і Луганскую вобласці Украіны: рашучае адмаўленне, паўза, каб прывыклі да таго, што здзейснена, і пасля — цынічнае прызнанне злачынства.

Нешта падобнае адбываецца вакол спорту. Чвэрць стагоддзя аўтарытарныя рэжымы Беларусі і Расіі з пенай у роце даказвалі, што спорт «вне политики». У гэтую дудку аж да пасінення дзьмулі правіцелі, спартыўныя чыноўнікі,трэнеры і самі ўдзельнікі спаборніцтваў. Але кожнаму школьніку вядома — спорт з часоў старажытнага Рыма ўкручаны ў палітыку, служыць піярам, сродкам умацавання ўлады для аўтарытарных правіцеляў.

На нарадзе з профільнымі чыноўнікамі А. Лукашэнка насуперак ранейшым выказванням заявіў: «Спорт — это основа идеологии». Думаю, што такога экстравагантнага разумення няма ні ў аднаго цывілізаванага кіраўніка. Але ж у Беларусі — «особый путь».

З першых месяцаў кіравання краінамі А. Лукашэнка і У. Пуцін аб’явілі сябе спартсменамі. Маючы ў руках неабмежаваную ўладу, грошы, будаўнічыя і вытворчыя рэсурсы, армію піяршчыкаў, можна дазволіць сабе любую прыхамаць і разрэкламаваць яе. Калі «цар» — амаль «прафесійны спартсмен», то яму для заняткаў трэба належная база. Беларускі правіцель упадабаў хакей, і, нібы грыбы, выраслі лядовыя палацы. Раней заняцца затратным відам спорту магчымасцяў не было, затое сёння — раздолле. Ён намёртва, як за ўладу, ухапіўся за клюшку, пачаў рэгулярна ганяць шайбу і прымусіў не толькі чыноўнікаў, дэпутатаў, членаў БРСМ, але нават зявак з замежжа глядзець на свае лядовыя выкрутасы…

За 25 гадоў вялікая частка сродкаў, унесеных падаткаплацельшчыкамі ў бюджэт, пайшла на будаўніцтва спартыўных аб’ектаў, значныя сумы выдаткоўваюцца на іх утрыманне.

Ніхто не супраць таго, што фізічную культуру трэба развіваць, умацоўваць здароўе насельніцтва, якое падточана наступствамі Чарнобыльскай аварыі, што з кожным годам выяўляецца ўсё прыкметней — анкалагічныя, імунныя і іншыя захворванні.

Але хто пераканае мяне, што аздараўленню садзейнічае элітная спартыўная база, якая не па кішэні звычайнай беларускай сям’і? Нагадваю — больш за 70% працаўнікоў маюць зарплату ад 200 да 1000 рублёў. Гэта не тыя грошы, на якія можна дазволіць сабе многае. Ежа, простае адзенне і абутак, лекі, аплата камунальных паслуг — вось і ўсё!

У 70—80 гадах ХХ стагоддзя залы для заняткаў фізкультурай, спартыўныя збудаванні былі ўсюды і ўсе мелі да іх доступ. Улетку дзеці гулялі ў валейбол, баскетбол, бегалі, займаліся на гімнастычных снарадах. Зімою пракладаліся лыжныя трасы, заліваліся лядовыя каткі. Хакейныя пляцоўкі меліся ў гарадскіх дварах і ў вёсках. Хай сабе база была недасканалай і часта прымітыўнай, але карысць здароўю прыносіла непараўнана большую, чым цяпер.

Масавасць у фізкультуры знікла, хоць, напрыклад, урад Расіі заявіў, што ў 2020 годзе ёю будзе займацца 40% насельніцтва. У школах яна стала такім жа прадметам, як фізіка, матэматыка. Частка вучняў стараецца ад яе ўхіліцца. А па-за межамі школ, гімназій, ліцэяў, ВНУ, як кажуць, у «свабодным плаванні» — фізічнае развіццё тым больш адсунута на задні план. Дзеці, моладзь «сядзяць» у смартфонах і кампутарах.

А што такое сучасны спорт? Адказ дае гісторык алімпійскага руху Ю. Тэпер: «Современный спорт — это невероятно технологизированная сфера деятельности, жестко говоря, это технология на живом. И люди, которые попадают в эту область, должны подчиняться законам такой технологии, она должна быть разумной, продуманной и по возможности гуманной. В этом отношении политика в большом спорте, которая идет только на результат, а там, что будет — посмотрим, конечно, явно негуманистическая и нереальная.

Что касается спорта и политики, наверное, может быть и внутренняя политика. Ведь политика по сути это игра власти с теми, кем она управляет. Если в этой игре действуют такие факторы, как создание условий для здорового отдыха, развития детей, усиления здоровья, дай бог все возможности такой политике».

У Швецыі практычна кожны чалавек займаецца фізкультурай і спортам, але ніхто не звяртае ўвагі на колькасць заваяваных медалёў. А ў Беларусі і Расіі, замест разумнага стаўлення да спорту, выдаткавання на яго сродкаў з улікам магчымасцяў, практыкуюцца канкрэтныя заданні па медалях, пануе купецкі размах у будаўніцтве аб’ектаў і ўзнагароджанні пераможцаў.

Я разумею спартсменаў, бо Вышэйшая Воля дала ім здольнасці, іх трэба развіваць і дэманстраваць. Але не менш патрэбна падтрымка выдатным вучоным, урачам, прадпрымальнікам, якія таксама хочуць выявіцца. Акрамя таго, многія грамадзяне лічаць, што спорт нагадвае «ярмарку тщеславия». Яе героі лічаць сябе вышэй законаў і маральных нормаў, парушаюць правілы дарожнага руху, удзельнічаюць у бойках, хуліганяць, паводзяць па-хамску ў грамадскіх месцах.

Для Беларусі і Расіі спорт стаў сродкам змякчэння супрацьстаяння ў палітыцы, кароткім шляхам да піяру правіцеляў з падмочанай рэпутацыяй. Як толькі рэжымы падвяргаюцца крытыцы і санкцыям за правядзенне сфальсіфікаваных выбараў, за разгон мірных пратэстных мітынгаў, пераслед журналістаў, адразу ўключаецца спартыўная прапагандысцкая машына. База і грошы — гэта галоўнае для міжнародных начальнікаў, яны не зважаюць на тое, што адбываецца ўнутры краін. А права праводзіць мерапрыемствы трэба заслужыць. Аўтарытарная дзяржава — не месца для форумаў і перамоў на міжнародным узроўні. Прытым ставіць заслон трэба своечасова, а не так, як атрымалася ў міжнародных прафсаюзаў, якія толькі зараз выступілі супраць правядзення Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў Беларусі.

Чыноўнікі выхваляюцца тым, як яны выдатна праводзяць спаборніцтвы. Але іх ганарлівасць абвяргаюць звычайныя грамадзяне. Яны кажуць: кожны з нас прымае гасцей, дае прытулак, корміць, поіць, забяспечвае культурную праграму. Гэта ніякое не дасягненне, а руцінная арганізацыйная праца.

Грамадзяне раяць чыноўнікам адарвацца ад задач, якія рашаюцца лёгка, і заняцца сур’ёзнымі праблемамі — наладжваннем сапраўднага палітычнага жыцця, правядзеннем сумленных выбараў, выкананнем заканадаўства, забеспячэннем правоў і свабод чалавека…

На закрыцці чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні ў Мінску А. Лукашэнка заявіў, што ён «родился и прожил жизнь в коньках», піярыўся, выпрошваў правядзенне наступных міжнародных спаборніцтваў. Выглядала гэта надта камічна.

Узурпатары ўлады мяркуюць, што пагоня за піярам дапаможа ім мець дыхалку для бегу ў новым прэзідэнцкім тэрміне. Але відно, што «лёгкая атлетыка» заканчваецца, бо яны састарэлі, захакаліся. У такой сітуацыі верагодны і сыход з дыстанцыі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Родныя людзі

Цунамі хлусні

Цяжар знявагі

Падтанцоўка

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.