TOP

На арэне — комікі

Нанесці шкоду аўтарытэту прэзідэнта Украіны У. Зяленскага загалоўкам свайго роздуму ні ў якім разе я не хачу. Наадварот, з увагай і надзеяй сачу за перабудоўчымі захадамі перспектыўнага кіраўніка. Калі ён выканае хоць бы палову з намечанага, то забяспечыць сабе ўдзячнасць мільёнаў суайчыннікаў.

Пасля панавання аўтарытарнага рэжыму новаму кіраўніку, што прыйшоў да ўлады на хвалі народнай незадаволенасці існуючымі парадкамі, даводзіцца разам з сумленнымі грамадзянамі доўга разграбаць палітычнае і сацыяльнае смецце, пад якім пахаваны здаровы лад жыцця. Ён — закладнік закасцянелай сістэмы. Яе трэба тэрмінова мяняць, што выклікае прыхаваны сабатаж і нават адкрыты супраціў «прыкормленага» люду, які хоча жыць, як раней, імкнецца захаваць сыты спакой.

Асабліва складана тады, калі аўтарытарызм дзесяцігоддзямі таптаўся па людзях і прынятых жыццёвых правілах, нормах. У гэтым выпадку ў краіне да канца знішчаны правы і свабоды чалавека, сумленны выбарчы працэс, строгае выкананне заканадаўства, незалежная судовая сістэма, праўдзівая інфармацыйная прастора. Такі ганебны стан цяпер пануе ў Беларусі і Расіі. Каб хоць крыху прыхаваць яго, суцішыць незадаволенасць многіх грамадзян, А. Лукашэнка і У. Пуцін зноў заняліся інтэграцыйнай валтузнёй, якая можа мець для нашай суверэннай краіны непрыемныя вынікі.

Стыль кіравання старых і новых прэзідэнтаў мае кардынальныя адрозненні. Першыя за час доўгай абсалютнай улады страцілі сувязь з грамадствам, займаюцца цынічным самаўпраўствам, задавальненнем любых уласных прыхамацяў, дзейнічаюць пры дапамозе адміністратыўнага рэсурсу і дубінак сілавікоў. Каб утрымаць трон, яны арганізавалі нагляд спецслужбаў за насельніцтвам, хлусяць, правакуюць, нацкоўваюць адных грамадзян на другіх, нагнятаюць атмасферу недаверу і варожасці, рознымі спосабамі вынішчаюць іншадумцаў. Апошнія падзеі ў Маскве паказалі, што дзеянні праваахоўных структур у аўтарытарных краінах перайшлі ў стан садызму.

А новым кіраўнікам, якія хочуць працаваць адкрыта і сумленна, трэба наладжваць дыялог з запалоханымі і зняверанымі людзьмі, вяртаць у грамадства дух узаемаразумення, яднання і шчырых чалавечых стасункаў, займацца маштабнай рэарганізацыяй, праводзіць палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя рэформы (часта непапулярныя!), разумеючы, што без іх нельга рашыць надзённыя праблемы насельніцтва.

Прыклады Украіны і Грузіі, якія цяжка пераадольваюць зробленыя памылкі, паказваюць, што ўсё трэба рабіць своечасова. Грамадзяне павінны добра думаць і рабіць правільны выбар сваім галасаваннем, а калі нешта пайшло не так, то без прамаруджвання ставіць на месца ўсіх, хто зарваўся і паводзіць сябе разбэшчана, — прэзідэнта, чыноўніка, дэпутата або сілавіка любога рангу. Тады краіна не скоціцца ў жорсткі аўтарытарызм.

Расійскі бізнесовец С. Пятроў, які ўважліва назірае за развіццём Украіны, кажа: «Подъем экономики идет. Он, конечно, очень слабый, но они, что называется, живут на свои. У них нет развращающего фактора… Понятно, там все наши люди, такие же. Это займет много времени. Но они на правильной дороге… Ой, Украина будет падать, подниматься, вся будет в грязи, в соплях, но она будет идти по верной дороге, улучшая. Они не как мы, которые идут в другую сторону. Нам придется ведь потом заново все делать».

Я маю немалы жыццёвы вопыт, і таму не раз, аналізуючы падзеі ва Украіне, выказваў такія ж меркаванні. Што тычыцца беларусаў і расіян, то мне даўно ясна — фанабэрыстыя, самаўлюбёныя «сусаніны» з Мінска і Масквы завялі народы ў глухі тупік.

Сітуацыя з «доўгаіграючымі» прэзідэнтамі Беларусі і Расіі нагадвае мне творчыя баталіі канца ХХ стагоддзя. У 90-х гадах, калі ва ўладу прыйшлі параўнаўча маладыя А. Лукашэнка і У. Пуцін і заявілі пра «асаблівы шлях» дзвюх краін, нешта падобнае было і ў літаратурным жыцці. Пачаткоўцы, аўтары двух-трох кволых вершаў або апавяданняў, сталі сцвярджаць, што ствараюць «эўрапейскую літаратуру», і распачалі вайну з класікамі. Мяне абурыла тое, што яны, не маючы ніякага творчага набытку, наладжваючы толькі скандальныя перформансы, нахабна аплёўваюць у СМІ выдатных пісьменнікаў, якія не могуць даць ім адлуп з таго свету або з прычыны інтэлігентнасці, сціпласці. Давялося напісаць верш «Барадатыя юнгі», які выклікаў вялікі гнеў графаманаў:

На літабсягах — крутая гулянка…
Спіхваюць юнгі за борт з карабля
Гнуткі радок Куляшова і Танка,
І непаўторнае слова Брыля.

«Мы паплывем у Эўропу па славу!
Мы ля штурвала!»
Але ж, хоць ты плач:
У філасофіі тазікаў ржавых
Спёкся і наш, і суседні чытач.

 «Ані бяды! Будзе новая клізма!
Мы і французам наступім на хвост!
Мы на магільніку сацрэалізму
Збацаем клёва
Свой «сюр» і свой «пост»!

 Юнгі з бародамі зноўку на хвалі,
Загартаваліся ў «літбарацьбе»:
Самі набумкаюць,
Самі пахваляць,
І працытуюць самі сябе!

Падобным чынам паводзяць сябе правіцелі Беларусі і Расіі, чый самапіяр і самаўзвялічванне дасягнулі касмічных памераў. Літаратурныя «барадатыя юнгі» без следу зніклі, а палітычныя, маючы ў распараджэнні велізарныя грашовыя, матэрыяльныя і людскія рэсурсы, усё яшчэ на плыву, кіруюць. Яны ўбіваюць у галовы людзей думку, што аўтарытарызм даў выдатнае жыццё. Асабліва «пранікнёная» дэмагогія скіравана на моладзь, якая іншай улады не ведае. Выступаючы перад выпускнікамі, А. Лукашэнка заявіў: «Нам надо превратить этот клочок земли, имя которому Беларусь, в самое удобное и комфортное место для жизни не только вашей, но и ваших детей, внуков. Давайте сделаем так, чтобы не было хотя бы хуже, чем сейчас».

Па-першае, мне хочацца, каб хто-небудзь нарэшце растлумачыў правіцелю, што слова «клочок» у дачыненні да Айчыны гучыць надзвычай абразліва, а па-другое, планка для моладзі пастаўлена нізкая. Калі і далей мы будзем існаваць так, як цяпер, то ўсе таленавітыя ці проста здольныя юнакі і дзяўчаты збягуць за мяжу.

У 70—80-х гадах мінулага стагоддзя грамадзяне СССР часта пацяшаліся над экстравагантнымі паводзінамі афрыканскіх, лацінаамерыканскіх, азіяцкіх дыктатараў. Ніхто тады не думаў, што пройдуць дзесяцігоддзі — і ў нашым рэгіёне з прычыны грамадзянскай абыякавасці людзей з’явяцца падобныя адыёзныя кіраўнікі, якія мёртвай хваткай учэпяцца за ўладу, пры якіх будуць нараджацца, расці і старыцца цэлыя пакаленні.

Культ улады і грошай існаваў заўсёды, але так, як ён нагнятаецца ў ХХІ стагоддзі, не было ніколі. Адчуўшы пад мяккім месцам трон, магчымасць завалодаць незлічоным багаццем, некаторыя індывіды проста злятаюць з глуздоў. Англійскі літаратар Джэралд Керш піша: «Што б ні здарылася з чалавекам, прага ўлады незнішчальная; гэтае пачуццё непарушнае, хоць часам яно такое ж нікчэмнае і недарэчнае, нібы юр старога, лядашчага чалавека, які мерае слабымі крокамі апошнія метры змярцвелай тундры старасці».

Палітычнае жыццё ў свеце стала выключна хлуслівым, цынічным і подлым, але ў асобных выпадках даволі цікавым.На вялікую сцэну выходзяць комікі і выяўляюць сябе перспектыўнымі кіраўнікамі, а старыя правіцелі, якія за доўгі тэрмін узурпацыі ўлады абрыдлі народам, ператвараюцца ў нягеглых комікаў.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Глабальная інвентарызацыя

Адважыцца на рызыку

Як стаць іншапланецянінам?

Смерць — у абдымках

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.