Мне сорамна
Чарговы запараднены чыноўнікамі Дзень беларускага пісьменства выклікаў не гонар за родную мову і створаную на ёй многімі пакаленнямі майстроў нацыянальную літаратуру і культуру, а нарадзіў пачуцці прыкрасці і сораму.
Слухаю рэпартаж са свята ў Слоніме, у якім расказваецца пра «водар кніжных пераплётаў», і душа пачынае курчыцца ад усведамлення, да якой невераемнай ступені непісьменнасці дайшло грамадства, калі нават людзі з вышэйшай філалагічнай або журналісцкай адукацыяй не могуць адрозніць словы «водар» і «пах», правільна ўжыць.
Кніжныя пераплёты — не кветкі, яны не могуць падарыць водар, а проста пахнуць друкарскай фарбай. Пах гэты прыемны і для мяне, бо займаюся літаратурным рамяством, але ж у дадзеным выпадку не трэба ўзводзіць яго ў статус «водару». Пахне, і не больш таго.
Магчыма, некаму непісьменнасць журналіста падасца нязначнай хібай, нявартай таго, каб на яе звярталі ўвагу. Але ж гучыць яшчэ і не такое: «Усе твае пачуцці будуць у захапленні!» або «Я кахаю каву!» Хто палічыў, колькі абракадабры, абсурду, грубых памылак з-за няведання роднай мовы за суткі вылятае з вуснаў дыктараў, вядучых, карэспандэнтаў на радыё і тэлебачанні, змяшчаецца ў інтэрнэце? Не, шаноўныя беларусы, гэта не дробязі! Моўнае смецце забівае вушы, асядае ў памяці дзяцей, якія ідуць у дарослае жыццё, павінны вучыцца правільна, дакладна і прыгожа выкладаць свае думкі.
Грэблівае стаўленне аўтарытарнай улады да роднай мовы прывяло да таго, што ўвогуле зменшылася людская база для падрыхтоўкі добрых настаўнікаў і выкладчыкаў — няма з каго выбіраць. Сёлета ў Мінску ў беларускамоўных класах вучацца толькі 2,7% дзяцей. Якасць выкладання філалогіі ў школах і ВНУ катастрафічна знізілася, пра што гавораць самі спецыялісты і іхнія вучні, студэнты.
Кола, у якім дэградуе родная мова, замкнулася. Сёння ніхто не сочыць за яе станам, здароўем. Знікла былая кагорта прафесійных стыльрэдактараў, рэдактараў, карэктараў. Непісьменнасць ліецца адусюль, яна поўніць горы выдадзенай кніжнай макулатуры, якую штампуюць нястомныя графаманы і ўсяядныя выдавецтвы, зацыкленыя толькі на грашах.
У рускай мове мясцовага ўжытку памылак яшчэ болей, але гэта для нас — не апраўданне. Апошнім часам моўная сітуацыя абвастрылася. Макіяж, які накладаецца на яе акцыямі патрыётаў-энтузіястаў, становішча не ратуе.
Беларусы ніяк не могуць уцяміць, што ў іх з-пад ног выплывае грунт, на якім трымаецца нацыя. Улада абавязкова будзе мяняцца, сёння — такая, заўтра — іншая, а родная мова толькі адна і дадзена нам навечна.
Думаецца і пра іншае, што, відаць, не клапоціць сярэднестатыстычнага беларуса. Мы змаглі нават у неймаверна цяжкіх умовах для роднага слова стварыць параўнаўча багатую нацыянальную літаратуру і культуру, за якія не сорамна перад еўрапейскімі суседзямі. Безумоўна, праблем у гэтай галіне духоўнага жыцця хапае, але здзейснена шмат. Толькі пералік слаўных імёнаў, пачынаючы ад Францішка Скарыны і да Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, сапраўды ўражвае. Ды і нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры Святлана Алексіевіч, хоць піша на рускай мове, вырасла ў беларускім асяроддзі, перадае нацыянальны дух. А цяпер прыкінем, якое патэнцыяльнае багацце страчана нацыяй ад нерэалізаваных магчымасцяў, ад таго, што родная мова на працягу стагоддзяў была пад уціскам і забаронай, выпадала з афіцыйнага жыцця, застаючыся толькі «пад саламянымі стрэхамі»?
Здавалася б, пасля набыцця Беларуссю суверэннасці трэба было народнай грамадою ўзяцца за ратаванне роднай мовы, але аўтарытарная ўлада дзеля ўласных інтарэсаў пераняла савецкі прапагандысцкі лозунг: «Будзе хлеб, будзе і песня». Песня-то, можа, і будзе, але якая?
Мне сорамна так, што хоць скрозь зямлю праваліся, калі прэс-сакратар Міністэрства сельскай гаспадаркі, якое займаецца вырошчваннем таго ж самага хлеба, жанчына (!), спакойна кажа журналістам: «На «х…» вам тот комментарий?» Яшчэ адна прадстаўніца лепшай паловы чалавецтва, сацыяльны педагог Шчучынскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя разам з дырэктарам «натхнёна» павучае першакурсніка: «Ты, полудурок, когда эту х… читал про инопланетян, ты, может, тоже думал, что тут инопланетяне учатся? Что же ты, конченая, б…, твоя морда, всякую х… пишешь?» Не думаю, што лексікон у арміі, міліцыі, спецслужбах, ды і ў многіх чыноўніцкіх кабінетах цяпер намнога прыстойнейшы за працытаваны. Такога маральнага заняпаду і такіх хамскіх паводзін службоўцаў у Беларусі ніколі яшчэ не было.
Заходнія і мясцовыя эксперты гавораць і пішуць пра незадавальняючы эканамічна-сацыяльны стан краіны, пра яе фінансавыя і іншыя цяжкасці. Усё гэта адпавядае рэчаіснасці. Але ніхто не бачыць галоўную, неверагодна складаную праблему, якая па віне аўтарытарнага рэжыму ўзнікла на шляху да лепшага жыцця.
У канцы ХХ стагоддзя вылезці з савецкага «мяккага таталітарызму» на свабоду было значна лягчэй, таму што ў грамадстве заставалася яшчэ шмат сумленных людзей, якія мелі пачуццё сораму. Але беларусы шанцам не пакарысталіся. Цяпер сорам за абсурд і хлуслівасць нашага жыцця паўсюдна знік.
Да аўтарытарнай, «жалезабетоннай» сістэмы, якая з 1994 года ўсталявалася ў Беларусі, я стаўлюся як да пошасці або цяжкай хваробы, што метадычна знясільвае народ. Кожны дзень бывае сорамна за фанабэрыстую, пустую і непісьменную балбатню з высокай трыбуны (адзін з апошніх перлаў — «в окружении своего друга»), за рабства прад правіцелем сагнутых у крук губернатараў, міністраў і ўсіх службоўцаў, за злоўжыванні, карупцыю і крадзяжы, за марнатраўства бюджэтных грошай у стратных галінах гаспадарання, за разбазарванне зямельнага і маёмаснага нацыянальнага багацця, за масавае хамства, за падтасоўкі, фальсіфікацыі і псеўдапатрыятычны піяр мясцовых «перамог» дзяржаўнымі СМІ…
Зноў надыходзіць час народнага волевыяўлення. Як раней, пасля доўгага любавання ўласнымі «поспехамі» правіцель настройваецца на крытычную хвалю, услед за незалежнымі журналістамі і экспертамі «раптам» пачынае «адкрываць» страшэнную безгаспадарчасць, тупое галавацяпства. Ніхто недахопаў не бачыў, а ён прызямліўся на верталёце каля фермы і паказаў пальцам на акалелых цялят і кароў.
Так прымітыўна забяспечваюцца галасы выбаршчыкаў. Расійскі пісьменнік С. Даўлатаў даўно заўважыў парадаксальную ментальнасць падначаленых: «В действительности же слуги любят ненавистных хозяев гораздо больше, чем кажется. И уж конечно больше, чем себя».
Мне сорамна за тых, хто арганізуе выбарчы падман, і за тых, хто на яго «клюе», бо на парламенцкіх выбарах у дэпутаты і сенатары зноў пройдуць кандыдатуры са спісаў, спушчаных зверху, прэзідэнтам застанецца той жа індывід. Кіраўнікі рэгулярна мяняюцца ў суседніх Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі. Нават у імперскай, аўтарытарнай Расіі, хоць і з нахабнай хітрасцю, але лідар мяняўся тройчы. Толькі ў Беларусі — «мёртвы сезон».
Вам, суайчыннікі, не сорамна? Мяркую, што хоць на донцы душы, але ў многіх застаўся драбочак сумлення, а значыць, і сораму за гнілое жыццё.
Дык чаму ж мы чвэрць стагоддзя гібеем пад уладнай хлуснёй, невуцтвам і няўмельствам?
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: