TOP

Непасільны рахунак

Людзі часам трапляюць у сітуацыю, калі не могуць аплаціць выстаўлены рахунак, бо не разлічылі свае фінансавыя магчымасці. Асаблівую няёмкасць яны адчуваюць у публічным месцы. Канфузы побытавага характару тычацца і глабальных праблем, якія паўсталі прад чалавецтвам.

За апошнія дзесяцігоддзі многія краіны імкліва павялічылі арміі, у свеце геаграфічна і ў аб’ёмах пашырыўся продаж зброі. Адыёзныя рэжымы паставілі сабе мэтай валоданне ядзерным арсеналам і пасоўваюцца да яе. У розных кутках Зямлі не спыняюцца лакальныя, але жорсткія ваенныя канфлікты на палітычнай, эканамічнай, рэлігійнай і нацыянальнай глебе.

Калі скласці ўсё разам, то вымалёўваецца змрочная сітуацыя. Фінансавыя і матэрыяльныя, фізічныя і маральныя выдаткі, якія ідуць на падрыхтоўку да баявых дзеянняў і іх вядзенне, прыкметна падтачылі планетарныя людскія сілы. Чалавецтва наблізілася да мяжы, за якой аплаціць рахунак, выстаўлены інтэнсіўнай мілітарызацыяй, яно не здолее.

Мне даўно стала ясна, што людзям трэба не рашаць бясконцыя праблемы вайны і міру, а рабіць нашу планету агульным утульным домам, дзе пануе стваральная праца і спакой.

У 70—80 гадах мінулага стагоддзя партыйнае кіраўніцтва СССР разам з ваеннымі «ястрабамі» павяло масіраваную атаку на выдатнага беларускага празаіка, публіцыста, літаратуразнаўца, крытыка і філосафа А. Адамовіча за «пацифистские взгляды». Я працаваў тады ў аддзеле культуры ЦК КПБ і наўпрост займаўся ратаваннем яго кніг ад маскоўскіх і мінскіх цэнзараў. Спачатку былі «Каратели» (1981), а затым шматпакутная «Война и деревня в современной литературе». Рукапіс стракацеў ад заўваг, большасць якіх агульнымі намаганнямі ўплывовых прыхільнікаў таленту пісьменніка ўдалося зняць. Пасля выхаду кнігі аўтар зрабіў дарчы надпіс: «Сергею Законникову, которому тоже когда-нибудь переходить к прозе. (Что делают все хорошие поэты.) Алесь Адамович. 6. 4. 1982 г.»

За час адстойвання кнігі я меў шчырыя гаворкі з Алесем Міхайлавічам, глыбей зразумеў яго антываенную заклапочанасць, планетарны маштаб мыслення. Ён лёгка перакідваўся ў роздумах ад беларускай гісторыі і мясцовых рэалій да еўрапейскіх, амерыканскіх або азіяцкіх праблем: «Наше время заострило в каждом из людей, способном «задавать вопросы», ощущение, сознание, что все мы «подлючены» к судьбе человечества, самой планеты. К судьбе рода человеческого напрямую подключены. Повязаны!»

Насуперак шапказакідальніцкім усходнім або заходнім ваенным дактрынам пісьменнік першым сказаў, што ў ядзернай вайне не будзе пераможцаў. Развіццё ваеннай тэхнікі, нягледзячы на тое, што ад гэтай сферы чалавечай дзейнасці нешта перападае і мірнаму прагрэсу, усё роўна ў канчатковым выніку скіравана на знішчэнне, на смерць. У ХІХ стагоддзі людзі толькі ўваходзілі ў мілітарысцкі разгул, забівалі адзін аднаго з ненадзейных ружжаў і недасканалай артылерыі. Крывавае ХХ стагоддзе вызначылася тым, што прыцэльны агонь кулямётаў і гармат выкошваў пад корань цэлыя вайсковыя падраздзяленні, а затым тысячы танкаў, бамбардыроўшчыкаў неслі масавую смерць як салдат, так і мірных жыхароў. Пасля з’явіліся беспілотныя ракеты з выбуховым рэчывам, якія маглі адольваць вялікую адлегласць, і нарэшце — была вынайдзена атамная зброя.

Рашэнне палітычных канфліктаў ваеннымі метадамі — гэта гранічна небяспечнае дзеянне. Акрамя таго, мілітарызацыя непазбежна прыводзіць да чалавечых ахвяраў у мірны час, што тычыцца ўзброеных сіл усіх краін. Вайскоўцы гінуць на вучэннях і манеўрах, камандная муштра і здзекі мацнейшых над слабейшымі прыводзяць да самагубстваў. Пра гэта сведчаць трагічныя выпадкі і ў беларускай арміі, якія не спыняюцца. Ахвяры здараюцца нават у час святаў пры правядзенні салютаў.

Пасля трагедыі на сакрэтнай падводнай станцыі камандуючы ВМФ Расіі М. Яўменаў сказаў: «Не должны в мирное время погибать люди». Хто ж не пагодзіцца? Але яны гінуць пастаянна і прытым бяздарна, па-дурному. Новыя катастрофы ў расійскіх арміі і флоце — яскравае сведчанне.

А чаму мы не хочам задумацца над тым, што так бязглузда, у адзін момант можа загінуць і ўсё чалавецтва разам з планетай? Ваенная тэхніка дасягнула невераемнага развіцця, стала настолькі знішчальнай, а чалавечы фактар застаецца такім жа недасканалым і хісткім, як і раней, што падобны фінал верагодны.

Праблема спынення мілітарызацыі асабліва актуальная для такіх краін, як Беларусь, дзе яна становіцца не толькі непасільным фінансавым грузам, але і тормазам для дэмакратычнага развіцця. Нам трэба спыняцца на прымальным, незатратным варыянце ўтрымання невялікай арміі і абмежаваных іншых сілавых структур.

Аўтарытарны правіцель, які любіць мундзір і пагоны з вялікай зоркай, нядаўна зноў істэрычна «нагнятаў атмасферу», страшыў народ з трыбуны: «Все сегодня воюют против всех, и это происходит не просто вокруг нас, а рядом с нашими границами». У неабыякавых грамадзян адразу выклікалі насцярожанасць новыя пошукі ворагаў, якія «разрушают государства изнутри». Дзіўна прагучала запэўніванне А. Лукашэнкі, што «исключительно для обеспечения мира на своей земле мы укрепляем боеспособность Вооруженных Сил, других воинских сил и формирований». Усё паказвае на тое, што нібыта патрыятычнымі, але надта двухсэнсоўнымі словамі прыкрываецца старая прагматычная мэта — мець дастатковую колькасць узброеных людзей для падаўлення народных масавых пратэстаў і захавання ўлады.

У тым, што Беларусь стала аўтарытарнай і актыўна мілітарызуецца, вінаваты кожны з нас асабіста. Правільна сказаў пра маральны стан суайчыннікаў смелы, бескампрамісны змагар за праўду і мір А. Адамовіч: «О, эти «чужие» и эти «свои»! Как легко осуждаем других и как трудно поворачивается язык сказать жестокую правду себе, собственному народу… У нас пересыхает горло, перехватывает дыхание, когда надо сказать жестокую правду о нас самих».

Чалавек адрозніваецца ад жывёльнага свету не толькі развітым розумам, але і пачуццямі. Магчыма, гэта самае каштоўнае, што ёсць на планеце.

Кожнаму з нас трэба любіць, шанаваць сабе падобных нават за тое, што мы, людзі, усе да аднаго, — унікальны выпадак, шчаслівы збег абставін у бясконцай касмічнай прасторы. Найбольш верагодна, што такой формы жыцця больш няма нідзе. Мы такія — адзіныя!

Над чалавецтвам вісіць верагодная пагроза сутыкнення Зямлі з касмічным целам, што ўжо здаралася ў гісторыі планеты, глабальнага пацяплення, тэхнагенных катастроф… Дык хто такія індывіды, якія распальваюць ваенныя канфлікты, праводзяць агрэсіўныя дзеянні супраць суседзяў? Закончаныя злачынцы і мярзотнікі!

Разумею, што аўтакрат-мілітарыст, «ястраб» або любая прагматычная асоба могуць разбіць мае міратворчыя развагі палітычнымі і эканамічнымі выкладкамі, якія па інерцыі грунтуюцца на звыклым жорстка канкурэнтным, агрэсіўным і ваяўнічым ладзе міжнароднага існавання, выставяць мяне наіўным рамантыкам.

Але я — літаратар, гляджу на жыццё па-іншаму. Мілітарызацыя выстаўляе чалавецтву такі рахунак, які непасільны для яго і ў фізічным, і ў маральным плане. Людзі бяздумна самі набліжаюць сваю гібель. Трэба спыняцца…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Мне сорамна

«Даяры» дзвюх сістэм

Шклоўскія лапці

Патыхае пракіслым баршчом

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.