TOP

Каму служыце?

У сувязі з парламенцкімі выбарамі ў глыбінях грамадства зноў усчалася вострая дыскусія пра адкрытасць і сумленнасць працэдуры, ролю і абавязкі дэпутатаў, памеры аплаты іхняй працы. Але ў краіне, дзе існуе аўтарытарны рэжым, такое абмеркаванне не мае ніякага сэнсу і выніку.

Марнатраўствам народных грошай стала таксама правядзенне ў Мінску лакальных і пашыраных, разбаўленых замежнымі профізасядальшчыкамі семінараў, канферэнцый, прысвечаных тэме выбараў. Колькі ні разважай, ні спрачайся, ні дыскутуй, а цяперашні рэжым не створыць нармальных умоў для рэалізацыі адкрытага і сумленнага народнага волевыяўлення. На гэтым можна ставіць тлустую кропку. Выйсце ёсць адно — дэмантаж рэакцыйнай сістэмы.

З першых гадоў аўтарытарнага праўлення А. Лукашэнка, а затым і У. Пуцін пачалі прывучаць палітычна неадукаванае насельніцтва, якое не выйшла са сталінскіх дыктатарскіх завядзёнак, да таго, што яны — адзіная аснова, на якой можа ўтрымацца дзяржава, што галоўная задача беларусаў і расіян — захоўваць менавіта іх ва ўладзе, і тады ўсё будзе добра. Астатнія дзяржаўныя інстытуты — гэта толькі абслугоўваючы персанал, разнастайныя падпоркі іхняй абсалютнай улады. У тым ліку і парламент.

Частка людзей клюнула на такое бачанне дзяржаўнага ўладкавання. Але асабіста мяне «харызмамі» і «моцнымі рукамі» не падманеш. Яшчэ са школьных гадоў, калі дапамагаў бацьку высвятляць лёс яго брата, паэта Сяргея Ракіты, знішчанага ў сталінскім ГУЛАГу, (15 кастрычніка споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння), на канкрэтных фактах зразумеў задушны і забойчы характар дыктатуры або аўтарытарызму. Пры іх не можа быць жывога развіцця краіны і грамадства.

25 гадоў у Беларусі пануе самаўладдзе. Усім даўно ясна, што выбараў няма, а ёсць толькі іх цынічная імітацыя, якую арганізуе кіруючы апарат. Як раней, выканаўцы займаюцца рэпрэсіямі ў стаўленні да іншадумцаў пры вылучэнні кандыдатаў, фальсіфікацыямі і падтасоўкамі ў час падліку вынікаў галасавання, а прызначэнцы ў парламент робяць выгляд, што перамагаюць у канкурэнтным спаборніцтве і нават прыраўніваюць сябе да дэпутатаў развітых краін свету.

Загартаваныя «слугі народа», якія маюць фантастычныя па нашых мерках заробкі і зноў жадаюць плюхнуцца ў цёплае, наседжанае месца, заяўляюць, што іх праца заслугоўвае лепшай аплаты, каб не было спакусы красці, быць карупцыянерамі. Яны спасылаюцца на вопыт Фінляндыі, Швецыі, дзе дэпутатам выплачваюць значна болей. Мяне не толькі смешаць, але і абураюць такія тлумачэнні. Калі ты злодзей па натуры і так выхаваны ў сям’і, то цябе ніхто і нішто не спыніць, толькі магіла. Перш чым раскрываць рот, трэба ўспомніць пра зарплаты і пенсіі 80% звычайных людзей у Беларусі.

Цяпер пра «чужы каравай». У Фінляндыі 200 дэпутатаў, у 2019 годзе іх месячная зарплата склала 6614 еўра. Для тых, хто жыве ў сталічным рэгіёне, маецца яшчэ надбаўка 987 еўра, а для іншагародніх — 1315 еўра. Па краіне сярэдняя зарплата — 3512 еўра, пасля выліку падаткаў і сацыяльных абавязацельстваў на руках у працаўніка застаецца 2600 еўра. У Швецыі прыкладна такая ж прапорцыя паміж зарплатай дэпутатаў і сярэдняй месячнай зарплатай грамадзян. Але там заканадаўцы маюць палітычную вагу, рэальна ўплываюць на народнае жыццё, іх людзі ведаюць. Свой хлеб яны адпрацоўваюць сумленна і якасна.

Што тычыцца тутэйшых дэпутатаў, то іх дзейнасць, якую яны высока цэняць, абмяжоўваецца «правільным» націсканнем на кнопку. Праекты законаў рыхтуюцца і ўхваляюцца ў іншых кабінетах.

Дарэчы, мне спадабалася прапанова былога мулы з паселішча на Эльбрусе. Ён выступае за тое, каб грошы на аперацыі цяжка хворым дзецям выдзяляла дзяржава, а сродкі на зарплату дэпутатам збіраў народ. Уяўляеце, колькі б прэтэндэнтаў у парламент адразу адпала!

Пра тое, што ў Беларусі няма народнага волевыяўлення, адкрытым тэкстам заявіў А. Лукашэнка: «Так, ребята. Выборы выборами, но мы должны показать, что в стране есть власть. /…/ И выберем и депутатов, которые нужны, и президента того, который нужен». Узурпатар патлумачыў: «Власть, как дедушка Ленин говорил, надо держать крепко. Если я растопырю пальцы и буду тут вам все это объяснять, а не буду власть удерживать, но это моя главная задача…»

Пасля такіх заяў патрэба ў парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах адпадае. Для чаго трымаць функцыянераў, якія абслугоўваюць фіктыўныя выбарчыя кампаніі, абсталёўваць участкі і заганяць туды насельніцтва? Навошта паліць мільёны долараў на савецкі «атавізм»? Ведаць праўды мы ўсё роўна не будзем. У нас жа цяпер хлус на хлусе сядзіць і хлусам паганяе!

Падман, пераліванне з пустога ў парожняе сталі аднымі з галоўных рысаў сучаснага жыцця. З высокіх трыбун і ў СМІ гучыць дэмагагічная балбатня пра непарушную дружбу народаў, якія далёкія як знешне, так і ўнутрана, паказваюцца абдымкі і пацалункі састарэлых функцыянераў, пратакольныя, вымушаныя ўсмешкі. Магчыма, для моладзі гэта прыкольна, але прадстаўнікі старэйшых пакаленняў у савецкі час нагледзеліся на такія любошчы, і яны выклікаюць толькі агіду.

Эканамічная меркантыльнасць, ліхаманкавы пошук «лёгкіх грошай», каб захаваць уладу, засланілі стратэгію развіцця краіны. Рэжым не перастае «жыць як набяжыць», плыве па волі абставін. Пласт патрыятычнага «макіяжу», які наносяць на дэнацыяналізаванае жыццё чыноўнікі, такі прымітыўны і тонкі, што праз яго выразна відаць мурло то пустадомка, то прайдзісвета, то боўдзілы. Жулікі, казнакрады і садысты, на якіх няма дзе кляйма ставіць, сёння жывуць прыпяваючы самі, ствараюць рай для родзічаў і блізкіх, узнагароджваюць адзін аднаго ордэнамі і медалямі, направа і налева дораць святыя абразы, чым уводзяць у шок сапраўдных вернікаў.

Сітуацыю, якая склалася ў краіне, сам таго не жадаючы, абмаляваў правіцель: «Не будешь же ты рулить в угоду какому-то клану, который тебя окружает, и люди тебя все будут ненавидеть. Упаси господь, не дай бог». Усё адбываецца наадварот, прахіндзеі пад яго апекай расперазаліся. Карупцыя, крадзяжы бюджэтных грошай набылі невераемныя памеры, плынь кіруючых злодзеяў, якія з высокіх крэслаў перамяшчаюцца ў следчыя ізалятары і на турэмныя нары, не спыняецца.

Карыстальнікі інтэрнэта пішуць: «Практически везде на постсоветском пространстве, не желающем стать частью западного мира, во власти одно и то же — мерзкая воровская рептилия, родившаяся из раздавленного советского яйца».

Мой верш «Паханы» заканчваецца такімі радкамі:

Намі правілі розныя, іхняй віны
Горб пачварны ўзнімаецца аж да зорак…
Ды паскудней за ўсіх былых — паханы,
Паханы з павадкамі шустрых «шасцёрак».

Маючы суверэнную Рэспубліку Беларусь, мы павінны служыць не камусьці аднаму, а толькі ёй і свайму народу. Але якраз так не заўсёды атрымліваецца ў тых, хто пасадай наўпрост звязаны з гэтай адказнай місіяй, з чыіх вуснаў гучаць высокія словы: «Служу Айчыне!».

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Небяспечны суб’ект

Пагарэлы тэатр

Тупое запалохванне

Гульня ў «жмуркі»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.