TOP

Прыкольная фаза

Лексікон грамадзян самастойных краін, узніклых на тэрыторыі былога СССР, даўно папоўніўся словам «прыкольна». Ім карыстаецца не толькі моладзь, якая любіць казырнуць нечым новым, модным, але і пенсійны, ссівелы люд. Яно ўжываецца настолькі часта, што стала словам-паразітам.

Безумоўна, гэта не самая вялікая і надзённая праблема ў лінгвістыцы. Ці мала слоў-паразітаў блукае ў размовах людзей у любой краіне. Але сутнасць таго, што адбываецца сёння ў размоўнай стыхіі, наўпрост тычыцца і нашай жыццёвай будзённасці. Калі ўважліва агледзецца навокал, то стане ясна, што аўтарытарная Беларусь сапраўды ўвайшла ў прыкольную фазу свайго развіцця.

Куды ні кінься — усюды прыкол. Аказваецца, што дэпутат, які хаваўся, каб не галасаваць за незалежнасць Беларусі, а затым, прарваўшыся да вышэйшай улады, замахнуўся на крамлёўскі трон, дзеля чаго стаў «вялікім інтэгратарам» і загнаў нас у пастку задушнай саюзнай дамовы, — цяпер стаў самым вялікім і непахісным змагаром за незалежны статус. Ён жа, згодна ягонай версіі, нібы легендарны грузінскі цар Давід-будаўнік, узвёў для нас квітнеючую краіну. Да яго на прасторах паміж Брэстам і Оршай было толькі голае поле або ляжалі савецкія руіны. Пастаянна ў прамовах, выступленнях і гутарках з журналістамі гучыць: «Я!». У вуснай народнай творчасці на фанабэрыстыя, пыхлівыя заявы ёсць дасціпны адказ: «Якаў, якаў, пакуль не заплакаў!»

Што ж у сапраўднасці згарбузавана на нашай зямлі? Без перабольшвання лічу, што правіцель і яго шматлікія каманды (мяняюцца як гумовыя пальчаткі хірургаў!) зладзілі сіламі насельніцтва, ушчэнт замбіраванага прапагандай і затурканага адміністратыўным рэсурсам, вельмі няўстойлівую, нестабільную дзяржаўную канструкцыю, якая абслугоўвае ў асноўным іх, прытым па самай высокай мерцы. Тое, што яна за 25 гадоў яшчэ не рухнула, нічога не азначае. Усё залежыць ад многіх унутраных і знешніх фактараў. Яны прыхаваныя, засакрэчаныя, а таму могуць і не заўважацца звычайным людам. Згадаем, што сталінская дыктатура праіснавала значна даўжэй.

Прытым адзначым, што ў наш час аўтарытарным рэжымам і дыктатурам жывецца намнога прывольней і камфортней, чым гэта было, калі сталінскі СССР знаходзіўся «во вражеском кольце». Дэмакратычная міжнародная супольнасць «выхоўвае» іх надзвычай далікатнымі, мяккімі метадамі. Многія заходнія дзеячы вядуць з аўтакратамі меркантыльныя эканамічныя, гандлёвыя гешэфты, адорваюць іх фінансавай і тэхналагічнай дапамогай, пазыкамі, па-сяброўску абдымаюць і паляпваюць па плячы. Так што доўгажыхарства ўзурпатараў улады ў Беларусі і Расіі — гэта не толькі віна, якая ляжыць на сумленні запалоханых, задураных беларусаў і расіян, але і вынік дзейнасці еўрапейскіх і амерыканскіх «прагматыкаў».

Паступова ў незалежнай Беларусі самымі запатрабаванымі арганізатарамі, будаўнікамі і стваральнікамі новага жыцця сталі чамусьці вайскоўцы. Для мяне, цывільнага чалавека, гэта «прыкольна». Як усім вядома, ваенныя адукацыйныя ўстановы скіраваны на тое, каб навучыць курсантаў найбольш эфектыўна змагацца з людской і тэхнічнай сілай праціўніка. Прасцей кажучы, яны набываюць прафесіі, сутнасць якіх —умела забіваць і знішчаць. Ніякая стваральнасць тут і блізка не стаіць. Але правіцель лічыць, што якраз такія спецыялісты патрэбны для кіравання. Думаецца, у гэтым падыходзе да кадравай палітыкі галоўным крытэрыем стала тое, што ваенныя людзі навучаны паслухмяна і дакладна выконваць каманды. Ім не трэба самастойна прымаць рашэнні, проста неабходна без усялякіх ваганняў выконваць загад. Для аўтарытарнай сістэмы —гэта ідэальны варыянт.

Але даўно заўважана, што такія кадры не маюць станоўчага ўплыву на эфектыўнае развіццё эканомікі, навукі, адукацыі і культуры Беларусі. Іх намаганні не скіраваны на ўмацаванне нацыі і краіны, бо яны не маюць сапраўднага патрыятычнага стрыжня і неабходнай нацыянальна арыентаванай падрыхтоўкі. Патрыятызм у такіх дзеячаў толькі на словах. Галоўнае, чым яны занятыя, — гэта выслужыцца перад правіцелем і ўтрымаць на плыву дзяржаўную канструкцыю, якая дазваляе «каваць бабло».

У прыгнечаным стане сёння знаходзяцца не толькі палітычнае жыццё, мова нацыі, асвета, але і грамадзянская адказнасць насельніцтва за родную краіну, ініцыятыўнасць, самастойнасць, смеласць, разнастайнае прадпрымальніцтва і, ўрэшце, — чалавечая мараль.

Цяперашняя дзейнасць арміі чыноўнікаў на чале з узурпатарам улады змушае згадаць савецкі анекдот пра камсамол. На пытанне: «Хто такія камсамольцы?» — даваўся адказ: «Тыя, што працуюць, як дзеці, а займаюцца сексам і п’юць па-даросламу». Беларуская рэчаіснасць сведчыць, што анекдот застаецца актуальным для ацэнкі працы многіх як маладых, так і састарэлых наменклатуршчыкаў.

Нацэленасць чыноўнікаў на другарадныя або наогул псеўдаспартыўныя спаборніцтвы, конкурсы «місак» прыгажосці і іншыя забавы пераходзіць усе межы. У народзе пра такіх людзей кажуць: «Здзяцінелі!» Гэта азначае, што яны вярнуліся з дарослага жыцця ў далёкае маленства, каб паганяць шайбу або мяч, пагуляць у «вайнушку». Прыкра глядзець, як за кошт беларускіх падаткаплацельшчыкаў бавяць свой час састарэлыя спартсмены з розных краін, якім на халяву прыемна пакатацца па свеце. А ў гэты час большасць насельніцтва знаходзіцца ў рэжыме выжывання, якое выматвае разумовыя, фізічныя і маральныя сілы людзей.

Прадстаўнікам улады і прапагандыстам хочацца любымі спосабамі быць прыкметнымі і прыкольнымі. Вось тэлевядучы пытаецца ў запрошаных у студыю: «А моя передача прикольная?» Ну што яны могуць адказаць: «Конечно, прикольная!» Размова ідзе далей такім чынам: «А я прикольный?» — «Очень!»

У сэнсе прыкольнасці дзяржаўныя СМІ, дзе ў штаце таксама маецца шмат вайсковых «палітрукоў», нават пераўзыходзяць ідэолагаў, якія імі кіруюць. Каб лепш дагадзіць начальству, іхнія выдумкі пра эканамічную і ваенную магутнасць Беларусі, высокі ўзровень дабрабыту яе грамадзян з кожным днём становяцца ўсё больш фантастычнымі.

Жульніцкія выверты працягваюцца нават у светлыя святочныя дні. Для навагодняга піяру можна пакарыстацца словамі геніяльнага Янкі Купалы, але ананімна, без упамінання імя самога народнага паэта. Дарэчы, прэс-аташэ прэзідэнта і яе памочнікам трэба было б ведаць, што паэта ў сваёй краіне прынята цытаваць на мове арыгіналу, а не на чужой.

Наогул, цяпер у прапагандзе дазволены любыя падтасоўкі і хлусня, за іх адказваць не трэба. Выдумаў, сказаў, ну і што з таго? Гэта ж няважна, што чалавек займае дзяржаўную пасаду, што яго слухаюць мільёны людзей. На жаль, частка тутэйшага люду дагэтуль шчыра верыць абяцанкам і казкам улады:

Беларусы паводзяць сябе часта так,
Нібыта толькі што выйшлі з лесу, —
Дзякуюць не агульначалавечаму прагрэсу,
А таму, хто болей на выдумкі мастак.

Сапраўды аўтарытарнае жыццё ўвайшло ў прыкольную фазу. Барон Мюнхаўзен адпачывае. Але мне чамусьці зусім не смешна…

Акрамя таго, ёсць надта непрыемная навіна для прадстаўнікоў улады: прыкольная фаза звычайна бывае завяршальнай.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Экзамен на стойкасць

Вечны пароль

Жульніцкая дзяльба

Шабас хамелеонаў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.