TOP

«Клочок земли»

Кожны раз, калі правіцель краіны вымаўляе «этот клочок земли», выразна бачу, як па ўсім свеце — у сатлелых дамавінах, у магільным пяску, гліне, падзоле — уздрыгвае, курчыцца прах нацыянальных герояў, якія аддалі жыццё за Беларусь.

У нас — беларусаў, або, дакладней, ліцвінаў — складаная і, як многім з тутэйшых людзей здаецца, часта несправядлівая гісторыя. Але ў якога народа яна была простай і шчаслівай? Таму нельга глядзець на радзіму як на лапік зямлі, заціснуты паміж больш магутнымі дзяржавамі, або надта кепскі плацдарм для амбітных замашак.

Мая краіна — гэта не «клочок земли», якім, як лічыць былы дырэктар саўгаса, ён будзе валодаць да скону, а любімая Айчына, Маці-Беларусь. Яна, дарэчы, і па еўрапейскіх мерках значная тэрытарыяльна, прыроднымі рэсурсамі і людскім патэнцыялам. Як для мяне, дык нават вялікая, бо калі на Палессі зацвітаюць сады, то на Віцебшчыне ў густых лясах, на адхонах дарог ляжыць апошні снег, бо я за некароткае жыццё не пабыў яшчэ ў некалькіх яе раёнах.

Іншая справа, што да канца несфармаванай, закамплексаванай беларускай нацыі па-гаспадарску распарадзіцца ўсім багаццем пастаянна не давалі знешнія сілы. Гэта выявілася не толькі ў войнах, якія знішчальнымі ўраганамі праносіліся па нашай зямлі. У мірны час агрэсія мацнейшых суседзяў перакідалася на нацыянальную свядомасць, родную мову, адукацыю, культуру.

За два апошніх стагоддзі ў жыцці нацыі назавязвана столькі тугіх вузлоў, што разблытваць іх цяжка, балюча і ў многіх выпадках проста немагчыма.

Я нагадваў у публікацыях, што нават пакаленне тых, хто нарадзіўся пасля пераможнага 1945 года (да яго адношуся сам), прайшло праз розныя савецкія эпохі: сталінізм з «чорнымі варанкамі», хрушчоўскую адлігу, брэжнеўскі застой, гарбачоўскую перабудову. Цяпер даводзіцца перажываць яшчэ адну дыктатуру.

З псіхікай, з мараллю людзей адбыліся негатыўныя змены, часта яны амаль непапраўныя, шмат станоўчага страчана. Гэты доўгі працэс ішоў прыхавана, павольна, але вельмі выразна выявіўся ў непрыняцці значнай часткай беларускага грамадства дэмакратычных перамен, у рабскім згодніцтве з аўтарытарызмам і нават ва ўсхваленні яго пачварнай формы — сталінізму. Сведчанне — сённяшнія выказванні, публікацыі, усталяванне новых бюстаў крываваму тырану.

Ганебны канфармізм у дачыненні да рэакцыйнай, цемрашальскай улады старэйшыя пакаленні перадаюць у спадчыну дзецям і ўнукам. Відаць, так застанецца і надалей — прыстасавальніцтва да гвалту па сямейных ланцужках. Бясспрэчна, заўсёды ёсць выключэнні. У сем’ях сталіністаў, новых «аўтарытарнікаў» зрэдку нараджаюцца і вырастаюць сапраўдныя барацьбіты за дэмакратыю, свабоду і здаровы сэнс жыцця, але гэта — не масавая з’ява…

Разам з незалежнасцю Айчыны я высока цаню і нязменна падтрымліваю свабоду думкі кожнага суайчынніка. Але толькі тады, калі яна не працуе на прыхаванае або адкрытае знішчэнне беларускасці, нацыянальных каранёў, нашага існавання на планеце. Сёння нацыі патрэбны не трыбунная дэмагогія або прапагандысцкая хлусня, не адміністратыўны «мардабой» або міліцэйскія дручкі, а сігнальныя агні, запаленыя выдатнымі народнымі прадстаўнікамі К. Каліноўскім, Я. Купалам, У. Караткевічам, В. Быкавым, каб ісці на іх святло ў будучыню.

Многім сучасным жыхарам Беларусі невядома тое свядомае, беражлівае і ўдзячнае стаўленне да сваёй нацыі, якое ёсць у нашых суседзяў — палякаў, літоўцаў, эстонцаў, латышоў. Апошнім часам у нацыянальным плане значна выраслі, паразумнелі і ўкраінцы, з якімі мяне звязвае даўняе, сардэчнае сяброўства. А наша грамадства як было пры савецкай уладзе, так і застаецца пры аўтарытарызме А. Лукашэнкі амаль што дрымотным «Данбасам». Гэтым выразам я не хачу пакрыўдзіць насельніцтва канкрэтнага ўкраінскага рэгіёна ці тутэйшы люд, а толькі канстатую, да чаго можа давесці народныя масы фальшывая савецкая міфалогія, якая працягвае існаваць і прыкметна ўплываць на моладзь («У СССР жылося выдатна!»), прапагандысцкая апрацоўка і русіфікацыя. Пагаварыце з людзьмі, прытым нават з вышэйшай адукацыяй, і вы ўбачыце, якая неверагодная адукацыйная і палітычная «мешанка» сядзіць у іх галовах, як абсурдна яны ўспрымаюць падзеі і канкрэтных дзеячаў.

Але свядомыя грамадзяне Беларусі добра разумеюць пасыл А. Лукашэнкі, выказаны ў словаспалучэнні «клочок земли». Функцыянеру, які замахваўся на Крэмль, на расійскую імперыю, маштабы сваёй краіны здаюцца цеснымі. Безумоўна, як пішуць замежныя СМІ, ён тут — «первый парень на деревне». Але ж вёска — не горад. Так, як хочацца, не разгорнешся. А які велізарны прастор адкрываўся з крамлёўскага трона!

Час ідзе, а гігантаманія, настальгія па няспраўджаных планах застаюцца, балюча вярэдзяць душу. Адсюль і нараджаецца, вырываецца з яе «сярмяжная крыўда».

Многія СМІ і блогеры дапісаліся да таго, што ў адказ на магчымую расійскую экспансію «беларусы пагалоўна стануць партызанамі і павядзе іх у бой адважны камандзір А. Лукашэнка». Гэтыя фантастычныя развагі — казачкі для бедных. Канешне, не выключана, калі Расія захопіць тэрыторыю незалежнай Беларусі, то ўзнікне пэўнае партызанскае супраціўленне, але камандаваць ім будзе не ўзурпатар улады і «вялікі інтэгратар».

Хачу прывесці словы выдатнага французскага пісьменніка А. Франса (1844 — 1924): «Каб дасягаць вялікіх мэтаў, трэба ўмець не толькі дзейнічаць, але і марыць, не толькі планаваць, але і верыць». Цяперашні кіруючы клан не марыць і не верыць у лепшы лёс беларускай нацыі, таму ў яго грэблівае стаўленне да яе галоўных атрыбутаў — роднай мовы, культуры, традыцый. Планаванне не стратэгічнае, а мізэрна тактычнае. Як кажуць у народзе: «З плеч — і ў печ!». Гэта тычыцца не толькі расійскай нафты або газа, але і любога пытання. Толькі б утрымаць уладу, «хоць бы ноч пераспаць, ды дзень перабыць»! Але ніякія цяперашнія «новоделы», «года малой родины» і «дедовы криницы» не могуць уратаваць ад нацыянальнай і маральнай дэградацыі.

Ды і ўвогуле, дэнацыяналізаванаму, зрусіфікаванаму правіцелю і яго служкам не патрэбна свядомая нацыя, ім лягчэй кіраваць запалоханым, задураным прапагандай насельніцтвам, якое спадзяецца не на сябе, а толькі на начальства. А як жа — наверсе ўсё ведаюць, яны накормяць і напояць, разруляць складаную сітуацыю.

Але аўтарытарная стабільнасць, дакладней, «свінцовы застой» абавязкова перараджаецца ў хаос. Ён выяўляецца кожны дзень у дыпламатычных і эканамічных правалах, у паказных арыштах раней прыкормленых уладай карупцыянераў — чыноўнікаў, сілавікоў, гаспадарнікаў!

Адзінае, што было і застаецца непахісна патрыятычным і непадкупным — гэта родная зямля: палі, лугі, лясы, пушчы, рэкі і азёры. На жаль, у 1994 годзе на прэзідэнцкіх выбарах галасавалі не яны, а людзі, ахвочыя да папулісцкіх абяцанак. Таму чвэрць стагоддзя ўзурпатар, ласы да «чужых каўбасаў», да бытавой раскошы, называе Беларусь «клочком земли».

Але ж прырода, у якой пастаянна адбываюцца змены, падказвае: араць і засяваць палі, збіраць ураджай, а таксама мяняць уладу трэба своечасова.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Ода стратэгіі

Няўлоўныя грошы

Прысак

Прыкольная фаза

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.