TOP

Бясконцы тэрмін

У дэмакратычных краінах на прэзідэнцкіх выбарах ідзе канкурэнцыя, кандыдаты прэзентуюць прадвыбарчыя праграмы, вядуць дэбаты, агітуюць грамадзян, выступаючы ў розных аўдыторыях. Нічога гэтага ў аўтарытарных дзяржавах няма. Тут узурпатары ўлады прапануюць толькі сябе.

У інтэрнэце загуляла вестка: «Путин объявил, что двоевластие губительно для России, стране нужна сильная президентская власть. Также он сообщил, что воспринимает свое президентство не как работу, а как судьбу». 10 сакавіка 2020 года краіна ўступіла ў новую фазу існавання. Пуцін спаслаўся на вопыт суседзяў. Ясна, што заканадаўчы «комплексны абед», які згатаваны мафіёзнай хэўрай чыноўнікаў пад кіраўніцтвам «шэф-повара», будзе з’едзены. Пажыццёвы тэрмін яму забяспечаны. Для гэтай мэты неправавая дзяржаўная сістэма працуе на ўсю магутнасць.

Цынізм і нахабства, з якімі аўтарытарныя рэжымы навязваюць свае правілы гульні, не проста зашкальваюць. Людзям з усмешкай плююць у твар. Гляньце толькі на паводзіны прадстаўнікоў Дзярждумы В. Валодзіна, В. Церашковай, У. Жырыноўскага. Так што заходнім «перавыхавальнікам» прывітанне з Масквы і Мінска і падзяка за цяплічныя ўмовы!

Можна шмат разважаць пра сітуацыю, якая склалася, але я лічу галоўным злачынствам двух узурпатараў улады, якія ўласнымі дзеяннямі ўзвялі сябе ў статус рэальных дыктатараў, тое, што імі падаўлена нараджэнне дзейснай грамадзянскай супольнасці і ў Беларусі, і ў Расіі. Людзі, загнаныя ў рабскую адміністратыўную пастку і замбіраваныя прапагандай, не могуць свабодна і адэкватна рэагаваць на палітычныя і сацыяльныя падзеі.

А. Лукашэнка і У. Пуцін сапраўды ўбілі сабе ў галаву, што на крэслы прэзідэнтаў уладкаваныя самім Богам, што высокая пасада — іх лёс да смерці. Але ёсць і яшчэ важная акалічнасць: улада — гэта шчыт, які абараняе ад прэтэнзій, у тым ліку і сур’ёзнага кшталту, што вісяць як дамоклаў меч над імі. Яны — закладнікі амбіцый, агрэсіўнасці і разбэшчанасці. Над будучыняй краін, народаў узурпатары не задумваюцца, было б толькі цяпер камфортна самім і ўсяму начальніцкаму корпусу.

Расійскі мафіёзны клан дамогся таго, што з абмеркавання знята папраўка ў Канстытуцыю, якая забараняе чыноўнікам і дэпутатам валодаць замежнай нерухомасцю. А прычына знойдзена забойчая — няма месца, усе папраўкі ў бюлетэнь для галасавання не могуць умясціцца!

На сёмы тэрмін кіравання нацэліўся А. Лукашэнка. Але за 25 гадоў ніколі яшчэ выбарчая атмасфера не была такой навальнічнай, як сёлета. Хмары з маланкамі напаўзаюць на аўтарытарны хутар з розных бакоў.

Безумоўна, у краіне ўсё схоплена і заціснута ў кулаку. Цэнтрвыбаркам на чале з загартаванай у нелігітымных «баях» Л. Ярмошынай і абслуга выбарчай кампаніі на месцах выканаюць задачу перавыбрання дзеючага кіраўніка дакладна, нібы ў ваенны час армейскія падраздзяленні. Калі ўзнікне патрэба, члены ўчастковых камісій (мясцовая інтэлігенцыя, пераважна дырэктары школ, настаўнікі) могуць без вагання «з’есці шыфроўку», «легчы на амбразуру дзота» або «кінуцца са звязкай гранат пад танк». Той, хто не верыць, хай у інтэрнэце азнаёміцца з гісторыяй выбараў у Беларусі пасля 1994 года. Там прыкладаў «гераічнай абароны» фальсіфікацый столькі, што хоць адбаўляй!

Незалежныя мясцовыя і замежныя назіральнікі пастаянна канстатуюць грубыя парушэнні закону, расказваюць пра махінацыі. Але нічога не мяняецца. Так што патрэбныя бюлетэні ўкінуцца, даведзеная колькасць галасоў намалюецца. Пройдзе час, і дакументацыя — знішчыцца. Застануцца толькі прыдуманыя лічбы. Усё, як заўсёды,будзе шыта-крыта.

Аднак у кожную выбарчую кампанію грамадства ўступае з неаднолькавым настроем.Як бы ні старалася прапаганда піярыць «первого и единственного» прэзідэнта, ды зменшыць стомленасць людзей і прыгасіць незадаволенасць не ўдаецца. Што ні кажы, а адзін і той жа твар з ранку да начы на тэлеэкране, з году ў год аднолькавыя абяцанкі, адсутнасць паляпшэння дабрабыту надта надакучылі і нервуюць. Выпрабавання любоўю да свайго куміра не вытрымліваюць нават самыя верныя фанаты.

Усёдазволенасць прывяла да таго, што ўзурпатар згубіў арыентацыю ў часе, лічыць, што выдумкі пра яго «гераізм», як і ў 90-я гады ХХ стагоддзя, праходзяць на «ўра». Але гэта не так, большасць народа пасмейваецца або плюецца ад прыкрасці. Гнеў людзей стрымліваецца толькі страхам згубіць нават той мізер, што маюць, тутэйшай інертнасцю, сквапным жаданнем, як і ў самога правіцеля, некага перахітрыць, пажыць «на халяву». Усе дыктатары, пачынаючы з Нерона, разумелі і выкарыстоўвалі народны страх, бралі на ўзбраенне лозунг: «Няхай ненавідзяць, толькі б баяліся!».

Не лепшым чынам складваюцца знешнія абставіны. Беларускі аўтарытарызм вырастаў і замацоўваўся ў спрыяльных для яго ўмовах палітычных узрушэнняў на постсавецкай тэрыторыі і ва ўсім свеце. У эканамічным хаосе спрацоўваў папулізм. Савецкія наменклатуршчыкі разумелі адзін аднаго, не перашкаджалі суседу рабіць кар’еру. Якраз тады, у бандыцкія гады, калі на ўсю моц працавалі законы крымінальнага свету, закладваліся стасункі паміж кіраўнікамі новых суверэнных краін. Але ўзаемаадносіны «по понятиям» — стан нестабільны. Ён залежыць ад мноства абставін, нават ад таго, з якой нагі ўстаў той ці іншы ўзурпатар. З састарэлым Б. Ельцыным валтузіцца было лягчэй, чым з «піцерскай камандай». Расійскія «маладыя ваўкі» аказаліся больш зубастымі, чым беларускія. Ды і вывучка ў іх была лепшай. Пад патранажам вопытных кадэбістаў яны разгарнуліся шырока, захопліваючы ўладу, прыродныя рэсурсы і агульнанароднае багацце.

Цяпер узаемаадносіны Беларусі і Расіі ўвайшлі ў зону сапраўды жорсткай турбулентнасці. Па-першае, заканчваецца эксплуатацыя «дружбы советских народов», «Великой Победы в войне», «славянского братства». Старэйшыя пакаленні, якія былі выхаваны на прапагандысцкіх міфах, якім гэта было блізкім, адыходзяць. Новыя беларусы і расіяне, аддаючы даніну памяці і павагі продкам, не зацыкліваюцца на мінулым. Ідэалогія ўкручвае ў сваю арбіту толькі маладых кан’юнктуршчыкаў, самых цынічных прыстасаванцаў. Большасць юнакоў і дзяўчат — проста прагматычныя людзі, яны ведаюць цану балбатні з трыбун і ў дзяржаўных СМІ. У іх у няпростым жыцці цераз край хапае ўласных надзённых спраў.

Па-другое, зніжэнне коштаў на нафту абвальвае эканоміку Расіі. Крэмль рашуча скарачае дапамогу за палітычную салідарнасць і сяброўства ўсім «малодшым братам». Беларуская эканоміка, якая залежыць ад расійскай, таксама няўхільна коціцца ўніз.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі могуць перанесціся ў першую чаргу з-за непрадказальнасці палітычных і эканамічных падзей у Расіі. Узурпатар хапаецца за любую «саломінку», але яго рэжым чакае крах.

Мы жывем у цяжкіх умовах, ды ўсё роўна ў кожнага ёсць выбар: заставацца рабом або стаць свабодным грамадзянінам дэмакратычнай краіны.

Перамены павінны прыйсці як мага хутчэй, і гэта залежыць толькі ад нас. Чым даўжэй існуе аўтарытарызм, тым больш цяжка знясіленаму грамадству выходзіць на свабоду. Застаецца небяспека, што ўсё можа паўтарыцца.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Шукальнікі справядлівасці

Кансервацыя застою

Гульбішчы нячысцікаў

«Клочок земли»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.