• Погода
  • +18
  • EUR3,0149
  • USD2,4892
  • RUB (100)3,4455
TOP

Адмывайце душы

На бліжэйшыя месяцы ўсё чалавецтва заклапочана ратаваннем ад смяротна небяспечнага каранавіруса. Калі пашанцуе і, безумоўна, дзякуючы гераічным намаганням медыкаў, навала павінна скончыцца. Але выпрабаванні, якія Вышэйшая Воля пасылае нам, грэшнікам, застануцца.

Можна па-рознаму ставіцца да філасофскага, глыбокага і бескампраміснага асэнсавання сучаснага жыцця зямлян, якое патыхае песімізмам. Лягчэй за ўсё яго адпрэчваць. У чалавечай супольнасці заўжды былі і ёсць індывіды, якія ў адказ на рэальныя катаклізмы бяздумна заяўляюць: «Нічога кепскага не адбываецца. Усё добра. На наш век хопіць!»

Але чаго хопіць? Перш чым скончацца прыродныя рэсурсы, а гэта — не за гарамі, даўно нарастае дэградацыя чалавечага разумення вялікай небяспекі для зямнога Жыцця (гэтае слова невыпадкова пішу з вялікай літары!) і дэфіцыт планетарнай еднасці. Працэс мілітарызацыі, прымянення ваеннай сілы мацнее. Дэгуманізацыя людскога існавання бачна выразна. Мільярды двухногіх пагрузлі ў прымітыўным, амаль біялагічным выжыванні, а меншая частка чалавецтва, гэтак званая «эліта», стала надта нахабнай у бяспрыкладным уладалюбстве, агрэсіўнасці, сквапнасці, маральнай разбэшчанасці.

Засведчана, што палітыка — справа брудная, аб чым не прамінаюць часта нагадваць і самі стваральнікі. Але ж яе робяць канкрэтныя людзі, а таму не ўсё, ды многае наўпрост залежыць ад узроўню іхняй адукаванасці, інтэлекту, культуры, маральных якасцяў. Менавіта яны нясуць адказнасць за чысціню і якасць палітыкі. Нездарма ў нарвежцаў ёсць выказванне: «Нават кароль павінен адказваць!».

Мне даўно зразумела: калі людзі робяць з такога ж грэшнага чалавека, як і яны самі, ідала або месію, то следам у грамадстве нараджаецца яшчэ маса небяспечных культаў — прадажнасці, сквапнасці, хамства. Аўтарытарныя рэжымы шкодныя для чалавецтва тым, што яны становяцца асяроддзем, у якім выспяваюць вірусы, смяротныя ў першую чаргу не для цела, а для душаў. Уладны гвалт і бруд хлусні, у якіх жывуць грамадзяне такіх дзяржаў, пакідаюць знішчальны след. Мяркую, што нам трэба не толькі часцей мыць рукі, але і тэрмінова адмываць свае душы.

Не ўдасца адмыцца толькі закончаным злачынцам, у якіх на руках кроў бязвінных людзей. Тут ужо нічога не зробіш. У астатніх грэшнікаў шанц ёсць. Каранавірус нагадаў пра гэта. Чыноўнікам, якія зарваліся ў высокай ацэнцы ўласнай «гераічнай» працы, трэба паслухаць грамадзян і нарэшце прывесці да справядлівага ўзроўню аплату працы і памер пенсій. Жулікам і карупцыянерам неабходна падзяліцца накрадзенымі грашыма з медыцынай, бо яе матэрыяльная база не адпавядае патрабаванням…

Апошнім часам я не злоўжываю вылазкамі на вуліцу, а дакладней — раблю па пільнай патрэбе: лекі, ежа. Праходка па мікрараёне дала цікавыя назіранні ў звязку з распаўсюджаннем каранавірусу.

У краму «Евроопта» ўлятае мажны, ружовашчокі дзед і з дзвярэй радасна крычыць: «У «Віталюры» рыбу расхапілі. Адна цётка, сагнуўшыся, перла дзве здаравенных сумкі. Нават дахаты па каляску не збегала. У руках павакла. Во мятуць!»

Яшчэ не апахмеленыя, але ў прадчуванні гаючых, ратавальных грамаў, два рамонтнікі ў спецадзенні, якія паляпвалі адзін аднаго па плячах, паціскалі рукі, жартавалі наконт віруса, дружна накінуліся на вестуна: «Ты, дед, кончай панику разводить. А то и правда после тебя прилавки будут пустыми». А трэці, што, аблізваючыся, аглядаў паліцы з гарэлкай, назваў якой цяпер не злічыць, па-філасофску зазначыў: «Наше останется. Всегда будет чем похмелиться».

Тыпова тутэйшую ацэнку таго, што адбываецца, дала старэйшая за мяне жанчына з поўным кошыкам. Я ўбачыў змакрэлы лоб, раскудлачаныя пасмы сівых валасоў і прапусціў яе наперад, хоць сам стаяў апошнім. Яна падзякавала і прамовіла: «Вы скажыце, што я займала. Вярнуся, бо забылася соду». Неўзабаве жанчына была на месцы і адразу падзялілася клопатамі: «Во прыбегла… Шмат чаго трэба. Даводзіцца карміць дачку, якая прыехала з сям’ёй з Украіны. Толькі госці на парог, а тут на табе — мяжу закрылі. Праўду кажа наш Лукашэнка, усе навакол робяць абы-што. Вось у нас — чысціня, спакой і парадак. Сапраўды, чаму гэта з ім не параіліся? Заўжды яго ўсе слухаюцца, а тут пайшлі ўразнос». Каб не псаваць ні сабе, ні ёй настрой, не крыўдзіць і так затурканую клопатамі пакупніцу, хаваю ад яе ўсмешку і толькі раю зашпіліць паліто, каб не застудзілася на вуліцы.

У нас, на жаль, не звяліся фанаты А. Лукашэнкі, якія лічаць яго ўмелым кіраўніком, уплывовым палітыкам сусветнага маштабу. З імі марна дыскутаваць. Яны мысляць паводле лякалаў БТ і АНТ. Ды і астатняе насельніцтва, хоць ведае цану рэжыму, але ўсё роўна яго трывае, кляне ў асноўным на кухнях. У такім стане народ можа «вяліцца» і «капціцца» доўга.

Многія грамадзяне маюць «самабытнае» разуменне сітуацыі. Яны не глядзяць у корань праблем, слізгаюць па паверхні. Скажам, не прызнаюць віны правіцеля ў тым, што прадпрымальныя людзі, каб мець прыстойны заробак або без перашкодаў займацца бізнесам, пакідаюць Беларусь і едуць у Польшчу, Украіну, Літву, Германію, Англію, ЗША. У апраўданне гучыць: «Яму перашкаджаюць унутраныя і знешнія ворагі». Такіх замбіраваных і недасведчаных людзей проста шкада.

Затое наменклатуршчык, які сустрэўся ў аптэцы і пачаў расказваць пра жахлівую сітуацыю з каранавірусам у Італіі, дзе жывуць яго дачка і ўнукі, атрымаў на ўсю катушку. Я сказаў: «Жадаю дачцы і яе сям’і здароўя. Але зазначу — вы ў сто разоў больш двурушныя, чым былыя начальнікі. Тыя сядзелі за «жалезнай заслонай» і згодна каманды зверху расхвальвалі жыццё ў СССР. А вы, маючы заробак, які не сніўся савецкаму чыноўніку, ведаючы рэальны стан эканомікі, мізерныя зарплаты і пенсіі людзей, ствараеце міфы пра цудоўнае жыццё ў Беларусі, пра выдатнае кіраванне А. Лукашэнкі, аднак жа ўласных дзяцей, унукаў уладкоўваеце за мяжой, там жа — вашыя грошы і нерухомасць. Якія ж вы патрыёты? Вы ж не верыце ў незалежную Беларусь, не будуеце ўстойлівую і вечную краіну, а займаецеся грашовымі махінацыямі і кар’ернай валтузнёй».

Ведаючы рэаліі савецкага часу 70 — 80-х гадоў ХХ стагоддзя, сцвярджаю, што тады адсутнічала павальная карупцыя, крадзяжы ў такіх памерах, як сёння. Крымінальныя справы, заведзеныя на кіраўнікоў, станавіліся надзвычайным здарэннем. Выскачкі і дурні ў вышэйшым эшалоне ўлады меліся (куды ж без іх!), але працэнт быў ніжэйшым.

Сёння нахабства і цынізм прыкрываюцца зацяганым, зашмальцаваным словам — харызма. Хоць у сапраўднасці неадукаванае, непадрыхтаванае мурло прарываецца, плюхаецца ў начальніцкае крэсла — і пайшло-паехала. Што захачу, тое і адмачу. Галоўнае, не забыць лізнуць вышэйшага боса!

У былым грамадстве, нягледзячы на дзяржаўны падман, усё ж мелася крыху болей сумленнасці, прыстойнасці, даверу, шчырасці. Гляджу навакол і думаю: куды ўсё знікла?

Мыць рукі і твар трэба заўсёды. Цяпер гэта даводзіцца рабіць часцей. Але тут людзі маюць дачыненне толькі да элементарнай, простай гігіены. Значна цяжэй адмываць душы. Тым не менш без такой важнай працэдуры мы ніколі не станем культурнай нацыяй.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Марш псеўдапатрыётаў

Бясконцы тэрмін

Шукальнікі справядлівасці

Кансервацыя застою