TOP

Шэрыя шынялі

Склалася так, што амаль кожнае пакаленне людзей роднага краю ў ХІХ і ХХ стагоддзях трапляла ў вір чарговай вайны. Асаблівыя страты прынесла апошняя сусветная крывавая бойня. У Беларусі яе рэха адгукаецца не толькі ў дэмаграфіі (загінула трэць жыхароў!), але і ў эканамічных, сацыяльных і маральных аспектах сучаснага жыцця.

Да гэтага часу не спыняюцца спрэчкі пра колькасць людскіх ахвяраў, якія меў у вайне СССР. Афіцыйна прапануецца лічба 27 мільёнаў чалавек. Але незалежныя даследчыкі мяркуюць, што яна значна заніжана. Асабіста для мяне важна ведаць праўду. А ідэалагічныя баталіі, выкарыстанне жалобнай тэмы ў прапагандзе, скіраванай на нагнятанне мілітарысцкага патрыятызму, псеўдагераізму і пахвальбы, выклікаюць у душы толькі агіду і прыкрасць.

Ёсць лічбы, якія не можа аспрэчыць ніхто. У 1939 годзе ў СССР адбыўся перапіс насельніцтва. Паводле яго мужчын 1889 — 1928 гадоў нараджэння ў краіне было 58 мільёнаў 930 тысяч. Пасля вайны ў1946 годзе іх налічылі толькі 37 мільёнаў 230 тысяч.

У 1941 годзе ўлады мабілізавалі мужчын з 1890 да 1923 года нараджэння. Старэйшым ваяваць было крыху лягчэй, бо адслужылі ў арміі, мелі пэўную загартоўку і кемлівасць, жыццёвы вопыт. А юнакі з 1921 па 1923 год нараджэння пайшлі ў бой амаль без падрыхтоўкі. Большасць з іх загінула, прытым не толькі ад куляў і снарадаў, але і ад голаду, холаду, хваробаў. Франтавікі, якія выжылі, назвалі 1923 год трагічным — «год рождения мертвецов». Доктар філасофскіх навук А. Зіноўеў (1922 — 2006) напісаў пра равеснікаў: «Я неоднократно говорил и повторю сейчас: войну 1941 — 1945 годов выиграл советский десятиклассник, окончивший школу в 1937 — 1941 годах».

Жалобны ваенны падлік мае адзін надзвычай шчымлівы радок. У выніку пралікаў ваеннага кіраўніцтва СССР на чале з І. Сталіным, якому пасля будзе прысвоена званне генералісімуса, 7 кастрычніка 1941 года шлях на Маскву з паўднёвага захаду быў свабодным, не мелася ніводнай боездольнай часткі. А па Варшаўскай шашы рухаліся 200 нямецкіх танкаў і 20 тысяч салдат і афіцэраў. Для таго, каб іх спыніць, у няроўны бой кінулі групу дэсантнікаў, а таксама курсантаў Падольскага і Маскоўскага ваенных вучылішчаў.

Да сталіцы заставалася 190 кіламетраў. Мажайская абарончая лінія ў раёне Юхнава, Мядыні, Ільінскага, Дзетчына і Малаяраслаўца стала апошняй перашкодай для гітлераўцаў. Вядомы савецкі палкаводзец Г. Жукаў назваў перыяд з 6 па 13 кастрычніка 1941 года самым цяжкім і небяспечным ва ўсёй Маскоўскай бітве. Менавіта рамантычныя, маладзенькія, смелыя і мужныя курсанты, якія амаль усе палеглі, уратавалі Маскву. Пра іх я напісаў балючыя радкі:

Шэрыя шынелкі
Ні паспаць, ні з’есці нешта нельга,
Бо адбыўся ў «мудрых» планах збой.
Шэрыя, нязграбныя шынелкі
Кінулі з цяплушак з ходу ў бой.

У курсантаў быў запас не нейкі,
А жыццё,
Яго і аддалі…
Шэрыя, нязграбныя шынелкі
Не адрозніш ад самой зямлі.

Гляджу на ваенную валтузню і жахаюся. Якія парады?! Для каго? Для саміх сябе, каб пакрасавацца? Трэба памаўчаць і ўспомніць усіх, хто адстаяў мірны дзень.

У 1995 годзе, калі святкавалася 50-годдзе Перамогі, народны пісьменнік Беларусі, двойчы цяжка паранены франтавік Васіль Быкаў (1924 — 2003) у эсэ «Вайна і перамога» зазначыў: «Вайна была даўно, за паўстагоддзе выраслі новыя пакаленні. Шкада, аднак, што людская памяць пра яе не толькі скарачаецца ў сваіх магчымасцях, але і падмяняецца антыпамяццю, актыўна капітулюючы перад прапагандысцкімі стэрэатыпамі. Мы перамаглі лютага ворага — нямецкі фашызм, але ці маем права забывацца пра цану нашай перамогі?»

Што сказаў бы ён сёння, калі мілітарысцкі чад зашкальвае, калі ў Расіі псеўдапатрыёты гарланяць на зборышчах: «Можем повторить!». Чаго хочуць? Каб паўтарыліся дзясяткі мільёнаў смерцяў?

Расійскі публіцыст Л. Цімафееў кажа: «Да, ладно Америка, в Германии, побежденной и основательно разрушенной 75 лет назад (и населения, и природных богатств на-а-амного меньше российского) — и там прошлогодний ВВП в два с половиной раза больше нашего. Как так? Почему я, гражданин и патриот России, страны-победителя, должен мириться с таким унижением? Может, следует не устраивать помпезные праздники, а в очередную годовщину повиниться над прахом победителей в том, что мы, потомки, бездарно распорядились результатами Великой Победы?»

Сапраўды, у чым выявілася Перамога? У тым, што ў Расіі і Беларусі раскрадзена агульнанародная маёмасць, створаны «бюракратычны капіталізм», пры якім начальнікі, іх родзічы і сябры шыкуюць, як усходнія шэйхі, а большасць людзей выжывае ад зарплаты да зарплаты, ад пенсіі да пенсіі? Ці ў тым што няма сумленных выбараў, нармальных палітычных партый, незалежных судоў, свабодных СМІ? Або ў тым, што свае правы і свабоды грамадзянам трэба вырываць з зубоў у аўтарытарнай улады, але і такім чынам яны не могуць гэта зрабіць?

У мілітарызацыю ўключылася прапаганда. Па тэлебачанні і ў кінатэатрах Вялікую Айчынную вайну паказваюць як гульню, хоць гэта была страшная, знішчальная і брудная трагедыя. У Расіі і Беларусі ідэолагамі ўзняты крык пра тое, што нібыта ёсць нядобразычліўцы, якія хочуць перапісаць гісторыю і зменшыць заслугі СССР у перамозе над гітлераўскай Германіяй. Гэта не адпавядае сапраўднасці. Я цвёрда перакананы: яшчэ да канца не развенчаны савецкія шапказакідальніцкія міфы, што пасяліліся ў школьных падручніках, у гістарычнай літаратуры. Праца, распачатая ў канцы ХХ стагоддзя, была спынена з прыходам аўтарытарызму.

Звычайныя беларусы і расіяне пытаюцца: чаму няма поспехаў у эканоміцы, ахове здароўя, адукацыі, сацыяльным і культурным уладкаванні? Чаму дзве краіны займаюцца новай гонкай узбраенняў, а ў хворых дзяцей і пенсіянераў няма грошай на лекі?

У. Пуцін хваліцца станам расійскай арміі, сучаснай зброяй, гіпергукавой ракетай «Авангард», якой няма ў ЗША, ацэньваючы яе як «отличный подарок стране к Новому году», а А. Лукашэнка, бо магчымасці ў яго сціплейшыя, — «собственной зенитной управляемой ракетой». Пыха, ганарлівасць, з якой прамаўляюцца поспехі ў вырабе новых узбраенняў, сведчаць пра многае і выклікаюць трывогу ў цывільных грамадзян. Чамусьці кіраўнікі, калі гаворка заходзіць пра ўзровень дабрабыту людзей, губляюць апломб, выраз іх твараў мяняецца — трэба выкручвацца. Але праўды не схаваеш — эканамічны цяжар і выдаткі, з якімі сутыкаюцца краіны, перакладзены на плечы не багацеяў, а простых грамадзян.

Мілітарысцкія памкненні Расіі і Беларусі змушаюць успомніць выраз: «пір у час чумы». Ён гучыць асабліва злавесна цяпер, калі па планеце распаўзаецца знішчальны каранавірус, а ў розных яе кутках (Украіна, Сірыя, Афганістан, Лівія, Йемен, Паўднёвы Судан, Ірак, Ліван) грымяць баі.

Ці ж можна лічыць заслугай чалавецтва тое, што яно сваю гісторыю тчэ пераважна з войнаў? Думаю і з горыччу дзіўлюся людской маральнай недасканаласці. Чаму на першым месцы ў значнай часткі індывідаў, якія прарываюцца да ўлады, стаяць агрэсіўнасць, амбіцыі, маёмасць і грошы?

У час новай маштабнай вайны, у якую могуць загнаць народы ўзурпатары ўлады, апранаць шэрыя шынялі і быць «гарматным мясам» давядзецца не ім, не іх дзецям і ўнукам, не чыноўнікам, не алігархам, а зноў — звычайным людзям.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Адмывайце душы

Марш псеўдапатрыётаў

Бясконцы тэрмін

Шукальнікі справядлівасці

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.