TOP

У адны вароты

Беларусь стала пляцоўкай бясконцых спартыўных спаборніцтваў, таму карыстаюся адпаведнай тэрміналогіяй. Палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае і культурнае жыццё ў краіне нагадвае гульню ў адны вароты. Улада забівае народу столькі шайбаў, колькі ёй захочацца.

У сусветнай інфармацыйнай прасторы цяпер усчалася дыскусія пра тое, ці ўплывае знішчальная пандэмія каранавіруса на ўзмацненне аўтарытарных рэжымаў, павышэнне іх жорсткасці ў «закручванні гаек». Магчыма, для пэўных краін гэтая тэма стала актуальнай, але не для Беларусі і Расіі. Ні А. Лукашэнку, ні У. Пуціну не патрэбен вірус, яны і без жудаснай пошасці загналі беларусаў і расіян у «запаведнікі хлусні і гвалту».

Дыктат над людзьмі змешчаны ў Беларусі нібыта ў прыстойную ўпакоўку. Як і ў дэмакратычных краінах, маецца прэзідэнт і парламент, але з адной толькі забойчай акалічнасцю — яны ні большасцю краін свету, ні многімі ўласнымі грамадзянамі не прызнаюцца легітымнымі, бо няма адкрытых, свабодных выбараў з сумленным падлікам галасоў. На выбарчы працэс ад вылучэння кандыдатаў і да галасавання груба ўздзейнічае адміністратыўны рэсурс, а фальсіфікацыі і падтасоўкі сталі нормай палітычнага жыцця.

Тое, што міжнародная дэмакратычная супольнасць асуджае аўтарытарную практыку і не прызнае кожныя выбары ў Беларусі, на ўзурпатара ўлады ніяк не дзейнічае. Прытым атрымліваецца так, што агульныя, рытарычныя словы Захаду пра парушэнне правоў і свабодаў як бы рэтушуюць, прыкрываюць незаконныя дзеянні мярзотных тутэйшых чыноўнікаў, міліцыянераў, суддзяў, пракурораў, працадаўцаў, якія ламаюць лёсы тысячам сумленных, смелых людзей.

Сказалі, асудзілі, а што далей? А далей заходнія палітычныя дзеячы хочуць займець лаўры «выхавацеляў аўтарытарнага рэжыму», а ўвішныя бізнесоўцы — значны і лёгкі прыбытак. Пачынаюцца ваяжы прадстаўнікоў парламентаў, арганізацый і фірмаў у Беларусь. Яны злятаюцца сюды так інтэнсіўна, як восы на мёд. Балбатня і мітусня віруе, але толку ад яе звычайным беларусам — нуль. У выйгрышы толькі рэакцыйны рэжым і замежныя «дружбаны» ўзурпатара, якія займаюцца бізнесам, бо маюць ад яго вялікае спрыянне. А гвалт над народам не спыняецца, ён удасканальваецца і расце.

Сутнасць доўгага панавання ў Беларусі аўтарытарызму (амаль 26 гадоў!) якраз і палягае ў тым, што ў змаганні з ім няма ні падрыхтаванай палітычнай і простай людской базы, ні стратэгічнай і тактычнай паслядоўнасці. Адкуль ім узяцца, калі ў нас так і не вырасла свядомая грамадзянская супольнасць, якая ў стане кантраляваць і стрымліваць уладу ад памылак і злачынстваў. Спачатку савецкая (у хаосе развалу СССР), а затым аўтарытарная прапаганда забілі галовы людзей такімі неверагоднымі страшылкамі і дурнотай, якія развянчаць амаль немагчыма. Зомбі бачаць чорнае, а кажуць: гэта белае.

Чаму немцы пасля Гітлера, іспанцы пасля Франка, партугальцы пасля Салазара змаглі, хоць цяжка, марудна, але выйсці да дэмакратыі, а беларусы і расіяне пасля Сталіна ніяк не могуць гэтага зрабіць? Відаць, усё ж уплываюць нацыянальны характар, стаўленне да жыцця, ментальнасць кожнага народа. Паводзіны значнай часткі беларусаў і расіян, якія без супраціву прымаюць любы гвалт, дыктат, нагадваюць вадкі сцюдзень (халадзец), які ў галодныя 90-я гады ХХ стагоддзя ў магазінах Яраслаўля налівалі ў слоікі, бідончыкі, каструлі і нават… цэлафанавыя пакеты. Сам гэта бачыў, калі вандраваў па расійскім «Залатым кальцы». Метафара крыўдная, забойчая, але праўдзівая. Скамандавалі зверху — і людскі натоўп прымае любую форму!

Нядаўна аб’явілася асоба, якая абвінаваціла мяне ў тым, што я няслаўлю ўласную краіну. Палітычным невукам яшчэ раз нагадваю, чым адрозніваецца краіна ад дзяржавы. Краіна — гэта тое вечнае, што дадзена Вышэйшай Воляй: наша прыгожая зямля — палі, лугі, гаі, лясы, пушчы, рэкі, азёры, балаціны, узгоркі, радовішчы розных выкапняў, а яшчэ народ, які спакон веку жыве на гэтай тэрыторыі. Кепскіх слоў пра родную і любімую краіну ад мяне ніколі не будзе!

А дзяржава — гэта стварэнне іншага кшталту, яе лепяць звычайныя, грэшныя людзі з рознымі арганізатарскімі і маральнымі якасцямі. Тут залежыць ад канкрэтных здольнасцяў, сумленнасці, прыстойнасці і чалавечнасці канкрэтных выканаўцаў, як у каго атрымаецца!

Дзяржава — гэта сістэма. Яна бывае дэмакратычнай, калі будуецца і кантралюецца народам, а можа быць аўтарытарнай або дыктатарскай, дзе адзін індывід з дапамогай прыбліжаных амаральных тыпаў захоплівае абсалютную ўладу і не выпускае яе з зубоў, пакуль сілком не адбяруць. У Беларусі якраз пабудаваны горшы варыянт, а таму дзяржаву, якая працуе не на людзей, а толькі на ўзурпатара і яго клан, у тым ліку і прапагандысцкі, я не магу не крытыкаваць.

Дзеянні раз’яднанай, слабой апазіцыі, рэдкія пратэстныя акцыі найбольш смелага і актыўнага насельніцтва памяняць сітуацыю не могуць. У дадатак сышла на нішто знешняя дапамога дэмакратычным памкненням адважных людзей. Ліберальны Захад, незразумела з якога «бадуна», згадзіўся на супрацоўніцтва з аўтарытарным рэжымам і ад сваёй абуральнай двурушнасці не мае згрызотаў сумлення. Гэтыя паводзіны «дэмакратызатары» назвалі «realpolitik», а мараль адкінулі прэч. Такім чынам рэжыму створаны ўмовы для гульні ў адны вароты.

Дзівіць і тое, што дыктатару, які нацэліўся кіраваць да смерці, неверагодна шанцуе. Толькі саспее сітуацыя для палітычных змен або нават імпічменту, а тут на табе — то расійскія апекуны нахабна возьмуць яго пад крыло, то пачнецца сусветны эканамічны крызіс, то выбухнуць грамадскія ўзрушэнні ў суседняй Украіне…

Пандэмія каранавіруса выявіла сапраўднае стаўленне ўлады да здароўя насельніцтва, да выжывання малога і сярэдняга бізнесу, высвеціла рэальны стан эканомікі і магчымасцяў медыцыны. «Слугі народа» ў небяспечны для кожнага з нас час заклапочаны правядзеннем ваеннага парада і прэзідэнцкіх выбараў.

У. Пуцін у звязку з пандэміяй павёў гаворку пра адмену санкцый супраць Расіі, пра радыкальны перагляд міжнародных стасункаў у бок лаяльнасці да «крутых» рэжымаў. Ён згодны дамаўляцца «по-пацански»: мы нахабнічаем, адхопліваем кавалкі зямлі ў суседзяў, вядзем войны на чужых тэрыторыях, вы ж з прычыны каранавіруса адным махам учыненую агрэсію спішыце і абнуліце так, як я тэрміны свайго праўлення пасля паправак у Канстытуцыю РФ. Любыя змены ў свеце ўзурпатары прыстасоўваюць пад адно — захаванне ўлады!

Мяне абурае нізкая ацэнка А. Лукашэнкам і У. Пуціным народаў, якімі яны кіруюць, недавер да іх. З трыбун нагаворана шмат дыфірамбаў людзям, але гэта — дэмагогія, «панская ўдзячнасць» за рабскія паводзіны. Закрадаецца крамольная думка: няўжо беларусы і расіяне такія недаразвітыя і тупыя, што сярод мільёнаў адукаваных людзей нельга знайсці альтэрнатыву дзеючым кіраўнікам? Калі ж гэта не так, то чаму годных людзей няма ў прэзідэнцкіх крэслах?

У адны вароты, калі іх яшчэ і не абараняць, гуляць вельмі лёгка. Усе расступаюцца, і ты з гордым выглядам вальяжна плывеш да мэты, размахваешся клюшкай — гол!

Як і мільёны суайчыннікаў, я хацеў бы дачакацца таго часу, калі ў Беларусі пачнецца палітычная і эканамічная гульня паводле правілаў.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Паклон медыкам

Шэрыя шынялі

Адмывайце душы

Марш псеўдапатрыётаў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.