Праўда і свабода
Падзеі ў свеце разгортваюцца такім чынам, што стала ясна — у большасці аўтарытарных краін прыход дэмакратыі ў бліжэйшы час не прадбачыцца. Забеспячэнне існавання ва ўмовах засцярогі ад каранавіруса, ратаванне эканомікі, якія выйшлі на першы план, будуць замінаць выхаду народаў на волю.
Зробленая мною выснова — песімістычная, але з улікам палітычнага, сацыяльнага і маральнага стану постсавецкіх грамадстваў, а таксама абставін на планеце — праўдзівая. Гэта не азначае, што яна — ісціна ў апошняй інстанцыі. У кожнага чалавека ёсць сваё бачанне сітуацыі. Але я аддаваў і аддаю перавагу не беспадстаўнаму аптымізму, а якраз горкай праўдзе.
Здаўна бытуе выраз: «Без праўды ніколі не будзе свабоды і дэмакратыі». Формула гэтая — класічная і як бы вядомая, аднак кіравацца ёю многія людзі не хочуць.
На працягу двух дзесяцігоддзяў у Беларусі адбываецца легалізацыя не толькі сфальсіфікаваных выбараў, судовых рашэнняў, але і будзённай хлусні. Прытым хлусня стала неад’емнай не толькі ад палітыкі, у выкананні законаў, планаў, але і ад адукацыі, медыцыны, культуры, дзе патрабуецца гранічная сумленнасць. Многія заходнія палітыкі, эксперты, журналісты і, як ні дзіўна, нават мясцовыя «прасунутыя змагары за дэмакратыю» махнулі на гэта рукой. Маўляў, што зробіш, даводзіцца мець стасункі з наяўным. Мы ж не можам кожнаму чынадралу рот закрыць. Разумны чалавек сам разбярэцца!
На жаль, зразумець сутнасць падзей, размежаваць хлусню і праўду могуць не ўсе. Ведаю шмат нібыта разумных, адукаваных людзей, якія следам за правіцелем і яго прапагандай паўтараюць абсурдныя прыдумкі. А што ўжо казаць пра вясковую працаўніцу з глыбінкі!
Хлусня прыходзіць у кватэры і хаты праз тэлевізійныя экраны, радыё і друк, стала звыклай, успрымаецца спакойна або з паблажлівай усмешкай. Абыякавасць да яе разбуральнага ўздзеяння на псіхіку і свядомасць вядзе да спаўзання грамадства ў маральную дэградацыю: калі начальства маніць і за няпраўду яму ніколі не перападае «на арэхі», то чаму б і нам дзе-небудзь не саграшыць?
Паралельна з гэтым працэсам нарастае прадажнасць значнай часткі як вярхоў, так і нізоў грамадства. Калі можна беспакарана хлусіць, то чаму б тады і не ўкрасці, не прысабечыць? Хлусня і карупцыя таксама ідуць у адной звязцы.
У інфармацыйнай прасторы краіны ўсё пастаўлена з ног на галаву. Вось канкрэтны прыклад: тэлеканал АНТ усхваляе дыктатуру як лепшую форму дзяржаўнага ўладкавання і тут жа побач ідзе перадача пра нашага земляка, славутага вучонага, удзельніка паўстання 1863 года Бенедыкта Дыбоўскага, які гаварыў: «Свабода для ўсіх без выключэння. Для ўсіх, хто прызнае праўду і справядлівасць». Прыкрыццё аўтарытарнай хлусні гістарычнымі перадачамі і сюжэтамі, дзе героямі выступаюць змагары за праўду і свабоду, адбываецца штодзённа. Мясцовая прапаганда — гэта няспынная мутная плынь абсурду і фантасмагорыі!
Мяркую, што хлусня з’яўляецца прычынай палітычнай непераборлівасці людзей, іх згоды з «железным порядком». У Літве, Латвіі, Эстоніі, Грузіі, Украіне выразна бачна непрыняцце народам таталітарнага мінулага, у якім панавала адурманьваючая мана. Але толькі не ў Беларусі і Расіі. «Шпагат», у якім расцягнуліся і пакутуюць беларусы, расіяне, выглядае так: грамадзяне ведаюць цану папулізму, да канца не вераць хлуслівай уладзе, але і мяняць яе не адважваюцца. Брадзільны працэс у дзяжы, з якой можна параўнаць два грамадствы, дзе крута замешаны дурнота, абыякавасць, нерашучасць і нязбытны страх, проста зашкальвае. Але толку — ніякага. У сувязі з гэтым згадваю героя рамана амерыканскага пісьменніка Г. Мілера «Сексус», які кажа: «Сам Гасподзь Бог напэўна ўзрушаны, калі бачыць, наколькі тупы і неадчувальны чалавечы статак».
Змаганне за праўду ў недаверлівай грамадзе замбіраваных людзей не менш цяжкае, чым за свабоду. Але ёсць адрозненне. Праўда грунтуецца на канкрэтных фактах, якія можна «памацаць», а свабода — паняцце болей абстрактнае.
Для многіх беларусаў слова «свабода» не становіцца блізкім і патрэбным. Прамаўляючы яго, людзі не чысцеюць душой, не ўзрушваюцца сэрцам, не святлеюць абліччам. Яно зацяганае і зведзенае на нішто, карыстаюцца ім несвядома, механічна, як лыжкай або відэльцам.
Каштоўнасць свабода набывае тады, калі тычыцца вызвалення з турмы або ад наркатычнай, алкагольнай ці тытунёвай залежнасці. А хутчэйшы выхад з аўтарытарнага рабства мільёны грамадзян абсалютна не цікавіць.
Улічваючы рэальную палітычную і маральную атмасферу ў грамадстве, упэўнены, што цяпер прыкладанне сіл свядомых, сумленных і актыўных людзей трэба засяродзіць на адстойванні праўды. За яе трэба ваяваць мужна і апантана ў любых выпадках.
Ва ўмовах пандэміі каранавіруса праўда ратуе людзей, абараняе здароўе народа. Ведаючы сапраўдную сітуацыю, яе выключную сур’ёзнасць, чалавек будзе дзейнічаць максімальна асцярожна ўсюды — на працы, у транспарце, на вуліцы і дома.
Кажучы пра несвоечасовасць лакалізацыі месца ўзнікнення смяротнай хваробы, міністр замежных спраў Тайваня Д. Ву падкрэсліў: «Найбольш важнымі фактарамі з’яўляюцца празрыстасць і сумленнасць. Мы ў Тайвані не можам дазволіць сабе хаваць або хлусіць, але кітайскія камуністы інстытуцыянальна няздольныя гаварыць праўду». Замоўчванне не прайшло спакойна, а скончылася трагедыяй для ўсяго чалавецтва. Так было не раз, але на памылках мала хто хоча вучыцца. У тым ліку і беларусы, якія па-рабску столькі гадоў спажываюць хлусню.
Разуменне важнага значэння і каштоўнасці праўдзівасці ў зямным жыцці не даецца чалавеку з нараджэннем. Яно выпрацоўваецца ў свядомасці. Але ж свядомасць можа быць таксама рознай— адукаванай, свабоднай або падаўленай неабходнасцю элементарнага выжывання. Змагар за свабоду афраамерыканцаў М. Літл лічыў, што ў першую чаргу трэба выхоўваць у людзях усведамленне свайго рабскага становішча. Яны змогуць вызваліцца толькі тады, калі зразумеюць, што іх выкарыстоўваюць у якасці рабоў.
У мяне, як, магчыма, і ў іншых людзей, назапасіліся пытанні, якія тычацца праўды. Трэба высветліць, як кожны з нас, жыхароў Беларусі, асабіста ставіцца да праўдзівасці? Ці ацэньвае яе патрэбнай і карыснай? У якой ступені ўсведамляе, што аўтарытарная сістэма — гэта зло? У якой меры адчувае на сабе ўздзеянне адміністратыўнага рэсурсу, рэпрэсіўных органаў і ці лічыць яго справядлівым? Ці можа адкрыта гаварыць пра накладзеныя на нас розныя абмежаванні? Ці мае магчымасць размаўляць з начальнікам, не прыстасоўваючыся, не падлізваючыся, не губляючы ўласнай годнасці? Ці ўсе думкі можна свабодна і спакойна выказаць?
Мне здаецца, што той, хто сумленна адкажа на пералічаныя пытанні, убачыць святло ў канцы тунэля.
Пра людзей, якія не развучыліся думаць, напісаў верш «А ты сумнявайся»:
Усе задаволены, толькі ты
Кручок з чарвяком хлусні не нюхай.
Жыццёвы шлях, як заўжды круты,
Адольвай сумленна — радасць ці скруха.
Сусед задаволены, што не ён,
А нехта іншы над доляй плача.
Дзяржава для зомбі, нібы парасон.
А ты сумнявайся…
Удачы!
Калі ў нас пакуль няма сілы волі і рашучасці на перамены, то будзем імкнуцца да праўдзівасці. Станем гарою за праўду! Следам за ёю прыйдзе свабода.
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: