TOP

Рэальны прэтэндэнт

Пасля сумбурнага грамадскага волевыяўлення 1994 года і ўсталявання ў нашай краіне аўтарытарызму я глядзеў на ўсе выбарчыя кампаніі як на фарс і перастаў удзельнічаць у галасаванні. Змушалі дзве прычыны: ведаў, што падлік галасоў — хлуслівы, а прэтэндэнты — непадрыхтаваныя і няздольныя перамагчы ў складаных умовах.

Сёлета мой песімістычны настрой змяніўся і хіліцца ў бок вялікай надзеі. Я задаволены, што нарэшце прыйшоў час, калі на пасаду прэзідэнта прэтэндуе ўсебакова падрыхтаваны, вопытны і разумны чалавек, рэальна прахадная асоба. Прад’яўляючы Віктару Бабарыку розныя прэтэнзіі, многія палітолагі, эксперты і журналісты ўпіраюцца позіркам, як і раней, у адну-дзве баразны і не хочуць бачыць цалкам беларускага гістарычнага і палітычнага поля.

Каб мець дакладнае ўяўленне, у якой краіне і ў якім грамадстве мы жывем, трэба пазбавіцца ад зашоранасці, ілюзій і прыняць праўду і рэаліі. Давайце сумленна прызнаемся, што пасля Генадзя Карпенкі, якому «верныя сябры» не далі магчымасці паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, такога надзвычай моцнага і прахаднога кандыдата ў прэзідэнты ў нас яшчэ ніколі не было. Агаваруся: сярод мінулых прэтэндэнтаў меліся вельмі дастойныя, таленавітыя людзі, але тым багажом, які ёсць у прафесійнай, дзелавой, філасофскай і нават у душэўнай практыцы В. Бабарыкі, на жаль, не валодалі. Гэта першы чалавек, які пачынае прэзідэнцкую кампанію якраз са слова «сумленне», з таго, што «баліць душа».

Што тычыцца праўды пра В. Бабарыку, то яна ў наступным: у яго асобе беларускія выбаршчыкі маюць падрыхтаванага сучаснага кіраўніка. Нават у параўнанні з У. Зяленскім, які бліскуча перамог на выбарах ва Украіне і захоўвае даволі высокі рэйтынг, Бабарыка выйграе тым, што ён — больш спрактыкаваны менеджэр, чым той. Ён ідзе на высокую пасаду не з вопытам кіравання прымітыўным саўгасам, а з высокімі эканамічнымі, фінансавымі і іншымі ведамі, з вялікай практыкай. Гэта кіраўнік, які не хоча самаўладна камандаваць і прыпісваць сабе дасягненні цэлага народа, а мяркуе працаваць з прафесійнай, разумнай і самаадданай камандай.

У В. Бабарыкі ёсць праграма, якая даходліва выкладзена ў інфармацыйнай прасторы. Яе не заўважае толькі той, каму гэтага вельмі не хочацца.

У сваіх інтэрв’ю ён размаўляе з усім насельніцтвам, якое мае доступ да інтэрнэта, прэсы. Прытым не абмінае ніводзін пласт, людзей усіх узростаў — ад старых да маладых: бізнесоўцаў, прадпрымальнікаў, фермераў, дзе мае шмат прыхільнікаў, патрэбных грамадству бюджэтнікаў, самых простых працаўнікоў, а таксама наменклатуру, сілавікоў, для якіх ён — не вораг. Яго проста трэба пачуць!

Для тых, хто хоча, каб яму паказалі пальцам праграму, раблю гэта. Вось галоўнае: дзяржава павінна жыць і працаваць па законах. Неабходна ажыццявіць рэальнае размежаванне ўладаў: заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Трэба абавязкова вярнуць у Канстытуцыю абмежаванне колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў.

Сваю місію В. Бабырыка разумее так: «Я воспринимаю должность президента однозначно, как должность менеджера. Должность человека, который нанят народом».

На лукашэнкаўскае: «А жрать что будем?!» — прэтэндэнт, з’яўляючыся культурным чалавекам, спакойна адказвае: дзяржава не можа існаваць паразітам і наркаманам, а абавязана ствараць самастойную моцную эканоміку. Тады мы не толькі не прападзем з голаду, але і ў кожнай сям’і будзе прыстойны дабрабыт.

Мне імпануе нацэленасць В. Бабарыкі на чыстую перамогу. Ёсць рэзон і праўда ў высновах: «всех не посадят»,«за всех не фальсифицируют»,«надо брать судьбу в свои руки». Некаму, можа, яны не падабаюцца, але куды ад іх дзенешся?

Гэты чалавек выдатна ведае куды і на што ідзе. Ён практык і прагматык. Складана пераводзіць краіну з аўтарытарнага ладу на дэмакратычнае эвалюцыйнае развіццё, магчыма, на парламенцка-прэзідэнцкую рэспубліку, але я ўпэўнены, што ў Віктара Бабарыкі можа атрымацца. Ён з’явіўся ў патрэбным месцы своечасова, калі ў грамадстве заварушылася выпакутаванае слова: «Надакучыў!». Не трэба толькі некаторым былым прэтэндэнтам і іх сябрам зайздросціць смеламу чалавеку, ставіць яму палкі ў колы, такіх ахвотнікаў і без вас хапае ў апараце дзеючага правіцеля.

Няварта і экспертам шукаць нейкія канспіралагічныя схемы, абвінавачваць, забягаць наперад са сваімі фантазіямі. Пажывем — пабачым! Ва ўсякім разе краіна не страціць незалежнасці па многіх прычынах (гэта доўгая гаворка, яе пакідаю за дужкамі), а што мова і культура будуць развівацца і займаць больш моцныя пазіцыі — бясспрэчна. Горш не будзе.

А цяпер пра нас, пра галасуючых. Мы загналі сябе ў аўтарытарнае балота самі, цяпер трэба самім жа з яго вылазіць. Гэта цяжка, але ніхто нас на гарбе з яго не вынесе. Думаць трэба ўласнай галоўкай, тупаць сваімі ножкамі.

Пасля развалу СССР людзі галасавалі пераважна пратэстна, не думаючы, бо надта надакучылі састарэлыя камуністычныя бонзы, якія адзін за адным паміралі ў Крамлі, бясконцыя чэргі, няхватка самых элементарных прадуктаў і тавараў, пустапарожняя балбатня лабавой савецкай прапаганды.

У 1994 годзе беларускі электарат выбраў прэзідэнтам А. Лукашэнку, таму што ён быў свежай фігурай, для многіх «сваім хлопцам», які абяцаў «малочныя рэкі і кісельныя берагі». Прайшло 26 гадоў, і мы вярнуліся туды, з чаго пачыналі. Праўда, пакуль што магазіны яшчэ не пустыя, але ў кішэнях у большасці людзей —«вош на аркане».

Свет цяпер жыве ў іншых умовах, не заўважаць гэтага — значыць плесці стогадовыя лапці, якія знайшлі пры рэканструкцыі старога будынка ў Шклове. Толькі новы кіраўнік з добрай камандай, які выдатна ведае сучасныя эканамічныя рэаліі, мясцовую спецыфіку, здольны вывесці краіну з заняпаду.

Разумею ўсё: вырас цэлы пласт людзей, якім сённяшні лад выгадны. Гэта не толькі многія прыстасаванцы і прыкарытнікі ў чыстым выглядзе —чыноўнікі, сілавікі, бізнесмены. Аўтарытарызм падабаецца яшчэ даволі значнай частцы грамадства, бо пры ім можна быць лайдаком і атрымліваць нароўні са шчырым працаўніком, можна надоўга стаць прафесійным «рэвалюцыянерам» або «беларусам» і жыць з гэтага, абсалютна нічога не робячы карыснага для нацыястанаўлення, для незалежнасці Айчыны.

Ясна і тое, што выбарчую кампанію арганізоўваюць і праводзяць адны і тыя ж заангажаваныя людзі, якім пастаўлена задача захаваць дзеючага правіцеля.

Усё гэта так. І тым не менш ёсць выбар. Усім трэба больш самастойнасці. Асабліва моладзі пара адарвацца ад сваіх наварочаных смартфонаў і пайсці прагаласаваць за прасунутага прафесіянала. Не мне, старому дзеду, а вам і вашым дзецям жыць у новым часе.

Мы маем шанц. Калі не скарыстаем яго, гэта будзе памылка, прытым не проста драматычная, якіх было нямала, а трагічная, фатальная…

PS: Я з Віктарам Дзмітрыевічам Бабарыкам незнаёмы, не сустракаўся, не гаварыў і не наймаўся яму ў адвакаты за грошы. А чакаю ад рэальнага прэтэндэнта толькі адно — хай пераможа і абавязкова сумленна выканае сваю разумную праграму.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Без панікі

Такі час

Праўда і свабода

Паміж дабром і злом

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.