TOP

Барадатыя праблемы

Практыка паказвае, што за апошнія гады беларуская эканоміка не зрабілазруху ў бок прагрэсу. Міністэрствы і ведамствы не могуць давесці да ладу нават нібыта дакладна пралічаны, падрыхтаваны праект. Яго распачынаюць, убухваюць вялікія сродкі, але ўсё канчаецца безвынікова.

Асабліва мяне ўразіла рашэнне праблемы раздзеленага збору і перапрацоўкі смецця. Доўгі час чыноўнікі шукалі падыходы да яе, хоць у развітых краінах гэты працэс распрацаваны да дасканаласці, трэба проста пераняць вопыт. Мне даводзілася назіраць дакладнасць і акуратнасць у раздзельным зборы смецця ў ФРГ, Швейцарыі, Даніі, пра што расказваў у друку.

Камунальшчыкі выкарысталі праблему, зрабілі не адзін ваяж за мяжу, дзе разглядалі чужое, добра ўладкаванае жыццё, атаварваліся дэфіцытам. Затым пайшла тлумачальная апрацоўка насельніцтва праз СМІ. Нарэшце вырабілі і паставілі ў дварах спецыяльныя кантэйнеры. Грамадзяне, у пераважнай большасці, пачалі дысцыплінавана выконваць патрабаванні, збіралі і выносілі смецце ў асобных пакетах. З цягам часу працэс мог бы замацавацца і стаць звычайным элементам мясцовай бытавой культуры. Але агульная эйфарыя ад таго, што мы ўдзельнічаем у важнай справе, хутка скончылася.

Вялікім было здзіўленне, калі неабыякавыя грамадзяне пацікавіліся: як жа выгружаюцца кантэйнеры з асобным смеццем у спецгрузавікі? Аказалася, што, як і раней, усё звальваецца ў адну кучу. Узняўся шум. У сацыяльных сетках выступілі чыноўнікі і блытана расказалі,што перапрацоўваюцца толькі бутэлькі з-пад малака, шкло і метал. Пасля такіх заяў хто ж будзе старацца і раскладваць смецце па пакетах?

У паводзінах чыноўнікі і звычайныя людзі бяруць прыклад з правіцеля. А той, стараючыся быць, як кажуць у народзе, «і пекарам, і лекарам» (далей можна пералічваць усе прафесіі!), пастаянна перакідваецца з адной праблемы на другую, нічога не даводзячы да толку. Гэта бачна ў працэсе мадэрнізацыі прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Паспяховых інвестпраектаў мала, 33 з іх — праблемныя. Мадэрнізацыя расцягваецца на гады, сродкі не вяртаюцца. На ўзбраенне ўзяты метады сталінскага часу: «Вы должны работать, как в военное время… Работать вы должны день и ночь»; «Я поручил главе Администрации и председателю Комитета госконтроля перевести на военное положение подобные хозяйства». Наказ дырэктарам гучыць так: «Берите всё в свои руки, в железные рукавицы и действуйте».

Адразу згадваецца наркам СССР, генеральны камісар дзяржаўнай бяспекі М. Яжоў і яго знакамітыя «рукавіцы». Нагадваю, што гэты дзеяч з комплексам непаўнавартасці асабіста ўдзельнічаў у катаваннях і масавым зні­шчэнні людзей. Вось радок з афіцыйнага абвінавачвання: «В результате операций, проведенных сотрудниками НКВД в соответствии с приказами Ежова, только в 1937—1938 гг. было подвергнуто репрессиям свыше 1,5 млн. граждан, из них около половины расстреляно».

Але ж на дварэ іншы час — ХХІ стагоддзе. Прыгон, бізун і пуга сышлі ў нябыт. Навошта іх вяртаць? «Жесточайший спрос», які пануе з 1994 года, вынікаў не прынес. Гэта змушае задумацца: чаму? Мясцовая «Экономическая газета», даючы прагноз на будучыню, ацэньвае сітуацыю такім чынам: «Что касается производительности труда, главным сдерживающим фактором продолжит оставаться масштабный и неэффективный государственный сектор, составляющий львиную долю в промышленности». Ёсць і яшчэ адна важная прычына нізкай прадукцыйнасці працы. За зробленае людзям трэба плаціць, тады яно будзе якасным. Пакуль што стымулаў няма.

Калі ўважліва паглядзець, хто і якія атрымлівае зарплаты і пенсіі, то адразу высвятляецца, што палітыка тут — «избирательная», «обслуживающая». Яна ўласцівая толькі аўтарытарным рэжымам. Кіруючаму клану— усё, што маецца ў бюджэце, і яшчэ магчымасць украсці, схабарнічаць, а звычайным грамадзянам — жорсткая, мізерная ўраўнілаўка.

Расійскія ваенныя аглядальнікі на афіцыйным сайце выступілі з імперскай і надта змрочнай высновай: «Экономики в РБ нет, есть громадные долги, воевать за Россию РБ не хочет категорически (нас гонят на убой!), ресурсов там кот наплакал… Чего от них добиваться?»

Я не песіміст у ацэнцы магчымасцяў Беларусі, беручы пад увагу людскі, матэрыяльны, навуковы патэнцыял. Яна можа стаць эканамічна ўстойлівай. Але для поспеху павінны быць большая свабода ініцыятыве, прадпрымальніцтву і смеласць з боку кіруючага корпуса браць адказнасць на сябе. Толькі ці магчыма такое пры аўтарытарызме? Пакуль незалежныя айчынныя і замежныя эксперты ў адзін голас сцвярджаюць, што большасць грошай, укладзеных у мадэрнізацыю, не прынеслі прыбытак, а пайшлі ў пясок. Пра гэта сведчаць і прачуханкі, якія правіцель рэгулярна наладжвае сваім служакам.

Ад эканомікі перакінемся ў іншыя сферы. Нямала было наабяцана з высокіх трыбун па надзённай праблеме будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў. Але дакладнасці, пэўнасці так і няма. Няўжо ўладзе не сорамна, што дзеці стаяць у дварах з плакатамі: «Обещал — выполняй!»

Калі 11 лютага 2020 года жыхар Мінска А. Міракян заказваў кубак гарбаты па-беларуску ў фірмовай краме «Камунарка», афіцыянтка заявіла: «Говорите на русском, у нас два государственных языка». А ці ёсць праўда ў яе словах? Дзяржаўнасці роднай мовы ў Беларусі рэальна не існуе. Ці ж гэта нармальна, калі ні кіраўнік краіны, ні вышэйшыя чыноўнікі не размаўляюць з беларусамі па-беларуску? Не размаўляюць, бо не ўмеюць. Дзве-тры фразы, хвіліна размовы на трасянцы — гэта не паказчык! І хопіць прыкрывацца Швейцарыяй, там чыноўнікі валодаюць чатырма мовамі: нямецкай, італьянскай, французскай і рэтараманскай і гавораць на іх з насельніцтвам разнамоўных кантонаў.

Міністэрства інфармацыі хваліцца тым, што з 10000 кніг, выпушчаных у Беларусі, 500 — на англійскай мове. А колькі апублікавана кніг па-беларуску, сарамліва замоўчваецца. Няма чаго сказаць.

Чалавек, з маленства пазбаўлены роднай мовы, культуры, нацыянальныхтрадыцый, звычаяў і нават кухні, апынаецца ў сітуацыі, як дрэва без каранёў. Пра такіх кажуць: «Ні Богу — свечка, ні чорту — качарга!»

Вярнуць беларускай мове яе законнае месца не так проста. Я неаднойчы размаўляў з лінгвістамі Чэхіі і Славакіі. Яны расказвалі, як складана і доўга ішлі іхнія народы да адраджэння моў. Усё не так проста, як некаму здаецца. А таму нам, калі не хочам згінуць як нацыя, трэба варушыцца, каб вярнуць родную мову ў народнае жыццё!

Правіцель сам сфармуляваў становішча ў краіне: «Мы застыли, и в этом вся проблема». Пасада — гэта не шчыт, а вялікая адказнасць перад грамадзянамі. Пры аўтарытарызме начальнікі думаюць не пра тых, для каго абавязаны працаваць, а толькі пра сябе: як утрымацца, як дагадзіць непасрэднаму босу і вярхоўнаму правіцелю і адначасова павялічыць за кошт дзяржавы ўласнае багацце. Гэтая акалічнасць размывае адказнасць. Кантакты службоўцаў з людзьмі становяцца паказнымі, адчапнымі, толькі для справаздач…

У мяне, звычайнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, ёсць просьба да чыноўнікаў: перш чым перасаджвацца на электрамабілі, разбярыцеся, калі ласка, з барадатай праблемай раздзеленага збору смецця. Давядзіце да ладу, хоць адзін праект!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Рэальны прэтэндэнт

Без панікі

Такі час

Праўда і свабода

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.