TOP

Старыя прыёмчыкі

Заўжды, калі ідзе выбарчая кампанія, улада выцягвае для барацьбы з канкурэнтамі старыя прыёмчыкі: правакацыі, хлуслівыя абвінавачванні, а затым і пасадкі ў ізалятар. Калі б з такім імпэтам службоўцы шчыравалі на эканоміку, то дабрабыт у Беларусі падскочыў бы да касмічных вышыняў.

Вопыт паказвае, што гэтак званыя «рэзанансныя справы», пашытыя белымі ніткамі, пасля распадаюцца і сыходзяць у нябыт. Але запланаванае ўладай дасягнута, аўтакрат зноў сядзіць на троне, а для пратэстуючага насельніцтва цягнік пайшоў, і яму ўслед можна толькі памахаць белай хустачкай.

Адразу, каб не было абвінавачванняў у галаслоўнасці, напамінаю, што такія выпадкі зафіксіраваны ў судовых дакументах, прэсе і інтэрнэце. Не мая місія выцягваць «велізарную гаспадарку», назапашаную за 26 гадоў панавання аўтарытарнага рэжыму, і пералічваць у сваім публіцыстычным роздуме. Гэта могуць зрабіць лепш спецыялісты-юрысты.

Проста трэба канстатаваць, што безгаспадарчасць, карупцыя, выбарчыя правакацыі і фальсіфікацыі ўлады настолькі надакучылі насельніцтву, што яно не вытрымала. Не апазіцыянеры, а звычайныя людзі сёння гавораць на відэакамеру пра набалелае адкрыта і адважна, не баючыся пераследу спецслужбаў, чаго ніколі раней не было.

Я пабачыў многае на сваім вяку, бо жыву на роднай зямлі сем дзясяткаў гадоў з гакам. Магу параўноўваць, аналізаваць. Аўтарытарная Беларусь, якую маем, нагадвае «стройбат». «Генерал і палкоўнікі» раскрадаюць народныя грошы і маёмасць са складоў, будуюць сабе катэджы, дачныя палацы, лазні, басейны, зялёныя куткі, дзеля чаго выкарыстоўваюць рабскую сілу ў пагонах. А салдаты, напоўніцу нагледзеўшыся на «фокусы» начальства, адчуваюць пэўную вольніцу. Яны ходзяць у нячышчаных ботах, з расшпіленымі каўнерыкамі, з плямамі на абмундзіраванні. Выглядаюць і ў паводзінах яны неадназначна: з аднаго боку — зачуханыя, затурканыя, а з другога — нахабныя, хамаватыя. Часта ў гарадах у месцах дыслакацыі многія з іх сядзяць на агароджах, як ластаўкі на дроце, і ў прахожых «страляюць цыгарэтку». Дарэчы, гэты малюнак нагадвае выпрошванне аўтарытарным рэжымам, дзе толькі можна, самых розных пазык, дапамог, субсідый, нейкай міжнароднай «халявы».

У «стройбаце» немагчыма наладзіць патрэбную дысцыпліну, дакладнасць, абавязковасць, працавітасць і самаадданасць. Даўняя мудрасць кажа: «Рыба гніе з галавы».

Ніякай моцнай суверэннай дзяржавы ў нас няма. Усё гэта — казкі для бедных. Цяпер ёсць аўтарытарнае дзяржаўнае ўтварэнне са сваім спецыфічным ладам. Многае ў ім застаецца амаль што савецкім, але з новымі негатыўнымі нюансамі. Прэч адкінута калегіяльнасць у кіраўніцтве, што ў пэўнай меры ўсё ж назіралася ў СССР. Цяпер улада належыць аднаму чалавеку.

Што ў выніку атрымалася? Нерэфармаваная эканоміка, захакаўшыся тузаецца ў цісках прэзідэнцкіх каманд і даручэнняў, прымае «сардэчныя кроплі» ў выглядзе грашовых уліванняў у сельскую гаспадарку і прамысловасць, але толку няма. Цвёрда стаяць на нагах пацыент не можа.

Тузаніна назіраецца ў знешнім і ўнутраным гандлі. Усё ўпіраецца ў выраб канкурэнтназдольнай прадукцыі. А яна, прабачце за таўталогію, з’яўляецца пры канкурэнцыі вытворцаў.

Чамусьці склалася меркаванне, што новыя тэхналогіі могуць развівацца, а выдатная прадукцыя вырабляцца толькі ў ваеннай прамысловасці. Яно вельмі спрэчнае. Кіньце лепшых спецыялістаў і патрэбныя грошы ў цывільныя галіны гаспадаркі на распрацоўку новых праектаў, то і там вынік пабачыце.

У нас няма нацыянальнай адукацыі. Пакуль што рыхтуюцца спецыялісты не для Беларусі, а для ўсяго свету. Адсутнічае падрыхтоўка людзей, якія з радасцю будуць працаваць на карысць сваёй краіны, адчуваць адказнасць за яе будучыню. Не толькі ў адной роднай мове тут цвік праграмы, хоць несумненна — яна галоўны падмурак нацыі. Нельга ўявіць нацыянальны ўніверсітэт, дзе рабочая мова — іншая.

Што тычыцца беларускай культуры, то яна нагадвае прыгажуню ў гадах, якая малодзіцца. На яе савецкае, зрусіфікаванае аблічча накладаюцца аўтарытарны грым, нейкая гламуршчына, пошласць і непісьменнасць. Але ўвесь час усё гэта абсыпаецца, аблупліваецца, зноў вылазяць састарэлая скура і зморшчыны.

Практычна для ўмацавання нашай нацыі амаль нічога не зроблена. Уся дзяржаўная пара пайшла ў свісток — на ўтрыманне ўлады. А свістаць правячы клан можа «віртуозна».

Як бы ні напружваліся перыфірыйныя гульцы на міжнароднай арэне, у тым ліку і Беларусь, і Венгрыя, дзе правіць калега А. Лукашэнкі па духу В. Орбан, але яны нічога не азначаюць. Наперадзе ідуць значна мацнейшыя, больш заможныя, лепш узброеныя і экіпіраваныя. А на заштатных аўтакратаў свет глядзіць з засцярогай, таму што ад іх можна чакаць любога глупства. Але іх вага абсалютна мізэрная, нягледзячы на ракеты, якія могуць «залятаць у фортку».

Спынюся на пікантных момантах выбарчай кампаніі. Улада не можа даць адказу на шэраг пытанняў, якія задаюць выбаршчыкі. Чаму з пачатку кампаніі службоўцы заяўляюць, што выбар альтэрнатыўнага кандыдата, а не дзеючага правіцеля — гэта спроба дзяржаўнага перавароту? Чаму замена старога прэзідэнта новым — гэта разбурэнне краіны і хаос? Чаму з-за адной асобы, якой спадабалася быць прэзідэнтам і якая вырашыла пажыццёва ўзурпіраваць уладу, павінны быць пазбаўлены свабоднага і разумнага жыцця мільёны людзей? Чаму ўзнікла праблема са складам ураду? Выбары не адбыліся, пра які новы ўрад можа ісці гаворка, калі не абраны прэзідэнт? Значыць, правіцель адкрыта заяўляе выбаршчыкам, што яны — ніхто, што вынік выбараў яшчэ да іх правядзення прадвырашаны. Больш сумленна каменціруюць падзеі ў інфармацыйнай прасторы паслугачы А. Лукашэнкі з «Белай Русі»: «Он показывает, кто в стране хозяин».

Пасля такіх публічных слоў выклікаюць здзіўленне заявы правіцеля пра тое, што хтосьці хоча прыватызаваць нашу краіну. Усё якраз наадварот, як кажуць грамадзяне ў сацыяльных сетках: «Страна давно превращена в помещичью усадьбу с лакеями и дворовыми».

У вайне за ўладу рэжым дапускае не толькі парушэнні законаў, але і робіць пракол за праколам, над якімі рагочуць людзі: то сваіх аддубасяць «за кампанію», то да ўласных начальнікаў з правакацыйнымі пытаннямі прывяжуцца, то ў газетах або на тэлебачанні вылезуць з яўнай хлуснёй і фантастычнымі паклёпамі. Шкада, што гэта не відно «дэмакратызатарам» з Еўропы і ЗША. Парламенцкая асамблея АБСЕ выступіла з заявай: «Мы заклікаем улады выяўляць максімум стрыманасці напярэдадні важных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і спадзяемся на больш свабодныя ўмовы, чым мы раней назіралі».

Заходнія палітыкі выказваюць такія спадзяваннні перад кожнай выбарчай кампаніяй, але вынікаў няма. Таму што ў іх адна рука рэжыму грозіць, а другая — яго корміць.

Тое, што адбываецца ў краіне, — гэта заслужаная адплата даверліваму, несамастойнаму электарату за бяздумныя выбары 1994 года. Але ніякія пагрозы, цынічныя, грубыя запалохванні і старыя прыёмчыкі не дапамогуць.

Усім трэба ўспомніць сусветны вопыт і непарушную ісціну: у зацятым змаганні з уласным народам ніколі яшчэ ніхто не выйграваў!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Барадатыя праблемы

Рэальны прэтэндэнт

Без панікі

Такі час

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.