TOP

Гістарычны момант

У апошнія дні, калі ўключаю тэлевізар, то не пакідае ўражанне, быццам на экране мітусіцца агрэсіўная цётка з Камароўкі, нечым пакрыўджаная на ўвесь свет, якая ўсюды бачыць ворагаў, пагражае ім зямнымі і нябеснымі карамі. Для мяне ў прымітыўным абрыдлым спектаклі сенсацыі няма.

Лёс сям’і склаўся так, што я яшчэ з 9-га класа сярэдняй школы быў укручаны ў вір палітычных падзей, бо разам з бацькам удзельнічаў у высвятленні абставін незаконнага арышту і знішчэння ў сталінскім ГУЛАГу дзя­дзькі, маладога паэта Сяргея Ракіты (Сяргея Васільевіча Законнікава). З таго часу мае пошукі не спыняюцца, бо многае яшчэ дасюль засакрэчана. Яны звялі мяне з сотнямі самых розных людзей, многаму ў жыцці навучылі.

У канцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя я ўважліва назіраў за развіццём палітычных працэсаў і ў меру ўласных ведаў, сіл і магчымасцяў удзельнічаў у іх. Пасаду галоўнага рэдактара літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса «Полымя» выкарыстоўваў для актыўнага і якаснага асветніцтва людзей, якія знаходзіліся ў палоне савецкіх хлуслівых міфаў і замшэлых догмаў. Палымянскія публікацыі таго бурлівага часу, якія развенчвалі сталінізм, таталітарызм, расказвалі пра перспектыўныя напрамкі развіцця айчыннай эканомікі, навукі, адукацыі і культуры, узнаўлялі невядомыя старонкі беларускай гісторыі, вучылі культуры роднай мовы, застаюцца актуальнымі і цяпер.

Шчыра працаваў я і сам як журналіст і літаратар у перыядычным друку, на радыё і тэлебачанні, пакуль яны не былі забраны поўнасцю пад кантроль аўтарытарнай улады, а мне дасталася доля знаходзіцца ў «чорных спісах», складзеных дзяржаўнымі цэрберамі.

Усё гэта расказваю ў якасці тлумачэння важных момантаў. Вывучаючы са школьных гадоў працэс зараджэння і ўмацавання культу Сталіна, праявы сталінізму, таталітарызму на розных этапах развіцця СССР, я мог лепш, чым нехта іншы, заўважыць на постсавецкай прасторы рух у непатрэбным, негатыўным кірунку, тое небяспечнае, што не выкаранена, вяртанне ціхай сапай назад паскуднага. Усё, ад чаго перасцерагаў грамадства ў артыкулах і вусных выступленнях, спраўдзілася. Мяне гэта не радуе, не цешыць самалюбства, а, наадварот, выклікае вялікую трывогу.

Як і тады, я канстатую, што наша грамадства ўсё яшчэ надзвычай няспелае ў палітычным плане. Яно настолькі палярна неаднароднае па адукацыйных, інтэлектуальных і маральных якасцях, што працэсы, якія адбываюцца ў ім, цяжка прадугледзець.

Стыхійная абуранасць нахабнай і жорсткай уладай — гэта яшчэ не ўсё. У грамадстве павінна быць дакладнае ўсведамленне, што аўтарытарны лад трэба мяняць на дэмакратычны. Навядзенне марафету, прыпудрыванне дыктатуры, як гэта раіць спарынг-партнёр А. Лукашэнкі, які зліняў на раннім этапе, ніяк не дапамогуць.

Дыктатура Сталіна трымалася, як лічаць гісторыкі, з 1929 года (у ім тыран ужо займеў абсалютную падтрымку ў Палітбюро) па 1953 год. Што прынесла яна краіне? Пры правядзенні сталінскай калектывізацыі з 1928 па 1933 г.г. пагалоўе буйной рагатай жывёлы зменшылася з 60,1млн. да 33,5 млн. галоў. Вытворчасць збожжа стала значна меншай, чым у 1913 годзе. У 1932—33 гг. голад выкасіў да 8 мільёнаў чалавек. Пры правядзенні сталінскай індустрыялізацыі ўсе важнейшыя паказчыкі, запланаваныя на першую пяцігодку, не былі выкананы. Партыйны архіў сведчыць, што ў 1929 годзе паёк рабочага ў г. Смаленску складаў 600 грамаў хлеба ў дзень, а члены сям’і атрымлівалі па 300, на сям’ю на месяц прыпадаў 1літр алею,1кілаграм цукру. Узровень жыцця павышаўся толькі ў сталінскіх начальнікаў і ў асяроддзі «рабочей элиты». Гэтае паляпшэнне абсалютна не тычылася сельскага насельніцтва, якое складала больш паловы краіны.

У ходзе рэпрэсій 1936 — 38 гг. па «палітычных артыкулах» было арыштавана да 5 млн чалавек. Адбыўся арышт трох маршалаў СССР з пяці, пятнаццаці з шаснаццаці камандармаў, усіх камандзіраў корпусаў і амаль усіх камандзіраў дывізій і брыгад. Перад нападам на СССР А. Гітлер заявіў: «Першакласны склад савецкіх вышэйшых ваенных кадраў знішчаны Сталіным у 1937 годзе». І ён пайшоў у наступ.

А што маем мы за 26 гадоў аўтарытарызму, або гэтак званай «мяккай дыктатуры»? Эканоміка буксуе, а ў многім адкацілася назад. Дабрабыт большасці насельніцтва слабенькі, што прызнае сам правіцель. «Мяккіх» рэпрэсій таксама хапала. Дык, можа, лад у гэтым вінаваты? Варта ўсім задумацца!

Фантазіяй я займаюся толькі ў вершах і паэмах, і то яна — жыццёвая. У публіцыстычных роздумах грунтуюся толькі на канкрэтных фактах, канстатую тое, што маем, і выказваю асабістае меркаванне, у які бок могуць развіцца падзеі.

Пасля ажыццяўлення праектаў «мудрого дедушки» Леніна і «отца всех народов» Сталіна, у выніку развалу СССР засталася змрочная спадчына. Многія людзі так і не выйшлі з вялікага страху, класавай нянавісці, каманднай залежнасці, з арыентацыі на «валасатую руку», на «жалезны кулак». Як бы ні злаваліся на мяне адданыя, але надта рамантычныя, наіўныя прыхільнікі дэмакратыі, як бы ні папракалі ў «клікунстве» мае цвярозыя, неэйфарыйныя выказванні, вяртаю іх на грэшную зямлю. У бліжэйшы час палітычныя падзеі ў Беларусі будуць разгортвацца не на ружовых воблаках рамантыкі, а ў залежнасці ад палітычнай і маральнай падрыхтаванасці ўсёй народнай масы да змен.

Сёння, як я пісаў у роздуме «Рэальны прэтэндэнт», мы маем разважлівага, адукаванага, вопытнага, культурнага, цярплівага і неістэрычнага кандыдата на пасаду прэзідэнта. Нягледзячы на вялікія перашкоды, што існуюць, трэба абавязкова яго адстаяць. Гэта галоўная задача для мыслячых адэкватных выбаршчыкаў.

Па віне бяздумнага электарата, расійскіх «дабрадзеяў», а затым і заходніх беспрынцыпных «дэмакратызатараў» з 1994 года ўсё зайшло вельмі далёка і глыбока. Цяпер нас можа выратаваць толькі ўсенародная еднасць у жаданні даць рашучы адпор агрэсіўным пагрозам жорстка падавіць свабодныя выбары.

 Зноў, як і ў 1993 годзе, я кажу на ўвесь голас: магчымасць выправіць сітуацыю ў Беларусі да лепшага маецца, усё залежыць ад гатоўнасці кожнага грамадзяніна адстаяць уласную годнасць і прыстойнае жыццё дзяцей і ўнукаў.

Не трэба думаць, што гістарычныя падзеі адбываюцца недзе далёка і без нас. Беларуская гісторыя вершыцца тут і сёння. Мы ўсе — яе непасрэдныя ўдзельнікі. Шанц дамагчыся вяртання законнасці, праўды і справядлівасці ёсць.

Трэба добра задумацца не толькі звычайным людзям, але і сярэдняму звяну чыноўнікаў, ваенным, міліцыянерам, службоўцам спецпадраздзяленняў, гэтак званай эліце розных галін дзейнасці. Вы ж не раскашуеце, не крадзеце, не гвалтуеце людзей адміністратыўным рэсурсам, як жменька нахабных і цынічных верхніх прыкарытнікаў, навошта вам несці за іх адказнасць перад народам?

Настае сапраўды гістарычны момант. Калі мы — сучасныя жыхары краіны — разумна не выкарыстаем яго для вываду грамадства на дэмакратычны шлях, для паляпшэння эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў цэлым і асабістага дабрабыту, то гэта стане злачынствам перад будучыняй беларускай нацыі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Старыя прыёмчыкі

Барадатыя праблемы

Рэальны прэтэндэнт

Без панікі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.