TOP

Трубы саржавелі

У гэтыя дні, калі выявілася стаўленне звычайных грамадзян краіны да аўтарытарнай улады, якая цягам 26 гадоў акапалася ў Беларусі, зноў успомніўся знаёмы слесар. Ён, прыходзячы на аб’ект, доўга абстукваў трубы, уважліва разглядаў стыкі, а затым выносіў прыгавор: «Мертва система. Менять надо».

Дасціпныя словы слесара даюць дакладную, вычарпальную ацэнку стану аўтарытарызму мясцовага разліву. Трубы ў ім не толькі саржавелі, яны даўно то тут, то там ірвуцца і фантаніруюць. Не бачыць гэтага могуць толькі сляпыя людзі.

Калі на першым этапе аўтарытарызму ў 90-х гадах ХХ стагоддзя з рыпам, скрыгатам, але спрацоўвалі шантаж, рэкет, прыбіранне канкурэнтаў і апанентаў, пабудова вертыкалі і каманднай ваенізаванай падпарадкаванасці людзей знізу даверху, то цяпер усё гэта — архаіка. Прытым, як і раней, архаіка злачынная.

24 гады (1929 — 1953) даказваў жыццёвасць жорсткай, крывавай дыктатуры І. Сталін, але яна рухнула. Роўна столькі ж затраціў А. Лукашэнка (1996 —2020) на доказы пераваг аўтарытарызму, «мяккай» дыктатуры. З гэтага таксама нічога не выйшла. Жыць і працаваць трэба па-іншаму.

Насельніцтва Беларусі нарэшце ўбачыла, што ў любой сферы дзяржаўнай жыццядзейнасці, пабудаванай па зацвілых лякалах Сталіна, няма энергіі. Усё працуе паводле прынцыпу: «Пусці — павалюся!». А як можа быць інакш, калі кожны дзень тэлевізар і радыё з ранку да вечара вяшчаюць фразу: «Исполняя поручения нашего президента». Ці задумаўся хто-небудзь над тым, што гэта азначае?

Азначае тое, што ў нашай краіне нібыта няма людзей. Ёсць толькі адзін індывід, які ўмее мысліць, выпрацоўваць задачы і даручаць выконваць іх арміі робатаў. Як выглядаюць робаты, можна ўбачыць на нарадах правіцеля ў раззалочаных рэзідэнцыях. Яны, угінаючы галовы ў плечы, атрымліваюць прачуханкі і новыя каманды, падскокваюць, як кітайскія балванчыкі, з-за стала і выцягваюць рукі па швах.

Але ж краіна без ініцыятыўнага народа і без самадастатковых, прафесійна падрыхтаваных і ўмелых кіруючых кадраў не здольная рухацца да прагрэсу. Дзейнасць спосабамі «как скажете!», «с плеч — и в печь!» не падыходзіць, яна — правальная. Адбываецца бяздарнае праяданне рэсурсаў, замежных пазыкаў, народнай працы, нуднае таптанне на месцы.

А свет тым часам увайшоў у новы дынамічны этап свайго эканамічнага, навуковага, тэхналагічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця, які катэгарычна не прымае заганных, прымітыўных метадаў гаспадарання паводле «поручений», у цэлым аўтарытарызм або дыктатуру. Даўно стала ясна, што дзяржава павінна кантраляваць толькі асобныя стратэгічна важныя галіны эканомікі, а ў большасці ёй належыць развівацца свабодна. Уздым немагчымы без малога і сярэдняга бізнесу, што выдатна даказана развітымі краінамі свету. Гэта вялікая стваральная народная сіла. Але аўтарытарны рэжым кантралёрамі (нядаўна з’явілася яшчэ адна такая структура), паборамі нішчыць на карані задумы і праекты прадпрымальных людзей, што выклікае масавае людское абурэнне.

А цяпер пра «стабильность и порядок в стране». Толькі для замбіраванага, запалоханага электарату, які прывык арыентавацца на кавалак каўбасы, на мізэрнае павышэнне жабрачых зарплат і пенсій (хоць следам адразу ідзе рост усіх коштаў!), пастаянныя рэпрэсіі рэжыму здаюцца звычайнай справай. Для сем’яў зніклых, для тых, хто атрымлівае дубінкай па хрыбце, рэбрах або кастэтам па галаве і становіцца інвалідам, для выкінутых з працы або з навучальнай установы, для абкладзеных драконаўскімі штрафамі людзей усе гэтыя злачынныя дзеянні — не «мяккія». У самім грамадстве рэпрэсіўнае стаўленне да людзей выклікае толькі адмоўны рэзананс, недавер і нават рэакцыю нянавісці да ўлады.

Калі ў 2010 годзе ўлада мела ў электараце яшчэ даволі моцныя пазіцыі і магла знішчальна насміхацца над апанентамі, то цяпер сітуацыя зусім не такая. Прыйшоў іншы час. Людзі абуджаюцца, а далей актыўных праціўнікаў рэжыму будзе несумненна больш.

Правіцель заяўляе: «Люди одурманены». Яны і сапраўды на доўгія гады былі моцна адурманены прымітыўным папулізмам і абяцанкамі, але выйшлі з «наркатычнага» стану.

Сёння ўсе спецыяльныя і неспецыяльныя службы дзяржавы займаюцца нейтралізацыяй прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла і апазіцыйных грамадскіх дзеячаў цынічнымі, замшэлымі метадамі. Яны прывыклі, што могуць беспакарана парушаць законы.

Але хачу іх засмуціць. Гледзячы на тое, што адбываецца ў краіне, кожны думаючы грамадзянін Рэспублікі Беларусь вымушаны задаць сабе пытанне: «Хто нарадзіў гэтых двухмятровых грамілаў, якія хапаюць мірных людзей, што выйшлі на вуліцу пагуляць, заломваюць ім рукі і кідаюць у аўтазакі, або хлуслівых міліцыянераў, якія пыкаюць-мыкаюць, даючы свае «паказанні», або суддзяў, якія ведаюць і разумеюць, што робяць злачынства — прыгаворваюць невінаватых да сутак арышту або драконаўскіх штрафаў, але ідуць на гэта ва ўгоду ўзурпатару, які намерыўся сядзець на троне да труны?»

Адказ на пытанні прыходзіць просты і адназначны: за беззаконнем стаіць аўтарытарная сістэма, што іх выхоўвае і корміць. А яны, седзячы на карку ў народа, маючы камфортны дабрабыт, выцягваюць з яго апошнія жылы, б’юць, судзяць, штрафуюць.

За час аўтарытарызму ў краіне вырасла армада сілавых структур. Ніхто не ведае дакладную лічбу яе складу. У цывілізаваных краінах сілавы блок заўсёды знаходзіцца пад кантролем парламента, які за ім сочыць і рэгулярна заслухоўвае на пасяджэннях. У нас гэтай практыкі няма. Таму пастаянна выяўляецца неправамерная жорсткасць сілавікоў, таму грамадства жыве ва ўмовах татальнага палітычнага кантролю, няспынных рэпрэсій і не можа выйсці на свабоду.

Гэтыя важныя праблемы надзвычай актуальныя ў святле масавых арыштаў грамадзян перад прэзідэнцкімі выбарамі. У Мінску і іншых гарадах краіны наладжаны пастаянны хапун. Прытым актыўна і нахабна ўдзельнічаюць у ім гэтак званыя «цывільныя». Не апазіцыянеры, а звычайныя людзі баяцца хадзіць па вуліцах і плошчах.

А зверху да насельніцтва ляцяць новыя пагрозы правіцеля. Выдуманыя ім знешнія ворагі ўжо ў разлік не бяруцца, бо іх у наяўнасці няма. Гэта казка тыражуецца для мясцовых прасцячкоў, якія, можа, і павераць, што «буржуі свету» намерыліся захапіць «сінявокую Беларусь», дзе «пабудавана лепшае жыццё, чым у іх». Затое ўнутраных апанентаў узурпатар збіраецца бязлітасна падаўляць не толькі батальёнамі АМАПа, лінейнай міліцыяй і кадэбэшнікамі, але і арміяй: «В сложившейся обстановке задача армии и сил специальных операций — в первую очередь защита Отечества, поддержание стабильности и согласия в обществе(выдзелена мной. — С.З.)».

Як вам, панове заходнія палітыкі, такія заявачкі? Пасля гэтага вы зноў будзеце расказваць пра выдатную рэалізацыю свайго мудрага плана па «дэмакратызацыі» апошняй дыктатуры Еўропы, пра плённае і выніковае супрацоўніцтва з ёй?

Мой знаёмец-слесар у ацэнках не памыляецца. Тут аналагічны выпадак. Усім бачна, што аўтарытарная сістэма ўшчэнт саржавела, яна небяспечная для грамадзян і таму патрабуе замены.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Няроўны бой

Гістарычны момант

Старыя прыёмчыкі

Барадатыя праблемы