TOP

Доля былых

Усе людзі сталага веку — былыя. У такі статус непазбежна ўвойдзе кожны. Большасць пакідае за сабою добрыя сляды, але сустракаюцца індывіды, пасля якіх застаюцца матэрыяльны рэзрух і маральны заняпад. Менавіта ў гэтым — бязлітасная праўда чалавечага быцця.

За доўгі час мясцовага аўтарытарызму назапасілася шмат пластоў былых дзеячаў. Гастралёраў, якія ў Беларусі зрабілі кар’еру, набілі кішэні грашыма і злінялі ў іншыя мясціны, чапаць не будзем. Гэта ўжо нікому не патрэбная і не цікавая «песня». Крыўдна, што ў асноўным сярод іх былі злачынцы, жулікі або бяздумныя робаты. Але што зробіш: які хаатычны час, якая неправавая дзяржаўная сістэма будавалася — такімі былі і яе меркантыльныя «прарабы».

Не надта цікавіць і пласт былых памагатых А. Лукашэнкі ў пачатку 90-х гадоў, якія засталіся дома. Але яны раз-пораз прыцягваюць да сябе ўвагу, бо зараз абралі мішэнню для нападак калісьці абагаўляемага куміра. Сёння ім трэба было б займацца не сцёбам над правіцелем, а праклінаць уласную «геніяльнасць», якая выдумала «народнага прэзідэнта» і павалакла законнымі і незаконнымі спосабамі ва ўладу. На пераходны перыяд горшага кандыдата немагчыма было прыдумаць, і гэта ляжала на паверхні. Яны бачылі, разумелі, але пайшлі на авантуру і цынічна падсунулі ашалелым у смуце постсавецкім беларусам сумніўны палітычны тавар. Цяпер спектаклі іхняга «пагарэлага тэатра» з нападкамі на ўласнага куміра выглядаюць неэтычна і брыдка.

Усё ясна і з былымі паводле ўзросту дзядкамі і бабулькамі. Правіцель трымае іх на высокіх седалах за лаяльнасць да яго і непераборлівасць у спосабах паслужлівасці. Але выбракоўка праходзіць і тут — да 85 гадоў, як у Палітбюро ЦК КПСС, пакуль не дайшло.

Зыходзячы з апошніх падзей, больш важна разгледзець нязменных, «жалезабетонных» монстраў, якія былыя і па ўзроставым цэнзе, і па сутнасці. Іх няшмат, ды якраз яны — галоўны тормаз развіцця.

Паводле якіх адзнак кіраўніка можна лічыць былым? Асноўны паказальнік — непрафесіяналізм, выкарыстанне метадаў, якія не адпавядаюць сучасным запатрабаванням. Што бачым наверсе? Прыйшлі вялікія начальнікі да правіцеля на нараду, атрымалі прачуханку, займелі даручэнні і пашыбавалі азадачваць сваіх падначаленых. А потым галоўны бос едзе і правярае выкананне. Калі ў маштабах саўгаса можна кіраваць і такім чынам, за дзень-два праверыць галоўныя аб’екты: мехдвор, такі, фермы, участкі, то тут — сярэдняя еўрапейская краіна. У яе маштабах аднаго гаспадара яўна не хапае, павінны выяўляць уласную самастойнасць, свабоду мыслення і дзеяння ўсе — ад міністраў, губернатараў і да прадпрымальнікаў або механізатараў.

Другая загана былога — ён не ўмее размаўляць з людзьмі. Прытым гэта тычыцца не толькі апанентаў, але і звычайных грамадзян. Любое нязручнае пытанне або заўвага выклікаюць злосць і нянавісць да суразмоўцы. Ён не прымае дыялог, любімая форма зносінаў — маналог.

Прасачыце за сустрэчамі начальнікаў з народам, пачынаючы з правіцеля і да раённага функцыянера. Ім не падабаюцца вострыя пытанні, адказ даецца не па сутнасці, гутарка адразу пераводзіцца на іншае, уключаецца агрэсія. Напрыклад, беларусы памятаюць, як старшыня ЦВК Л. Ярмошына 19 снежня 2010 года збегла з ток-шоў «Выбар» пасля пытання вядучага С. Дарафеева пра тое, чаму прадстаўнікам апазіцыі не дазволілі дзяжурыць ноччу на выбарчых участках разам з міліцыяй. Расійскі палітолаг Д. Арэшкін падкрэсліў: «В Беларуси проще манипулировать цифрами, так как там еще более жестокий авторитаризм, чем в России».

Шмат разоў я пісаў пра грамадзянскі застой у краіне. Чаму грамадства не наладжвае ўсеагульную абструкцыю канкрэтным «вечным арганізатарам выбараў», «вечным суддзям», якія асабістым цынізмам у фальсіфікацыях даўно яе заслужылі? Звычайна супраць такіх у дэмакратычных краінах адразу ж збіраюцца тысячы подпісаў, справа даводзіцца да адстаўкі. А ў нас закаранелыя хлусы ідуць сёння ў атаку на народ, які асмеліўся нарэшце выказацца адкрыта і смела.

У былыя можна залічваць тых, хто паталагічна баіцца праўды. Чаму прадстаўнікі кіруючага клана пастаянна хаваюць факты сваіх біяграфій або прыпісваюць сабе ўяўныя «подзвігі»? Відаць, адтуль — з сямейных і ўласных таямніцаў, розных комплексаў — і пачынаецца маштабная хлусня на дзяржаўным узроўні.

Цяпер пра вынік дзейнасці былых. Для гэтага варта параўнаць тое, што пасля вайны за 20 гадоў (1945 — 1965) здзейснілі старэйшыя пакаленні, з тым, як распарадзіўся сваім часам (26 гадоў!) аўтарытарны рэжым. Тады з руінаў і папялішчаў узняліся гарады і вёскі, былі ўзведзены сотні новых заводаў і фабрык, якія сталі візітоўкамі Беларусі, вывелі яе ў лік самых развітых рэспублік СССР, дынамічна павышаўся дабрабыт народа. А чым, акрамя доўгажыхарства, можа пахваліцца аўтарытарны рэжым? Па многіх эканамічных і сацыяльных параметрах мы прайграем усім суседзям!

А ў канцы — пра самае непрыемнае. Аказваецца, стаць былымі можна яшчэ ў маладосці, няшмат дасягнуўшы ў жыцці. Такую выснову я раблю, гледзячы на паводзіны часткі юнакоў і дзяўчат, якія выйшлі з правінцыйных сем’яў, дзе традыцыйна пануе культ начальства, пачынаючы ад мясцовага і да вярхоўнай улады. Рабскія паводзіны існуюць таксама і ў многіх гарадскіх сем’ях, перадаюцца нашчадкам. Узброеныя кампутарамі, прагрэсіўнай тэхнічнай атрыбутыкай, некаторыя маладыя людзі тым не менш згаджаюцца з рэпрэсіўнымі, сталінскімі метадамі, гатовыя да выканання любой каманды. Пра іх верш «Новыя»:

Я не люблю старэчае ныццё,
Што ў нас было цудоўнае жыццё.

Міф настальгічны слухаць не магу,
Як толькі ўспомню даўкую чаргу.

Душа зрываецца ў круты кульбіт,
Калі згадаю той убогі быт.

Мне не шкада кіруючых аслоў,
Дэбільных думак і фальшывых слоў…

Але мяне бянтэжаць новыя…
Новыя — на ўсё гатовыя.

У краіне неабходна рэгулярна, як адбываецца ў любой арганізацыі, рабіць інвентарызацыю — глядзець, што састарэла, што прыйшло ў нягоднасць і належыць спісанню. Гэтай працэдуры як чорт ладану баіцца рэжым і ўсе яго гадаванцы. Яны трасуцца і над сваімі пасадамі, і над «скарбам», нажытым незаконным чынам.

Кожнаму чалавеку трэба быць гатовым да долі былога. Гэта асабліва добра ведаюць спартсмены, якія хутка выходзяць з дзеючай кагорты. Чаму ж ёсць індывіды, якія надта баяцца страціць статус начальнікаў, стаць былымі? Таму што без пасады, якую займаюць, яны нічога не ўяўляюць прафесійна. Яны не авалодалі дасканала ніводнай спецыяльнасцю, ніколі толкам не працавалі.

Калі лёс выносіць чалавека на адказную пасаду, то неабходна старацца быць непагрэшным у дзеяннях і паводзінах. Проста і мудра сказаў пра гэта бацька прэзідэнта Украіны У. Зяленскага: «Што мне трэба? Каб краіна ганарылася сынам!».

Былыя самі заганяюць сябе ў небяспечную пастку. Трэба працаваць, не парушаючы законаў, і своечасова перадаваць пасаду. Тады не будзе крытычных сітуацый накшталт той, якая склалася ў Беларусі…

Доля былых — і лёгкая, і цяжкая: або задавальняцца здзейсненым табой, або адказваць і каяцца за свае памылкі і злачынствы. Іншага не дадзена.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Трубы саржавелі

Няроўны бой

Гістарычны момант

Старыя прыёмчыкі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.